Паслугі
Тарыфы

Прэзентацыя паштовага праекта «25-годдзе ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Рэспублікай Беларусь і Латвійскай Рэспублікай»

Сёння, 19 ліпеня, у будынку Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь адбылася прэзентацыя паштовага праекта, прысвечанага 25-годдзю ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Рэспублікай Беларусь і Латвійскай Рэспублікай.

У цырымоніі афіцыйнага гашэння прынялі ўдзел:

Міністр замежных спраў Рэспублікі Беларусь Уладзімір Уладзіміравіч Макей;

Міністр замежных спраў Латвійскай Рэспублікі Эдгарс Рінкевічс;

Міністр сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь Сяргей Пятровіч Папкоў.


 



 

16 снежня 1991 года падпісана Дэкларацыя аб прынцыпах добрасуседскіх адносін паміж Рэспублікай Беларусь і Латвійскай Рэспублікай. Дыпламатычныя адносіны паміж дзвюма краінамі ўстаноўлены 7 красавіка 1992 года.

За чвэрць стагоддзя развіцця беларуска-латвійскіх адносін створана дагаворна-прававая база, пашырылася рэгіянальнае супрацоўніцтва, устаноўлены кантакты на міжурадавым і міжпарламенцкім узроўнях. Інтэнсіўна развіваюцца міжведамасныя кантакты па лініі міністэрстваў эканомікі, транспарту, сувязі, сельскай гаспадаркі, аховы навакольнага асяроддзя, аховы здароўя, культуры, унутраных спраў, пагранічных і мытных службаў. Наладжана ўзаемадзеянне паміж нацыянальнымі банкамі Беларусі і Латвіі, падпісаны мемарандум аб супрацоўніцтве.

Мастацкай асновай паштовай маркі сталі дзяржаўныя сімвалы Беларусі і Латвіі — гербы, а ўпрыгожылі марачны ліст і канверт Першага дня фатаграфіі з відамі гарадоў абедзвюх краін. Мы ўпэўнены, што гэты выпуск яшчэ раз падкрэсліць вялікую значнасць двухбаковых адносін паміж нашымі краінамі.

Ужо сёння новы выпуск дзяржаўнага знака паштовай аплаты Рэспублікі Беларусь разляціцца на паштовых адпраўленнях па ўсім свеце і трапіць у альбомы айчынных і замежных філатэлістаў.