Версия для слабовидящих
Паслугі
Тарыфы

З гісторыі Мінскай пошты

РИС.1
Паштовая сувязь з'яўляецца прагрэсіўнай вынаходкай чалавецтва, якая адносяцца да глыбокай старажытнасці. Хтосьці прыручыў каня, хтосьці вынайшаў кола, праклаў дарогу, хтосьці прыдумаў пошту, ліст, паштовую скрыню, марку… палажыў пачатак арганізацыі паштовай сувязі… Пошта патрэбна ўсім — і дзяржаве, і кожнаму з нас. Яна скарачае любыя адлегласці, збліжае людзей і цэлыя народы, дапамагае вырашаць дзяржаўныя і асабістыя праблемы.

РИС.2Гісторыя Мінскай пошты сыходзіць сваімі каранямі ў сівую мінуўшчыну. Старажытны Мінск быў звязаны гандлёвымі шляхамі з Полацкам і Ноўгарадам, Чарнігавам і Кіевам, Варшавай і Кенігсбергам, Рыгай і Вільняй. Па гэтых дарогах княжыя ганцы дастаўлялі пісьмовыя і вусныя загады, розныя дзяржаўныя і гандлёвыя паведамленні. З першай паловы XIII ст. заходнія землі Русі ўключаюцца ў склад Вялікага Княства Літоўскага. РИС.3 У летапісах канца XIV ст. згадваецца княжая паштовая служба. У Мінску ў 1586 г. існавалі падвазная, пастойная, дарожная і ганская павіннасці. Яны абавязвалі некаторую частку насельніцтва прадастаўляць свае памяшканні для адпачынку і часовага знаходжання княжых паслоў і ганцоў, якія параязжалі праз горад, а таксама падводы для іх пераезду. На шматлікіх гандлёва-паштовых гасцінцах былі пабудаваны паштовыя станцыі.

РИС.4Пасля заключэння Андрусоўскага перамір'я ў снежні 1667 г. паміж Расіяй і Польшчай праз Мінск быў наладжаны рух пошты з Масквы да Вільні і далей да Кракава. У той час Мінскі ям складаўся са старасты, трох фурманаў і трох троек канёў. Віленская пошта "на всякую неделю путь свой шествуя, всякие листы и ответы, как государские, буде будут, так и торговые" абавязана была перавозіць безупынна за вызначаную плату. РИС.5 З таго часу працягнулася паштовая конная лінія Масква-Мінск-Вільня. Са стварэннем паштовага яма ў Мінску былі заложаны асновы гарадской паштовай сувязі, але ў наступныя гады паштовая справа ў Мінску развівалася слаба. А хуткасць дастаўкі пошты з Масквы да Вільні праз Мінск складала 21 дзень.


РИС.6Пра працу Мінскай пошты ў XVII-XVIII стст. вядома пакуль вельмі мала. Дакументы кажуць пра тое, што да 1764 г. была праведзена рэарганізацыя паштовай справы па ўказу польскага караля Станіслава Аўгуста, і ў тым жа годзе на шматлікіх паштамтах былі ўведзены паштовыя штэмпелі для клеймавання лістоў. У беларускіх філатэлістаў няма ў калекцыях старых лістоў з Мінскімі штэмпелямі таго часу. Але ў адным з музеяў за межамі Беларусі знаходзіцца ліст, адпраўлены па паштовым гасцінцы Гародня-Мінск-Смаленск з прамежкавым штэмпелем Мінскай пошты. У прамавугольнай рамцы надпіс лацінскімі літарамі ў два радкі: "Минск год 1778 январь". Штэмпель гэты захаваўся ў адзіным экзэмпляры Іншы штэмпель маецца ў трох экзэмплярах. РИС.7 На лістах, адпраўленых па тым жа паштовым гасцінцы ў 1783-1784 гг., — надпіс лацінскімі літарамі "МІНСК" у рамцы без указання даты (мал. 1). Нажаль, іншых дадзеных пра паштовыя штэмпелі Мінскай пошты канца XVIII ст. мы не маем.


