Версия для слабовидящих
Паслугі
Тарыфы

З гісторыі пошты ў Лідзе

Паштовая станцыя ў Лідзе вядомая з часоў кіравання караля Станіслава Аўгуста, дакладная дата яе адкрыцця пакуль не ўстаноўлена. На станцыі прымалася і выдавалася простая карэспандэнцыя з адной умовай — лісты павінны былі быць запячатанымі.

РИС.1а

Інвентар г. Ліды за 1798 г., які апісваў дамы па Віленскай вуліцы "от фарного костела расположенные по правой стороне", адзначае: "…наследственная (частная) усадьба госпожи Иодковой, в которой почта" (сядзіба была размешчана ў тым месцы, дзе ў 1939 г. знаходзілася дамаўладанне Фларэнціна Длускага на вуліцы Сувальскай, 58 (кінатэатр "Эра")). Тут жа было паказана размяшчэнне пошты і на плане Ліды 1832 г. Тады дамаўладанне належала прапаршчыку Дароднаму. У 1842 г. сядзіба была знішчана пажарам, пошта перанесена на ўчастак Камянецкіх, паміж вуліцамі Пераца і Камерцыйнай. На гэтым месцы ў канцы 30-х гадоў XX ст. знаходзіліся сядзібы Татарскага, Валынскага і Алькяніцкага. Тут на амаль квадратным двары знаходзіліся канюшня, карэтная адрына, памяшканне для фуманаў, паштальёнаў, тут жа быў пабудаваны каменны будынак паштовай станцыі на вул. Пераца. Гэтую вуліцу потым доўга звалі Паштовай, і толькі ў 1892 г. яе пераназвалі ў Паліцэйскую.

РИС.2

Лідскім паштмайстрам у 1790 г. быў Язэп Паеўскі, пазней войт горада. У "Политическом календаре" за 1820 г. пра пошту ў Лідзе было сказана: "Уездная почтовая экспедиция в Лиде. Почтмейстер Кароль Сташевский, титулярный советник". Тагачасная пошта была падпарадкавана літоўскаму паштамту ў Вільні, з 1830 г. — паштовай інспекцыі 5-й паштовай акругі ў Вільні. У той час лідская пошта была вызначана як павятовая паштовая кантора 2-га класа. Адначасова такія ж канторы былі ўтвораны ў Слоніме (2-гі клас), Кобрыне, Наваградку і Пружанах (3-ці), Ваўкавыску (4-ты). У паштовых канторах 2-га класа штат складаўся з паштмайстра, памочніка і трох паштальёнаў. На ўтрыманне паштовага дома, канцылярскія выдаткі асігнавалася 600 рублёў у год. З 1878 г. паштмайстрам у Лідзе быў Канстанцін Аляксандраў.

РИС.3

У 1872 г. уздоўж паштовага гасцінца Вільня-Ліда-Наваградак-Мір была пабудавана тэлеграфная лінія да Карэліч, а ў Лідзе была абсталявана тэлеграфная станцыя з двума апаратамі Морзэ. Першым начальнікам гэтай станцыі быў Савелі Нікіцін, тэлеграфным тэхнікам — Хрысанф Алехновіч, ён жа і будаваў гэтую лінію. Тэлеграфная станцыя была абсталявана на першым паверсе ў каменнай хаце на вул. Сувальскай, 42, у памяшканні былога павятовага суда, ліквідаванага 1 красавіка 1872 г. У 1873 г. Ліда была адзіным, пасля Вільні, горадам у былой Віленскай губерні, у якім дзейнічала тэлеграфная станцыя з прыёмам і перадачай тэлеграм на тэрыторыю Расійскай імперыі і за мяжу. За тэлеграму з Вільні ў Ліду па тагачасным тарыфе за кожныя 20 слоў плацілі 50 капеек. З 9 лістапада 1873 г. начальнікам станцыі быў Тодар Рустаповіч, а тэлеграфістам 4-га класа з 1 студзеня 1874 г. — Язэп Харневіч, які з 19 лютага 1882 г. пачаў выконваць абавязкі начальніка лідскага тэлеграфа. Тэхнікам на тэлеграфе з 1 мая 1882 г. служыў Язэп-Фелікс Паскошын.

РИС.4

Паводле рэформы паштовай справы, якая была праведзена ў Расіі ў 1886 г., Лідская павятовая паштовая кантора і тэлеграф былі аб'яднаны ў паштова-тэлеграфную кантору (ПТК) 4-га класа. ПТК размяшчалася ў вялікай драўляным доме па вул. Сувальскай, пабудаванай Антоніем Малеўскім на атрыманую ад Віленскай паштовай акругі субсідыю з вяртаннем капіталу праз 12 гадоў. У гэтым доме пошта знаходзілася да 1938 г. (мал. 1, 1а).

