2010 г. — уведзена ў дзеянне паслуга па каталожным гандлі таварамі беларускіх вытворцаў. У першую чаргу перавагі каталожнага гандлю ацанілі жыхары сельскай мясцовасці, у якіх з’явілася магчымасць набываць неабходныя тавары, не плануючы паездкі ў райцэнтр і не затрачваючы лішняга часу. Арганізаваны прынтар-цэнтр аказання паслуг па раздрукоўцы, канвертаванні і рассылцы інфармацыі, атрыманай ад кліента ў электронным выглядзе («Гібрыдная пошта»).
2011 г. — Белпошта прызнана адной з лепшых паштовых службаў у свеце па ўзроўні развіцця электронных паслуг. Згодна з даследаваннем, праведзеным Сусветным паштовым саюзам, беларуская пошта ўвайшла ў Топ-10 паштовых службаў свету, у якіх электронныя паштовыя паслугі атрымалі найбольшае развіццё, заняўшы ганаровае другое месца.
Па выніках штогадовага Сусветнага конкурсу марак «Вялікі прыз Выстаўкі WIPA», які праводзіўся ў Вене (Аўстрыя) сярод паштовых марак 2011 года выпуску з 65 краін свету, паштовы блок «850-годдзе стварэння Крыжа Еўфрасінні Полацкай» заняў 7 месца сярод 10 прызавых.
З 2012 г. РУП «Белпошта» прапанавала карпаратыўным кліентам комплекснае абслугоўванне ў вылучаных цэнтрах «Бізнес-пошта». Гэта дазволіла зменшыць нагрузку на аддзяленні паштовай сувязі, выключыць абслугоўванне юрыдычных і фізічных асоб у адным пункце, зрабіць яго больш зручным і хуткім.
2012 г. — уведзена паслуга «Па дарозе» - перасылка адпраўленняў спрошчаным парадкам па прынцыпе «дакладны час адпраўкі і дакладны час прыбыцця», прыём і выдача ажыццяўляецца ў вылучаных аб’ектах паштовай сувязі фізічным асобам.
Уведзена паслуга «Паштовы кур’ер»: прыём і ўручэнне ўсіх відаў паштовых адпраўленняў і друкаваных СМІ ў офісе і дома. Выезд ажыццяўляецца ў вызначаны час у дзень прыёму заяўкі (Эліт), на працягу дня пры прыёме заяўкі да 12.00 (Оптыма), на працягу дня, наступнага за днём прыёму заяўкі (Эканом).
РУП «Белпошта» ўдастоена Cертыфіката «Залатога ўзроўню» ў адпаведнасці з Праграмай кантролю і ацэнкі якасці Кааператыва EMS Сусветнага паштовага саюза па выніках працы за 2011 г. Гэта высокая ацэнка працы калектыву па дасягненні якасці міжнароднай паскоранай пошты.
Па выніках Нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі-2012» за поспехі, дасягнутыя ў мастацка-тэхнічным афармленні і паліграфічным выданні кніг марак «Паштовыя маркі Рэспублікі Беларусь. 2008» і «Паштовыя маркі Рэспублікі Беларусь. 2009» у намінацыі «АРТ-КНІГА» РУП «Белпошта» ўзнагароджана дыпломам першай ступені.
РУП «Белпошта» прысуджаны Дыпломы «За крэатыўны падыход да афармлення стэнда» і «За комплексны падыход у абслугоўванні кліентаў» на XIX Міжнародным спецыялізаваным форуме па тэлекамунікацыях, інфармацыйных і банкаўскіх тэхналогіях «ТІБО-2013».
У 2013 г. значнай падзеяй для Прызначанага аператара паштовай сувязі стала рэалізацыя мерапрыемстваў у рамках плана мадэрнізацыі прадпрыемства — у вытворчасць актыўна ўкараняюцца новыя аўтаматызаваныя тэхналогіі: закуплена пісьмасартавальная машына, якая дазваляе ажыццяўляць аўтаматызаванае сартаванне пісьмовай карэспандэнцыі да ўчастка дастаўкі. Аўтаматызацыя дазволіла атрымаць шэраг пераваг: аптымізаваць лагістыку і выключыць дубліраванне функцый, удасканаліць тэхналогію апрацоўкі пошты на ўсіх узроўнях яе праходжання і інш.
