Ў канцы 80-х — пачатку 90-х гадоў XVIII ст. жыхары Пінскага павета выпрабоўвалі вялікія нязручнасці з адпраўленнем пошты нават у найблізкія гарады і мястэчкі, не кажучы ўжо пра далёкія паселішчы. Гэтыя нязручнасці былі выкліканы тым, што на Піншчыне было мала паштовых дарог і паштовых станцый. Тлумачылася гэта, першым чынам, прыроднымі ўмовамі краю: лясістасць, шматлікія рэкі, вялікая забалочанасць не спрыялі будаўніцтву паштовых шляхоў.
Вядомы кіеўскі журналіст сярэдзіны XIX ст. Ф. Самохін у газеце "Кіяўлянін" у артыкуле «Почтовая дорога через Полесье» (№ 37, 1869 г. пісаў па гэтай нагодзе: "На огромном пространстве (Полесья) нет почтовых дорог и тяжело тому населению, которое живет на этом пространстве. Для удовлетворения самой насущной потребности его в быту — для взноса денег в казначейство, для передачи письма на почту или бумаги в присутственное место необходимо проехать более ста верст по самым убийственным дорогам, затратить на это 5-6 дней времени и несколько рублей денег. Но не каждый в состоянии так распоряжаться своим временем и трудовой копейкой, а вследствие этого, большинство ограничивает до возможного предела свои нужды, от чего происходит застой в экономическом и умственном развитии населения Почтовая дорога для глубинного Полесья — такая же насущная потребность, как железная дорога в промышленной и многолюдной местности, она в Полесье произведет такое же влияние на экономическое развитие его, какое произведет железная дорога на те места, где были одни шоссейные и почтовые дороги. Да, наконец, говорить в наше время о пользе почтовых сообщений и право же как-то даже совестно " І далей: " отсутствие почт ложится тяжелым гнетом на экономические интересы Полесья".
Каб адправіць ліст з Пінска ў Столін, адлегласць да якога складала 15 міляў (1 міля — 7,798 км), трэба было паслаць яго праз паштовую станцыю ў Гародню, а гэта больш за 60 міляў толькі ў адзін бок. Паведамленне ішло доўга, акруговым шляхам, губляла сваю актуальнасць. Іншыя ж паштовыя станцыі знаходзіліся яшчэ далей — у Вільні і Роўна. Таму жыхары павета звярнуліся ў мясцовы cеймік з просьбай пра ўдасканаленне паштовай службы на Піншчыне.
Архіўныя дакументы сведчаць, што 28 сакавіка 1791 г. Грамадзянска-ваенная і Парадкавая камісіі Пінскага павета прынялі пастанову, у адзін з пунктаў якой і ўвайшла скарга жыхароў на працу пошты, якая стрымлівае зносіны людзей — купцоў, гандляроў, сваякоў, службовых і г. д.
Камісія накіравала акт з пастановай паслам Пінскага павета ў варшаўскім Сойме, каб яны звярнуліся да дырэктара пошт з просьбай пра змену руху пошт у Пінскім павеце. Пастанова камісіі было падпісана.
У той час пасламі ў чатырохгадовым Сойме былі каралеўскі камергер (шамбелан), збройнік (мечнік) Матэуш Бутрымовіч і падстолій, гарадскі пісарчук Павел Шырма. Выконваючы перад суайчыннікамі абавязкі, ускладзеныя на іх у павятовым сейме, паслы склалі ў Варшаве пасольскую прапанову пра рэарганізацыю пошты на Піншчыне, якую ўручылі вялікаму пісару ВКЛ Дзедушыцкаму, генералу пошт краю 28 красавіка 1792 г. У ёй ішла гаворка пра ўрэгуляванне руху пошт ад Варшавы да Пінска, ад Пінска да Століна. Паслы прапанавалі для паляпшэння паштовай сувязі ў будучым падоўжыць паштовыя гасцінцы ад Століна да Роўна, ад Пінска да Слоніма. Праект прадугледжваў таксама паляпшэнне ўжо існуючай пошты на Піншчыне. Адмысловая ўвага была нададзена будаўніцтву новых паштовых гасцінцаў і станцый. Каб звязаць Пінск з Варшавай, аўтарамі праекта быў распрацаваны паштовы гасцінец Пінск — Брэст-Літоўск — Варшава з указаннем размяшчэння паштовых станцый (на адлегласці каля 3-4 міляў). Паміж Брэст-Літоўскам і Пінскам планавалася пабудаваць пяць паштовых станцый: у Булка, Кобрыне, Антопалі, Драгічыне, Янове і Дубое. Далей паштовая дарога павінна была ісці ад Пінска да Століна з паштовымі станцыямі ў Лапаціне і Вавічах. Ад Століна да Роўна меркавалася пабудаваць пяць станцый: у Дамбравіцы, Немавічах, Беражне, Людвіпалі і Кажыцах. На паштовым гасцінцы Пінск — Слонім планавалася будаўніцтва трох станцыйных дамоў: у Лагішыне, Тэлеханах, Борках.
