Паслугі
Тарыфы

Прэзентацыя канверта з арыгінальнай маркай «Жывапіс. Н.М.Воранаў»

 
19 кастрычніка 2016 года ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь адбылося ўрачыстае адкрыццё выстаўкі «Святло і паветра. Жывапіс Натана Воранава». За сваё яркае жыццё майстрам былі створаны дзіўныя па прыгажосці і выразнасці мастацкай мовы творы, якія адрозніваюцца жанравай і тэматычнай разнастайнасцю. Падчас вайны асколкі варожай міны патрапілі ў вочы будучага жывапісца і на некаторы час пазбавілі яго зроку: Натан Майсеевіч апынуўся ў свеце поўнай цемры і цудам вярнуўся з яго. І потым на працягу ўсяго жыцця мастак апяваў прыгажосць свету матэрыяльнага, азоранага разнастайнасцю колеру ва ўсёй яго паўнаце. Колер назаўжды заняў галоўнае месца ў яго творчасці.
 
На выстаўцы прадстаўлена больш за 50 твораў са збору Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, сям'і, прыватнай калекцыі. У межах мерапрыемства прайшла прэзентацыя канверта з арыгінальнай маркай з серыі «Жывапіс», які прысвечаны творчасці гэтага жывапісца, педагога, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, заслужанага дзеяча мастацтваў БССР (1966), дацэнта кафедры малюнка і жывапісу Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута (1970). Намеснік генеральнага дырэктара па развіцці РУП «Белпошта» Ізюмаў Ю. Л.  расказаў пра папулярызацыю беларускай культурнай спадчыны праз паштовую прадукцыю.
 
 
 
 
 
Мастацкай асновай канверта сталі рэпрадукцыі карцін майстра «Ружы» і «Раніца ў Кастрычніку. Мінск, 1917 год». Тыраж канверта — 60 тысяч.
 
 
 
Серыю юбілейных канвертаў з арыгінальнай маркай на тэму «Жывапіс», прысвечаных творчасці выдатных мастакоў нашай краіны, Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь пачало выпускаць у 2013 годзе. Выпушчаны канверты В. К. Цвірку, Я. Н. Драздовічу, В. П. Шаранговічу, П. В. Масленікаву, А. С. Гугелю, У.І.Стэльмашонку, Ф. Э. Рушчыцу, Я. Я. Майсеенку і іншым. Прадстаўленая серыя канвертаў дэманструе працу і пошук, натхненне і каханне, якія ўкладалі мастакі ў свае творы, што з'яўляецца яркім прыкладам высокіх духоўных каштоўнасцей і мастацка-маральных традыцый. Выпуск, прысвечаны творчасці Натана Майсеевіча Воранава, зойме дастойнае месца ў філатэлістычных калекцыях і стане выдатным падарункам знатакам беларускага мастацтва.