РИС.5

У 1890 г. паштовая кантора ў Лідзе атрымала 5-ты клас, у 1906-м — 4-ты, а ў 1913-м — 3-ці. У 1911 г. у штаце ПТК было 17 чыноўнікаў, гэта акрамя паштальёнаў і ганцоў (кур'ераў), у 1913 г. — 22 службоўцы. Кіравалі Лідскай паштова-тэлеграфнай канторай з 31 мая 1889 г. Сямён Грачышчаў, з 21 сакавіка 1894 г. — Якуб Булгакаў, з 1904 г. — Васілій Смірноў, з 1909 г. — Мелітон Берыдзэ і з 1913 г. — Канстанцін Каланкоўскі. Паводле рашэння Галоўнага паштовага ўпраўлення і паштовай акругі ў канцы 1914 г. — пачатку 1915 г. Лідская паштова-тэлеграфная кантора была эвакуяваная ў Расію, у Каломну Маскоўскай губерні, дзе праз некаторы час была расфарміравана.

РИС.6

Якія штэмпелі ўжываліся для клеймавання лістоў на Лідскай паштовай станцыі напачатку XIX ст., вызначыць пакуль не ўдалося. У калекцыях беларускіх філатэлістаў няма карэспандэнцыі з Ліды таго перыяду.

РИС.7а

1 студзеня 1858 г. паступіла ў паштовы абарот першая расійская марка. Паведамленне паштовага дэпартаменту пра ўвядзенне паштовых марак у Расіі было апублікавана ў "Виленских губернских ведомостях" 11 студзеня 1858 г. І амаль у той жа час у паштовых канторах губерні пачалі прадавацца маркі. У пачатковы перыяд выкарыстання яны гасіліся крыжападобным росчыркам пяра ад рукі. І толькі 26 лютага 1858 г. распараджэннем Галоўнага ўпраўлення паштовага дэпартамента Расіі № 138 было ўведзена гашэнне марак спецыяльнымі штэмпелямі на месцы падачы карэспандэнцыі. Гэтыя штэмпелі мелі своеасаблівы выгляд, яны ўяўлялі сабою геаметрычныя фігуры — квадрат, круг, трохвугольнік, складзеныя з кропак. У цэнтры такой фігуры размяшчаўся нумар, прысвоены пошце таго ці іншага горада. Гэтыя штэмпелі атрымалі назву "точечных". Пошта павятовага горада Ліды атрымала квадратны кропкавы штэмпель з нумарам "38" (мал. 2).

Ананімныя кропкавыя штэмпелі былі неўзабаве адменены, бо не неслі ніякай інфармацыі. Ужо ў 60-70-я гады XIX ст. былі ўведзены новыя штэмпелі для гашэння марак на карэспандэнцыі і іншых паштовых мэтаў. На новым штэмпелі значылася назва горада "Ліда", меўся каляндар, г. зн. дзень, месяц і год адпраўлення карэспандэнцыі. Дата размяшчалася ў цэнтры штэмпеля ў тры рады. Месяц абазначаўся трыма пачатковымі літарамі: "8 / сен / 1876" (мал. 3).

РИС.7б.

Штэмпель быў упрыгожаны разеткай. Але і гэтыя штэмпелі мелі шэраг недахопаў. Таму ў канцы 80-х гадоў XIX ст. яны былі заменены больш сучаснымі з указаннем прыналежнасці да адміністрацыйнага дзялення і паштовай канторы. Месяц на іх таксама абазначаўся трыма пачатковымі літарамі: "ЛИДА ВИЛЕН Г 28 / іюн / 1888.2 ПОЧТ-ТЕЛЕГР. ОТД 2" (мал. 4). Як ужо адзначалася, рэформа пошты 1886 г. аб'яднала пошту і тэлеграф, што адбілася і на паштовых штэмпелях: "ЛИДА ВИЛЕН. Г.  19 / окт / 1889 2 ПОЧТ. ТЕЛЕГ. КОНТ. 2" (мал. 5).

РИС.8

У канцы XIX — пачатку XX ст. Паштовае ўпраўленне Расіі працягнула ўдасканаленне каляндарных штэмпеляў. Было прызнана, што літарнае абазначэнне месяца на штэмпелі немэтазгодна. Таму было зменена напісанне календара. У новым штэмпелі месяц календара абазначаўся рымскай лічбай: "ЛИДА ВИЛЕН. Г.  ПОЧТ. ТЕЛ. КОНТ." (мал. 6).