Пасольскі праект меркаваў увесці на ўсіх гэтых станцыях пасаду паштмайстра і яго намесніка, абавязкова з прыняццем прысягі, асабліва на тых станцыях, якія былі размешчаны ў паселішчах, якія мелі панскія двары. Здаралася, што які-небудзь яснавяльможны пан, уладальнік вёскі, прыязджаў на пошту і, дзеля цікавасці, загадваў ламаць сургучныя пячаткі, чытаць лісты, а пасля чытання некаторыя затрымліваць. Каб такога не здаралася, праект прадугледжваў адказнасць працаўніка паштовай станцыі за даручаныя яму пасланні.
Увасобіць у жыццё гэты цікавы і патрэбны для пінскай пошты праект не атрымалася. Ён так і застаўся толькі праектам, які цяпер пыліцца ў архіве. Прычынаю гэтаму стаў апошні падзел Польшчы.
Калі на Піншчыне была адкрыта першая паштовая станцыя, невядома. Магчыма, напачатку XVIII ст., магчыма, раней. Вядома, што ў 1734 г. дваране Брэсцкага ваяводства на рэляцыйным сейміцы вынеслі пастанову пра пошту: " Деятельность почты воеводства нашего, чтобы не прекращалась. Силой принятых ранее уставов, чтобы отчисления на содержания почты с налога чапового шеленжневого (налог с продажи алкогольных напитков) от плательщиков ежегодно доходили, об обязанности этой напоминаем".
Па дадзеных "Почтово-телеграфного журнала" за 1882 г., паштовая станцыя ў Пінску была пераўтворана ў пінскую павятовую паштовую кантору 1 студзеня 1830 г. Яна была другога класа.
Калі ж на пінскай паштовай станцыі ўпершыню пачаў ужывацца штэмпель для клеймавання выходнай карэспандэнцыі на сённяшні дзень не ўсталявана. Лістоў таго часу ў калекцыях беларускіх філатэлістаў няма. Аднак маюцца лісты пазнейшых гадоў. Таму вядома, што ў 1844 г. павятовая пінская паштовая кантора для клеймавання выходнай карэспандэнцыі ўжывала аднарадковы штэмпель толькі з назвай горада — "ПИНСКЪ". Такі штэмпель прысутнічае на лісце, адпраўленым з Пінскага земскага суда ў Рэчыцкі земскі суд. Побач са штэмпелем ад рукі пастаўлена дата адпраўкі ліста — "іюня 13 1844 г." і пастаўлены нумар казённага ліста — "№ 1". Варта адзначыць, што ў 90-я гады XIX ст. ні даты, ні нумара ліста побач са штэмпелем не ставілася. Пра тое, што судовы ліст быў не прыватным, а казённым, кажа наяўнасць сургучнай пячаткі, якой яно было закрыта. На пячатцы бачны літары "С. З. "(суд земскі) і герб Пінска — лук з нацягнутай цецівой і стралой (мал. 1).
Ужо ў 1845 г. на пінскай пошце з'явіўся новы штэмпель. Ён меў дату адпраўкі карэспандэнцыі (мал. 2). Штэмпель быў двухрадковы — "ПИНСКЪ / июня 5 1845". Але, мабыць, карыстацца такім наборным штэмпелем было не вельмі зручна, таму (магчыма, па іншых прычынах) яшчэ ў 1853 г. дата адпраўкі ліста на штэмпелі ставілася ад рукі. Штэмпель 1853 г. істотна адрозніваўся ад штэмпеля 40-х гадоў, таму што ў ім з'явілася слова "отпра" ( влено) (мал. 3). Магчыма, пінская павятовая кантора ў 50-я гады XIX ст. выкарыстоўвала і іншыя штэмпелі клеймавання, але яны пакуль невядомы філатэлістам.
Па статыстычных дадзеных, з 1855 па 1865 гг. у Пінску атрымана 306853 простых, страхавых і заказных ліста, адпраўлена — 339650. У 1857 г. у Расіі была выпушчана першая паштовая марка. Дамарачныя штэмпелі клеймавання не падыходзілі для гашэння марак на карэспандэнцыі. Некаторы час маркі гасіліся простым крыжападобным росчыркам пяра, што было не вельмі зручна.