У 2013 г. уведзены паслугі лінейкі «КАМФОРТ»: Пісьмо/пасылка «Камфорт для адпраўшчыка» (у дзень атрымання адрасатам паштовага адпраўлення адпраўшчыку накіроўваецца SMS-паведамленне); Пісьмо/пасылка «Камфорт для атрымальніка» (пры дастаўцы паштовага адпраўлення атрымальніку даецца магчымасць выбраць час і ўдакладніць адрас уручэння); Пісьмо/пасылка «Камфорт для ўсіх» (атрымальніку даецца магчымасць выбраць час і ўдакладніць адрас уручэння; у дзень атрымання адрасатам паштовага адпраўлення адпраўшчыку накіроўваецца SMS-паведамленне).
Уведзена паслуга POST-transit — перасылка буйнагабарытных адпраўленняў для юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў.
Удасканалена паслуга Адпраўленні «1 клас» — унутраная простая пісьмовая карэспандэнцыя, якая апрацоўваецца ў прыярытэтным парадку і перасылаецца ў паўтара разу хутчэй за звычайную пошту ў спецыяльных канвертах.
Уведзена паслуга «Паштовы маркетынг» — комплекс паслуг па даследаванні рынку: раздрукоўка дакументаў (анкет, заяў, апытальных лістоў і інш.), рассылка дакументаў адрасатам (бязадрасным і адрасным спосабам), правядзенне апытанняў работнікамі аб’ектаў паштовай сувязі, праверка запоўненых дакументаў і выстаўленне адзнак аб праверцы, збор, улік і зварот запоўненых дакументаў заказчыку.
У 2013 годзе беларуская пошта ўдастоена сертыфіката S42 Сусветнага паштовага саюза, які пацвярджае міжнародны стандарт адрасацыі S42. Стандарт S42 з’яўляецца неабходнай умовай для эфектыўнай паштовай эксплуатацыі і для ўзаемадзеяння ў сусветнай паштовай сетцы.
У рамках XI Міжнароднага форуму-выстаўкі «Паштовая тройка» (Санкт-Пецярбург, Расія, чэрвень 2013 г.) адбыўся дзясяты спаборніцкі клас па філатэліі для прызначаных аператараў краін-членаў СПС. РУП «Белпошта» прысуджаны залаты медаль і сертыфікат у Групе В.
РУП «Белпошта» ўдастоена сярэбранага медаля ў літаратурным класе за «Каталог паштовых марак Рэспублікі Беларусь. 2008-2012» на Сусветнай выстаўцы паштовых марак «Тайланд‑2013».
РУП «Белпошта» прысуджаны Дыплом «За прымяненне інфармацыйных тэхналогій для падтрымання паспяховай рэалізацыі бізнес-стратэгій» на XX Міжнародным спецыялізаваным форуме па тэлекамунікацыях, інфармацыйных і банкаўскіх тэхналогіях «ТІБО-2013».
З 2014 г. для зручнасці кліентаў РУП «Белпошта» дае магчымасць атрымання пенсій (дапамогі) у аддзяленнях паштовай сувязі незалежна ад месца пражывання. Таксама РУП «Белпошта» працягнула развіваць сістэму самаабслугоўвання з выкарыстаннем плацежна-даведачных тэрміналаў і інтэрнэт-тэхналогій.
З мэтай забеспячэння найбольшай даступнасці паслуг адкрываюцца спецыяльныя пункты па прыёме і выдачы паштовых адпраўленняў. Пункты абсталяваны сучаснымі тэхнічнымі і праграмнымі сродкамі для аператыўнага абслугоўвання кліентаў — спецыяльнае праграмнае забеспячэнне для ўліку і фіксавання месца размяшчэння паштовых адпраўленняў на стэлажах дазваляе ажыццяўляць працэс выдачы паштовых адпраўленняў адрасату за некалькі мінут.
РУП «Белпошта» прапануе з 2014 года паслугі інфармацыйнага пасрэдніка ў прадастаўленні доступу жыхарам Рэспублікі Беларусь да дзяржаўных інфармацыйных рэсурсаў праз узаемадзеянне з агульнадзяржаўнай аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмай (ААІС).
