Як легалізаваць патрэбную паслугу?
Дастаўка аўтобусам з аднаго населенага пункта ў іншы пакета, сумкі альбо канверта з тым ці іншым змесцівам выкарыстоўваецца даўно. Асабліва запатрабаваная гэтая паслуга студэнтамі і іх бацькамі. Сапраўды, зручна: прыходзіш, дапусцім, на Гродзенскі аўтавакзал, перадаеш кіроўцы"маршруткі" пакет з адзеннем ці прадуктамі — і ўжо гадзіны праз чатыры дачка сустракае гэтую перадачу ў сталіцы. Усе бакі задаволеныя: і тыя, хто перадае ці атрымлівае перадачу, і хто (зразумела, за пэўную плату) ажыццяўляе яе транспарціроўку.
Гэтая паслуга быццам ужо стала нормай, аднак нядаўна кантралюючыя органы з ёй не пагадзіліся і распачалі рэйды па спыненні такой практыкі. На вышэйзгаданым аўтавакзале горада над Нёманам, ды і не толькі там, праводзяць сумесныя рэйды супрацоўнікі транспартнай інспекцыі, кантрольна-рэвізійнай службы аўтобуснага парка, падатковай інспекцыі, ДАІ. І ўжо неаднойчы выяўляліся факты, калі перавозяцца "левыя" пасылкі. За гэта кіроўцы пагражае штраф у памеры ад чатырох да дзесяці базавых велічынь.
Узмацненне кантролю зусім не звязана са зменай правілаў аўтамабільных перавозак: перадача пасылак рэйсавымі аўтобусамі ніколі не ўваходзіла ў іх законныя функцыі, паведаміў карэспандэнту "Звязды" начальнік аддзела кантролю транспартнай дзейнасці транспартнай інспекцыі па Гродзенскай вобласці Сяргей Прадкоў. Аднак тое, на што раней кантралёры закрывалі вочы, цяпер ужо можа не атрымацца, і больш за тое, пацягнуць сур'ёзную адміністрацыйную адказнасць для парушальнікаў. Гэта звязана найперш з прадухіленнем перавозкі небяспечных грузаў і нелегальнага тавару, зазначае Сяргей Прадкоў. І сапраўды, аўтобусамі могуць перадавацца не толькі пакеты для студэнтаў. Пры гэтым хто правярае змесціва пасылкі або саму асобу, якая яе перадае? Нядаўна, да прыкладу, са сталіцы ў горад над Нёманам такім спосабам даставілі партыю "шэрых" мабільных тэлефонаў. А ў сумцы ў багажным аддзяленні рэйсавага аўтобуса "Мінск — Вільнюс", як ужо паведамлялася ў СМІ, аказалася процітанкавая міна.
І вось тут — пытанне. З аднаго боку — клопат пра бяспеку, заслон на шляху магчымых злоўжыванняў пры транспарціроўцы тых ці іншых прадметаў. А з іншага — як легалізаваць гэтую паслугу для законапаслухмяных грамадзян, у інтарэсах тых жа студэнтаў і іх бацькоў?
Нядаўна "Белпошта" прапанавала новую паслугу "Па шляху". У Гродне яна ажыццяўляецца аддзяленнем паштовай сувязі № 4, якое размешчана на вуліцы Будзённага, 23 каля чыгуначнага вакзала. Можна не дамаўляцца з кіроўцам аўтобуса, не рызыкаваць, а на законных падставах перадаць адпраўленні з дакументамі альбо дазволеным да перавозкі грузам (да 20 кілаграмаў) для транспарціроўкі паштовай машынай. У першым выпадку гэтая паслуга сёння каштуе 20 тысяч рублёў, а ў другім — 30 тысяч рублёў. Аплаціць паслугу можна як наяўнымі грашыма, так і банкаўскай карткай. Перадача дастаўляецца па шляху руху службовага транспарту ў адпаведныя аддзяленні паштовай сувязі ў Шчучыне, Лідзе, Валожыне і Мінску, паведаміла намеснік дырэктара гродзенскага філіяла РУП "Белпошта" Святлана Мякіш. Прычым за дадатковую плату магчыма і дастаўка непасрэдна па адрасе атрымальніка.
Зразумела, што ў тых жа "маршрутак" сёння застаецца перавага па тэрытарыяльным ахопе гэтай паслугай, колькасці рэйсаў. Аднак, з іншага боку, нельга не лічыцца і з узмацненнем кантролю за "левымі" перавозкамі — і кіроўцам, і іх кліентам. Ды і пошта, пэўна, будзе развіваць гэтую паслугу, укараняючы яе як мага шырэй.
Адрес в Интернет: http://www.www.belpost.by/press-centre/news-release/535.html
© РУП «Белпочта», 2008 — 2020