Пасля далучэння Беларусі да Расіі ўказам ад 23 красавіка 1793 г. было ўтворана Мінскае намесніцтва. Да гэтага часу пры Мінскім паштовым доме было 45 коней, 15 калёс і брычак, столькі ж санак. РИС.8Акрамя таго, паштовая станцыя мела 16 суконных бравэрак, амаль столькі сама кажухоў, рукавіц, тры канапы, два куфра, табурэткі, сталы, медную паштовую бляху (нагрудны знак) для старасты-паштара і паласаты слупковы ліхтар.


Пасля пераўтварэння Мінскага намесніцтва ў снежні 1795 г. у губерню Мінск стаў губернскім горадам. РИС.9 Яшчэ раней "по именному указу от 6 сентября, данному генерал-губернатору Т. И.  Тутомлину, было указано во вверенных ему губерниях — Минской и Брацлавской — учредить почты по разным направлениям и по образу Белорусских и Лифляндских". У Мінску тады было заснавана паштовае "отделение по Минской губернии ". З верасня 1795 г. пачаліся рэгулярныя паштовыя перавозкі пасажыраў з Мінска. 1795 г. лічыцца датай уключэння Мінска ў агульнарасійскую сетку паштовай сувязі.


З моманту, калі Мінск стаў губернскім горадам, былі прадпрынятыя меры па ўзняцці яго прэстыжу і эканомікі. Былі прыведзены ў парадак паштовыя дарогі і паштовыя станцыі на іх. З Мінску ішлі чатыры паштовых гасцінца: на Вільню праз Радашковічы і Ашмяны, на Смаленск (і далей на Маскву) праз Барысаў і Оршу, на Бабруйск (і далей на Магілёў) праз Ігумен (цяпер Чэрвень) і Рагачоў, на Пінск і Брэст (і далей на Варшаву і Вену) праз Новы Свержань і Нясвіж. Апошні паштовы гасцінец на ўсіх планах пазначаўся № 1, бо быў працягам гасцінца ад Масквы да Вены.


РИС.10

На плане Мінска 1810 г. паказана месцазнаходжанне паштовага двара. Ён знаходзіўся на новай, амаль квадратнай плошчы, якая выходзіла на галоўную магістраль горада. Гэта і ёсць тая плошча, дзе цяпер размешчаны Палац Рэспублікі і Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. А Мінскі паштовы двор размяшчаўся прыблізна на месцы будынка па вул. Энгельса, 6.

РИС.11Самыя раннія вядомыя паштовыя штэмпелі пачатку ХIX ст. ставяцца да 20-х гг. Гэта былі штэмпелі ў адзін радок без даты, якія мелі толькі назву горада — "МИНСКЪ". Такіх штэмпеляў на Мінскай пошце было некалькі і адрозніваліся яны толькі памерам (мал.2). Дата адпраўлення і нумар ліста з такім штэмпелем ставіліся ад рукі чарніламі. У 30-х гг. XIX ст. ужываліся падобныя, але ўдасканаленыя штэмпелі з абзначэннем нумара ліста. Дата ж па-ранейшаму ставілася побач ад рукі (мал. 3). У 40-50-х гг. XIX ст. ужываліся так званыя "рамочные" штэмпелі, яны былі наборнымі, што дазваляла штодня змяняць дату. На (мал. 4). паказаны адзін з такіх штэмпеляў. Назва месца адпраўлення карэспандэнцыі і дата адпраўлення складзены ў рамку "МИНСКЪ/19 сент.1846". Падобныя штэмпелі ўжываліся Мінскай паштовай канторай аж да ўвядзення ў Расіі ў 1857 г. паштовай маркі. Неўзабаве пасля яе выкарыстання ва ўжытак былі ўведзены паштовыя штэмпелі для гашэння марак.


РИС.12Галоўным упраўленнем пошт ад 31 мая і 7 жніўня 1858 г. для гашэння марак на карэспанжэнцыі былі ўведзены ў абыходжанне "точечные" штэмпелі. Яны мелі розную форму — круглыя, прамавугольныя, трохвугольныя і складаліся з шэрагу кропак. У цэнтры такога штэмпеля быў нумар, прысвоены таму ці іншаму гораду, населенаму пункту. Даты такі штэмпель не меў. Для губернскіх гарадоў былі ўведзены круглыя кропкавыя штэмпелі. Мінская паштовая кантора мела круглы "точечный штемпель "з нумарам "25" (мал. 5). Кропкавыя штэмпелі мелі шмат недахопаў. Галоўным было тое, што час праходжання карэспандэнцыі прасачыць было немагчыма. РИС.13У 1860-1880 гг. паўсюдна ў Расіі пачалося ўжыванне круглых паштовых штэмпеляў з пераводным календаром (мал. 6). (рис. 6).


