У першы час пасля кастрычніка 1917 года ў савецкай Расіі для аплаты ўсёй паштовай карэспандэнцыі выкарыстоўваліся запасы паштовых, ашчадных і кантрольных марак Расійскай імперыі.
Адной з найбольш характэрных падзей у гісторыі савецкай пошты тых гадоў з'явілася ўвядзенне з 1 студзеня 1919 года бясплатнага перасылання простых лістоў. 24 снежня 1918 года ў "Известиях ВЦИК" быў апублікаваны спецыяльны Дэкрэт Савета Народных Камісараў, прыняты 21 лістапада таго ж года. У ім гаварылася: "Совет Народных Комиссаров, считая, что более постоянный и широкий обмен перепиской между пролетариями города и бедняками деревни служит еще большему закреплению союза между ними и содействует таким образом делу организации революционно-социалистических сил России, находит необходимым упростить и облегчить дело почтовой переписки.
В этих целях Совет Народных Комиссаров постановляет:
1. c 1 января 1919 года установить в советской России бесплатную пересылку открытых и закрытых простых писем весом не свыше пятнадцати граммов. 2. Простые письма весом свыше пятнадцати граммов и заказные почтовые отправления оплачиваются на обычных основаниях полным весовым и за заказ сбором. 3. Бесплатная пересылка простых открытых и закрытых писем распространяется и на корреспонденцию, идущую в пределы советской России из других стран
"
Дэкрэт падпісаны Старшынёй Саўнаркама У. І.Ленінам і Наркампоштэлем (Народным камісарам пошт і тэлеграфаў) В. М. Падбельскім.
Гэты дакумент спрыяў таму, што патрэба ў знаках паштовай аплаты была зведзена амаль да мінімуму. На мал. 1 паказаны паштовыя карткі, якія былі адпраўлены па бясплатным тарыфе 09.02.1919 з Мінска ў Петраград (мал 1а) і 09.08.1919 з Оршы ў Смаленск (мал 1б).
Маркі ўжываліся, як гаварылася ў Дэкрэце, толькі пры перасылцы заказных і каштоўных лістоў, грашовых пераводаў, пасылак і для замежнай заказной карэспандэнцыі. Аднак у гэты час паштовая камунікацыя не было інтэнсіўнай. Толькі да сярэдзіны 1920 гадоў, калі грамадзянская і савецка-польская вайны набліжаліся да канца, паштовая сувязь у краіне стала прыкметна паляпшацца. Вялікія фінансавыя цяжкасці ў краіне здарыліся таму, што бясплатны тарыф на перасылку паштовай карэспандэнцыі да 1921 году адмянілі. Гэта выклікала рэзкі попыт на знакі паштовай аплаты. Вырабіць хутка і ў вялікай колькасці новыя савецкія маркі было немагчыма, таму ўрад прыняў рашэнне часова выкарыстаць пакінутыя запасы старых паштовых, а таксама ашчадных і кантрольных марак, робячы адпаведную пераацэнку з прычыны падзення курсу рубля і змены паштовых тарыфаў. Рашэнне было абвешчана ў спецыяльнай пастанове савецкага ўрада: "Постановление Совета Народных Комиссаров о переоценке знаков почтовой оплаты в связи с повышением почтовой таксы.
Совет Народных Комиссаров постановил почтовые марки достоинством в 1, 2, 3, 4, 5, 7, 10, 14, 15 и 20 копеек увеличить стоимостью при продаже и оплате корреспонденции в 100 раз. Юбилейные царские марки с портретами царей изъять из обращения за ненадобностью.
