Новыя штэмпелі гашэння былі ўведзены цыркулярамі Галоўнага ўпраўлення пошт № 147 ад 31 мая і № 157 ад 17 жніўня 1858 г. Гэтымі ж цыркулярамі было адменена ўжыванне дамарачных штэмпеляў, аднак дадзеныя ўказанні строга не выконваліся.
Для губернскіх паштовых кантор уводзіўся кропкавы штэмпель круглай формы. Штэмпель Магілёўскай губернскай паштовай канторы меў у цэнтры нумар "26" (мал. 12).
Паштовыя канторы павятовых гарадоў Магілёўскай губерні (іх налічвалася 15) ужывалі кропкавыя штэмпелі ў выглядзе прамавугольніка. Ім прысвоілі нумары ад 255 да 269: Бабінавічы — 255, Гомель — 256, Горы-Горацк (Горы-Горкі) — 257, Мсціслаў — 260, Орша — 261, Рагачоў — 263, Чаўсы — 267, Шклоў — 269 (мал. 13).
Кропкавыя штэмпелі трохвугольнай формы з тупымі вугламі ўжываліся паштовымі аддзяленнямі на чыгуначных станцыях і паштовых гасцінцах. У Магілёўскай губерні было 26 паштовых аддзяленняў, якім прысвоілі нумары ад 235 да 259: Гадзінавічы — 236, Доўск — 237, Жлобін — 240, Крычаў — 243, Рэчыца — 250, Талочын — 254 і г. д. (мал. 14). У снежні 1862 г. сем паштовых станцый Магілёўскай губерні атрымалі нумары ад 770 да 776.
У лютым 1863 г. у губернскіх і павятовых паштовых канторах нумарныя кропкавыя штэмпелі былі выняты з ужывання. Наўзамен цыркулярам № 123 ад 11 лютага 1863 г. былі ўведзены штэмпелі з адной вонкавай акружнасцю, назвай горада, датай і невялікім малюнкам-арнаментам у ніжняй частцы (мал. 15).
Паводле цыркуляра № 122/83 ад 2 чэрвеня 1877 г. кропкавыя штэмпелі канчаткова выключылі са звароту, бо яны былі ананімнымі, не неслі ніякай інфармацыі, не дазвалялі кантраляваць тэрміны праходжання лістоў. Тады ж Магілёўская губернская паштовая кантора пачала ўжываць паштовы штэмпель з адной вонкавай акружнасцю, у якім замест арнаменту быў малюнак паштовых ражкоў (мал. 16).
Да пачатку XX ст. малюнак на штэмпелі магілёўскай паштовай канторы змяняўся некалькі разоў: маляваліся паштовыя ражкі, павялічаны арнамент, слова "Губернскій", скарочаныя словы "Почт. тел. конт". У сувязі з тым, што адначасова ўжывалася некалькі штэмпеляў, ім прысвойваліся лічбавыя індэксы — "1", "2", "3" і г. д. (мал. 17).
У 1895 г. у Магілёўскай губерні дзейнічалі 15 паштова-тэлеграфных кантор (ПТК): у Магілёве (II класа), Шклове (VI кл.), Быхаве (VI кл.), Гомелі (III кл.), Ветцы (VI кл.), Горацку (VI кл.), Дуброўна (VI кл.), Клімавічах (VI кл.), Мсціславе (V кл.), Оршы (III кл.), Рагачове (V кл.), Жлобіне (V кл.), Сеніцы (VI кл.), Чаўсах (VI кл.), Чэрыкаве (VI кл.).
