Восеньскім дажджлівым днём 1985 года на адной з ускрайкавых вуліц Мінска знасілі старую хату, пабудаваную, мабыць, у 1910-1911 гады, гаспадаром якой быў паштовы службовец, а дакладней — раз'язны чыноунік паштовага вагона Мінск-Варшава-Мінск. Пры будаўніцтве хаты ён вырашыў на паддашкавым пакрыцці ў якасці ўцяпляльніка выкарыстаць адходы папер з паштовага вагона — абалонкі газетных пакетаў, вялікія канверты постпакетаў, папяровыя мяшкі ад карэспандэнцыі Звычайна ў тыя часы на пакрыццё столі для цеплаізаляцыі ўкладвалі сухі мох, які засыпалі пяском. Тут жа выкарысталі папяровую паштовую макулатуру, якая на працягу 75 гадоў добра захавалася. Хто ведае, чым кіраваўся гаспадар будынка, закладваючы на паддашку гэты своеасаблівы скарб для філатэлістаў. Можа, так было танней?
Калі павалілася столь, усе паперы і былі выяўлены. Рабочыя, якія зносілі хату, іх убачылі, але не знаходзячы нічога цікавага, тут жа вырашылі ўсё "смецце" адправіць пад бульдозер. На вялікі жаль, сярод іх не знайшлося філатэліста. Уяўляеце, які каштоўны, незвычайны і не вядомы даследнікам гісторыі пошты філатэлістычны матэрыял быў бы назаўжды пахаваны ў траншэі, калі б не выпадак? На шчасце — менавіта на шчасце! — міма праходзіў філатэліст, звярнуў увагу на дакументы з паштовымі штэмпелямі пад нажом бульдозера і паспеў сабраць пад дажджом некаторыя паперы з паддашкавага філатэлістычнага скарбу. Мне атрымалася прагледзець гэты сапраўды неацэнны матэрыял і частку яго набыць для сваёй калекцыі, якая распавядае пра пошту Беларусі.
Усе дакументы датаваны канцом 1909 — сярэдзінай 1910 гадоў і належылі паштоваму вагону № 29-30 Мінск-Варшава-Мінск. Я згадаў аб незвычайнасці і рэдкасці некаторых знойдзеных паштовых папер. І гэта сапраўды так, бо ў рукі філатэлістаў амаль ніколі не пападаюць абалонкі ад газетных пасылак, постпакетаў, ярлыкі ад паштовых мяшкоў або самі мяшкі з наклейкамі і штэмпелямі, розныя службовыя наклейкі, якія не ўжываліся пры перасылцы звычайнай (прыватнай) карэспандэнцыі. Такі матэрыял звычайна не захоўваецца, а адразу знішчаецца. Філатэлістам рэдка сустракаюцца сургучныя пячаткі паштовых кантор, паштовых аддзяленняў.
Паддашкавы скарб складаўся не толькі з вышэйапісаных абгортак, пакетаў, ярлыкоў і г. д., ён змяшчаў і розныя нескарыстаныя бланкі, фармуляры, наклейкі Сярод іх — вялікі ліст наклеек для мяшкоў з поштай паштовага вагона № 29-30 Мінск-Варшава-Мінск. Наклейкі выразаліся з ліста і прымацоўваліся да мяшкоў з поштай, адсартаванай па вызначаных населеных пунктах або паштовых вагонах.
Дадзеныя наклейкі можна падзяліць на тры тыпы:
1-ы — з поўным найменнем пункта, куды накіроўвалася пошта, без указання нумара паштовага вагона: "Изъ поч. вагона № 30 / Въ Лунинецъ / Мшокъ № ”, “Изъ поч. вагона № 29 / Въ Брестъ вокз. / Мшокъ № ”, “Изъ поч. вагона № 30 / въ Погорльцы / Мшокъ № " і г. д. (мал. 1).
2-і — з указаннем нумара паштовага вагона і найменнем паштовага маршруту: "Изъ поч. вагона № 29 / Въ поч. вагонъ № 54 / (Брестъ — Кiевъ) / Мшокъ № ”, “Изъ поч. вагона № 30 / въ поч. вагонъ № 53 (Брестъ-Граево) / Мшокъ № (мал. 2).