Председатель СНК В. Ульянов (Ленин)
Управляющий делами В. Бонч-Бруевич
Секретарь Фотиева
Москва, Кремль, 3 марта 1920 года"
Пераацэненыя маркі прадаваліся ў паштовых аддзяленнях без усякіх наддруковак. Але некаторыя паштовыя канторы ўсё ж зразумелі пастанову Саўнаркама даволі своеасабліва і па ўласнай ініцыятыве, а часам і без апавяшчэння і ўзгаднення з Наркампоштэлем РСФСР, сталі ўжываць пераацэненыя спецыяльныя штэмпелі, надпісы чарніламі ад рукі і г. д., якія характарызавалі новы намінал. У гэтым выглядзе новыя пераацэненыя маркі і паступалі ў продаж. Часам, замест наддруковак ці надпісу новага намінала ставілася толькі пячатка (не штэмпель) паштовай установы. Усё гэта рабілася яшчэ і таму, што ў насельніцтва заставалася вялікая колькасць нескарыстаных паштовых знакаў царскай Расіі, а гэта магло нанесці фінансавы урон пошце. Так з'явіліся маркі перыяду 1920-1922 гадоў, што атрымалі назву "местные провизории". На тэрыторыі Беларусі ў 1920-1921 гады некаторыя паштовыя канторы скарысталіся магчымасцю і выпусцілі свае правізорыі — мясцовыя выпускі. У вядомым "Каталоге почтовых марок и цельных вещей. Гражданская война в России (1917-1924)", выдадзеным у Маскве ў 1927 годзе пад рэдакцыяй Ф. Г. Чучына (выпуск 3) (мал. 2) паказвалася, што мясцовыя правізорыі ўжываліся паштовымі канторамі Мінска, Рагачова (Мінская губерня), Суража і Себежа (Віцебская губерня). Але, як апынулася, каталог Чучына недакладны. Некалькі паштовых кантор Беларусі, "выпустивших местные провизории", у ім не паказаны. На той час яны былі невядомы, аб іх даведаліся праз шмат гадоў.
У 1920 годзе адной з першых мясцовыя правізорыі выпусціла Рагачоўскую паштова-тэлеграфная кантора Мінскай губерні (цяпер — Гомельская вобласць). Каталог Чучына апісвае сем зубцовых і адну беззубцовую марку Расійскай імперыі выпуску 1909-1917 гадоў, якія падвергнуліся пераацэньванню (мал. 3а). Для наддрукоўкі лічбаў новай вартасці выкарыстоўваўся ручны штэмпель і чорная масціка (мал. 3б). Наддрукоўкі новага наміналу на марках адпавядалі старому, павялічанаму ў 100 разоў. Тыражы выпускаў невядомы, яны прадаваліся ў паштовых канторах, падпарадкаваных Рагачоўскай ПТК.
У 1920 годзе ў Суражы (Віцебская губерня, цяпер — Віцебская вобласць) мясцовай паштовай канторай таксама выпушчана "свая" марка. Суражжская правізорыя ўсяго адна. Наддрукоўка лічбы "15" і літары "р"(рублёў) на марцы Расійскай імперыі вартасцю ў 15 капеек выпуску 1909-1917 гадоў, зробленая ручным штэмпелем фіялетавай фарбай. Суражская наддрукоўка ў большасці выпадкаў сустракаецца перавернутай (мал. 4).
Да моманту пераацэньвання 1921 годзе ў Себежскай паштовай канторы (Віцебская губерня, цяпер — Пскоўская вобласць, Расія) у наяўнасці знаходзіліся толькі стандартныя маркі Расіі выпуску 1909-1917 гадоў аднакапеечнай вартасці з зубцамі, а таксама дзесяцікапеечная ашчадная марка. Новы кошт прастаўляўся на адна-, дзвюхкапеечных марках і на ашчаднай — ручным металічным штэмпелем чорнай фарбай лічбы "250" (рублёў), а на марках дзесяці — і пятнаццацікапеечнай вартасці новы кошт "250" прапісаны ад рукі чырвонымі чарніламі (мал. 5).
На працягу 1918-1919 гадоў Мінская паштова-тэлеграфная кантора неаднаразова эвакуірваліся, змянялася ўлада — бальшавіцкая, германская, польская. Усё гэта прывяло да таго, што гаспадарка канторы было разгублена і ў 1921 годзе да чарговага пераацэньвання ашчадных і кантрольных марак Расіі на складзе амаль не засталося.