На падставе загада Галоўнага ўпраўлення пошт ад 26 лютага 1858 г. № 138 было ўведзена гашэнне марак спецыяльнымі штэмпелямі на месцы падачы карэспандэнцыі. Яны былі пасля названы "кропкавымі", таму што іх малюнак (круг, квадрат, трохвугольнік) складаўся з кропак. Усярэдзіне такога штэмпеля быў размешчаны нумар, прысвоены той ці іншай канторы. Круглыя штэмпелі выкарыстоўваліся губернскімі паштовымі канторамі, квадратныя — павятовымі (нумары ад 1 да 612). Павятовы горад Пінск і яго паштовая кантора атрымалі нумар "252" (мал. 4). Кропкавыя штэмпелі былі ананімнымі: яны не неслі на сабе ніякай інфармацыі, ні назвы пункта адпраўлення карэспандэнцыі, ні даты адпраўлення, што вельмі дрэнна адбівалася на працы пошты.
Ужо ў 60-я — 70-я гады ва ўжыванне быў уведзены новы штэмпель для гашэння марак на карэспандэнцыі. На ім значылася толькі назва горада — "ПИНСКЪ", назва месяца ў календары гэтага штэмпеля была літарнай — "12 /авг / 1883". Штэмпель быў упрыгожаны невялікім арнаментам (мал. 5). Гэтыя штэмпелі мелі шэраг недахопаў і былі заменены больш удасканаленымі, якія паказвалі прыналежнасць да паштовай канторы (мал. 6).
На мал. 7 паказана тэлеграма, якая была прынята пінскім тэлеграфам з Мінскай канцылярыі біскупа 22 студзеня 1882 г. У ёй паведамлялася, што селяніну Хайко з вёскі Дубой, што пад Пінскам, "венчаться можно". А ў сувязі з тым, што рассыльнага для дастаўкі тэлеграмы на пінскім тэлеграфе не было, тэлеграма з радаснай весткай для селяніна была выслана простым лістом.
У 1886 г. у Расіі была праведзена паштовая рэформа, якая аб’яднала пошту і тэлеграф. Гэта адбілася і на паштовых штэмпелях. Калі раней штэмпель нёс такую інфармацыю: "ПИНСКЪ ПОЧТ. КОНТОРА МИНСК. ГУБ.", то новы штэмпель меў наступны тэкст: "ПИНСКЪ МИНСК. Г. ПОЧТ. ТЕЛ. КОНТ.". Такія штэмпелі былі ва ўжыванні да канца XIX ст. (мал. 8).
Пінская паштова-тэлеграфная кантора была адкрыта 1 студзеня 1887 г. У яе састаў уваходзілі паштова-тэлеграфныя аддзяленні: Лагішынскае, Столінскае, Тэлеханскае, Парэчскае, паштовыя аддзяленні: Марачанскае, Платніцкае, Пагост-Загорскае і Юхнавіцкае. Самыя простыя паштовыя аперацыі (прыём простых і заказных лістоў) праводзіліся ў Церабежаўскім і Хатыніцкім валасных упраўленнях.
Напачатку XX ст. ва ўжыванне былі ўведзены два тыпу зусім новых па афармленні і малюнку паштовых штэмпелі. Першы, як і ў XIX ст., меў выгляд адзінарнай акружнасці з тым жа тэкстам, але са змененым напісаннем календара: "". Штэмпелі адрозніваліся лічбавымі індэксамі і ўжываліся прыблізна да 1910 г. (мал. 9).
Другі тып уяўляў сабою дзве акружнасці з напісанымі паміж імі назвамі населенага пункта і губерні: "ПИНСКЪ МИН." ці "ПИНСКЪ МИНСК.". Каляндар у малюнку гэтых штэмпеляў быў размешчаны паміж дзвюма гарызантальнымі лініямі ў меншай акружнасці (так званы "масток") (мал. 10). Штэмпелі адрозніваліся напісаннем абазначэння месяца — арабскімі ці рымскімі лічбамі, а таксама лічбавымі і літарнымі індэксамі (мал. 11). Гэтыя штэмпелі былі ва ўжыванні на пінскай пошце аж да 1921 г. Напачатку XX ст. пінская пошта стала ўжываць ярлык для абаазначэння заказных лістоў (мал. 12).
У рэестры вопісу маёмасці пінскай паштовай станцыі, які быў складзены ў канцы 60-х гадоў XIX ст., было пяць экіпажаў, пяць санак, дзесяць суконных бравэрак, пяць кажухоў, столькі ж параў рукавіц, дзве формавыя фуражкі з кукардамі, чатыры пугі, тры пераносных ліхтара, чатыры скураных мяхі для карэспандэнцыі, столькі ж торбаў і медны паштовы знак наглядчыка. Фурманаў на пінскай паштовай станцыі было пяць, за імі было замацавана 11 коней. Прыглядаў за ўсёй гаспадаркай станцыйны наглядчык.