3-і тып наклеек — толькі з нумарамі паштовых вагонаў: "Изъ поч. вагона № 30 / въ поч. вагонъ № 114 / Мшокъ № ”, “Изъ поч. вагона № 29 / въ поч. вагонъ № 57 / Мшокъ № "
На мал. 3 паказаны фрагмент з абалонкі паштовага мяшка з поштай з вагона № 30, які накіроўваўся ў Баранавічы. Пазначана, што гэта "Мешокъ № 179". На мал. 4 — такі ж фрагмент абалонкі паштовага мяшка з поштай з вагона № 29 у паштовы вагон № 54 "Брестъ-Кiевъ".
Часам адрасныя наклейкі прымацоўваліся да ярлыкоў, якімі апячатваліся мяшкі з поштай. На мал. 5 прадстаўлены ярлык з адраснай налепкай "Изъ поч. вагона № 29 / въ С.-Петербургъ / Мшокъ № 47". У якасці матэрыялу для ярлыка выкарыстаны фармуляр распіскі аб прыёме пошты. Ярлык змацаваны спецыяльнай заклейкай з малюнкам герба Расіі і паштовых ражкоў, на ім бачныя сляды сургучу і прапаленая папера, магчыма, ад свечкі, якой растоплівалі сургуч.
Сярод папер паддашкавага скарбу знайшліся і абалонкі ад заказных постпакетаў са спецыяльнымі наклейкамі, а таксама чыстыя наклейкі. На мал. 6 паказана нескарыстаная наклейка для заказнога постпакету з Добруша Магілёўскай губерні. Выкарыстаная наклейка для заказнога постпакету з паштовай карэспандэнцыяй з Мар’інай Горкі Мінскай губерні ў паштовы вагон № 30 на станцыю Холм-Люблінскі намалявана на мал. 7.
Для постпакетаў з простай карэспандэнцыяй ужываліся наклейкі іншага выгляду. На мал. 8 прадстаўлена нанкейка ад постпакету з поштай са Сталбцоў у паштовы вагон № 42 Мінск-Масква. Для перасылання грашовых пераводаў у постпакетах ужываліся спецыяльныя наклейкі, надрукаваныя на каляровай паперы. На мал. 9 — наклейка постпакету з пераводамі "изъ Минска губ." (губернскага) у Стаўбцы.
У знойдзеных паперах прысутнічаюць некалькі нескарыстаных канвертаў-нарыхтовак вялікага фармату з шчыльнай паштовай паперы з надрукаваным тыпаграфскім тэкстам: "П. П. / Заказной / Въ / Изъ почт. ваг. № / Задлывалъ". Замест нумара пастаўлены паштовы штэмпель вагона "29 Варшава-Мінск" з датай 9 лютага 1910 года (мал. 10). Гэтыя постпакеты прызначаліся для абмену карэспандэнцыяй з іншымі паштовымі вагонамі і стацыянарнымі паштовымі аддзеламі перавозкі пошты, але па нейкай прычыне не былі выкарыстаны і патрапілі з макулатурай на паддашнік. На абалонках постпакетаў з газетамі з Варшавы ў Мінск выяўлены квадратныя штэмпелі памерам 85/55 мм з тэкстам: "Газет. П. П. / изъ Варшавы / въ " Адрас упісваўся ад рукі, у дадзеным выпадку — нумар паштовага вагона (мал. 11). Гэтыя штэмпелі ставіліся ў газетнай экспедыцыі Варшаўскага паштамта.
На поcтпакетах з газетамі з Санкт-Пецярбурга выяўлены адрасныя наклейкі, напісаныя ад рукі: "Почт. ваг. 30 / Минск — Барановичи"; адрас адпраўніка пакета на паштовым штэмпелі: "С.-Петербургъ. Газет. Экспед. 2 * 21.5.10" (мал. 12).
У філатэлістычным скарбе было некалькі нескарыстаных фармуляраў, квітанцый, вопісаў і г. д. Найболей цікавым з'яўляецца бланк рапарта аб продажы колькасці паштовых знакаў і нагандляваных сумах грошай за адзін працоўны дзень. Па ўсёй бачнасці, такі рапарт дзяжурны чыноўнік паштовай установы пісаў штодня (мал. 13).