РИС.8а

Тады ж быў уведзены ва ўжыванне новы від штэмпеля, які ўяўляў сабой дзве акружнасці з напісанай паміж імі назвай горада. Каляндар у малюнку новага штэмпеля быў размешчаны ў акружнасці меншага дыяметра паміж гарызантальнымі лініямі (так званы "мостік"). Штэмпелі гэтага тыпу адрозніваліся напісаннем месяца — арабскімі ці рымскімі лічбамі, а таксама літарнымі індэксамі "Лида **10.Х.09 б" ці "Лида** 05.05.09 а" (мал. 7).

РИС.9

Для абазначэння заказных лістоў па Лідскай паштова-тэлеграфнай канторы канца XIX — пачатку XX ст. ужываўся адзіны для ўсёй Расійскай Імперыі ярлык — у рамцы з літарай "З" і абазначэннем горада. У канцы XIX ст. ярлык з агульнага ліста выразалі нажніцамі. Напачатку XX ст. ярлыкі мелі перфарацыю. Колер рамкі і літары "З" — чырвоны, назвы горада — чорны.

Сустракаюцца ярлыкі двух відаў — з надпісам толькі назвы горада "Лида" і з надпісам "Лида Вилен. губ." (мал. 8).

РИС.10

Пошта ў Лідзе выкарыстоўвала таксама дадпаможны штэмпель "ЗАКАЗНОЕ", а для абазначэння каштоўнай карэспандэнцыі — "ДЕНЕЖНОЕ" (мал. 9).

Калі карэспандэнцыя не была аплачана па тарыфу, то працаўнік ПТК адзначаў яе авальным штэмпелем з надпісам "ДОПЛАТИТЬ / ЛИДА". У цэнтры гэтага штэмпеля прастаўлялася ад рукі сума, якую патрабавалася спагнаць з атрымальніка (мал. 10).

РИС.11

У 1905-1913 гг. уся карэспандэнцыя, якая накіроўвалася ў Лідскую ПТК з розных паштовых вагонаў для рассылання адрасатам, пакавалася ў мяшкі і пост-пакеты, на якія наклейваліся спецыяльныя наклейкі-ярлыкі з надпісам "Изъ поч. вагона № 29 ВЪ ЛИДУ /мешокъ №" (мал. 11).

 

Мабыць, падобныя наклейкі-ярлыкі меліся і для іншых паштовых вагонаў, але знайсці іх філатэлістам пакуль не атрымалася. У гады першай сусветнай вайны паштовым установам шэрагу губерняў было прапанавана ўвесці новы від гашэння карэспандэнцыі, якое не павінна было змашчаць ніякіх дадзеных пра месца адпраўлення ліста ці бандэролі. Штэмпелі такога віду атрымалі РИС.12 назву "немых". Філатэлістам вядомы толькі адзін "немой" штэмпель лідскай пошты. Ужываўся ён вельмі непрацяглы час — у кастрычніку-снежні 1914 г. Карэспандэнцыя, якая гасілася "немым" штэмпелем, вельмі рэдка сустракаецца ў калекцыях. "Немой" штэмпель лідскай пошты ўяўляе сабою чатыры няпоўных перарывістых і не вельмі правільных канцэнтрычных акружнасці (мал. 12).

РИС.13

У гады першай сусветнай вайны ўся вайсковая карэспандэнцыя расійскай арміі перасылалася бясплатна. Падставай для бясплатнага перасылання лістоў служылі спецыяльныя паметкі на армейскай карэспандэнцыі — розныя вайсковыя пячаткі частак, рот, дружын, ваенных школ, шпіталяў, а таксама печаткі "ДЛЯ ПАКЕТОВЪ" розных вайсковых устаноў ці печаткі з тэкстам "Из действующей армии". У маёй калекцыі ёсць такі вайсковы ліст, адпраўленае ў снежні 1914 г. з Ліды ў Рыгу. На паштовай картцы адціснута армейская пячатка з тэкстам: "Для пакетовъ. Управл. Лидскаго Уездн. Воинскаго Начальника" (мал. 13).