Вырашылі выкарыстаць невялікія запасы дзвюх-, трох — і пяцікапеечных стандартных марак Расійскай імперыі. Мінскай паштова-тэлеграфнай канторы трэба было адрозніваць свае маркі ад тых, што засталіся ў насельніцтва. Самым простым было б зрабіць наддрукоўку пераацэньвання, як і шматлікія паштовыя канторы ў краіне. Але, па ўсёй бачнасці, на выраб штэмпеля наддрукоўкі не хапіла часу, таму на марках і паштовых картках вырашана было паставіць пячаткі Камісара пошт і тэлеграфаў Беларусі. Так узніклі "минские провизории". З выдціскам круглых, як тады называлі "казённых", пячатак маркі паступалі ў продаж па 250 рублёў кожная, наляплялася на паштовыя адпраўленні і па-над пячаткаю, гасіліся звычайным каляндарным паштовым штэмпелем. Выкарыстоўвалася два віда пячатак для пераацэньвання марак і паштовых картак. На адной з пячатак быў надпіс "Рабоче-Крестьянское Советское Правительство Белоруссии" — па вонкавым кругу, па ўнутраным — "Комиссар Почт, Телеграфов и Телефонов". У цэнтры пячаткі — шчыт з малюнкам сярпа і молата і надпіс у тры радкі "Пролетарии всех стран, соединяйтесь!". Такая пячатка ставілася адразу на чатырох марках. Вядомы два колеру водціскаў на пераацэненых марках. На дзвюхкапеечных марках з зубцамі — сіне-фіялетавага, на трох — і пяцікапеечных з зубцамі — чорнага колеру. Дыяметр пячаткі — 41 мм (мал. 6).
Другі тып пераацэначнай пячаткі меў надпіс па вонкавым крузе “Советская Социалистическая Республика Литвы и Белоруссии”, па ўнутраным — "Чрезвычайный комиссар Минского Почтово-Телеграфного узла". У цэнтры пячаткі — серп і молат і трохрадковы надпіс "Пролетарии всех стран, соединяйтесь". Водціскі гэтай пячаткі вядомыя толькі чорнага колеру, ёю была пераацэнена пяцікапеечная марка (мал. 6а). (З прычыны слабых і невыразных водціскаў пераацэначных пячатак рэканструяваныя малюнкі 6 і 6а адрозніваюцца ад сапраўдных невялікімі недакладнасцямі. На мал. 6б паказаны сапраўдны выгляд пераацэначнай пячаткі першага тыпу.)
Такія пераацэненыя маркі і паштовыя карткі ўжываліся не толькі Мінскай ПТК, але і паштовымі канторамі ў Лагойску, Ракаве, Заслаўлі, Ігумене (цяпер — Чэрвень) і іншымі, падпарадкаванымі Мінскай ПТК.
На паштовых картках ужывалася толькі пячатка першага тыпу (па даследаваных экзэмплярах), пры пераацэньванні яна ставілася на марку паштовай карткі, што з’яўлялася падцверджаннем пераацэньвання. Колер пячаткі — чорны.
У згаданым каталогу Чучына сказана, што мінскія правізорыі вышлі ў паштовы зварот у 1922 годзе (месяц не паказаны) (мал. 7).
Але гэта супярэчыць ісціне.
Як сведчаць дакументы Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, ужо ў верасні 1921 года (а дакладней 21.09.1921) Мінскім губернскім аддзелам народнай сувязі атрыманы запыт з Петраграда з нагоды своеасаблівага метаду пераацэньвання марак у сталіцы рэспублікі. Тэкст запыту абвяшчаў: "В Петроградский почтамт поступает корреспонденция из Минска, оплаченная марками двухкопеечного достоинства с оттиском штемпеля почтово-телеграфного союза (здесь работники Петроградского почтамта допустили ошибку — неверно прочли текст штемпеля. — Л. К. ). На такого рода корреспонденцию накладывался дополнительный штемпель. По частным сведениям, означенные марки продаются в Минске по 250 рублей. Петроградский отдел Народной связи просит сообщить, когда и согласно какому распоряжению марки двухкопеечного достоинства переоценены в 250 рублей.