Дзве скрыні, выманне карэспандэнцыі з якіх ажыццяўлялася восем разоў на працягу дня — "в 8, 10, 12 утра, 2, 4, 6 дня и 8.30 и 10.30 вечера", размяшчаліся каля дома паштова-тэлеграфнай канторы. Па адной паштовай скрыні знаходзілася каля дома Губернскага Праўлення, на Дняпроўскім праспекце каля дома Дваранскага збору, на Дняпроўскім праспекце пры Шклоўскім кірмашы каля дома Каменскай, на Афіцэрскай вуліцы каля дома Дварэцкага, на Віленскай вуліцы каля дома грамадскай яўрэйскай школы, на Глеба-Барысаўскай вуліцы каля дома Сахановіча, на Нікалаеўскай вуліцы каля паліцэйскай будкі 2-га ўчастку 3-й часці, на Быхаўскай вуліцы каля дома Бако, у Маскоўскім прадмесці каля дома Бако, каля параходнай прыстані (у летні час). Выманне лістоў ажыццяўлялася двойчы ў дзень — у 10 раніцы і ў 5 вечара. Кіраваў губернскай ПТК у Магілёве надворны дараднік І. Ф.Варанкоў. Вядома, што ён быў "в службе с 1861 г., в должности с 1894 г., воспитанник Минской кондукторской школы Министерства путей сообщения". У архіўных дакументах захаваліся пра яго і іншыя дадзеныя — "воспитанник Лепельской кондукторской школы".
Шклоўскай ПТК кіраваў надворны дараднік Маяровіч — "в службе с 1862 г., в должности — с 1890 г., воспитанник Смоленского училища военного ведомства".
У губерні таксама працавалі 29 паштова-тэлеграфных і 35 паштовых аддзяленняў. Пра колькасць паштовых скрынь ва ўсёй губерні звестак няма, а ў губернскім горадзе Магілёве ў 1895 г. іх было 12. У Гомельскай ПТК начальнікам служыў калежскі дараднік Рэмідоўскі, Рагачоўскую ПТК узначальваў надворны дараднік Зантман — "в службе с 1868 г., в должности — с 1893 г., окончил Варшавское уездное училище". Напачатку XIX ст. (1901 г.) колькасць паштова-тэлеграфных кантор у Магілёўскай губерні павялічылася да 18. Былі адкрыты ПТК у Рудні, Талочыне і Клічаве. Колькасць паштова-тэлеграфных і паштовых аддзяленняў узрасла да 26.
Узначальваў губернскую ПТК І. Ф. Варанкоў (службовы ранг якога быў павышаны да стацкага дарадніка), яго памочнікам быў надворны дараднік Пячэрскі — "в службе с 1867 г., в должности — с 1898 г., домашнее воспитание". Шклоўскую ПТК узначальваў калежскі асэсар Харашаўна — "в службе с 1866 г., в должности — с 1897 г., окончил Могилевское уездное училище". У Гомельскай ПТК начальнікам быў калежскі асэсар Андрэ — "в службе с 1876 г., в должности — с 1898 г., окончил Быховское уездное училище". Горацкай ПТК кіраваў калежскі асэсар Яржембскі — "в службе с 1875 г., в должности — с 1897 г., окончил Мстиславское уездное училище".
Паштовых скрынь у 1901 г. у Магілёве налічвалася столькі ж, колькі і ў 1895 г. Хіба што ў некаторых змянілася "прапіска": па ўсёй бачнасці,дамы, у якіх знаходзіліся паштовыя скрыні, былі прададзены. Таму паштовая скрыня на Глеба-Барысаўскай вуліцы мае адрас "у дома Шапиро", на Віленскай вуліцы — "у дома Войниневича", у Маскоўскім прадмесці — "у дома Германа".
Напачатку XX ст. ва ўжыванне ўвялі новыя паштовыя штэмпелі з падвойнай акружнасцю і "мостиком", на якім абазначалася дата. Яны мелі розныя памеры і літарныя індэксы. Месяц у даце абазначаўся як арабскімі, так і рымскімі лічбамі (мал. 18).
