Штогод пад эгідай Міжнароднага бюро Сусветнага Паштовага Саюза праводзіцца моладзевы эпісталярны конкурс, і штогод удзел у ім прымае Беларусь. Гэта значыць, што нашы хлопцы і дзяўчаты ва ўзросце да 15 гадоў, як і іх аднагодкі з усіх канцоў свету, пішуць лісты на зададзеную тэму. Сёлета, напрыклад, задача была "напісаць спартсмену альбо спартыўнаму дзеячу, якім ты захапляешся, і расказаць яму (ёй), што для цябе Алімпійскія гульні".
Як і ў мінулыя гады, конкурс праводзіўся ў тры этапы: спачатку — на раённым узроўні, потым — на абласным Днямі лісты-сачыненні, якія прайшлі гэты строгі адбор, абмяркоўвала журы рэспубліканскае.
На разгляд яго было прапанавана восем твораў — па адным ад кожнай вобласці (два — бо вельмі моцныя — у парадку выключэння ад Магілёўскай) і горада Мінска. У іх вучні 5-9 класаў распавядалі пра сваіх спартыўных куміраў — нашых славутых Рамуальда Кіма (светлай памяці!), Дар'ю Домрачаву, Вікторыю Азаранку, Людмілу Ваўчок, расіяніна Уладзіслава Траццяка, пра тое, колькі радасці прыносяць людзям спартыўныя выступленні (а тым больш — падчас Алімпійскіх гульняў)!
Не абышлося, вядома ж, без расказаў пра сябе — свае сем'і, захапленні, заняткі ў школе і спартыўных секцыях, першыя перамогі. Так што вылучыць лепшыя працы было складана. Усе лісты падкуплялі непадробленай шчырасцю, эмацыянальнасцю, уменнем фармуляваць свае думкі
Аднак кожны з васьмі членаў камісіі — з прадстаўнікоў РУП "Белпошта", Міністэрства адукацыі, сродкаў масавай інфармацыі — павінен быў вызначыцца: прысвоіць адной з работ першае месца, дзвюм — другое
У выніку пераможцам ХVІ моладзевага эпісталярнага конкурсу стаў вучань 8-га класа СШ № 2 г.п. Хоцімск Андрэй Семіградскі (настаўніца — Таццяна Уладзіміраўна Мірошнікава). Яго праца (апроч іншага Ведай нашых!) падкупляла яшчэ і цудоўнай беларускай мовай. Толькі адна цытата: " Даша, вельмі ганаруся табой, тваім патрыятызмам. Ведаю, што Расія прапаноўвала табе месца ў сваёй зборнай за добрыя вынікі. Але ты адмовілася. Малайчына! Ты яшчэ раз даказала, што не ўсё ў гэтым жыцці прадаецца. Дзякую табе за твой высакародны ўчынак. Гэта выдатны прыклад для нас, сённяшніх школьнікаў. Маё сэрца пачынае біцца мацней, калі высока ў небе лунае наш беларускі сцяг і ўсе людзі ведаюць, што маю Радзіму прадстаўляе такая прыгожая дзяўчына. Дзякуй табе ".
Такім чынам, паводле амаль аднагалоснага рашэння журы, менавіта гэты ліст будзе накіраваны ў Міжнароднае бюро Сусветнага Паштовага Саюза (г. Берн), дзе, хочацца верыць, годна прадставіць нашу краіну.
Два другіх месцы прысуджаны пяцікласніку Даніілу Мацвеенку (Зелянкоўская дзіцячы садок-сярэдняя школа Полацкага раёна) і васьмікласніцы Яўгеніі Вараб'ёвай (СШ № 7 г. Магілёва).
На трэцім — Уладзіслаў Траццяк (гімназія № 9 г. Гродна), Алеся Ляшкевіч (Сноўская СШ Нясвіжскага раёна), Дзіяна Сіваракша (СШ в. Жыдчэ Пінскага раёна), Кацярына Падашэўка (СШ № 2 г. Рагачова) і Ганна Буковіч (гімназія 24 г. Мінска).
Дарэчы, Аўраам Лінкальн 150 гадоў таму напісаў адкрыты ліст супраць рабства. Нейкі час ён быў самым дарагім лістом у свеце: ацэньваўся ў 750 тыс. долараў. А таму — пішыце!
«Звязда», спецприложение «Кантакт» № 4 от 19 красавiка 2012 года