Якая? Яна стала ўладальнiцай звяздоўскага прыза — шыкоўнага пыласоса фiрмы "Самсунг", якi ёй уручылi ў прысутнасцi калег Лельчыцкага раённага вузла паштовай сувязi. Прымаючы яго, Аксана Пятроўна расказала пра тое, што выйсцi ў перадавiкi па павелiчэннi колькасцi падпiсчыкаў "Звязды" яна i не думала. Проста працавала, агiтавала людзей, каб яны чыталi нашу газету, бо яна цiкавая, бо ў ёй кожны знойдзе матэрыял, якi будзе яму па душы.
Расказвала: газета разыгрывае каштоўныя прызы сярод сваiх падпiсчыкаў — халадзiльнiкi, тэлевiзары, пыласосы, iншыя рэчы. Вось i Антон Іванавiч Сасноўскi, якому яна дастаўляе пошту, у вераснi мiнулага года выйграў тэлевiзар, якi ў райцэнтр даставiлi прадстаўнiкi рэдакцыi i прынародна ўручылi яму. Так што, дарагiя землякi, думайце.
Такi вось канкрэтны падыход i даў свае вынiкi. Колькасць падпiсчыкаў на "Звязду" на ўчастку, якi абслугоўвае Аксана Пятроўна, у мiнулым квартале павялiчылася на восем чалавек. Па ўмовах конкурсу "Звязды" сярод паштальёнаў яна i выйшла пераможцам.
— Ваша газета, — расказвала карэспандэнту Аксана Пятроўна, — пастаянная ў доме майго бацькi Пятра Фядотавiча, якi жыве ў вёсцы Прыбылавiчы. Ён у ёй прачытвае ўсё. I я праглядала яе таксама. А што буду паштальёнам, прызнаюся, не марыла. Бо чатыры гады працавала прадаўцом у краме. А потым як пайшла ў дэкрэтны водпуск, дык аж на дзевяць гадоў. Траiх дзетак нарадзiла. I мая аднакласнiца i сяброўка Iна Колас пасля кажа: iдзi да нас, спадабаецца табе.
I Аксана згадзiлася. Ужо трэцi год працуе паштаркай. Абслугоўвае звыш трохсот дамоў прыватнага сектара i ведае кожнага чалавека на сваiм участку, кожнаму знаходзiць што сказаць пры сустрэчы. У яе дружная сям’я. Муж Валерый Мiкалаевiч — сацработнiк. Яны, нi на кога не спадзеючыся, самi пачалi будаваць дом, узяўшы крэдыт, i за тры гады ён быў гатовы. А якая ж хата без гаспадаркi: свiней, курэй, трусоў, агарода? Усё гэта ў Карасёў ёсць. Грыбы збiраюць, журавiны. Жывуць, нi ў кога нiчога не просяць.
— А "Звязду" чытаюць? — напаследак спытаў я ў Аксаны Пятроўны.
— Я праглядаю, як i iншыя газеты, — прызналася яна. — А муж — не. Зараз жа выпiшам. Даю слова.
Значыць, яшчэ на аднаго падпiсчыка ў нас стане больш? Гэта добра.
Адрес в Интернет: http://www.www.belpost.by/press-centre/news-release/89.html
© РУП «Белпочта», 2008 — 2020