Зав. отделом (Подпись неразборчива)"
Праз некаторы час Петраградскі паштамт паставіў перад працаўнікамі Мінскай ПТК яшчэ шэраг пытанняў: "зачем повторно дополнительно гасились переоцененные марки на корреспонденции, если на них уже была поставлена печать Комиссариата. Дополнительный штемпель создавал грязь и неаккуратность на почтовом знаке".
На ўсе пытанні аб мясцовым выпуску марак Мінскі губадзел Народнай сувязі 1 кастрычніка 1921 года даў такі адказ (цытата па архіўных дакументах. — Л. К. ):
"В Петроградский отдел народной связи.
Наркомпочтель (Белоруссии. — Л. К. ) сим уведомляет, что почтовые марки бывшего двухкопеечного достоинства и затем оцененные в 2 раза были переоценены в Минске в 250 рублей с наложением печати Комиссариата, о чем было доложено в Наркомпочтель РСФСР телеграммой от 15.08. сего года за № 1408. Циркулярно не извещалось по той причине, что предполагалось, что это сделает Наркомпочтель РСФСР, о чем и просилось. В почтовых учреждениях Белоруссии ни контрольных, ни сберегательных марок не было. Не вводить таксу нельзя было, почему и вызвана такая крайняя мера.
Член коллегии Алинитский"
З гэтага адказу можна зрабіць дзве высновы: аб пераацэньванні марак пры дапамозе пячатак Камісарыята было своечасова паведамлена ў вышэйшую паштовую інстанцыю РСФСР, і паведамленне адпраўлена 15 жніўня 1921 года, а гэта значыць, што пераацэненыя маркі ў Мінску з'явіліся ў продажы раней жніўня 1921 года, а не ў 1922 годзе, як сказана ў Чучына.
У 1974 годзе ў артыкуле "Белорусские провизории", апублікаваным у часопісе "Филателия СССР" (№ 2. — 1974.) я паказваў на гэтую неадпаведнасць, што год 1921 варта лічыць годам уваходу ў зварот мінскіх правізорый. Але за даўнасцю гадоў дадзеныя артыкулы забыліся і ў некаторых выданнях у Расіі ў апошні час ізноў паўтараецца памылка каталога Чучына — 1922 год як год уводзін у зварот мінскіх правізорый.
У першым томе спецыялізаванага каталога "Почтовые марки России и СССР" пад рэдакцыяй У. Ю. Салаўёва, выдадзенага ў Расіі (М.: ВЫД, 2006) на старонцы 175 аб беларускіх правізорыях 20-х гадоў ХХ стагоддзя сказана ўсяго некалькі радкоў. Год 1921 паказаны як час уваходу ў паштовы зварот мінскага выпуску. Аднак складальнік каталога дапусціў у апісанні некалькі недакладнасцяў. Выдціск круглай каўчукавай пячаткі для пераацэньвання на марках быў чорнага і сіне-фіялетавага колераў, а не "черного и фиолетового", як сцвярджае аўтар. Круглая пячатка мела тры тэкставых надпіса, а не адзін, як паказвае У. Ю. Салаўёў: "Рабоче-Крестьянское Советское Правительство Белоруссии" — па вонкавым крузе, "Комиссар почт, телеграфов и телефонов" — па ўнутраным, у цэнтры пячаткі — гарызантальны надпіс "Пролетарии всех стран, соединяйтесь!". Аўтар каталога прыводзіць толькі першы тэкст.