У "Трудах Минского губернского статистического комитета" за 1870 г. сказана, што "относительно сухопутного сообщения в Пинском уезде сказать хорошего мало". Паштовых дарог было толькі дзве — з Пінска ў Роўна і адрэзак Маскоўска-Варшаўскай шашы. На ровенскай дарозе знаходзілася ўсяго пяць паштовых станцый, не лічачы Пінскай. На паштовай дарозе ад Пінска да Маскоўска-Варшаўскай шашы было чатыры паштовых станцыі.
У канцы 30-х — пачатку 40-х гадоў на пінскім паштовым гасцінцы ў Слуцкім павеце ад Сіняўкі да Пінска было дзве паштовыя станцыі — у Будах і Качайцы. Да 70-х гадоў XIX ст., калі яшчэ не была пабудавана чыгуначная лінія Негарэлае — Баранавічы і Баранавічы — Лунінец — Пінск (1884 г.), пошта з Мінска да Пінска перавозілася конным транспартам па маршруце ад Мінска да Гарадзеі (92 вярсты), ад Гарадзеі да Клецка (31), далей — паштовыя станцыі ў Сіняўцы (16,5), Будах (16,5), Качайцы (13,5), Хатынічах (14), Бабрыне (18,5), Лышчыне (16), Иванісаўцы (16), Пінску (20).
У другой палове XIX ст. на Піншчыне па грунтавай дарозе адкрыўся паштовы гасцінец № 4 Пінск — Тэлеханы. Ён праходзіў праз паштовую станцыю ў Лагішчыне, абслугоўваўся 14 коньмі. За правоз паштовай карэспандэнцыі (аднаго ліста) і эстафеты (тэрміновага ліста) спаганялася прагонная плата ў памеры 3 кап. За праезд аднаго пасажыра ў паштовым экіпажы спаганялася столькі ж. У залежнасці ад стану паштовай дарогі плата часам дасягала 5 кап.
На працягу 1905-1913 гг. штодня ў Пінск з Мінска ў 13.00 адпраўлялася простая і заказная карэспандэнцыя з пасажырскім цягніком. Дастаўка пошты з Мінска ў Пінск па Маскоўска-Брэсцкай чыгунцы ажыццяўлялася наступным чынам: ад паштовай канторы ў Мінску да станцыі "Мінск" па "мяккім" шляху конным транспартам, затым у паштовым вагоне ад ст. "Мінск" да ст. "Баранавічы" Маскоўска-Брэсцкай чыгункі, затым паштовы вагон пераганялі на ст. "Баранавічы" Вільна-Ровенскай чыгункі і накіроўвалі на лінію Лунінец — Пінск. Ад ст. "Пінск" да гарадской паштовай канторы пошту перавозілі конным транспартам. Уся аперацыя займала адзін дзень.
Да 1901 г. у Пінску працавала ўсяго адно паштовае аддзяленне, якое знаходзілася ў цэнтральнай частцы горада, далёка ад вакзала. Да таго часу вакол вакзала і чыгуначных майстэрняў вырас густанаселены раён. Аддаленасць пошты ад гэтага раёна стварала вялікія нязручнасці жыхарам. Таму ў лютым 1901 г. было пададзена прашэнне ў Мінскую паштовую акругу пра адкрыццё другога паштовага аддзялення на вакзале станцыі "Пінск". Прашэнне пінчан праляжала ў Галоўным упраўленні пошт і тэлеграфаў чатыры з паловай гады без усялякага руху.
І толькі ў жніўні 1905 г. быў атрыманы адказ, у якім паведамлялася, што " ходатайство об открытии почтового отделения на ст. Пинск Полесских ж. д. по недостатку средств не может быть удовлетворено".
У верасні 1914 г. жыхары прывакзальнага раёна Пінска зноў паслалі прашэнне. І толькі з прычыны ваенных дзеянняў, канцэнтрацыі ў Пінску войскаў са сваімі палявымі поштамі, шпіталяў, бежанцаў і г. д. паштовае аддзяленне на вакзале было адкрыта. На працягу 1901-1915 гг. пошту ў Пінску вазіў ад паштовай канторы да вакзала адзін возчык Лейзер Дзятлавіцкі. Ён займаўся таксама выманнем карэспандэнцыі з паштовых скрынь, якіх у той час у Пінску было ўсяго некалькі. Пінская пошта штогод складала з Л. Дзятлавіцкм дагавор пра перавозку пошты і выплачвала яму вызначаную суму. Раз у тыдзень ён вазіў пошту па маршруце Пінск — Гарадзішча — Парахонск. Туды ж у прызначаны дзень тыдня прывозіў пошту з Лунінца для абмену возчык Мойше Дзятлавіцкі, брат пінчаніна.
