Ранiца пасля чарговай камандзiроўкi заўжды багатая: зрэдку — на адмысловыя (бо прывезеныя здалёк) прысмакi i заўсёды — на ўражаннi. Яны — ну, безумоўна ж — розныя
У блiзкiм ад сталiцы Дзяржынску наш маленькi звяздоўскi дэсант быў не раз i нават не два. Сустрэчы з падпiсчыкамi (у тым лiку патэнцыйнымi) ладзiлiся i ў вялiкай актавай зале райвыканкама, i ў невялiчкай на электрамеханiчным заводзе, на швейнай фабрыцы "Элiз". А можна было б — i на першым аддзяленнi паштовай сувязi: зала там вялiкая, утульная, столiкi з крэсламi ёсць, народу шмат.
— З 10 лютага прымаем усе плацяжы, — патлумачыла начальнiк раённага вузла паштовай сувязi Людмiла Аляксандраўна Шыманская. — Да таго ж людзi насенне ў нас прывыклi купляць. Зручна: усё ў адным месцы.
І месца гэтае — пошта. Яна, што ў Дзяржынску, што ў вёсцы Касiлавiчы, дзе ў нас, кажуць, шмат чытачоў-падпiсчыкаў, апроч iншага — цэнтр зносiн: тут сустракаюцца, абменьваюцца навiнамi, раяцца, вырашаюць праблемы. Тут, як мы адразу ж паспелi адчуць, вельмi своеасаблiвая атмасфера — людская, цёплая. Хоць i рабочая. Ствараецца такая, як правiла, не ў адзiн дзень, вялiкiмi намаганнямi, але ж, што цалкам магчыма, адным чалавекам: у першым аддзяленнi паштовай сувязi Дзяржынска — яго начальнiцай i нашай даўняй i вернай падпiсчыцай.
Падчас папярэднiх прыездаў з Зiнаiдай Фёдараўнай мы сустракалiся. На гэты раз — на жаль, не пашчасцiла. Але ж, як патлумачылi яе калегi-паштавiкi, на Дзяржыншчыне ў нас тыраж стабiльны, прыхiльнiкi газеты i роднай мовы тут былi i ёсць (а якiя настаўнiкi!..), карткi на розыгрыш прызоў дасылаюцца, таму цалкам магчыма, што мы завiтаем сюды яшчэ. I з суперпрызам.
Каму не шанцуе на iх, дык гэта Стаўбцоўшчыне: i хацелася б прыехаць сюды, наладзiць сустрэчу з падпiсчыкамi, з паштавiкамi, але ж з пустымi рукамi неяк няёмка. Тым больш, што, як патлумачыла начальнiк вузла паштовай сувязi Раiса Iванаўна Шыдлоўская, у раёне любяць газету.
— Усяго — каля 700 падпiсчыкаў. Найбольш, — патлумачыла яна, — у аддзяленнях сувязi Шашкi, начальнiкам там Тамара Мiкалаеўна Дударэвiч, у Заямным — Раiса Вiктараўна Бiрукова, Стары Свержань — Нiна Мiхайлаўна Турко, у нашым гарадскiм аддзяленнi, якiм кiруе Алена Леанiдаўна Сянюк Стараемся трымаць тыраж. У тым лiку i "Звязды". Бо гэта ж некалi чалавек афармляў падпiску адзiн раз на ўвесь год. Цяпер — хто на месяц, хто на квартал. I ўжо паштальёну трэба, па-першае, без прэтэнзiй дастаўляць перыёдыку, а па-другае, не-не ды i нагадаць, каб нiхто не забыўся працягнуць падпiску.
А заадно (гэта ўжо мы нагадваем) — высылаць свае карткi на розыгрыш прызоў. Бо пашанцаваць можа
У тым лiку i нам. На сустрэчу — цi ў самiм гэтым райцэнтры, цi ў той жа слыннай Мiкалаеўшчыне, у Налiбоках, Прудах, Лiтве, Залужжы Нас, паверце, не спалохаюць нi дарогi, нi адлегласцi. А вось што можа
Як зараз памятаем мiнулую сустрэчу ў Iвянцы: паўнюткую актавую залу пасялковага Савета, твары i выступленнi людзей, вiктарыну з розыгрышам нейкiх сцiплых прызоў i твар жанчынкi, якая потым сказала: "Во, усе нешта выйгралi, а я 20 гадоў "Звязду" выпiсваю — мне нiчога не далi".