РИС.14а

Ёсць у гісторыі лідскай пошты цікавы і не да канца высветлены бок дзейнасці. Напачатку XX ст. простую і заказную карэспандэнцыю можна было здаваць не толькі непасрэдна на пошце, а аднесці ў… аптэку, уладальнікам якой быў М. Б. Стукатар. У аптэцы не толькі прымалі карэспандэнцыю, але і выдавалі квітанцыі аб прыёме заказных лістоў, гасілі маркі на лістах. Для гэтага меўся нават спецыяльны імянны штэмпель з надпісам "Г. ЛИДА. АПТЕКА М. Б.  СТУКАТОРА" (мал. 14а). На заказныя лісты наклейваўся спецыяльны ярлык. Ён таксама быў імянным і меў надпіс "Лида. Ап.1" (мал. 14б). Але як і на ярлыках, якія выкарыстоўваюцца дзяржаўнай поштай, рамка і літара "З" былі чырвонага колеру, назва горада і нумар — чорнага. Выяўлены канверт са штэмпелем "аптэчнай пошты" ў Лідзе пакуль вядомы ў адзінкавым экзэмпляры. Год на штэмпелі бачны не вельмі выразна, таму не ўяўляецца магчымым вызначыць час яго ўжывання, а значыць, і год работы "аптэчнай пошты" ў Лідзе. Аднак, мяркуючы па форме штэмпеля і заказнога ярлыка, можна сказаць з упэўненасцю, што паказаныя паштовыя атрыбуты адносяцца да перыяду 1905-1914 гг., г. зн. да пачатку XX ст. Падобныя "аптечные почты" вядомыя ў той час у Вільні, Сімбірску і іншых гарадах Расіі. Беларускім даследчыкам гісторыі айчыннай пошты яшчэ маецца быць знайсці архіўныя матэрыялы і адказаць на пытанні, калі пачала працаваць "аптечная почта" ў Лідзе, на якіх умовах было дадзена права ўладальніку аптэкі займацца "почтовой деятельностью" і як доўга працавала гэтая незвычайная пошта ў Лідзе. Можна адзначыць такі цікавы факт. У спісах абанентаў Лідскай тэлефоннай станцыі за 1939 г. маюцца тры аптэкі, і адна з іх на вуліцы Сувальскай, 63 належыла Ізраэлю Стукатару. У аптэцы быў тэлефон (№ 84), але "почта" ўжо даўно не існавала.

РИС.14б

Як ужо гаварылася вышэй, паштова-тэлеграфная кантора з Ліды была эвакуіравана расійскімі ўладамі ў глыб Расіі ўжо да сярэдзіны 1915 г. Але гэта не азначала, што жыхары горада заставаліся без паслуг пошты. Падчас ваенных дзеянняў першай сусветнай, а затым грамадзянскай і польска-савецкай войн, у Лідзе неаднаразова змянялася ўлада, і ў кожнай была свая пошта, свая паштовая цэнзура. У верасні 1915 г. Ліду акупавалі войскі кайзераўскай Германіі. Акупацыя доўжылася больш за тры гады. Салдаты германскіх частак, раскватараваныя ў горадзе і павеце, карысталіся паслугамі кайзераўскай ваенна-палявой пошты. Пра яе дзейнасць у Лідзе вядома мала. Вайсковыя часткі абслугоўваліся палявымі паштовымі станцыямі, якія мелі свае імянныя каляндарныя штэмпелі. Салдацкія лісты перасылаліся бясплатна, але з абавязковай наяўнасцю вайсковай спецыяльнай печаткі. У беларускіх філатэлістаў у калекцыях захавалася вельмі мала такіх германскіх лістоў. Вось адно з іх. Паштовая картка была адпраўлена з вайсковай часткі 16 красавіка 1916 г. На ёй пастаўлена вайсковая пячатка "1-й компании 17-го отряда выздоравливающих в военном лагере Лиды" і каляндарны штэмпель з тэкстам: "Германская кайзеровская полевая почтовая станция № 69.17.4.16". У тэксце ліста няма ўпамінання пра тое, што ліст напісаны ў Лідзе, месца вызначана, як "Россия. 16.4.16". Пра тое, што ліст з Ліды, кажа толькі вайсковая печатка (мал. 15).