У той час былі ў абарачэнні і спецыяльныя штэмпелі з тэкстам "МОГИЛЕВЪ-ТЕЛЕГРАФЪ" і "МОГИЛЕВЪ-ВОКЗАЛЪ", якія ўжываліся на тэлеграфе і ў паштовым аддзяленні на чыгуначнай станцыі (мал. 19). Змены ў малюнках штэмпеляў крануліся ўсіх паштовых устаноў, падпарадкаваных Магілёўскай ПТК (мал. 20). Да 1914 г. на пошце Магілёва была ўведзена ў эксплуатацыю рэгістрацыйная машына-аўтамат па прыёме заказной карэспандэнцыі.
У замежнай філатэлістычнай літаратуры апісаны факт выкарыстання машыны ў Магілёўскай ПТК з 6 па 9 верасня 1915 г. Усталявана, што 6.Х. быў адпраўлены заказны ліст № 924, а 9.Х. — № 680. А гэта значыць, што за чатыры дні апрацавана 756 лістоў (189 у дзень), што для губернскага Магілёва з’явілася досыць вялікай колькасцю. Да 1915 г. у Расіі знаходзілася ў эксплуатацыі каля 15 падобных машын-аўтаматаў.
Рэгістрацыйная машына чырвонай масцікай прастаўляла на заказной карэспандэнцыі спецыяльны штэмпель памерам 30,4 Х 10,1 мм з тэкстам "З. МОГИЛЕВЪ ГУБ / 433 АПР. — 1.15" (мал. 21). На адваротным баку такога ліста ставілі дапаможны штэмпель у рамцы "ПРИНЯТО-АВТОМАТОМЪ".
У гісторыі Магілёўскай пошты ёсць і нявысветленыя старонкі. У 1914 г. у горадзе працавала адно паштовае пасродніцтва, гаспадаром якога быў нехта Маршчынер. Незвычайная паштовая ўстанова мела права на прыём простых і заказных лістоў, выкарыстоўвала імянны паштовы штэмпель з тэкстам: "* МОГИЛЕВЪ ГУБ. Н / СКЛАДЪ Е. С. МОРЩИНЕРЪ" і спецыяльны ярлык-наклейку для заказных лістоў з тэкстам: "З / № / Могилевъ губ / "Н" (мал. 22). Невядома, пры якіх абставінах, на якіх умовах і калі была адкрыта гэтая ўстанова, калі спыніла сваю працу, што азначае літара "Н" у тэксце паштовага штэмпеля і на заказным ярлыку, ці існавалі ў Магілёве ў той час падобныя паштовыя пасродніцтвы. Пра ўсё гэта яшчэ маецца дазнацца.
У гады першай сусветнай вайны ў Магілёўскай губерні, як і ў іншых губернях Расіі, некаторыя паштовыя ўстановы ў мэтах захавання таямніцы выкарыстоўвалі для гашэння марак на карэспандэнцыі так званыя "нямыя штэмпелі" мясцовага вырабу, якія не змяшчалі ніякіх дадзеных пра месца адпраўкі карэспандэнцыі. Сярод філатэлістаў вядома ўсяго некалькі відаў нямых гашэнняў, якія ўжываліся ў Магілёўскай губерні. Гэта магілёўскі нямы штэмпель (мал. 23), гомельскія (мал. 24), аршанскія (мал. 25) і штэмпель паштовага аддзялення станцыі Чырвонае (мал. 26). Нямыя штэмпелі ў Магілёўскай губерні ўжываліся толькі ў жніўні-верасні 1914 г., таму сустракаюцца ў калекцыях вельмі рэдка.