У 1886 г. у Мінску рашэннем Галоўнага ўпраўлення пошт і тэлеграфаў з дазволу Міністэрства ўнутраных спраў была заснаваны паштова-тэлеграфная акруга. Пад новае ведамства неабходна было знайсці памяшканне з вялікай колькасцю пакояў. Казённага дому не знайшлося. На будаўніцтва такога будынка не было грошай і часу. Вырашана быў узяць будынак у арэнду. Аднак і тут узніклі цяжкасці. На арэндную плату дзяржаўная казна выдзеліла вельмі нязначную суму. У рапарце Мінскага паліцмайстра губернатару гаворыцца: "…Нельзя найти 28-комнатного помещения под управление округа за арендную плату 1800 рублей в год. Есть гостиница “Париж” купца Я. Ляховского, но за 6 тысяч в год ". Больш за месяц працягваліся пошукі памяшкання і сродкаў для арэнды. Цаною вялікіх намаганняў і перамоў памяшканне было, нарэшце, знойдзена, праўда, з меншай колькасцю пакояў. Мінскі губернатар паведаміў у Пецярбург: "…Мною открыто 1 июля 1886 года в г. Минске Управление почтово-телеграфного округа, в состав которого включены губернии Минская и Могилевская ". РИС.14 У тым жа 1886 г. губернскі Мінск, які налічваў 66685 жыхароў, меў адно аддзяленне сувязі — цэнтральную паштова-тэлеграфную кантору (мал. 7). У маі 1898 г. жыхары трэцяй паліцэйскай часткі горада накіравалі губернатару прашэнне аб адкрыцці на Траецкай Горцы, дзе пражывала 24507 чалавек, паштовага аддзялення. Яно было адкрыта праз два гады (мал. 8). (рис. 8).


РИС.15 Напачатку XX ст. у Мінску была губернская паштовая кантора і адно гарадское паштовае аддзяленне. Для галоўнага горада губерні, які рос, гэтага было недастаткова. Да 1899 г. у Мінску пражывала 95922 жыхара, у горадзе было 169 вуліц. У 1912 г. у гарадскую Думу было накіравана чарговае прашэнне жыхароў пра адкрыццё другога гарадскога паштовага аддзялення ў раёне паміж 4-м і 5-м паліцэйскімі часткамі горада. У прашэнні гаварылася, што "открытого более 10 лет тому назад в 3-й части города почтового отделения недостаточно". І зноў гарадскім уладам і Галоўнаму паштоваму ўпраўленню ў Пецярбургу спатрэбілася амаль паўтара года, каб задаволіць просьбу мінчан. У архіўных дакументах ёсць такое паведамленне: "1 апреля 1914 г. открыто почтовое отделение в городе Минске по Захарьевской улице, между построенным костелом и мостом Либаво-Роменской железной дороги". На мал. 9, 10 паказаны розныя каляндарныя і дапаможныя штэмпелі і ярлыкі Мінскай губернскай паштовай канторы і гарадскіх паштовых аддзяленняў, а таксама штэмпелі вакзальных паштовых аддзяленняў і паштовых вагонаў пачатку ХХ в..