РИС.15

У снежні 1918 г. улада ў Лідзе часткова перайшла да Часовага рэвалюцыйнага камітэта. Рэўкам узяў у свае рукі гарадскую тэлефонную і тэлеграфную станцыі. Войскі кайзера сышлі з Ліды ў студзені 1919 г., і тады ж, 20 студзеня, у горад увайшлі часткі Чырвонагай Арміі. Пра работу пошты ў гады савецкай улады ў Лідзе са студзеня па красавік 1919 г. паштовых дакументаў не выяўлена. 17 красавіка 1919 г. у Ліду ўвайшлі польскія войскі, а 18 чэрвеня 1919 г. у горадзе было адкрыта паштовае аддзяленне. Польская ўлада праіснавала ў горадзе да 17 ліпеня 1920 г. Больш года ў Лідзе працавала грамадзянская і ваенна-палявая пошта польскага войска, была ўведзена ваенная цэнзура. Паводле пастановы Міністэрства пошт і тэлеграфаў у Варшаве ад 15 жніўня 1919 г. уся тэрыторыя Польшчы разам з франтамі была падзелена на пяць акруг Галоўнай палявой пошты. 4-ая акруга размяшчалася ў Лідзе. Уяе ўваходзіла тэрыторыя, абмежаваная на захадзе і поўдні чыгуначнымі лініямі Граева-Беласток-Брэст-Літоўскі-Лунінец. На ўсёй тэрыторыі была ўведзена цэнзура. "Газета Варшавска" (№ 323 ад 25.11.21) паведамляла, што ваенна-палявая цэнзура для польскіх выданняў: газет, часопісаў, якія паступаюць з Літвы, — 21 лістапада 1921 г. была адменена. Аднак для паштовай карэспандэнцыі: лістоў, бандэроляў, тэлеграм, — цэнзура працягвала дзейнічаць.

РИС.16

Пасля заканчэння польска-савецкай вайны і падпісання Рыжскага мірнага дагавора паміж Польшчай і Савецкай Расіяй у 1921 г. землі Заходняй Беларусі, у тым ліку і Лідская зямля, адышлі да Польшчы. Ужо напачатку 20-х гадоў польскія ўлады інтэнсіўна аднаўлялі разбураную вайной паштовую гаспадарку. Пошта размяўалася ў старым дарэвалюцыйным драўляным будынку, у якім было цесна і пошце, і тэлеграфу. Таму ўлады Віленскай паштовай акругі і мясцовыя гарадскія ўлады сумеснымі намаганнямі ў сярэдзіне 30-х гадоў пачалі будаваць у Лідзе новы будынак пошты па аглійскаму праекту. У 1938 г. пошта горада перасялілася ў новы добраўпарадкаваны будынак.

РИС.17

Да канца 30-х гадоў пасля ўсіх рэарганізацый у Лідзе працавалі:

1) акруговы тэлеграфны і тэлефонны вузел сувязі;

2) павятовы паштовы вузел сувязі Ліда-1 на вул. Міцкевіча, 11;

3) паштова-тэлекамунікацыйнае (тэлефон-тэлеграф) аддзяленне сувязі Ліда-2 на чыгуначным вакзале;

4) паштова-тэлекамунікацыйнае агенцтва сувязі Ліда-3 у казармах ім. маршала Сміглага Рыдза.

5) паштова-тэлекамунікацыйнае агенцтва Ліда-4 у казармах ім. генерала Л. Жэлігоўскага.

РИС.18-19

У 1939 г. начальнікам Лідскай пошты быў Ян Дробязгевіч.

Названы вышэй раённы тэлефонны і тэлеграфны вузел сувязі меў свае імянныя каляндарныя штэмпелі. Напачатку 30-х гадоў на тэлеграфе выкарыстоўваўся каляндарны штэмпель з надпісам "LIDA 1 / TELEGRAF" (мал. 16). Ён пастаўлены на квітанцыі № 33, якая была выдадзена 31.XII.1931 жыхару Ліды Івану Юшкевічу за карыстанне абанементнай паштовай скрыняй.

У канцы 30-х гадоў быў уведзены ва ўжыванне новы каляндарны штэмпель на тэлеграфе з надпісам "LIDA / TЕLEF.-TELEGR", таксама тады ўжываўся для абазначэння заказных лістоў спецыяльны дапаможны штэмпель з надпісам "R / LIDA / TELEF.- TELEGR." (мал. 17).

РИС.20-21

У "Списке абонентов телефонной сети дирекции округа почт и телеграфов в Вильне" за 1939 г. у Лідзе налічвалася 260 нумароў тэлефонаў. Але ў горадзе было іх больш, бо некаторыя абаненты: суд, пракуратура, паліцыя, гарадскія упраўленні (магістрат, стараства, ваенны гарнізон, пошта, некаторыя ўстановы чыгункі, піўныя фабрыкі (бровары), а таксама фабрыкі "Олід", "Унігум", "Aрдаль" (гумовага абутку) і інш., — мелі невялікія камутатары з дадатковымі тэлефоннымі нумарамі. У горадзе было шэсць тэлефонных аўтаматаў, чатыры з іх размяшчаліся ў кандытарскіх крамах (вул. Сувальская, 9 і 131, вул. Орліч-Дрэшара, 29 і Рынак, 11), адзін тэлефон-аўтамат быў усталяваны ў будынку чыгуначнага вакзала і адзін — у будынку пошты (вул. Міцкевіча, 11).