Уся вайсковая карэспандэнцыя ў гады першай сусветнай вайны перасылалася бясплатна. Падставай для бясплатнага перасылання служылі адмысловыя адзнакі: розныя канцылярскія пячаткі рот, батальёнаў, дружын, шпіталяў, лазарэтаў і да т. п., а таксама армейскія пячаткі "ДЛЯ ПАКЕТОВЪ" і "ИЗЪ ДЙСТВУЮЩЕЙ АРМIИ". Такія пячаткі часцей за ўсё ставіліся на паштоўках, з выглядамі гарадоў і мястэчкаў, дзе размяшчалася вайсковая частка, якія былі загадзя набыты канцылярыямі вайсковых частак. Гэтыя паштоўкі раздаваліся затым усім вайскоўцам, ахвотнікам паслаць вестку родным. Нават зараз, праз 90 гадоў, прыкладна ў трэці выпадкаў можна ўсталяваць горад, адкуль адпраўлены ліст, вызначыць, якая вайсковая частка размяшчалася ў тым ці іншым горадзе. У маёй калекцыі ёсць паштоўка з выглядам Шклоўскага кірмаша ў Магілёве (мал.27), на ёй пастаўлена пячатка "ДЛЯ ПАКЕТОВЪ * 5-й ВОЕННО-ЖЕЛЕЗНОДОРОЖН. САНИТАРНО-ДЕЗИНФЕКЦ. ОТРЯДА" (мал. 28), раскватараванага ў гады вайны ў Магілёве.
У гісторыі пошты Магілёўшчыны ёсць яшчэ адна цікавая, але малавядомая старонка — праца некаторых паштовых устаноў у складзе Кіеўскай паштовай акругі. Паводле 2-га артыкулу мірнага дагавору ад 9 лютага 1918 г. усталёўваліся новыя межы Ўкраінскай Народнай Рэспублікі. У склад УНР адышлі часткі паўднёвых паветаў Мінскай і Магілёўскай губерняў, дзе, як тады лічылася, украінскае насельніцтва складала большасць. Працэс завяршыўся лістом-цыркулярам № 3414 ад 13 мая 1918 г. ва ўсе паштовыя ўстановы акруг УНР, у якім пералічваліся губерні і паветы, якія належаць Украіне. Сюды былі аднесены Пінскі, Мазырскі і Рэчыцкі паветы Мінскай губерні і Гомельскі павет Магілёўскай губерні. У цыркуляры начальніка Екацерынаслаўскай паштова-тэлеграфнай акругі № 20548/52 ад 28 чэрвеня 1918 г. адзначалася: "Временно эти уезды подчиняются наокрам (наокр — начальник округа. — Л. К. ) в следующем порядке: Речицкий, Мозырский, Пинский и Гомельский — Киевскому наокру".
Паштовыя ўстановы, якія знаходзіліся ў гэтых паветах, былі падпарадкаваны Ўпраўленню Кіеўскай паштова-тэлеграфнай акругі і атрымлівалі агульныя для ўсёй УНР цыркуляры, якімі кіраваліся ў сваёй працы. Якія-небудзь спецыяльныя распараджэнні ці загады для гэтых тэрыторый не выдаваліся, як і не адкрываліся спецыяльныя паштовыя ўстановы.
З Кіева паступалі знакі паштовай аплаты: выдадзеныя новыя маркі Ўкраінскай Народнай Рэспублікі (мал. 29), а таксама маркі былой царскай Расіі з наддрукоўкай украінскага герба — трызубца.
Колькасць гэтых марак не заўсёды была дастатковай, таму працаўнікі Гомельскай ПТК, напрыклад, разразалі маркі Расіі напалову і выкарыстоўвалі палавінкі для аплаты паштовых адпраўленняў (мал. 30).
Пасля, у другой палове 1918 г. у Гомелі і Навабеліцы былі ажыццёўлены мясцовыя выпускі марак. У Гомелі выпусцілі восем відаў марак, у Навабеліцы — 16. Нажаль, тыражы гэтых выпускаў невядомы (мал. 31).
Пасля закнчэння грамадзянскай вайны, распаду розных дзяржаўных утварэнняў, стварэння СССР у гісторыі пошты на тэрыторыі Беларусі пачаўся новы перыяд — савецкі.
Леў КОЛАСАЎ,
член Беларускага саюза журналістаў,
член мастацкага савета Міністэрства сувязі і інфарматызацыі РБ,
замежны член Польскай акадэміі філатэлістыкі,
старшыня Беларускага саюза філатэлістаў.
Матэрыял ласкава прадастаўлены рэдакцыяй часопіса "Веснiк сувязi".