Уведзены пакеты паслуг «ДУЭТ» і «ДУЭТ+» — перасылка адпраўленняў з суправаджальнымі дакументамі (дагавор, накладная, інш.), дастаўка іх на наступны рабочы дзень з афармленнем укладзеных дакументаў, зварот падпісаных дакументаў у канверце для адказу адпраўшчыку. Пакет паслуг «ДУЭТ+» дадаткова ўключае перасылку накладной платай.
У рамках паслугі «Паштовы кур’ер» укаранёны сэрвіс «Паштовы кур’ер кожны дзень» (абанементнае комплекснае абслугоўванне юрыдычных асоб у офісе).
Напярэдадні Чэмпіянату свету па хакеі ў Мінску пасля рэканструкцыі ўрачыста адкрылася аперацыйная зала Паштамта. Рамонтныя работы дазволілі захаваць архітэктурныя элементы, аднавіць унікальныя вітражы, мадэрнізаваць сістэмы вентыляцыі і ацяплення, рабочыя месцы аператараў, паставіць новую мэблю, а таксама арганізаваць па прынцыпе самаабслугоўвання кірмаш-продаж пашыранага асартыменту паштовачнай, сувенірнай і філатэлістычнай прадукцыі.
У 2014 годзе РУП «Белпошта» ўдастоена сертыфіката «Бронзавага ўзроўню» ў праграме кантролю і ацэнкі якасці работы Кааператыва EMS.
Беларускай паштовай службе прысуджаны сярэбраны медаль на Сусветнай выстаўцы марак «ФІЛАКАРЭЯ-2014» за «Каталог паштовых марак Рэспублікі Беларусь. 2008-2012».
У г. Куала-Лумпур (Малайзія) адначасова з Міжнароднай філатэлістычнай выстаўкай «Малайзія-2014» праходзіў адзінаццаты конкурсны клас па філатэліі. Экспазіцыя РУП «Белпошта» (паштовыя маркі 2011-2013 гг.) удзельнічала ў групе В і была ўдастоена сярэбранага медаля і дыплома.
Па выніках Другой усерасійскай выстаўкі філатэлістычнай літаратуры «ЛІТФІЛА 2014», якая праходзіла ў Пермі, РУП «Белпошта» ўдастоена вялікага залатога медаля і дыплома за «Каталог паштовых марак Рэспублікі Беларусь. 2008-2012».
Па выніках штогадовага Сусветнага конкурсу марак «Вялікі прыз Выстаўкі WIPA», які праводзіўся ў Вене (Аўстрыя) сярод паштовых марак 2014 года выпуску больш чым 70 краін свету, марачны ліст «Слуцкія паясы» заняў 6 месца сярод 10 прызавых.
У рамках святкавання 70-й гадавіны вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў РУП «Белпошта» прыняло ўдзел у арганізацыі і правядзенні шэрага мерапрыемстваў, сярод якіх — конкурс-віктарына «Пісьмо ветэрану», дастаўка выплат разам з віншаваннямі (сумесная акцыя з Нацбанкам).
У 2015 г. у Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь адбылася VIII Нацыянальная філатэлістычная выстаўка «Белфіла-2015», прысвечаная 70-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Унікальны філатэлістычны вернісаж — вынік плённага супрацоўніцтва Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь, РУП «Белпошта», Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь і ГА «Беларускі саюз філатэлістаў».
Да 70-годдзя Перамогі праводзілася акцыя «Адпраў вестку ветэрану Вялікай Айчыннай вайны», арганізаваная сумесна з Камітэтам па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама. Усім жадаючым была дадзена магчымасць напісаць цёплыя словы ўдзячнасці на адрас ветэранаў. Белпошта бясплатна даставіла святочныя паштоўкі адрасатам напярэдадні свята.
