Газета «Звязда» Чытач «Звязды» — сярод прызёраў лiтаратурнай вiктарыны (№171 ад 05.09.2012)
2012 год у Беларусi — Год кнiгi. Таму РУП "Белпошта" вырашыла павысiць ролю кнiгi i чытання ў жыццi моладзi, развiць цiкавасць да мастацкага слова, стымуляваць чытацкую i творчую актыўнасць. Для гэтага быў арганiзаваны конкурс-вiктарына "Як ты ведаеш родную лiтаратуру?".
Творчае спаборнiцтва праводзiцца з 1 красавiка па 30 лiстапада бягучага года ў чатыры этапы. Чарговы этап завершыцца 30 верасня. Апошнi будзе праходзiць з 1 кастрычнiка па 30 лiстапада. Узяць удзел у конкурсе могуць грамадзяне нашай краiны цi iншых дзяржаў, якiя дасягнулi 14-гадовага ўзросту. Запоўненую анкету неабходна ўкласцi ў падпiсаны канверт (пазначыць цалкам прозвiшча, iмя i iмя па бацьку, дату нараджэння, поўны адрас, кантактны тэлефон) i даслаць па пошце заказным лiстом на адрас: РУП "Белпошта" а/с № 387, 220050, г. Мiнск-50, з адзнакай "На конкурс". Вынiкi вiктарыны размяшчаюцца на сайце www.belpost.by, а таксама ў друкаваных СМІ. Дарэчы, сярод прызёраў 2-га этапу конкурсу аказаўся чытач "Звязды" Сяргей Жыдзель, жыхар горада Iўе Гродзенскай вобласцi. Вiншуем!