У 1995 годзе ў мінскім выдавецтве "Европейская книга" выпушчана другое дадатковае выданне каталога "Почтовые марки Республики Беларусь". Складальнік выпуску — вядомы гомельскі філатэліст М. С. Шыфрын. У гэтым каталозе, адным з першых у Беларусі, дадзены дакладныя звесткі аб мясцовых беларускіх выпусках 20-х гадоў і аб уводзе іх у паштовы зварот. Аўтар матэрыялу аб беларускіх правізорыях — філатэліст з Рэчыцы (Гомельская вобласць) Балалаеў.
Гісторыя з'яўлення мінскіх правізорый яшчэ не даследавана цалкам. Невядома, калі сапраўды Народны камісарыят пошт і тэлеграфаў рэспублікі прыняў рашэнне аб пераацэньванні, які тыраж пераацэненых марак, чаму пячатка Літоўска-Беларускай Рэспублікі, існаваўшая ў 1919 годзе, была выкарыстана для пераацэньвання ў 1921 годзе. Аб тым, што маркі, пераацэненыя пячаткамі першага тыпу, ужо выкарыстоўваліся ў жніўні-верасні 1921 года, кажуць не толькі архіўныя дакументы, выяўленыя ў 80-я гады мінулага стагоддзя, але і сапраўдная карэспандэнцыя тых гадоў. На мал. 8 паказана выразка з канверта заказнога ліста з датай адпраўкі з Мінска 15.09.1921 — пяць трохкапеечных марак старога ўзору з зубцамі, пераацэненых у 250 рублёў, што адпавядае тарыфу 15.08.1921 на іншагародні заказны ліст. На марках пастаўлены чорны водціск пераацэначнай пячаткі першага тыпу.
На мал. 9 прадстаўлены квартблок дзвюхкапеечных марак з зубцамі з водціскам пячаткі першага тыпу сіне-фіялетавага колеру (водціск слабы). Маркі згашаныя каляндарным штэмпелем "Минск губ 3 б "з датай 12.02.22.
Мінскія правізорыі ўжываліся аж да поўнага выкарыстання пераацэненых марак і паштовых картак нават пасля паступлення ў Мінскую ПТК савецкіх дзяржаўных знакаў паштовай аплаты.
Перыяд 1920-1922 гадоў — адзін з найцікавейшых у гісторыі савецкай беларускай пошты, але пакуль яшчэ мала даследаваны. Гэта пацвярджаюць знаходкі 70-80 гадоў мінулага стагоддзя. Амаль 60 гадоў не было вядома, што ў невялікім мястэчку Віцебскай губерні Дрысе (цяпер — Верхнядзвінск, Віцебская вобласць) таксама былі выдадзены мясцовыя маркі (або марка).
У пачатку 80-х гадоў ХХ стагоддзя ў Рызе ў сямейным архіве мясцовым філатэлістам у пачку старых лістоў быў знойдзены канверт, на якім выяўлены маркі Расійскай імперыі чатырохкапеечнай вартасці з цікаўнай наддрукоўкай чорнага колеру "Дрисса". Наддрукоўка не апісана ні ў трэцім выпуску каталога савецкай філатэлістычнай асацыяцыі 1927 года пад рэдакцыяй Чучына "Каталог почтовых марок и цельных вещей. Гражданская война в России 1917-1924. Часть Х. Местные выпуски различных городов и местечек РСФСР и СССР", ні ў каталогах "Ивер", "Цуштейн", "Михель", выпушчаных у 30-я гады, ні ў сённяшніх выданнях. Не згадваецца аб гэтай марцы (марках) і ў апошніх каталогах расійскіх аўтараў.