Крыўдна было ёй. А як жа няёмка нам: прагледзелi", не заўважылi чалавека — адмовiцца цяпер ад падпiскi
Таму, вiдаць, яшчэ раз апынуўшыся ў той жа зале, шукалi найперш знаёмыя твары
Многiх, на жаль, не бачылi: некаму не выпала прыйсцi на сустрэчу, нехта, магчыма, не змог дабрацца Але ж галоўнае, што i на гэты раз людзям не хапiла крэслаў.
У першых радах, як i трэба было чакаць, сядзелi нашы шчаслiўчыкi ў атачэннi "групы падтрымкi" з лiку суседзяў — прыгожыя людзi! Вера Бранiславаўна Спiрыдовiч нарадзiлася тут, у гэтым мястэчку, выйшла замуж за вайскоўца, разам з iм дзе толькi не жылi (пераважна — у Расii), а вось пасля — вярнулiся дамоў, у Беларусь.
— Мову, як паветра, — гаварыла Вера Бранiславаўна, — не заўважаеш, калi яна ёсць, калi даступная, калi ты ў любую мiнуту можаш яе пачуць, купiць газету, узяць з палiцы кнiжку. А вось калi няма Нам з мужам яе вельмi не хапала. Таму першае, што зрабiлi, прыехаўшы, — выпiсалi "Звязду". — Чытаем у ёй усё. Мне як гаспадынi патрэбныя i даспадобы "Хатняя энцыклапедыя", "Крынiчка" (у нас 17 сотак зямлi), "Прамыя лiнii" з парадамi дактароў У мужа болей часу. Ён сканворды вашыя любiць, крыжаванкi Дарэчы, гэта ён прачытаў, што я тэлевiзар выйграла. Дарагi падарунак I памяць. Але галоўнае, за што мы ўдзячныя газеце, — за мову. Мы вярнулiся да яе, успомнiлi
У тым, што гэта не проста словы, усе прысутныя маглi пераканацца тут жа, калi ў размову ўступiў гаспадар i на добрай беларускай расказаў пра тое, што родам ён з Вiлейшчыны, што вырас, можна сказаць, пад "Звяздой" (гэта значыць, што газету заўжды выпiсвалi бацькi), што з 19 гадоў i да выхаду ў адстаўку беларускай мовы, лiчы, нiколi не чуў, а помнiў заўсёды. I, дарэчы, сярод людзей iншых нацыянальнасцяў не сустракаў тых, хто ад роднай так лёгка адмаўляўся б — толькi мы, беларусы На вялiкi жаль. Таму, маўляў, i ўдзячны газеце за крытычныя артыкулы, за тое, што "Звязда" не проста трымаецца свайго, яна, як можа, баронiць, адстойвае мову.
— Аднак у гэтай справе ў вас ёсць i недахопы, — зазначыў Мiхаiл Аляксеевiч. — Канкрэтыкi мала. Ну вось чаму б не напiсаць, што наш старшыня пасялковага савета па-беларуску гаварыць не хоча, што вулiцы ў нашым Iвянцы (i, мусiць жа, не без яго згоды?) падпiсалi на другой дзяржаўнай А чаму? Самi ж сук сячом, на якiм сядзiм!
Другая наша падпiсчыца, Ларыса Iванаўна Целяшэўскага, якая, дарэчы жыве на вулiцы "Белорусской", была настроена менш ваяўнiча:
— Я выкладаю нямецкую мову ў школе, — гаварыла яна. — На беларукай мы размаўляем у сям’i, яе ж я чую ад калег-настаўнiкаў,ад дзяцей. Хоць школа i руская Не, не ўсё так дрэнна
У нас жа да гэтай прыгожай жанчыны, апроч iншых, было i адмысловае пытанне — пра вершы.
— Я не лiчу сябе паэткай, — сумелася Ларыса Iванаўна, — так, напiшу, бывае, калегам — да дня нараджэння, да свята. А тут перад Калядамi пасылала ў рэдакцыю картку на розыгрыш прызоў. У канверце месца было. Трэба, думаю, яшчэ што палажыць. Ну i зрыфмавалася:
Я святочную яду
Не вару каханку.