РИС.16Раён Залатой Горкі Мінска знаходзіўся ў 4-х вёрстах ад губернскай паштовай канторы і яшчэ РИС.17 далей ад гарадскіх паштовых аддзяленняў. Таму ў прашэнні жыхароў гэтага раёна ад 20 мая 1914 г. на імя начальніка Мінскай паштова-тэлеграфнай акругі гаварылася, што "открытие 3-го городского почтового отделения на Золотой Горке является не только очень желательным, но и необходимым по причине роста города в этой местности и проживания здесь 15 тысяч жителей ". Прашэнне мінчан было накіравана ў Пецярбург, дзе праляжала да 1916 г.! У студзені 1916 г. на прашэнні з'явілася рэзалюцыя: "Открытие 3-го почтового отделения в городе Минске отложить до более благоприятного момента". Ваенныя дзеянні на Заходнім фронце, мабыць, наблізілі гэты момант. У горадзе з'явіліся бежанцы, вайсковыя часткі, лазарэты, шпіталі і г. д. Узрос паток карэспандэнцыі. У горадзе абгрунтаваліся палявыя пошты на чале з Галоўнай палявой паштовай канторай і Зваротнай палявой паштовай канторай (мал. 11). Тут жа знаходзіліся ўстановы ваеннай цэнзуры, кожны ваенны цэнзар меў сваю асабістую пячатку (мал. 12). Усё гэта вымусіла Галоўнае кіраванне пошт пагадзіцца на адкрыццё 3 га гарадскога аддзялення пошты на Залатой Горцы ў Мінску 22 жніўня 1916 г. у доме № 36 (на вуглу вуліц Аляксандраўскай і Старажоўскай).

РИС.19


РИС.18

Варта яшчэ згадаць, што 27 лістапада 1889 г. у Мінску адкрыўся тэлеграф, і ў гэты дзень была ажыццёўлена тэлеграфная сувязь з Бабруйскам. На Мінскім тэлеграфе доўгі час ужываўся спецыяльны паштова-тэлеграфны штэмпель з пераводнай датай і надпісам "Телеграфъ въ МинскЂ" (мал. 13).

У гады першай сусветнай і грамадзянскай войн у Мінску былі розныя ўлады: германская, польская, савецкая, і пры кожнай уладзе працавала пошта. Акупаваўшы Мінск, кайзераўская ваенная адміністрацыя выкарыстоўвала толькі ваенна-палявую пошту, забараніўшы грамадзянскаму насельніцтву пісаць нават лісты. Пры савецкай уладзе і падчас Літоўска-Беларускай ССР пошта ў Мінску працавала з поўнай нагрузкай, выкарыстоўваючы пры гэтым штэмпелі і ярлыкі для заказных лістоў старога ўзору. У 1920 г., заняўшы Мінск, польская адміністрацыя ўжывала на Мінскай пошце каляндарны штэмпель з надпісам "MINSK LITEWSKI 1" ("Мінск Літоўскі") (мал. 14).

РИС.20Пасля заканчэння ваенных дзеянняў на тэрыторыі Беларусі аж да РИС.21 30 х гг. пошта выкарыстоўвала каляндарныя штэмпелі старога ўзору (мал. 15). Паступова Наркамат сувязі ўводзіў ва ўжыванне новыя савецкія паштовыя штэмпелі. Яны адрозніваліся разнастайнасцю надпісаў і памераў. У адпаведнасці з нацыянальнай палітыкай, якая праводзілася у 30-я гг., штэмпелі былі двухмоўнымі.


Назва беларускай сталіцы "МЕНСК" была зацверджана Канстытуцыяй БССР у 1927 г., аднак на паштовых штэмпелях такую назву сталіцы можна сустрэць і раней. У 1925 г. паштовае аддзяленне Заходняга вакзала Мінска ўжывала каляндарны штэмпель авальнай формы з надпісам "Минск Ж. Д.  П. Т.  О./Менск "(Железнодорожное почтово-телеграфное отделение) (мал. 16). З 1926 г. усе паштовыя аддзяленні Мінска — 3 гарадскіх і 2 вакзальных — выкарыстоўвалі каляндарныя штэмпелі з рускім "МИНСК" і беларускім "МЕНСК".  РИС.22

Надпісы на штэмпелях былі розных варыянтаў (мал. 17).


РИС.23

У 1928 г. у Мінску і прыгарадзе было адкрыта некалькі новых паштовых агенцтваў — на Камароўцы, на плошчы "25 Кастрычнiка", у Доме працы і ў Серабранцы.

У 1929 г. прэзідыум Мінскага акрвыканкама зацвердзіў хадайніцтва гарадской паштовай канторы пра ўсталёўку паштовых скрынь на аўтобусах і трамваях. Гэта рабілася для эканоміі часу насельніцтва. Адказныя за выманне лістоў забіралі іх са скрыні, прастаўлялі ад рукі нумар маршруту (у тыя гады аўтобусных паштовых маршрутаў у горадзе было ўсяго два, колькасць трамвайных — невядома), час і дзень вымання карэспандэнцыі, а затым здавалі на пошту. Навіна праіснавала нядоўга, адсюль вялікая рэдкасць гэтых штэмпеляў.