У жніўні 1914 г. пачалася Першая сусветная вайна. У Расіі адразу ж была заснавана ваенная цэнзура. Паштовым установам шэрагу губерняў было дадзена ўказанне ўвесці новы від гашэння знакаў паштовай аплаты — так званае "нямое" гашэнне, пры якім на адбітку штэмпеля не паказвалася ні дата, ні назва пункта адпраўлення карэспандэнцыі. Мэта новаўвядзення — засакрэціць назву пункта і дату адпраўлення карэспандэнцыі са стратэгічна важных раёнаў краіны. Лічылася, што звесткі з каляндарнага штэмпеля ў спалучэнні з тэкстам ліста могуць прывесці да ўцечкі сакрэтнай інфармацыі, што, выкарыстоўваючы "нямое" гашэнне, атрымаецца захаваць "таямніцу" адрасата і яго сувязь з ваеннымі падзеямі. Календарны штэмпель у шэрагу губерняў Расіі спыніў сваё існаванне. Сёння вядома, што ў 36 губернях, якія ўваходзілі ў 6 ваенных акруг, ужываліся "нямыя" штэмпелі. Мінская губерня ўваходзіла ў Віленскую ваенную акругу. Каляндарныя штэмпелі былі заменены на штэмпелі самай рознай канфігурацыі і малюнка — квадраты, шэрагі трохвугольнікаў, канцэнтрычныя акружнасці, крыжы, кропкі, вертыкальныя і гарызантальныя лініі і г. д. Малюнкі гэтых "нямых" штэмпеляў не былі прапанаваны Ўпраўленнямі паштовых акруг, яны былі "вынайдзены" на месцах. Вялікай ролі ў захаванні ваенных таямніц у гады вайны гэтыя штэмпелі не выканалі, але свой уклад у гісторыю расійскай пошты ўнеслі. Пінская павятовая паштовая кантора ўжывала пэўны час "нямы" штэмпель, які маў выгляд круга, што складаецца з гарызантальных ліній (мал. 13). Ужыванне "нямых" штэмпеляў не выконвалася строга, ужываліся яны толькі кароткі час.
Падчас гістарычных падзей у Пінску неаднаразова змянялася ўлада — войскі германскага кайзера, легіянеры Пілсудскага, бальшавікі, пятлюраўцы. Усё прыходзілі са сваёй поштай, хто з грамадзянскай, хто з ваенна-палявой. У маёй калекцыі філатэлістычных матэрыялаў ёсць некалькі паштовак з выглядамі Пінска, адпраўленых нямецкімі салдатамі ў Германію ў перыяд акупацыі горада з верасня 1915 па студзень 1919 г. На гэтых паштовых адпраўленнях пастаўлены штэмпелі нямецкіх палявых пошт вайсковых частак, дыслакаваных у Пінску.
Ёсць паштоўка з выглядам Пінска 10-х гадоў XX ст., высланая ў Берлін. На ёй пастаўлены штэмпель — "Feldpostexped / d.Garde-Kav.-Div 19.11.16" ("Полевая почтовая экспедиция/гвардейской кав. дивизии. 19.11.16") (мал.14).
Побач стаіць "штэмпель для лістоў", які ўдакладняе адрас адпраўніка: "3 батальон 332 гвард. кавал. див "Такім чынам, па паштовым штэмпелі мы даведваемся нават пра назву вайсковай часткі, раскватараванай у Пінску ў 1916 г. Другая паштоўка мае штэмпель "K. D. Feldpost" ("Германская императорская полевая почта") (мал. 15). Ліст адпраўлены ў маі 1917 г. з 270-га палка III батальёна 11-га армейскага корпуса. На трэцяй паштоўцы з выглядам разбуранага пінскага вакзала пастаўлены штэмпель "Deutsche Feldpost" ("Германская полевая почта") (мал. 16). Гэты ліст быў адпраўлены з 156-га артылерыйскага батальёна ў чэрвені 1918 г. Вядомы і іншыя штэмпелі нямецкіх палявых пошт, якія размяшчаліся ў Пінску ў гады Першай сусветнай вайны.
Ёсць у пінскай пошты і маладаследаваная старонка — праца ў складзе Кіеўскай паштовай акругі. Пасля абвяшчэння Ўкраінскай Народнай Рэспублікі (УНР) паўднёвыя раёны Беларусі (уздоўж Прыпяці) кароткі перыяд былі пад яе кіраваннем. У гэтых раёнах дзейнічала ўкраінская паштовая адміністрацыя. Захаваўся цыркуляр начальніка Екацерынаслаўскай паштова-тэлеграфнай акругі № 20548/52 ад 28 чэрвеня 1918 г. пра ўключэнне ў склад тагачаснай Украінскай дзяржавы шэрагу паветаў сумежных тэрыторый з украінскім насельніцтвам. У цыркуляры гаворыцца: "
Временно эти уезды подчиняются наокрам (начальникам округа) в следующем порядке:
Речицкий, Пинский, Мозырский и Гомельский — киевскому наокру". Якія-небудзь адмысловыя паштовыя аддзяленні на гэтых тэрыторыях украінскімі ўладамі не адкрываліся.