Знойдзены ліст не філатэлістычнага паходжання, а сапраўдны дзелавы ліст, які прайшоў на пошту. Ліст, аплачаны гэтымі маркамі, адпраўлена з Дрысы ў Рыгу (Латвія) і аплачаны дзесяццю зубцовымі маркамі па чатыры капейкі і пяццю беззубцовымі рублёвай вартасці. Такім чынам, паштовы збор склаў 45 рублёў 1922 года, або 450000 рублёў у грашзнаках да 1922 года, што адпавядае паштоваму тарыфу таго часу для перасылкі ліста за мяжу. Ліст адпраўлены 1 кастрычніка 1922 года ў Рыгу і атрыманы 15 кастрычніка 1922 года, але перш ен патрапіў ў Маскву, пра што сведчыць прамежкавы паштовы штэмпель "Москва. 11.Х.22". Усе маркі чатырохкапеечнай вартасці маюць наддрукоўку "Дрисса", размешчаную ў ніжняй частцы паштовага знака. Гісторыя гэтага выпуску не высветлена. У свой час запыты ў музей сувязі ім. Папова ў Ленінградзе (цяпер — Санкт-Пецярбург), у абласны Віцебскі архіў не далі дадатковых вынікаў. Лёс гэтага канверта аўтару невядомы (мал. 10).
Няма таксама ў згаданым вышэй каталозе Чучына звестак аб выпуску мясцовай паштовай маркі (або марак) у мястэчку Холмеч Мінскай губерні (цяпер — Рэчыцкі раён, Гомельская вобласць).
На сённяшні дзень вядома наддрукоўка літары "р" (рублёў) на беззубцовай марцы Расійскай імперыі трохкапеечнай вартасці. На мал. 11 паказаны пяць марак, квартблок і "одиночка", згашаная паштовым штэмпелем "Холмечъ Минск. г." з датай "24.9.20". У правым ніжнім кутку маркі — наддрукоўка літары "р" чорнай масцікай.
Халмецкія маркі маюць адну асаблівасць. Яшчэ ў 1918 годзе ў Кіеўскай паштовай акрузе на іх была зроблена наддрукоўка ўкраінскага трызубца фіялетавай масцікай. Гэтыя маркі, а таксама маркі Ўкраінскай Народнай Рэспублікі (УНР) мелі распаўсюджанне на тэрыторыі Рэчыцкага павета, бо пасля абвяшчэння УНР паўднёвыя раёны Беларусі — Пінскі, Мазырскі, Гомельскі і ў тым ліку Рэчыцкі паветы — кароткі перыяд былі пад яе кіраваннем. Паштовыя прадпрыемствы ў гэтых паветах падпарадкоўваліся Кіеўскай паштовай акрузе і атрымлівалі для выкарыстання маркі з наддрукоўкай трызубца. У 1920 годзе нескарыстаныя маркі з украінскім трызубцам, якія засталіся на пошце м. Холмеч, былі пераацэнены і атрымалі наддрукоўкі "р".
Гэты выпуск таксама ставіць перад даследнікамі гісторыі мясцовых правізорый Беларусі шэраг пытанняў: ці зроблена наддрукоўка толькі на трохкапеечнай марцы або выкарыстоўваліся і маркі іншых наміналаў, калі яна выпушчана ў паштовы зварот, на падставе якога і чыйго распараджэння, які тыраж выпуску (мал. 11). Не разгадана загадка канвертаў, на якіх налеплены маркі старога ўзору дзвюхкапеечнай вартасці з зубцамі (мал. 12, 13). Абодва лісты накіраваны на адзін і той жа адрас у Гомель у верасні і кастрычніку 1921 года. На марках бачна частка пераацэначнай пячаткі фіялетавага колеру. Судзячы па яе водціску — гэта металічны штэмпель для сургуча, літары на штэмпелі ўрэзаныя, а не выпуклыя. Прачытаць іх не ўяўляецца магчымым. Выкарыстанне такога штэмпеля для пераацэньвання марак у філатэлістычнай літаратуры не апісана.
На лісце, адпраўленым у Гомель 22 верасня 1921 года, марка згашана паштовым штэмпелем Старых Дарог Мінскай губерні. Гэты жа штэмпель пастаўлены на асабовым баку канверта. Напрошваецца выснова, што маркі былі пераацэнены паштовай канторай г. Старыя Дарогі. І яшчэ адна нявысветленая асаблівасць гэтага канверта: на ім пастаўлены дапаможны штэмпель "Доплатить / Старые Дороги" і ад рукі ўпісана сума даплаты — 500 рублёў. Чаму?
