10 лістапада 2016 г. у ДУА «Сноўская сярэдняя школа» Нясвіжскага раёна ва ўрачыстай абстаноўцы адбылося ўзнагароджанне удзельніцы 45-га міжнароднага маладзёжнага конкурсу сачыненняў эпісталярнага жанру 2016 года, заснаванага Міжнародным бюро Сусветнага паштовага саюза (горад Берн, Швейцарыя), на тэму «Напішы ліст самому сабе 45-гадоваму».
Спецыяльнай прэміяй была ўдастоена шасцікласніца Віталіна Віннік з Сноўскай сярэдняй школы пад кіраўніцтвам настаўніка рускай мовы і літаратуры Віннік Іны Рычардаўны.
У гэтым годзе каля 980 тысяч дзяцей з 64 краін ўдзельнічалі ў конкурсе. Тэматыка конкурсу заўсёды актуальная і закранае глабальныя праблемы, якія хвалююць усё насельніцтва зямнога шара.
Ліст беларускай школьніцы, адрасаваны самой сабе ў будучыню, быў прызнаны лепшым яшчэ ў фінале рэспубліканскага конкурсу, арганізаванага РУП «Белпошта» пры ўдзеле Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь вясной гэтага года. Як вельмі праніклівае і кранальнае, напісанае з асаблівым бачаннем свету, у якім хацела б жыць Віталіна — так адзначыла яго міжнароднае журы. Узнагародай для юнай літаратаркі стаў дыплом і спецыяльныя прызы ад Сусветнага паштовага саюза і РУП «Белпошта», якія былі ўручаны намеснікам дырэктара Мінскага філіяла РУП «Белпошта» Аленай Аляксандраўнай Ішчук.
РУП «Белпошта» жадае юнай пераможцы творчых поспехаў, новых ідэй, а таксама высокіх дасягненняў!