Проста ўсе мясцовыя паштова-тэлеграфныя канторы і паштовыя аддзяленні сталі атрымліваць цыркуляры Ўпраўлення Кіеўскай паштовай акругі і кіравацца імі ў сваёй працы. Кіеўскае начальства не рабіла якіх-небудзь адрозненняў паміж паштовымі ўстановамі, напрыклад, Кіеўскай ці Мінскай губерні, г. зн. усё атрымлівалі аднолькавыя цыркуляры. Таму ў архівах не існуе дакументаў аб "белорусских почтовых отделениях", спецыяльна адкрытых Кіеўскай паштовай акругай. На тэрытор ыіпаветаў, якія былі далучаны, мелі хаджэнне паштовыя маркі УНР і былой царскай Расіі з пячаткаю украінскага трызубца. Карэспандэнцыя з Пінска, аплачаная гэтымі маркамі, у філатэлістычных калекцыях сустракаецца вельмі рэдка.
Па Рыжскай мірнай дамове 1921 г. тэрыторыя Заходняй Беларусі, уключаючы горад Пінск, адышла да Польшчы. Пінск на кароткі час стаў сталіцай Палескага ваяводства, утворанага 1 сакавіка 1921 г. Пінская пошта ў перыяд з 1921 па 1939 гг. адміністрацыйна падпарадкоўвалася дырэкцыі паштова-тэлеграфнай акругі ў Вільні. На тэрыторыі горада было ўсяго тры паштовых аддзяленні: раённы (павятовы) паштова-тэлеграфны вузел сувязі (Urzad poczto-telegraficrny) 2-га класа "Пінск-1", паштовае тэлеграфнае агенцтва на чыгуначным вакзале "Пінск-2", адкрытае ў 1936 г., і паштова-тэлеграфнае агенцтва "Пінск-3" у вайсковых казармах. Да 1937 г. пінская пошта размяшчалася ў старым будынку, не вельмі годным да тагачасных умоў працы пошты. Таму Міністэрствам пошт і тэлеграфаў і гарадскімі ўладамі былі выдзелены грошы на будаўніцтва новага будынка пошты ў цэнтры горада, які адказваў ўсім тэхнічным умовам таго часу. У кароткія тэрміны будынак быў пабудаваны па апошнім слове тэхнікі і архітэктуры тых гадоў.
Такіх будынкаў для пошты ў Заходняй Беларусі было пабудавана ўсяго два. Пінская пошта і сёння размяшчаецца ў гэтым будынку. У перыяд 1921-1939 гг. у Пінскім павеце было ўсяго каля 20 паштовых агенцтваў розных класаў. Аж да 1938 г. усе гарадскія паштовыя аддзяленні сувязі выкарыстоўвалі для гашэння карэспандэнцыі аднолькавыя штэмпелі, якія адрозніваліся толькі індэксамі (мал. 17), з надпісам "PINSK". У 1938 г. у зварот былі ўведзены штэмпелі з надпісам "PINSK-1" ("ПИНСК-1") (мал. 18) толькі для раённага аддзялення сувязі, а ў 1939 г. паўсюдна ў Польшчы пачалі ўжывацца зусім новыя паштовыя каляндарныя штэмпелі, якія адрозніваліся ад старых і малюнкам, і памерам (мал. 19). Для абазначэння заказных лістоў пінская пошта выкарыстоўвала спецыяльны штэмпель з літарай "R" і назвай горада (мал. 20). Для апрацоўкі карэспандэнцыі ў тэлеграфным аддзеле выкарыстоўваўся каляндарны штэмпель з надпісам "PINSK / TELEF. — TELEGR." ("ПИНСК / ТЕЛЕФ. — ТЕЛЕГР.") (мал. 21).
У канцы 30-х гадоў польская пошта правяла некалькі адмысловых гашэнняў карэспандэнцыі арыгінальнымі штэмпелямі. У перыяд 1936-1939 гг. у Пінску праводзіўся штогадовы Палескі кірмаш. Гэтую падзею пошта Пінска адзначала адмысловым гашэннем. На мал. 22 паказаны адмысловы штэмпель, які ўжываўся падчас правядзення 2-га Палескага кірмаша ў 1937 г. Амаль на працягу трох гадоў (1937-1939 гг.) пінская пошта выкарыстоўвала так званы прапагандысцкі штэмпель без каляндарнай даты з тэкстам: "Zwiedzajcie Polesie!" ("Посещайте Полесье!") (мал. 23).