З 14 па 19 жніўня 2015 года ў г. Сінгапур праходзіла Сусветная выстаўка марак «Сінгапур-2015», у працы якой прыняла ўдзел дэлегацыя РУП «Белпошта». Прадпрыемства прадставіла экспазіцыю паштовых марак Welcome to Belarus у 12-м міжнародным конкурсным класе для арганізацый, што выпускаюць паштовыя маркі, краін — членаў Сусветнага паштовага саюза. Філатэлістычны матэрыял, які прадставіла беларуская пошта, журы ацаніла высока: ён заняў першае месца ў катэгорыі «В» (краіны, якія выпускаюць ад 30 да 69 марак у год). Усяго ў гэтым класе былі прадстаўлены 30 калекцый з розных краін.
У 2015 г. у Мінску прайшла Рэгіянальная канферэнцыя па Стамбульскай сусветнай паштовай стратэгіі, арганізаваная Сусветным паштовым саюзам (СПС) з мэтай абмеркавання Рэгіянальнай стратэгіі далейшага развіцця паштовых службаў краін Еўропы і СНД. У мерапрыемстве прынялі ўдзел больш за 50 дэлегатаў з 22 краін. На канферэнцыі была нададзена асаблівая ўвага прыярытэтным пытанням для сусветнай паштовай супольнасці, спецыфічным патрэбам рэгіёна, якія павінны быць улічаны пры распрацоўцы стратэгіі і плана дзейнасці на наступны цыкл 2017-2020 гг. Кіраўніцтва СПС адзначыла высокі ўзровень арганізацыі паштовай сувязі Рэспублікі Беларусь.
У 2015 г. у Мінску прайшла Рэгіянальная канферэнцыя «Аказанне падтрымкі краінам Еўропы і СНД у рэформе паштовага сектара і працэсе развіцця на аснове методыкі Комплекснага плана рэформы і развіцця пошты Сусветнага паштовага саюза (КПРРП СПС)». У канферэнцыі прынялі ўдзел каля 40 прадстаўнікоў 11 краін рэгіёна і 3-х рэгіянальных саюзаў (РСС, ПостЕўропа і СЕРП). Мадэратарам канферэнцыі выступіла генеральны дырэктар РУП «Белпошта» Ірына Ігнацьеўна Саксонава. У рамках працы канферэнцыі былі абмеркаваны пытанні, якія з’яўляюцца прыярытэтнымі ў галіне развіцця пошты: план дзейнасці Сусветнага паштовага саюза па рэформе паштовага сектара ў краінах СНД на 2015-2016 гг. Прадстаўнікі краін, якія ўжо распрацавалі КПРРП, падзяліліся з іншымі ўдзельнікамі канферэнцыі практычным вопытам правядзення рэформы паштовага сектара і перспектывамі развіцця.
З мэтай паляпшэння якасці аказання паштовых паслуг, скарачэння тэрмінаў апрацоўкі ўваходных міжнародных паштовых адпраўленняў на тэрыторыі Нацыянальнага аэрапорта «Мінск» у будынку ўчастка па абмене і апрацоўцы авіяпошты РУП «Белпошта» адкрылася новая ўстанова міжнароднага паштовага абмену. Новы пункт прызначаны для апрацоўкі і правядзення мытнага кантролю міжнародных паштовых адпраўленняў пісьмовай карэспандэнцыі, якія паступаюць авіяшляхам. З гэтай мэтай была зроблена рэканструкцыя будынка ўчастка, а таксама павялічаны вытворчыя плошчы.
РУП «Белпошта» выкарыстоўвае ў сваёй рабоце сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі, укараняе новыя запатрабаваныя паслугі, пастаянна працуе над павышэннем іх якасці.
У 2015 г. адкрыўся эксклюзіўны паштовы інтэрнэт-магазін беларускіх тавараў Shop.belpost.by, які плануе стаць найбуйнейшай віртуальнай гандлёвай пляцоўкай, якая аб’ядноўвае вядучыя айчынныя брэнды. Shop.belpost.by — гэта магчымасць рабіць пакупкі ў любы час, не пакідаючы дома або рабочага месца, і атрымліваць жаданы тавар непасрэдна па месцы свайго знаходжання.
У 2015 г. укаранёны сэрвіс «Аплачаная дастаўка ў вячэрні час» у рамках аказання паслуг лінейкі «Камфорт». Новы сэрвіс дазваляе кліентам адпраўляць рэгіструемае паштовае адпраўленне (пісьмо, пасылку), заплаціўшы пры гэтым за дастаўку паштовага адпраўлення атрымальніку ў вячэрні час: з 19.00 да 21.00.
