Цырымонія афіцыйнага гашэння паштовых марак, прымеркаваных да 26-га пасяджэння Каардынацыйнага савета генеральных пракурораў дзяржаў – удзельніц СНД
Сёння, 7 верасня 2016 года, у круглай зале гасцініцы «Прэзідэнт-Атэль» адбылася цырымонія афіцыйнага гашэння паштовых марак, прымеркаваных да 26-га пасяджэння Каардынацыйнага савета генеральных пракурораў дзяржаў — удзельніц СНД.
Паштовы выпуск складаецца з дзвюх марак: «Генеральная пракуратура Рэспублікі Беларусь» і «26-е пасяджэнне Каардынацыйнага савета генеральных пракурораў дзяржаў — удзельніц СНД», канверта Першага дня і спецыяльнага штэмпеля. Мастацкай асновай марак сталі эмблемы Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь і Каардынацыйнага савета генеральных пракурораў дзяржаў — удзельніц СНД. Дызайн праекта Таццяны Кузняцовай. Тыраж марак — па 36 тысяч.
У цырымоніі афіцыйнага гашэння прынялі ўдзел:
— Генеральны пракурор Расійскай Федэрацыі, сапраўдны дзяржаўны саветнік юстыцыі Юрый Якаўлевіч Чайка;
— Генеральны пракурор Рэспублікі Беларусь, дзяржаўны саветнік юстыцыі 1 класа Аляксандр Уладзіміравіч Канюк;
— Міністр сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь Сяргей Пятровіч Папкоў.
Каардынацыйны савет генеральных пракурораў дзяржаў — удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў з'яўляецца міждзяржаўным органам Садружнасці, які арганізуе супрацоўніцтва і ўзаемадзеянне генеральных пракуратур, пракуратур дзяржаў — удзельніц СНД у сферах забеспячэння законнасці, праў і свабод чалавека і грамадзяніна, змагання са злачыннасцю.
26-е пасяджэнне генеральных пракурораў краін Садружнасці прайшло ў Рэспубліцы Беларусь, якая надае вялікае значэнне яднанню народаў былога СССР з мэтай забеспячэння спакойнага і дастойнага жыцця грамадзян. Дадзены паштовы выпуск з'яўляецца ўдалым сродкам ушанавання гэтай падзеі.