РИС.22

Міжгародная тэлефонная сувязь для насельніцтва ажыццяўлялася з чатырох месцаў (там жа знаходзіліся і паштовыя аддзяленні): з раённага тэлеграфна-тэлефоннага вузла сувязі, паштовага аддзялення Ліда-2 і агенцтваў Ліда-3 і Ліда-4. Усе паштовыя ўстановы Ліды мелі свае імянныя каляндарныя і дапаможныя штэмпелі (мал. 18, 19, 20, 21) У 1938 г. паштовыя ўлады Польшчы ўвялі ў абарот новыя каляндарныя штэмпелі — меншага дыяметру, якія складаліся толькі з адной акружнасці з назвай горада і літарнымі ці лічбавымі індэксамі і календаром (мал. 22).

РИС.23

У перыяд 1923-1939 гг. на Лідскі акруговы (раённы) паштовы вузел карэспандэнцыя дастаўлялася з розных канцоў Польшчы некалькімі паштовымі вагонамі. Вагоны ўваходзілі ў склад паштова-пасажырскіх цягнікоў, якія курсіравалі ад чыгуначнай станцыі "Ліда". У розныя гады паштовыя вагоны былі ў наступных цягніках: № 116 Варшава-Ліда (1923-1939); № 282 Вільня-Ліда (1938-1939), № 286 Ліда-Загацце (1923-1928), Ліда-Крулевщызна (1929-1936), Ліда-Маладзечна (1938-1939), № 292 Ліда-Гародня (1938-1939) і № 298 Ліда-Баранавічы (1928-1932). У кожным паштовым вагоне быў імянны каляндарны штэмпель (мал. 23).

РИС.23А

У 1936-1939 гг. у Лідзе працавала так званая перронная пошта. Яе службоўцы прымалі простую і заказную карэспандэнцыю, а таксама тэлеграмы ў пасажыраў цягнікоў, якія праходзілі праз станцыю "Ліда". Для выканання гэтай аперацыі службоўцы перроннай пошты праходзілі ўздоўж састава і, не заходзячы ў вагоны, прапаноўвалі свае паслугі. У службоўцаў гэтай пошты былі фуражкі з надпісам "Перронная пошта", а таксама на рамяні на шыі віселі невялікія скрыначкі чырвонага колеру з такім жа надпісам — з наборам паштовых марак, картак, канвертаў і паперы, а таксама бланкаў тэлеграм. Перронная пошта з'явілася складанай часткай вакзальнага паштовага аддзялення Ліда-2. На прынятай карэспандэнціі ставіўся спецыяльны дапаможны штэмпель чырвонага колеру з надпісам "POCZTA PERONOWA / LIDA 2" ("Перронная почта / Лида 2"), а прынятая заказная карэспандэнцыя адзначалася штэмпелем з тэкстам: "R / LIDA 2 / POCZTA PERONOWA / №…" ("З / Лида 2 / Перронная почта / №…"). Колер гэтага штэмпеля таксама чырвоны (мал. 23а).

Для абазначэння бясплатнай службовай карэспандэнцыі некаторыя дзяржаўныя ўстановы ўжывалі спецыяльныя штэмпелі. Так, на ўсёй карэспандэнцыі, якая выходзіла з канцылярыі магістрата г. Ліды, у 1937-1939 гг. ставіўся круглы штэмпель (45 мм у дыяметры) з дзяржаўным гербам і тэкстам: "MAGISTRAT m. LIDY / Stempel listowy" ("Магистрат г. Лиды / Штемпель для писем") (мал. 24).

РИС.24

Пасля верасня 1939 г. работа лідскай пошты карэнным чынам была перабудавана. У горадзе засталося дзве паштовых установы — раённая кантора сувязі і паштовае аддзяленне на станцыі. Лідскі чыгуначны вузел увайшоў у склад створанай Беластоцкай чыгункі.

У "Алфавитном списке почтовых предприятий западных областей Украинской и Белорусской ССР (дополнение к списку почтовых предприятий СССР издания 1938 г.)", які бый выпушчаны у 1940 г. Цэнтральным упраўленнем паштовай сувязі Наркамата СССР, значыцца: "1) Лида, почтовая контора, центр района Барановичской обл. БССР; 2) Лида, ст. Белостокской ж. д. Барановичской обл. БССР; Лида, ЖДО, Барановичской обл. БССР ". З гэтага спісу вынікае, што ў 1939-1941 гг. у Лідскім раёне (па тагачасным адміністрацыйна-тэрытарыяльным дзяленні БССР) налічвалася ўсяго 16 паштовых устаноў: адна раённая кантора сувязі ў Лідзе, два паштовых аддзяленні ў Кургане і Нёмане, дзевяць паштовых агенцтваў — у Белагрудзе, Беліцы, Бердаўцы, Вавюрцы, Ганчарах, Дакудава, Крупе, Мінойтах, Няцечэ, на трох чыгуначных станцыях існавалі паштовыя аддзяленні — на станцыі "Ліда" Беластоцкай чыгункі, "Нёман" і "Мінойты" Брэст-Літоўскай чыгункі. Перавозку пошты па чыгунцы ажыццяўляла ўтворанае Лідскае аддзяленне перавозкі пошты па чыгунцы (ЧА).