Другі ліст, як гаварылася вышэй, адпраўлены на той жа адрас у кастрычніку 1921 года. Марка на канверце згашана штэмпелем паштовага вагона "Осиповичи — 302 — Уречье — 3.10.21". У Гомелі яно атрымана 4 кастрычніка 1921 года, пра што сведчыць уваходны штэмпель. Паводле "Списку почтовых вагонов СССР" (з Бюлетэня НКПіТ, № 33, 1923) пачатковы і канчатковы пункты руху паштовага вагона № 301-302 — Асіповічы і Слуцк. Вагон быў прыпісаны да Заходняй акругі сувязі, пуцявыя паштовыя дакументы захоўваліся ў Асіповіцкім аддзеле перавозкі пошты па чыгунцы. Траса паштовага вагона Асіповічы-Слуцк праходзіла праз Урэчча і Старыя Дарогі. Можна выказаць здагадку, што апісваныя маркі маглі быць пераацэнены ў паштовай канторы аднаго з гэтых гарадоў. На жаль, ні на адным канверце няма зваротнага адрасу, што ўскаладняе вызначэнне месца праходжання мясцовага выпуску.
Загадку гэтых марак яшчэ трэба высветліць беларускім філатэлістам-даследчыкам.
Перыяд пачатку 20-х гадоў мінулага стагоддзя ў гісторыі беларускай савецкай пошты (і расійскай таксама) мала вывучаны і магчыма, што сямейныя і дзяржаўныя архівы і музеі захоўваюць яшчэ таямніцы невядомых мясцовых выпускаў.
І гэта пацвярджаецца цікавым дакументам, знойдзеным у Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь. Яшчэ ў жніўні 1919 года Народны камісарыят пошт і тэлеграфаў Літоўска-Беларускай Рэспублікі (Наркампоштэль Літ-Бел) атрымаў з паштовага музея ў Петраградзе ліст з просьбай прыслаць усе мясцовыя выпускі марак. Ліст высланы па заданні Народнага камісара сувязі РСФСР В. М. Падбельскага. У ім гаварылася, што "в целях пополнения коллекций музея всеми знаками почтовой оплаты Белоруссии, изданными в течение последних лет, в различные периоды и при менявшихся формах правления" музей звяртаецца "с горячей просьбой ко всем потельработникам Белоруссии (т. е. почтовым работникам. — Л. К. ) о высылке возможно полного набора марок, конвертов, почтовых карточек заказных писем, а также бандеролей, выпущенных на территории Белоруссии во время войны и революции".
Просьба музея была даведзена да ведама ўсіх паштовых службоўцаў Літоўска-Беларускай Рэспублікі. У цыркулярным лісце Камісарыят народнай сувязі Літ-Бел выяўляў надзею, што просьба музея будзе выканана. У лісце гаварылася, што "желательно получить не менее пяти, а то и более экземпляров марок, если это возможно, имея в виду, что чем больше и тщательнее будет сделан подбор, тем сильнее запечатлится у наших потомков история революции в Белоруссии".
Маркі для музея збіраліся ва ўсіх паштовых установах рэспублікі. Усё, што знайшлі, загадчыкі паштовых аддзяленнящ і паштова-тэлеграфных кантор павінны былі выслаць у Наркампоштэль Літ-Бел, які ў сілу ваенных дзеянняў пераехаў у Магілёў на Дняпры. З Камісарыята ўсе сабраныя маркі планавалася перадаць у Петраградскі музей пошты. Невядома, ці было гэта зроблена. Дакументаў, якія пацвярджаюць дадзены факт, пакуль не выяўлена.
Леў КОЛАСАЎ,
член Беларускага саюза журналістаў,
член мастацкага савета Міністэрства сувязі і інфарматызацыі РБ,
замежны член Польскай акадэміі філатэлістыкі,
старшыня Беларускага саюза філатэлістаў.
Матэрыял ласкава прадастаўлены рэдакцыяй часопіса "Веснiк сувязi".