Паслугі
Тарыфы

Адрасаванне, упакоўка, памеры паштовых адпраўленняў

· Якім можа быць мінімальны і максімальны памер пісьма?

Мінімальны памер пісьма — 90х140 мм, максімальны — 305х381 мм.


· Як правільна павінен размяшчацца адрас атрымальніка і адпраўшчыка на пісьме?

Адрас атрымальніка размяшчаецца на пярэднім баку паштовага адпраўлення ў ніжняй правай яго частцы. Адрас адпраўшчыка размяшчаецца на пярэднім баку паштовага адпраўлення ў верхняй левай яго частцы.


· У якім парадку павінен быць напісаны адрас на пісьме?

Адрас на пісьме пішацца ў наступным парадку:

а) для юрыдычнай асобы — поўная або кароткая назва; для фізічных асоб — прозвішча, імя, імя па бацьку;

б) назва вуліцы, нумар дома, нумар корпуса, нумар кватэры (напрыклад: вул. Ясеніна, д. 10, корп. 2, кв. 4);

в) назва населенага пункта сельскага тыпу без паштовага аддзялення;

г) паштовы код (індэкс);

д) назва населенага пункта (гарадскога або сельскага тыпу), у якім знаходзіцца даставачнае аддзяленне, якое абслугоўвае адрасата;

е) назва раёна;

ж) назва вобласці;

з) назва краіны (для міжнародных паштовых адпраўленняў).

Пры адрасаванні паштовых адпраўленняў у гарады паштовы код (індэкс) пішацца перад назвай горада.


· Якія патрабаванні прад’яўляюцца да ўпакоўкі паштовых адпраўленняў?

Упакоўка паштовых адпраўленняў выбіраецца адпраўшчыкам і павінна адпавядаць характару ўлажэння, умовам і працягласці перасылкі, выключаць магчымасць прычынення шкоды жыццю і здароўю работнікаў аператараў паштовай сувязі, пашкоджання (псавання) улажэння пры апрацоўцы і перасылцы, доступу да ўлажэння без парушэння ўпакоўкі, пашкоджання (псавання) іншых паштовых адпраўленняў. Для ўпакоўкі пісем выкарыстоўваюцца толькі паштовыя канверты, вырабленыя згодна з адпаведным стандартам. Упакоўка міжнародных паштовых адпраўленняў не павінна замінаць хуткай і лёгкай праверцы таможнымі органамі перасылаемага ўлажэння.


· Як правільна аформіць паштовае адпраўленне «Да запатрабавання»?

У адрасе ўнутраных і міжнародных паштовых адпраўленняў, якія пасылаюцца «Да запатрабавання», павінны быць указаны прозвішча, імя і імя па бацьку поўнасцю (за выключэннем выпадкаў, калі ў сувязі з нацыянальнымі асаблівасцямі імя па бацьку не прымяняецца), паштовы код і назва населенага пункта, у якім размешчана аддзяленне паштовай сувязі, назва краіны прызначэння (для міжнародных паштовых адпраўленняў).


· Які можа быць максімальны памер пасылкі, што перасылаецца па Рэспубліцы Беларусь?

Любое вымярэнне 1050 мм, сума даўжыні і найбольшай акружнасці, узятай у любым напрамку, акрамя даўжыні, 2000 мм.