Кірмашамі па продажы віншавальных паштовак гараджан здзівіць цяжка. Але, як высвятляецца, можна: днямі на сталічным паштамце
(пр. Незалежнасці, 10) урачыста адкрыўся чарговы кірмаш-продаж, асаблівасць якога заключаецца ў тым, што працуе ён на пастаяннай аснове.
— Раней падобныя кірмашы мы ладзілі ва ўсіх буйных аддзяленнях паштовай сувязі, але перыядычна — перад Калядамі і Новым годам, перад 8 Сакавіка, Днём Перамогі альбо іншымі святамі, — патлумачыла намеснік генеральнага дырэктара рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства "Белпошта" па камерцыйных пытаннях Таццяна Гвоздзева. — Цяпер у кліентаў пошты з'явілася цудоўная магчымасць убачыць поўны асартымент прадукцыі, якую выпускае наша прадпрыемства. Больш за тое, усё, што зацікавіла, патрымаць у руках (кірмаш працуе па метадзе самаабслугоўвання), прыцаніцца, набыць — гэта паштовыя наборы і паштоўкі, канверты, карткі для папулярнага ў нас пасткросінгу, сувеніры, друкаваныя сродкі масавай інфармацыі. Варта адзначыць, што вялікай папулярнасцю — у тым ліку за мяжой — карыстаюцца і нашы беларускія маркі.