На пошце — гарачыя дні падпіскі
Відаць, учарашні дзень быў адным з самых спякотных за гэта пакуль не набраўшае сілы лета. Горача было і на Галоўпаштамце. Ад прыемных сустрэч, размоў, усмешак. Пад дахам галоўнай пошты краіны сабраліся вядучыя рэспубліканскія і гарадскія выданні, каб у разгар падпісной кампаніі на другое паўгоддзе і трэці квартал сустрэцца са сваімі патэнцыяльнымі і рэальнымі падпісчыкамі.
"Звязда" традыцыйна прымае актыўны ўдзел у такіх мерапрыемствах. Кожны, хто падпісаўся на газету ў гэты дзень на Галоўпаштамце, мог атрымаць памятныя звяздоўскія прызы і сувеніры. Так, наш кубак і ручку панёс на сваё працоўнае месца Генадзь Маскаленка з Міністэрства сувязі, які за свой абедзенны перапынак паспеў аформіць падпіску на "Звязду", пагутарыць з намі пра жыццё-быццё і перадаць прывітанне Валянціне Доўнар (праўда, не ведаю, ці паспеў паабедаць).
Прыемна было сустрэць нашу даўнюю і, аказваецца, вельмі ўдачлівую падпісчыцу Марыю Мікалаеўну Падліпскую. Яна з унучкай Насцяй прыйшла атрымаць прыз, што разыгрываўся па выніках падпіскі на мінулы квартал. Чаму вельмі ўдачлівую? Бо буйны падарунак ад "Звязды" Марыя Мікалаеўна атрымлівае ўжо ў другі раз. Раней яе кухня пабагацела на параварку, а вось учора — на электрамеханічную мясарубку.
- Я вельмі ўдзячна "Звяздзе" за падарункі, але гэта не асноўны стымул, каб выпісваць газету. У нашай сям'і яна стала надзейным спадарожнікам па жыцці. Чытаем яе і знаходзім у кожным нумары нешта цікавае і я, і дачка, і ўнучка, — адзначыла Марыя Мікалаеўна.
У 12-гадовай Насці па беларускай мове і літаратуры, дарэчы, дзявяткі. Можа, і тут без "Звязды" не абышлося.
Дзень падпісчыка скончыўся, алепадпіска на другое паўгоддзе і трэці квартал працягваецца! Праз некалькі тыдняў мы зноў разыграем сярод нашых падпісчыкаў мікрахвалевую печ, пыласос, электрачайнікі, кухонныя машыны, электрапрасы. Заставайцеся з намі! Выпісвайце "Звязду" і выйгравайце прызы!
Р. S. Асобным радком хочацца падзякаваць пошце за добрую арганізацыю Дня падпісчыка, штодзённую працу па падпісцы і падтрымку нашага выдання.
Таццяна Салаўёва.