Аддзяленне перавозкі пошт (ЧА) падпарадкоўвалася Баранавіцкаму ўпраўленню сувязі. Асноўныя маршруты паштовых вагонаў, якія ажыццяўлялі перавозку пошты для Лідскай раённай паштовай канторы, мелі наступныя нумары: паштова-пасажырскі цягнік № 403-404 Львоў-Чырвонае-Здалбунаў-Роўна-Лунінец-Баранавічы-Ліда; № 453-454 Ліда-Ваўкавыск-Чарамха-Семяцічы-Баранавічы-Ліда (ЧА), № 461-462 Крулевщызна-Ліда-Ваўкавыск-Беласток.

Некаторыя цягнікі блізкага накіравання (прыгарадныя) мелі паштовыя вагоны, але не мелі нумароў маршрутаў накіравання (паштовы вагон маршруту Ліда-Беняконі быў безнумарным).

Газета "Советская Белоруссия" 3-5 кастрычніка 1939 г. паведамляла, што было створана восем буйных аддзелаў пошт і тэлеграфа пры часовых упраўленнях гарадоў Гародні, Ліды, Ваўкавыска, Пінска, Лунінца, Брэст-Літоўска. А яшчэ раней, 25 верасня 1939 г., упаўнаважаны ЦК УКП(б) Б у Лідзе П. Калінін паведамляў у газеце "Правда", што ў горадзе працуе пошта, тэлефон, электрастанцыя, банк.

Некаторыя цяжкасці ў рабоце лідскай пошты (дарэчы, гэта назіралася ва ўсёй Заходняй Беларусі) выклікала адсутнасць на месцах савецкіх знакаў паштовай аплаты, канвертаў, розных паштовых бланкаў, квітанцыных кніжак і г. д., а таксама навыкаў працы ў савецкіх умовах старых службоўцаў лідскай пошты.

РИС.25

Да 5 кастрычніка ў Заходнюю Беларусь з Мінска было паслана "на 1 мільён рублёў савецкіх паштовых марак, 600 тысяч маркіраваных канвертаў і 1 мільён паштовак", — так пісала ў тыя дні газета "Советская Белоруссия". Былі прыняты таксама меры па азнаямленню працаўнікоў лідскай пошты з умовамі і рэжымам работы савецкай пошты. Адбыліся пашыраныя зборы паштова-тэлеграфных працаўнікоў Гародні, Ліды, Пінска і іншых гарадоў Заходняй Беларусі, на якіх былі вывучаны паштовыя правілы, якія дзейнічалі у СССР, таксама былі арганізаваны 2-тыднёвыя курсы працаўнікоў сувязі заходніх абласцей па азнаямленню з умовамі працы на прадпрыемствах сувязі СССР. У Лідзе на пашыраным зборы прысутнічалі больш за 50 старых працаўнікоў сувязі, курсы наведвалі каля 40 чалавек. Але многім вучоба на курсах не спатрэбілася для далейшай працы на пошце. Каля 18 працаўнікоў лідскай пошты ў 1940-1941 гг. былі рэпрэсаваны, арыштаваны, вывезены ў Сібір, у Казахстан.

РИС.26Вспомогательный немецкий штемпель с текстом в две строки

З прычыны адсутнасці савецкіх каляндарных паштовых штэмпеляў, на пошце г. Ліды аж да пачаку 1940 г. выкарыстоўваліся польскія штэмпелі (а першы час і паштовыя маркі), і толькі ў студзені 1940 г. былі ўведзены ва ўжыванне новыя каляндарныя штэмпелі з надпісам "Лида. БССР" (мал. 25), а затым, калі было зацверджана тэрытарыяльнае дзяленне па абласцях, на штэмпелі з'явіўся надпіс "Лида Баранович. обл.". Былі ўведзены ў абарот дапаможныя штэмпелі для заказных лістоў. Ёсць дадзеныя пра тое, што ўвосень 1941 г. у Лідзе было запланавана адкрыццё першага гарадскога паштовага аддзялення. Але перашкодзіла гэтаму вайна.