У круглай зале Паштамта г. Мінска размешчана першае ўстройства самаабслугоўвання па афармленні і прыёме адпраўленняў пісьмовай карэспандэнцыі (узважванне, тарыфікацыя, друк адраснага ярлыка) без удзелу работнікаў аддзяленняў паштовай сувязі.
Сёння на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь устаноўлены і паспяхова функцыянуюць 949 плацежна-даведачных тэрміналаў (ПДТ), 186 з іх — у Мінску.
З дапамогай ПДТ можна аплаціць паслугі без камісіі:
· камунальныя паслугі любога населенага пункта Рэспублікі Беларусь,
· паслугі аператараў мабільнай і стацыянарнай сувязі,
· паслугі інтэрнэту і кабельнага тэлебачання,
· плацяжы ў лік пагашэння банкаўскіх крэдытаў,
· бюджэтныя плацяжы, у т.л. плацяжы за праходжанне ТА і выплату штрафаў,
· аформіць падпіску на перыядычныя выданні,
· прасачыць па трэк-нумары рэгіструемыя паштовыя адпраўленні,
· праглядзець даведачную інфармацыю Дзяржаўнага мытнага камітэта і Міністэрства па падатках і зборах і інш.
Аплаціць паслугі можна банкаўскай пластыкавай карткай або наяўнымі грашыма.
Скарыстаць паслугі можна на сайце РУП «Белпошта» www.belpost.by, не выходзячы з офіса або дома:
· атрымаць інфармацыю аб праходжанні рэгіструемых паштовых адпраўленняў, інфармацыю аб раёне абслугоўвання аддзялення паштовай сувязі і аб паштовых індэксах РБ,
· падпісацца на перыядычныя выданні,
· азнаёміцца з электронным каталогам друкаваных СМІ,
· аплаціць перасылку адпраўленняў пісьмовай карэспандэнцыі з дапамогай электроннай маркі,
· праглядзець і заказаць тавары беларускіх вытворцаў,
· набыць у інтэрнэт-магазіне маркі, канверты, паштоўкі, тавары беларускіх вытворцаў,
· зрабіць камунальныя плацяжы,
· скарыстаць тарыфікатар паштовых адпраўленняў,
· выклікаць паштовага кур’ера дадому або ў офіс і многае іншае.
У рамках праграмы паляпшэння якасці абслугоўвання насельніцтва, для павышэння інфармаванасці кліентаў пра паслугі і сэрвісы штомесячна РУП «Белпошта» праводзіць у аддзяленнях паштовай сувязі рэспублікі навучальныя акцыі «Бліжэй да кліента». Спецыялісты прадпрыемства знаёмяць наведвальнікаў з альтэрнатыўнымі спосабамі аплаты плацяжоў — навучаюць самастойна карыстацца плацежна-даведачнымі тэрміналамі, дапамагаюць аплаціць паслугі і сэканоміць час кліентаў. Як паказала практыка, правядзенне акцый «Бліжэй да кліента» эфектыўна ўплывае на павышэнне інфармаванасці насельніцтва пра паслугі і сэрвісы беларускай паштовай службы.
РУП «Белпошта» мае шэраг сертыфікатаў, якія сведчаць пра адпаведнасць якасці паслуг паштовай сувязі ў Рэспубліцы Беларусь сусветным стандартам:
· сертыфікат адпаведнасці сістэмы менеджменту якасці патрабаванням СТБ ISO 9001-2009, зарэгістраваны ў Рэестры Нацыянальнай сістэмы пацвярджэння адпаведнасці Рэспублікі Беларусь;
· сертыфікат «Залатога ўзроўню» (2007-2014 гг.) у галіне кіравання якасцю міжнароднай паштовай службы Сусветнага паштовага саюза;
· сертыфікат «Залатога ўзроўню» (2011 г.), 2 сертыфікаты «Сярэбранага ўзроўню» (2006 г., 2010 г.), сертыфікат «Бронзавага ўзроўню» (2013 г.) у праграме кантролю і ацэнкі якасці работы Кааператыва EMS.