Паводле любiмай кнiжкi (тлумачальнага слоўнiка беларускай мовы), руплiвы, значыць, той, хто iмкнецца зрабiць як мага больш i лепш, дбайны.
Менавiта для таго, каб вызначыць iх — паштальёнаў, якiя актыўна прапагандуюць нашу газету, каб мець магчымасць неяк аддзячыць iм за працу, "Звязда" заснавала летась рэкламную гульню.
Учора аўтарытэтная камісія пад старшынствам намесніка генеральнага дырэктара РУП "Белпошта" Ірыны Ігнацьеўны Саксонавай падвяла яе вынікі у чарговы раз пераканалася, што колькасць нашых чытачоў на асобных участках можа павялічыцца ўдвая, а то і нават утрая
Гэта, зразумела ж, калі паштальён там — руплівы, як, напрыклад, Марыя Іванаўна Хлуд з АПС Вулька-другая Лунінецкага раёна (у ліпені мінулага года ў яе было 6 падпісчыкаў "Звязды", стала 22), Святлана Уладзіміраўна Цішкевіч з аддзялення паштовай сувязі №1 г. Беразіно (раней яна дастаўляла 32 асобнікі нашай газеты, стала дастаўляць — 48), як Вольга Уладзіміраўна Ларына з АПС № 15 г. Полацка (адпаведна 16 экзэмпляраў і 23).
Самае прыемнае, што (па словах Валянцiны Канстанцiнаўны Коваль з АПС Дварэц Лунiнецкага раёна), нiхто з новых падпiсчыкаў (а iх тут 16!) не пашкадаваў аб зробленым выбары, не адмовiўся ад сяброўства з найстарэйшай беларускай газетай. Марыя ж Канстанцiнаўна Савiна, Алена Iванаўна Ванюк, Соф’я Васiльеўна Данiловiч, Мiкалай Васiльевiч Кiндрук i iншыя выпiсваюць "Звязду" ўжо не адно дзесяцiгоддзе.
Хочацца верыць, што такiх жа адданых прыхiльнiкаў — роднай газеты на роднай мове — "Звязда" набыла (i будзе набываць!) з лёгкай рукi руплiвых паштальёнаў. Лепшымi сярод iх прызнаны i ўзнагароджаны пыласосамi SАMSUNG узнагароджаны Валянцiна Канстанцiнаўна Коваль з АПС Дварэц Лунiнецкага раённага вузла паштовай сувязi (РВПС), Вольга Уладзiмiраўна Ларына, з ГАПС № 15 Полацкага РВПС (так трымаць! Гэта ўжо другая перамога паштальёна ў звяздоўскай гульнi!), Аксана Пятроўна Карась з АПС №1 г. Лельчыцы, Валянцiна Антонаўна Драгун з АПС Дзембрава Шчучынскага РВПС, Антанiна Iрэнардаўна з АПС № 26 г. Магiлёва i Святлана Уладзiмiраўна Цiшкевiч з АПС № 1 г. Беразiно.
Другiм па значнасцi прызам — электрачайнiкамi — адзначаны Марыя Iванаўна Хлуд з АПС Вулька-другая, што на Лунiнеччыне, Зоя Уладзiмiраўна Кнiга з АПС Цяглевiчы (Зэльвеншчына), Вольга Васiльеўна Лукашанец з АПС Яршэвiчы (Валожыншчына). Звяздоўскi гадзiннiк будзе ўручаны Вользе Iванаўне Талмачовай, паштальёну АПС № 5 г. Iвацэвiчы.
Што датычыцца халадзiльнiка "Атлант", то ён, пакуль, застаецца ў рэдакцыi. I, мiж iншым, шукае гаспадыню. Сярод руплiвых паштальёнаў.