У гады фашысцкай акупацыі ў Лідзе з 1 кастрычніка 1941 г. працавала "немецкая служебная почта на Востоке" (DEUTSCHE DIENSTPOST OSTLAND). Аддзяленне службовай пошты ў Лідзе падпарадкоўвалася Мінскаму паштоваму камісарыяту. Службовая пошта абслугоўвала ўсе акупацыйныя ўстановы і арганізацыі, а таксама ў рэдкіх выпадках грамадзянскае насельніцтва.

РИС.27

У пачатковы перыяд (канец 1941 г.) працаўнікі службовай пошты выкарыстоўвалі для гашэння карэспандэнцыі стары каляндарны штэмпель польскай вытворчасці, які захаваўся з даваенных часоў. Пры гашэнні марак на карэспандэнцыі гэтым штэмпелем абавязкова побач павінен быў прастаўляцца дапаможны нямецкі штэмпель з тэкстам у два радкі "Durch Deutsche Dienstpost Ostland" (мал. 26).

З пачатку 1942 г. і да ліквідацыі нямецкай службовай пошты ў 1944 г. для гашэння карэспандэнцыі ўжываўся спецыяльны нямецкі каляндарны штэмпель з тэкстам: "LIDA DEUTSCHE DIENSTPOST OSTLAND". Такіх каляндарных штэмпеляў на Лідскай пошце было тры, яны адрозніваліся літарнымі індэксамі — "а", "b" і "с" (мал. 27).

РИС.28

Для абазначэння заказных лістоў у 1941 г. у пачатковы перыяд выкарыстоўваліся два прымітыўных спецыяльных R-ярлыкі (наклейкі). У адным з іх ад рукі ўпісвалася назва горада "LIDА" і нумар заказнога ліста. У іншых выпадках на наклейку ставіўся адбітак гумовага дапаможнага штэмпеля "LIDA", нумар жа заказнога ліста ставіўся ад рукі (мал. 28). З 1942 г. для заказной карэспандэнцыі ўжывалася R-наклейка, аддрукаваная тыпаграфскім спосабам з назвай горада і нумарам (мал. 29). У некаторых выпадках на карэспандэнцыю ставілася службовая пячатка лідскага паштамта (мал. 30).

РИС.29

8 ліпеня 1944 г. падчас аперацыі "Баграціён" Ліда была вызвалена ад фашысцкіх акупантаў. 25 ліпеня раённая кантора сувязі аднавіла працу. Начальнікам лідскай пошты загадам № 1 ад 26 ліпеня 1944 г. назначаецца М. П. Васільеў, намеснікам начальніка канторы па паштовай частцы — В. Д. Конан, а па электрасувязі — А. С. Кавалевіч. З 25 жніўня 1944 г. на пасаду начальніка Лідскай раённай канторы сувязі быў назначаны Ф. Г. Лукін.

У названым вышэй загадзе № 1 прапаноўвалася прыступіць да збору ўсіх відаў паштовай маёмасці, якая падчас акупацыі і ваенных дзеянняў была раскідана па ўсім раёне. Першы абмен поштай быў праведзены 27 ліпеня 1944 г. з паштовай канторай Наваградка пешым парадкам.

РИС.30

Работа пошты ў 1944-1945 гг. праходзіла ў цяжкіх умовах. Для дастаўкі паштовай карэспандэнцыі з аддзяленняў сувязі ў раённы вузел выкарыстоўваўся конны транспарт. Часам абмен поштай паміж аддзяленнямі сувязі ажыццяўляўся пешымі кур'ерамі, веласіпедыстамі. Вельмі рэдка для дастаўкі пошты выкарыстоўваўся выпадковы аўтатранспарт. У тыя гады ў лясах Лідскага раёна хаваліся банды рознага толку, якія ўскладнялі працу паштавікоў, здаралася напады на работнікаў пошты і паштовыя аддзяленні. Па стану на 15 жніўня 1944 г. у Лідскім раёне функцыянавалі 12 аддзяленняў сувязі.

У пасляваенны перыяд пачаўся новы этап гісторыі пошты на Лідскай зямлі.

Леў КОЛАСАЎ,

член Беларускага саюза журналістаў,

член мастацкага савета Міністэрства сувязі і інфарматызацыі РБ,

замежны член Польскай акадэміі філатэлістыкі,

старшыня Беларускага саюза філатэлістаў.

Матэрыял ласкава прадастаўлены рэдакцыяй часопіса "Веснiк сувязi".