Пресса о нас / 12.06.12

«Звязда», спецпраект «Кантакт» № 5 от 12.06.2012

Таццяна Гвоздзева, намеснік генеральнага дырэктара РУП "Белпошта" па камерцыйных пытаннях: "У абслугоўванні ўсіх кліентаў пошта кіруецца прынцыпам "Хуткасць. Надзейнасць. Даступнасць"

У паведамленнях кшталту "Павышаюцца цэны…" (на бензін, камунальныя паслугі, на праезд у грамадскім транспарце, на цукар…) прыемнага, вядома ж, мала. Зрэшты, непрыемнага — як быццам — таксама? Бо за апошнія гады мы ці не прызвычаіліся да падобных змен — успрымаем іх, як належнае, непазбежнае…

А таму, пачуўшы, што з Мінска ў самую далёкую глыбінку, пасылку можна адправіць за тыя ж тры-чатыры тысячы, што былі пазалетась і летась, перапытваем, веры не даём…

- Таццяна Мікалаеўна, некалі самы танны від паштовага адпраўлення — паштовай карткі — адпавядаў кошту талончыка на разавую паездку ў грамадскім транспарце. Сёння той самы талон каштуе паўтары тысячы, картка — па-ранейшаму 500 рублёў. Ёсць каментарый?

— Цэны — гэта вельмі балючае пытанне! Для ўсіх: і для тых, хто нешта выпускае, прадае, аказвае паслугі, і для тых, хто ўсім гэтым карыстаецца. Тут, сапраўды, як на таргу: адзін многа хоча, ды другі замала дае… Вось і мы. Павысіўшы тарыфы на свае паслугі (хаця б да ўзроўню рэнтабельнасці), вядома ж, многае змаглі б! У прыватнасці — зрабіць інвестыцыі ў новыя праекты, у адкрыццё дадатковых (і вельмі патрэбных!) аддзяленняў сувязі, у стварэнне працоўных месцаў. Маглі б (што даўно наспела!) павысіць на прадпрыемстве заработную плату і такім чынам вырашыць праблему з кадрамі…

Аднак з іншага боку… Дзейнічаюць сацыяльныя стандарты — гэта значыць, нашы паштальёны, нягледзячы на адлегласці, павінны 5 разоў на тыдзень даносіць газеты на самыя далёкія хутары. Паслуга гэта для прадпрыемства стратная, таму, з эканамічнага пункту погляду, трэба падымаць тарыфы. Але ж наступствам — проста непазбежнае павышэнне кошту самой падпіскі. І, як вынік, змяншэнне колькасці чытачоў. Заканамерныя пытанні: каму гэта выгадна, каму патрэба? Відавочна: нікому. Вось і даводзіцца шукаць іншыя шляхі — думаць аб аптымізацыі вытворчых працэсаў, скарачэнні расходаў, укараненні новых паслуг.

- У тым ліку для бізнэсменаў?

— Так, вельмі многія кампаніі сутыкаюцца цяпер з праблемай рассылкі карэспандэнцыі. Здавалася б, ёсць высокія тэхналогіі, электронная пошта, але не намі заўважана, што, прынамсі, афіцыйныя дакументы (у тым ліку і прапановы) лепш спрацоўваюць у прывычным, папяровым выглядзе. Таму на нашым прадпрыемстве і з'явілася комплексная паслуга пад назвай "Гібрыдная пошта". З яе дапамогай у самыя кароткія тэрміны і ў самыя далёкія куточкі краіны можна зрабіць рассылку, прычым (пры жаданні) не выходзячы з офіса. Гэта значыць, кампаніі не трэба самастойна друкаваць і ўпакоўваць дакументы, утрымліваць неабходную для гэтай работы тэхніку, персанал, займацца няпрофільнай справай. Усё, што патрабуецца (пасля заключэння адпаведнай дамовы) — гэта прадставіць пошце інфармацыю для рассылкі ў электронным выглядзе. Астатняе робім мы — хутка, прафесійна, з гарантыяй дастаўкі і поўнай канфідэнцыяльнасці.

Паслугу гэтую, як і іншыя (па рассылцы прамой паштовай рэкламы, гібрыднай пошты, паскоранай пошты ЕMS Bеlроst…), ацанілі вельмі многія айчынныя прадпрыемствы. Сярод нашых кліентаў і дзелавых партнёраў (з гонарам пра гэта гаворым) — РУП "Белтэлекам", "Велкам", МТС, "Белгазпрамбанк", "Белдзяржстрах", "Белпромімпэкс", інстытут "Кадры Індустрыі"…

- Што зразумела, бо не можа не прывабліваць, не спрацоўваць лозунг, пад якім выконваюцца гэтыя паслугі: "Мы зробім усё за вас". Шматабяцальна гучыць! Але ж наводзіць на думку: "А колькі гэта каштуе?"