Сярод папер мелася некаторая колькасць паштовых дакументаў і абалонак, на якіх пастаўлены паштовы каляндарны штэмпель вагона № 29 Варшава-Мінск. Цікавы такі факт: каляндарных штэмпеляў у вагоне апынулася чатыры — больш, чым належыць па інструкцыі.
Тут я б жадаў зрабіць невялікае адступленне і працытаваць некалькі радкоў з Цыркуляра № 9 ад 3 лютага 1903 г.: "Для почтовых вагонов заготовляются овальные штемпеля с крупным жирным шрифтом, по два на каждый вагон. На одном вырезается по овалу слева — наименование начального пункта отправления вагона, справа — оконечного, между ними наверху помещается цифра, означающая номер вагона. На втором штемпеле вырезаются те же наименования в обратном порядке и наверху проставляется номер вагона, соответствующий обратному его направлению". Так сказанае ў Цыркуляры, а на самай справе ў паштовым вагоне № 29 Варшава-Мінск па нейкіх прычынах каляндарных штэмпеляў апынулася чатыры — з распазнавальнымі літарнымі азначнікамі: "А", "Б", "В", "Г" (мал. 14). Ці наўрад сёння можна адказаць на пытанне "чаму?". Сярод выяўленай макулатуры амаль не апынулася папер з таго ж вагона, але накірунку Мінск-Варшава (№ 30). (Магчыма, гэтыя паперы знаходзіліся ў іншым месцы паддашніка і бульдазерыст паспеў іх засыпаць у траншэі.) Дакладна сказаць, колькі было каляндарных штэмпеляў у вагоне № 30 Мінск-Варшава, пакуль не ўяўляецца магчымым.
Выхапленыя з-пад бульдозера паперы дапамаглі ўсталяваць факт існавання ў пачатку ХХ стагоддзя ў Варшаве Брэсцкага вакзалу (мал. 15).
Мяшкі з поштай, якімі абменьваліся паштовыя вагоны, а таксама прыманыя ад мясцовых паштовых устаноў, завязваліся шпагатам, канцы якога змацоўваліся на кардонным або папяровым ярлыку сургучнай пячаткаю паштовага вагона або ўстановы (Почт. Телег. Конт., Почт. Телег. Отдел или Почтов. отделение). На ярлыку ад рукі надпісваўся адрас атрымальніка мяшка з поштай: "Почт. ваг. 29" (мал. 16а), "П. В. № 29" (мал. 16б), "В П. В. № 29" (мал. 16в), "В почт. ваг. № 30" (мал. 16г) і ставіўся каляндарны штэмпель альбо паштовай установы — "Заполье Грод. Г. почт. отд. 9.11.1910" (мал. 16а), альбо паштовы штэмпель паштовага вагона (мал. 16б, в), альбо ад рукі пісалася, адкуль паступіў мяшок з поштай — "Изъ Ново-Минска" (мал. 16г) (Мінск Мазавецкі).
У макулатуры на паддашніку апынулася шмат вялікіх шчыльных мяшкоў ад карэспандэнцыі з прымацаванымі да іх ярлыкамі. На абалонках постпакетаў, бандэроляў і г. д. выяўлена вялікая колькасць сургучных пячатак паштовых кантор Мінска, Варшавы, Полацка, Брэста, Віцебска, Масквы, Санкт-Пецярбурга, Пермі, Новасібірска, Омска, Іркуцка. Таксама знойдзена мноства іншых паштовых дакументаў, якія адносяцца да паштовых устаноў розных губерняў Расіі.
Выратаваныя паштовыя паперы хутка разыйшліся па калекцыях не толькі беларускіх філатэлістаў. Яны дапамаглі асвятліць некаторыя невядомыя бакі гісторыі пошты ў нашым краі. А філатэлістаў гэтая знаходка яшчэ раз зацвердзіла ў меркаванні, што паддашнікі заўсёды былі сховішчамі скарбаў для калекцыянераў!