Пасля падзей 17 верасня 1939 г. Заходняя Беларусь увайшла ў склад БCCP. Пінская пошта, як і ўсе падобныя ўстановы Заходняй Беларусі, выпрабоўвала некаторыя цяжкасці ў працы — адсутнічалі савецкія паштовыя маркі і штэмпелі, бланкі і квітанцыі. Службоўцы пошты не мелі вопыту працы ў савецкіх установах падобнага тыпу, таму ва ўсіх буйных гарадах Заходняй Беларусі для працаўнікоў сувязі былі арганізаваны кароткачасовыя курсы па азнаямленні з метадамі і ўмовамі працы на прадпрыемствах сувязі СССР. У Пінску курсы наведвалі больш за 30 чалавек. Як паведамляла газета "Советская Белоруссия", у канцы кастрычніка 1939 г. было створана восем буйных упраўленняў пошт і тэлеграфа пры часовых упраўленнях гарадоў, у тым ліку і ў Пінску. У размове з карэспандэнтам "БЕЛТА" ("СБ" № 234 ад 10.10.1939) тагачасны намеснік упаўнаважанага Наркамата сувязі па БССР Ездакоў сказаў: " На освобожденных территориях почта работает повсеместно без перебоев, некоторые затруднения в работе почты были вызваны отсутствием на местах советских знаков почтовой оплаты, советских календарных штемпелей и советских квитанционных книжек. Но Наркомат связи БССР направил в Западную Белоруссию на один миллион рублей советских почтовых марок, 600 тысяч маркированных конвертов, 1 миллион почтовых карточек и около 500 тысяч бланков телеграмм". Уся гэтая прадукцыя была разаслана на пошты буйных гарадоў. У Пінску першыя савецкія паштовыя маркі ў паштовых акенцах з'явіліся 25 кастрычніка 1939 г. Аднак паштовай прадукцыі, якая была накіравана у Заходнюю Беларусь, не хапала. Таму паўсюдна для аплаты карэспандэнцыі паштовыя прадпрыемствы выкарыстоўвалі польскія паштовыя маркі, польскія паштовыя карткі і штэмпелі. У гісторыі пошты Заходняй Беларусі і айчыннай філатэліі перыяд канцу 1939 — пачатку 1940 г. характэрны так званай змяшанай франкіроўкай карэспандэнцыі, калі аплата ажыццяўлялася і савецкімі, і польскімі маркамі на адным лісце, штэмпель падачы ліста мог быць новым савецкім, а штэмпель атрымання — старым польскім. Такое становішча ў аплаце карэспандэнцыі назіралася і на пінскай пошце да сярэдзіны 1940 г. І толькі з мая — чэрвеня 1940 г. працаўнікі пінскай пошты адмовіліся ад ужывання старых імянных паштовых атрыбутаў. На мал. 24 прадстаўлены каляндарны штэмпель савецкага ўзору, які быў уведзены ва ўжыванне напачатку 1940 г.
Першыя савецкія каляндарныя штэмпелі для пошт буйных гарадоў заходніх абласцей мелі назву "Пинск БССР" (ці "Брест БССР", "Лида БССР" і г. д.) без указання назвы вобласці, таму што ў той перыяд з штэмпеля не было вядома, у якой вобласці будзе знаходзіцца той ці іншы населены пункт. Да сярэдзіны 1940 г. з'явіліся новыя штэмпелі, на якіх была абазначана вобласць.
Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, уся маёмасць пінскай абласной паштовай канторы спешна вывезена ў Лунінец, дзе і была захоплена нямецкімі войскамі 11 ліпеня 1941 г. Пра гэта можна прачытаць у кнізе войскаў сувязі І. Т.Перасыпкіна "Связисты в годы Великой Отчественной" (Масква, 1972 г.).
У гісторыі пінскай пошты ёсць і малавядомая старонка, якая адносіцца да пачатковага перыяду Вялікай Айчыннай вайны. Пра ваенна-марскую пошту Пінскай ваеннай флатыліі вядома мала, і сёння, магчыма, ужо цяжка аднавіць гісторыю яе стварэння.
На адной з філатэлістычных выстаў у канцы 80-х гадоў у калекцыі ваенна-палявой пошты перыяду вайны 1941-1945 гг. мною была выяўлена паштовая картка з цікавым, не апісаным у філатэлістычнай літаратуры штэмпелем: "Морская почта №1155" з датай "24.8.41". Пры найблізкім разглядзе апынулася, што зваротны адрас на картцы такі: "Пинская военная флотилия, 1155 военно-морская почта. Почтовый ящик 17, редакция. Дм. Рославцев". Відаць, "Почтовый ящик 17"- гэта адрас рэдакцыі газеты флатыліі, што і пацвердзілася тэкстам ліста карткі. Вось што піша сваім родным у Акмолінск супрацоўнік гэтай рэдакцыі Дмітрый Раслаўцаў: "Все свое имущество с вооружением ношу на плечах. Остальное на корабле. Много пишу, хочется писать и еще больше и лучше. Такая славная работа. Как геройски воюют наши моряки заслуживают лучших описаний. Но пока я пишу как могу. Стараюсь. Целую, крепко, Митя. Киев. 24.VIII.41 г."