— Не ведаю, як іншым, а мне падабаецца рэкламны ролік службы быту. Памятаеце: "Паспрабаваў сам? Убачыў, што атрымалася? Тэлефануй…".

Нам, я лічу, можна тэлефанаваць адразу, нават не спрабуючы, бо рассылка (чаго б там ні было) — гэта не цвік забіць. Любую справу павінны рабіць прафесіяналы. І тут зазначу, што, паводле даследавання Сусветнага паштовага саюза ў развіцці электронных паслуг, наша, беларуская пошта ў яўных лідарах (займае другое месца сярод паштовых службаў — свету!) Так што ва ўзроўні кваліфікацыі нашых кадраў сумнявацца не даводзіцца.

- Але ж на прадпрыемстве, і зусім нядаўна, з'явіліся адносна новыя службы з досыць гучнай назвай "Бізнэс-пошта". Чым яна, гэта "бізнэс…", адрозніваецца ад проста пошты?

— З яе дапамогай мы вырашылі, так бы мовіць, "развесці" абслугоўванне юрыдычных і фізічных асоб не толькі па розных аперацыйных акенцах, а нават па будынках. Гэта значыць, што ў сталіцы, у абласных і асобных раённых цэнтрах ужо створаны адмысловыя падраздзяленні, якія аказваюць паслугі менавіта карпаратыўным кліентам — прадпрыемствам, арганізацыям, індывідуальным прадпрымальнікам. У іх наша "бізнэс-пошта" гатова прыняць любыя паштовыя адпраўленні (пісьмы, бандэролі, дробныя пакеты, пасылкі, паскораную пошту ЕMS Bеlроst)… Гатова адправіць электронныя грашовыя пераводы, аформіць падпіску, прадаць канверты, паштоўкі, бланкі строгай справаздачнасці… Прычым сам кліент пры гэтым можа як выходзіць з офіса, так і НЕ выходзіць. У апошнім выпадку яму дастаткова ў патрэбны час выклікаць нашага кур'ера. Той прыедзе (людзі, як падаецца, ужо заўважылі на вуліцах жвавыя блакітныя паштовыя машыны) і ўсё зробіць. Карпаратыўны кліент у выніку не займаецца неўласцівай справай, не марнуе час сваіх супрацоўнікаў.

І пры гэтым спрыяе таму, каб на так званых звычайных поштах зменшыліся чэргі, каб людзі, якія прыйшлі на пошту, каб атрымаць пенсію, заплаціць за кватэру ці выпісаць газету, маглі зрабіць гэта спакойна і хутка.

Дадам, што да канца года мы плануем стварыць "Бізнэс-пошты" ў кожным раёне сталіцы. А далей, магчыма, і абласных цэнтрах.

- Таццяна Мікалаеўна, на прадпрыемстве з'явілася яшчэ адна новая паслуга — "Па дарозе". На каго, на якога кліента яна разлічана?

— Яна, як той казаў, шырокага профілю. Гэта — па-першае. А па-другое, усё новае — яно ж (перафразуючы) не забытае яшчэ старое. Згадзіцеся, калі не мы самі, дык нехта са знаёмых, але ж абавязкова хадзіў на вакзал альбо на аўтастанцыю, каб папрасіць правадніцу альбо кіроўцу аўтобуса ўзяць нейкі спадарожны (!) груз. Часта яны не згаджаліся. Ну сапраўды, навошта лішні клопат? Але ж мы ўмалялі — спрабавалі задобрыць нейкай каробкай цукерак, плацілі грошы. І пры гэтым не мелі ніякіх гарантый, што давераны груз давязуць і аддадуць.

А між тым, апроч цягнікоў, аўтобусаў і маршрутак, штодня і ва ўсе куточкі краіны раз'язджаліся машыны "Белпошты".

Паводле ранейшых нарматыўных дакументаў мы не маглі браць спадарожныя адпраўленні. Цяпер — можам.

- Умоўна: жыхар сталіцы, праз інтэрнэт-краму купіў газонакасілку і хоча даставіць яе сваім бацькам — у вёску ў Драгічынскі раён. Што для гэтага трэба?

— Прывезці яе ў наша 60-е аддзяленне сувязі (вуліца Вакзальная, 22) і аформіць там дастаўку…

А далей ужо наш клопат. Паштовая машына забярэ яе і ў пэўны час (як правіла, назаўтра ў 8, 9 ці 10 гадзін раніцы) прывязе ў райцэнтр. Усё, атрымальнік можа яе забраць. Калі ж ён не мае такой магчымасці — пошта сама ў той самы дзень ці назаўтра даставіць яе. Атрымліваецца і хутка, і надзейна, і зноў жа па прымальных цэнах. Інфармацыю пра ўсе нашы паслугі, тарыфы, нумары тэлефонаў можна атрымаць па тэлефоне 154 альбо на сайце прадпрыемства (WWW. Bеlроst.bу).