РИС.24

У 1932 г. была адкрыта першая паштовая авіялінія ў Беларусі "Мінск — Глуск — Парычы — Мазыр", абслугоўвалі якую тры лёгкіх біплана тыпу ПО-2. У маі 1939 г. адкрылася паштовая авіялінія "Масква — Мінск — Масква".

РИС.25

У 1938 г. былі ўведзены новыя ўзоры савецкіх паштовых штэмпеляў. У іх малюнку з'явіліся знакі дзяржавы — пяціканцовая зорка з сярпом і молатам і абрэвіятура "СССР" (мал. 18). Усе штэмпелі былі двухмоўнымі. У прадваенныя гады на Мінскай пошце ўжываліся спецыяльныя каляндарныя штэмпелі для замежнай карэспандэнцыі з надпісам "MINSK" (мал. 19). У 1938 г. на пошце Мінска з'явілася першая механічная штэмпелявальная машына (мал. 20). Для заказных, спешных і экспрэсных лістоў ужываліся спецыяльныя штэмпелі (мал. 21). Для пасылак і бандэроляў выкарыстоўваўся штэмпель з надпісам "Минск БССР Менск. Почтовый сбор взыскан” ці “Менск БССР Минск. Сбор взыскан "(мал. 22).

У гады акупацыі (1941-1944) у Мінску дзейнічала "цивильная" (грамадзянская) пошта, якая ўжывала для гашэння карэспандэнцыі каляндарныя штэмпелі з надпісам на нямецкай мове (мал. 23). Вакзальнае паштовае аддзяленне ў Мінску выкарыстоўвала ў паштовых вагонах авальныя штэмпелі з указаннем нумара цягніка, пунктаў адпраўлення і прыбыцця цягніка (мал. 24).

РИС.26

У гады акупацыі працавала таксама Нямецкая службовая пошта на ўсходніх землях (мал. 25, 25а).

РИС.27

У гісторыі Мінскай пошты ёсць і "белыя старонкі", таямніцу якіх наўрад ці атрымаецца разгадаць. Некалькі гадоў таму у Санкт-Пецярбургу адным філатэлістам былі знойдзены партызанскія лісты, адпраўленыя на Вялікую зямлю ў 1942-1943 гг. Гэта значыць, што ў тыле працавала савецкае паштовае аддзяленне. Як патрапіў Мінскі каляндарны штэмпель 41-га паштовага аддзялення ў атрад? — факт гэты ставіць мноства пытанняў.

Адзін з лістоў мае зваротны адрас: "БССР, Минск, п/о 41, п/я 692, подр. 08". Ліст быў атрыманы ў Ленінградзе 30 жніўня 1942 г., пра што сведчаць ленінградскія штэмпелі атрымання (мал. 26). На канверце другога ліста пастаўлены каляндарны штэмпель адпраўлення "Минск — Менск 41-8.11.43" (мал. 27). На абодвух канвертах партызанскіх лістоў віднеецца трохвугольны водціск пячаткі "Красноармейское письмо. Бесплатно". Звяртае на сябе адмысловую ўвагу і тое, што ліст быў атрыманы ў Ленінградзе 16 лістапада 1943 г., г.зн. знаходзіўся ў шляху ўсяго 8 дзён, што партызанскае паштовае аддзяленне працавала больш года (першы ліст быў адпраўлены ў жніўні 1942 г., другі — у лістападзе 1943 г.), што абодва лісты адпраўлены з 41-га паштовага аддзялення. Гэта старонка гісторыі Мінскай пошты яшчэ чакае сваіх даследнікаў.

Пасля вызвалення Беларусі з ліпеня 1944 г. у гісторыі Мінскай пошты пачалася новая эпоха (мал. 28).

Леў КОЛАСАЎ,

член Беларускага саюза журналістаў,

член мастацкага савета Міністэрства сувязі і інфарматызацыі РБ,

замежны член Польскай акадэміі філатэлістыкі,

старшыня Беларускага саюза філатэлістаў.

Матэрыял ласкава прадастаўлены рэдакцыяй часопіса "Веснiк сувязi".