Такім чынам, № 1155 належыў ваенна-марской паштовай станцыі (ВМПС) Пінскай ваеннай флатыліі. Гэта вельмі рэдкі паштовы штэмпель ваенна-марской пошты. Відавочна, што згаданы вышэй штэмпель ваенна-марской пошты пачаў ужывацца з ліпеня 1941 г. і быў ва ўжыванні не пазней канца верасня 1941 г., г.зн. ужываўся няпоўных тры месяцы. Можна выказаць здагадку, што аб'ём карэспандэнцыі, якая прайшла праз ВМПС № 1155, быў вельмі нязначным, a у агні наступных чатырох гадоў наўрад ці ацалела тое, што было напісана маракамі за тры першых месяцы вайны. З ліквідацыяй Пінскай ваеннай флатыліі была ліквідавана і "Военно-морская почтовая станция № 1155" (мал. 25).
Падчас фашысцкай акупацыі Пінск быў уключаны ў склад Рэйхскамісарыята "Украина" ў акругу "Волынь". Праца грамадзянскай пошты была спынена. Аднак для розных акупацыйных устаноў праца пошты была неабходна. Таму 9 верасня 1941 г. у Пінску нямецкая адміністрацыя адкрыла спецыяльную пошту, якая звалася "DEUTSCHE DIENSTPOST UKRAINE" ("Немецкая служебная почта. Украина"). У пачатковы перыяд працы для гашэння карэспандэнцыі працаўнікі гэтай пошты выкарыстоўвалі стары польскі каляндарны штэмпель канца 30-х гадоў, які быў захаваны. У гэтым штэмпелі была толькі выпраўлена польская назва горада (мал. 26). Аднак гэты штэмпель нічога не казаў пра назву пошты. Таму ўжо ў снежні 1941 г. побач з ім ставіўся яшчэ адзін штэмпель з надпісам у два радкі: "DEUTSCHE DIENSTPOST UKRAINE" ("Немецкая служебная почта. Украина/Пинск"). У канцы кастрычніка 1941 г. ва ўжыванне быў уведзены "нямы" штэмпель: са старога польскага была прыбрана назва горада і індэкс, пакінуты толькі каляндар. Гэты штэмпель выкарыстоўваўся толькі сумесна з іншым з надпісам "PINSK / ZWEIGPOSTAMT" ("Пинск/вспомогательный почтамт") (мал. 27).
У канцы 1941 г. нямецкая паштовая адміністрацыя ўвяла ва ўжыванне ручны каляндарны штэмпель з надпісам "PINSK / DEUTSCHE DIENSTPOST UKRAINE" ("(“ПИНСК / НЕМЕЦКАЯ СЛУЖЕБНАЯ ПОЧТА. УКРАИНА"), а таксама машынны штэмпель з такім жа надпісам і шасцю хвалістымі лініямі (мал. 28, 29).
Для заказных лістоў нямецкая пошта ў Пінску ўжывала два віда наклеяк з надпісамі "R / PINSK", "R / PINSK/UKRAINE" ("Р / ПИНСК” и “P / ПИНСК / УКРАИНА") (мал. 30-31).
Паўсюдна на Піншчыне ў гады акупацыі былі ва ўжыванні паштовыя маркі Германіі, якія былі спецыяльна выпушчаны для Рэйхскамісарыята, з партрэтам Гітлера і чорнай пячаткаю "Украіна" (UKRAINE). Гэтымі маркамі карысталася і грамадзянскае насельніцтва, калі акупацыйныя ўлады аднавілі працу пошты для насельніцтва. На тэрыторыі цяперашняй Брэсцкай вобласці "Служебная немецкая почта" працавала ў Брэсце (9.09.1941), Бярозе (кастрычнік 1941), Драгічыне (1.04.1942), Янаве (Іванаве) (1.04.1942), Кобрыне (25.01.1942), Лунінцы (24.02.1942) і Століне (2.04.1942).
Усе гэтыя аддзяленні службовай нямецкай пошты спынілі сваё існаванне ў ліпені 1944 г., калі тэрыторыя цяперашняй Брэсцкай вобласці была вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
На вызваленай зямлі пачалося аднаўленне народнай гаспадаркі, разбуранай вайной. Аднаўлялася праца пошты (мал. 32).
Леў КОЛАСАЎ,
член Беларускага саюза журналістаў,
член мастацкага савета Міністэрства сувязі і інфарматызацыі РБ,
замежны член Польскай акадэміі філатэлістыкі,
старшыня Беларускага саюза філатэлістаў.
Матэрыял ласкава прадастаўлены рэдакцыяй часопіса "Веснiк сувязi".