- Таццяна Мікалаеўна, там жа адносна нядаўна была інфармацыя пра тое, што цяпер і ў Казахстан можна адправіць электронны грашовы перавод. Як падаецца збоку, паслуга гэта запатрабаваная і для пошты, відаць, не стратная. Тады чаму ліст, паштоўку, пасылку з Беларусі можна паслаць у любы куток свету, а грошы — не?

— Грошы таксама можна, але, так бы мовіць, звычайным пераводам. Што датычыцца электронных, то ім папярэднічае вельмі карпатлівая праца паміж нашай і іншай краінай. Так што пакуль з Беларусі такія пераводы можна адправіць у Азербайджан, Арменію, В'етнам, Казахстан, Малдову, Літву, Расію, Украіну, Узбекістан і Эстонію. Іншыя краіны — справа часу, спіс іх будзе папаўняцца. Што застанецца нязменным — у абслугоўванні кліентаў (і прыватных, і юрыдычных асоб) будзе дзейнічаць наш заўсёдны прынцып "Хуткасць. Надзейнасць. Даступнасць". Без апошняга два першыя словы — нішто. Ці не так?

- Дзякуй.


Все новости | Май 2020 | Апрель 2020 | Март 2020 | Февраль 2020 | Январь 2020 | Декабрь 2019 | Ноябрь 2019 | Октябрь 2019 | Сентябрь 2019 | Август 2019 | Июль 2019 | Июнь 2019 | Май 2019 | Апрель 2019 | Март 2019 | Февраль 2019 | Январь 2019 | Декабрь 2018 | Ноябрь 2018 | Октябрь 2018 | Сентябрь 2018 | Август 2018 | Июль 2018 | Июнь 2018 | Май 2018 | Апрель 2018 | Март 2018 | Февраль 2018 | Январь 2018 | Декабрь 2017 | Ноябрь 2017 | Октябрь 2017 | Сентябрь 2017 | Август 2017 | Июль 2017 | Июнь 2017 | Май 2017 | Апрель 2017 | Март 2017 | Февраль 2017 | Январь 2017 | Декабрь 2016 | Ноябрь 2016 | Октябрь 2016 | Сентябрь 2016 | Август 2016 | Июль 2016 | Июнь 2016 | Май 2016 | Апрель 2016 | Март 2016 | Февраль 2016 | Январь 2016 | Декабрь 2015 | Ноябрь 2015 | Октябрь 2015 | Сентябрь 2015 | Август 2015 | Июль 2015 | Июнь 2015 | Май 2015 | Апрель 2015 | Март 2015 | Февраль 2015 | Январь 2015 | Декабрь 2014 | Ноябрь 2014 | Октябрь 2014 | Сентябрь 2014 | Август 2014 | Июль 2014 | Июнь 2014 | Май 2014 | Апрель 2014 | Март 2014 | Февраль 2014 | Январь 2014 | Декабрь 2013 | Ноябрь 2013 | Октябрь 2013 | Сентябрь 2013 | Август 2013 | Июль 2013 | Июнь 2013 | Май 2013 | Март 2013 | Февраль 2013 | Январь 2013 | Декабрь 2012 | Ноябрь 2012 | Октябрь 2012 | Сентябрь 2012 | Август 2012 | Июль 2012 | Июнь 2012 | Май 2012 | Апрель 2012 | Март 2012 | Февраль 2012 | Январь 2012 | Декабрь 2011 | Ноябрь 2011 | Октябрь 2011 | Сентябрь 2011 | Август 2011 | Июль 2011 | Июнь 2011 | Май 2011 | Апрель 2011 | Март 2011 | Февраль 2011 | Январь 2011 | Декабрь 2010 | Ноябрь 2010 | Октябрь 2010 | Сентябрь 2010 | Август 2010 | Июль 2010 | Июнь 2010 | Май 2010 | Апрель 2010 | Март 2010 | Февраль 2010 | Январь 2010 | Декабрь 2009 | Ноябрь 2009 | Октябрь 2009 | Сентябрь 2009 | Август 2009 | Июль 2009 | Июнь 2009 | Май 2009 | Апрель 2009 | Март 2009 | Февраль 2009 | Январь 2009 | Декабрь 2008 | Ноябрь 2008 | Октябрь 2008 | Сентябрь 2008 | Август 2008 | Июль 2008 | Июнь 2008 | Апрель 2008 | Март 2008 | Октябрь 2007

Адрес в Интернет: http://www.www.belpost.by/press-centre/news-release/534.html

©  РУП «Белпочта», 2008 — 2020