Падпiшуся на "Звязду"
Прынясуць да ганка.
Варта мужу ў рукi ўзяць,
На канапу сесцi -
Калi дзень, а калi й пяць
Не пытае есцi
Не думала, што радкi надрукуюць, не думала, што буду ўдзельнiчаць у конкурсе "Хто каго?". Дагэтуль мы з мужам былi проста чытачамi газеты.
Цяпер — яшчэ i аўтарамi, рэкламiстамi, бо Ларысе Iванаўне, як высветлiлася, вельмi да твару, наша звяздоўская кепачка.
Былi ў зале i iншыя чытачы-прыхiльнiкi:
— Я за жыццё досыць шмат газет перабрала, — прызналася Янiна Войцехаўна Мiкiцкая, — нейкую год выпiсвала, нейкую — пяць. I ўсё нешта не тое было — не падабалiся. Падыходжу неяк раз да суседкi, яна на пошце тады працавала, кажу: "Парай ты мне газету". Яна не доўга думаючы: "Выпiшы "Звязду" Было гэта, можа, 10 таму. Я нi разу не пашкадавала, што яе паслухала: чытаю цяпер i цешуся — усё блiзкае тут, сваё. Ведаю, чым людзi жывуць, як радуюцца, як гаруюць. Сама во сына страцiла З газетай неяк лягчэй перажыць гэта — не такi адзiнокi, як быццам.
Гучалi ў зале назвы любiмых рубрык, прозвiшчы звяздоўскiх журналiстаў, iм жа (нам) падказвалi тэмы для новых артыкулаў.
Але ж найбольш усцешыла тое, што сярод падпiсчыкаў па-ранейшаму была тая маленькая жанчынка, якую ў мiнулы раз (ну жадаючы таго!) мы пакрыўдзiлi.
— Летам 22 гады будзе, як я выпiсваю "Звязду", — прызналася Ванда Канстанцiнаўна Маненкова. — Нi разу нiчога не выйграла — нi парачкi парсючкоў, нi курачкi Проста люблю газету. I ўсё тут.
Не адмовiлася Гэта, згадзiцеся, цаны не мае!
Як i тое, што пачулi на невялiчкай пошце ў не так далёкай ад мястэчка вёсцы Яршэвiчы. У нумары за 10 лютага "Звязда "напiсала пра тое, што тутэйшы руплiвы паштальён Вольга Васiльеўна Лукашанец за рост колькасцi падпiсчыкаў узнагароджваецца каштоўным прызам — яна яшчэ прачытаць не паспела, а мы той прыз ужо прывезлi. Прыемна было ўручыць i даведацца, што ў гэтым аддзяленнi сувязi ў нас 17 падпiсчыкаў. А якiх!
— Iра Гiдлеўская, — пералiчвала паштальён, — даярка, Iра Лiтко — наша доктарка, Ала Вiктараўна Пятроўская — дырэктар школы, Фёдар Iванавiч Грэбень — старшыня сельскага Савета
Пенсiянеры, настаўнiкi, прадавачка, навасёлы з новых дамкоў у Манькаўшчыне Цэркаўка на пагорку, рэчачка ўнiзе Карацей, хоць заставайся тут, каб усё разгледзець, каб з усiмi ўбачыцца Ёсць жа пра што пагаварыць!.. Але
Нас чакалi ў iншых месцах — там, дзе мы былi, дзе пакуль не былi. I куды абавязкова яшчэ прыедзем!
На здымках: прыз руплiваму паштальёну Вользе Васiльеўне Лукашанец уручае начальнiк Валожынскага раённага вузла паштовай сувязi Зiгмунд Сiльвестравiч Лужынскi; прыз адданым падпiсчыкам Веры Бранiславаўне i Мiхаiлу Аляксеевiчу Спiрыдовiчам — начальнiк iдэалагiчнага ўпраўлення Валожынскага райвыканкама Алег Аляксандравiч Бобрык, рэкламiстка "Звязды" Ларыса Iванаўна Целяшэўская.
Адрес в Интернет: http://www.www.belpost.by/press-centre/news-release/69.html
© РУП «Белпочта», 2008 — 2020