Межы вагі пасылак і абмежаванні ў адносінах да характару ўкладання, якія дапускаюцца да перасылкі за мяжу, указаны ў дадатку "Кіраўніцтва па прыёме міжнародных паштовых адпраўленняў".
Умовай прыёму пасылак з насеннем і пасадачным матэрыялам з’яўляецца наяўнасць прыкладзенага да суправаджальных дакументаў (СР 71(СР72) і СN 23) фітасанітарнага сертыфіката на экспарт, засведчанага трохвугольным штампам каранціннай службы, а пры адпраўцы дробных партый узораў насення і пасадачнага матэрыялу — наяўнасць на ўпакоўцы пасылкі трохвугольнага штампа каранціннай службы. Адпраўшчык павінен таксама прыкладаць да суправаджальнага адраса любы дакумент (ліцэнзію на вываз, на ўвоз, санітарнае пасведчанне, рахунак і г. д.), неабходны для мытнага кантролю ў краіне падачы і ў краіне прызначэння.
Дапушчальныя памеры пасылкі:
Вага: максімальная мяжа вагі пасылкі залежыць ад краіны прызначэння.
Дапушчальная вага з Рэспублікі Беларусь: 30 кг.
Характар упакоўкі: упакоўка міжнародных пасылак павінна адпавядаць характару ўкладання, якое перасылаецца, працягласці шляху і ўмовам перасылкі. Калі перасылаюцца крохкія прадметы, то неабходна ўпакаваць іх такім чынам, каб выключыць іх пашкоджанне пры перасылцы, у прыватнасці, запоўніць прастору паміж сценкамі тары і прадметам апілкамі, стружкай, ватай, спецыяльным пенапластам і да т. п.
Пасылка з аб’яўленай цэннасцю — гэта пасылка, укладанне якой ацэньваецца адпраўшчыкам згодна з сапраўдным коштам укладання. Сума аб’яўленай цэннасці не павінна перавышаць дапушчальную суму цэннасці, вызначаную краінай прызначэння і названую ў Кіраўніцтве па прыёме міжнародных паштовых адпраўленняў.
Парадак адпраўкі пасылак з аб’яўленай і без аб’яўленай цэннасці: пасылкі здаюцца ў аперацыйнае акно аддзялення паштовай сувязі. Для кожнай пасылкі адпраўшчык запаўняе бланк суправаджальнага адраса СР 71 (або бланк-пачак СР72), а таксама мытную дэкларацыю СN23. Бланк суправаджальнага адраса СР 71 запаўняецца адпраўшчыкам у адным экзэмпляры згодна з назвамі граф.
Адрас, як на пасылцы, так і на суправаджальным адрасе, павінен быць напісаны на мове краіны прызначэння або на вядомай міжнароднай мове (французскай, англійскай) з дубліраваннем назвы краіны прызначэння на рускай (беларускай) мове. Адрас павінен быць поўным і дакладным, не дазваляецца пісаць адрас алоўкам, акрамя хімічнага. Адрас павінен быць аднолькавым як на пасылцы, так і ў бланку суправаджальнага адраса. У выпадку яго разыходжання, лічыцца сапраўдным адрас, пазначаны на пасылцы. Аператар паштовай сувязі, які ажыццяўляе прыём пасылкі, можа рэкамендаваць адпраўшчыку ўкласці ў пасылку копію свайго адраса і адраса атрымальніка. На бланку суправаджальнага адраса адпраўшчык павінен указаць, што зрабіць з гэтай пасылкай у выпадку неўручэння яе адрасату, зрабіўшы адзнаку ў адпаведнай графе. Адпраўшчыку дазваляецца даваць толькі адно ўказанне. На бланку таксама пазначаецца сума аб’яўленай цэннасці пасылкі ў беларускіх рублях.
Мытная дэкларацыя CN 23 складаецца ў той колькасці экзэмпляраў, якая ўказана ў “Кіраўніцтве па прыёме міжнародных паштовых адпраўленняў”, але не меней трох экзэмпляраў.
У мытнай дэкларацыі неабходна указваць поўныя адрасныя дадзеныя атрымальніка і адпраўшчыка, назву кожнага прадмета, які перасылаецца, яго вагу, кошт. Адзнакі агульнага характару не дапускаюцца.
Мытная дэкларацыя CN 23 запаўняецца на рускай (беларускай) мове з падрадковым перакладам на мову краіны прызначэння або на адну з вядомых міжнародных моў (французскую, англійскую). Неабходна звяртаць увагу на важнасць поўнага пераліку ўкладання пасылкі ў мэтах забеспячэ́ння хуткага мытнага кантролю паштовых адпраўленняў як у краіне падачы, так і ў краіне прызначэння.
Нацыянальны аператар паштовай сувязі не нясе ніякай адказнасці за правільнасць запаўнення адпраўшчыкам мытнай дэкларацыі CN 23.
Пасылкі могуць перасылаць “З паведамленнем аб атрыманні”, “З на́рачным”, “Уручыць ва ўласныя рукі” пры ўмове, што ў краіне прызначэння аказваецца дадзеная паслуга.