Лепшых кіраўнікоў аддзяленняў паштовай сувязі (АПС) вызначалі днямі на вытворчасці "Мінская пошта".
Сярод крытэрыяў адбору ўдзельнікаў конкурсу прафесійнага майстэрства былі і працоўны досвед, і стабільныя эканамічныя паказчыкі, і адсутнасць браку, скаргаў з боку кліентаў.
Прэтэндэнтак на званне лепшых чакалі сур'ёзныя выпрабаванні. На першым з іх яны дэманстравалі веданне справы. Для гэтага трэба было аператыўна прыняць і апрацаваць тэлеграму віду "завераная", аформіць лісток непрацаздольнасці і скласці табель уліку працоўнага часу, пракантраляваць правільнасць запаўнення кнігі касіра, прыняць грашовыя пераводы
Лепш за ўсіх гэта атрымалася ў Ірыны Мікалаеўны Антонавай, начальніка 47-га аддзялення паштовай сувязі.
Другім этапам конкурсу стала прэзентацыя дамашняга задання, прысвечанага Году кнігі. Кіраўнікі аддзялення сувязі 101 зрабілі кнігу з дрэва, начальнік 36-га аддзялення спякла торт-кнігу "Белпошта", кіраўнік 47-га — прапанавала журы і ўдзельнікам конкурсу адгадаць загадкі на кніжную тэматыку. Але самым эфектным выступленнем журы палічыла гумарыстычную прэзентацыю Вольгі Пятроўны Новік, намесніка начальніка 45-га аддзялення паштовай сувязі.
На трэцім этапе канкурсанткі дэманстравалі веданне тэорыі: адказвалі на сто тэставых пытанняў. Найбольшую колькасць балаў тут набрала Валянціна Аляксандраўна Мароз, якая кіруе АПС-8. Яна ж стала пераможніцай у віктарыне.
Такім вось чынам журы пад кіраўніцтвам начальніка вытворчасці "Мінская пошта" Алены Уладзіміраўны Трубач і вызначыла лепшых з лепшых. Абсалютнай пераможніцай конкурсу прафесійнага майстэрства, набраўшы ў суме 110,5 бала, стала начальнік 7-га паштовага аддзялення сувязі Наталля Анатольеўна Камякова. Другое месца — у намесніцы начальніка 37-га аддзялення Марыны Сяргееўны Бладыкі, трэцяе — у Ірыны Аляксандраўны Тамілінай (начальніка АПС-12). Менавіта гэтая тройка будзе адстойваць гонар сталічных паштавікоў на рэспубліканскім конкурсе прафесійнага майстэрства.
Усім канкурсанткам былі ўручаны каштоўныя прызы, сувеніры і кветкі.
Адрес в Интернет: http://www.www.belpost.by/press-centre/news-release/543.html
© РУП «Белпочта», 2008 — 2020