Беларусь уражвае гасцей (прынамсі, з Расіі, Украіны ) многім: дагледжанымі землямі абапал добрых дарог, чысцінёю вуліц, гасціннасцю людзей, працай грамадскага транспарту, пошты. "Яшчэ дзевяці няма, а ўжо адчынена, — здзіўляліся сваякі. — І працуе ". А калі даведаліся, што мы наогул маглі сюды не прыходзіць, а выклікаць паштальёна, і ён з дому, сам, забраў бы нашы бандэролі, прадаў паштоўкі, аформіў падпіску і інш. (прычым без даплат за паслугі), то і наогул "выпалі ў асадак"
Аднак наша размова з новапрызначаным, можна сказаць, (на пасадзе з верасня) намеснікам генеральнага дырэктара па эксплуатацыі Рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства "Белпошта" Аленай Скрыпчык не толькі пра поспехі.
— Як на мой погляд, дык тое, што ўразіла вашых гасцей, справа звыклая, — лічыць Алена Анатольеўна. — Пошта заўсёды паважала сваіх кліентаў, імкнулася дапамагаць ім у вырашэнні ўсіх надзённых праблем, ішла насустрач. У вёсцы ж паштальён і наогул як свой Дык чаму б не быць ім і ў горадзе? Тут жа таксама шмат людзей пажылых, інвалідаў, шмат вельмі занятых і тых, каму перад святамі, напрыклад, трэба паслаць некалькі пасылак. А нашы паштальёны могуць дапамагчы
— Прычым — вельмі істотна, бо ў гарадскіх аддзяленнях сувязі часам трэба пастаяць і ў чарзе?
— Не без таго Агульнавядома, напрыклад, наколькі нераўнамерная нагрузка ў нашых крамах: пасля 17-18 гадзін чэргі амаль у кожнай. У аддзяленнях сувязі патокі людзей розняцца не толькі на працягу дня (ці не ўсе пенсіянеры лічаць патрэбным атрымаць свае пенсіі менавіта зранку), але і месяца. Ну згадзіцеся: так званыя жыроўкі мы атрымліваем пасля 10 чысла кожнага месяца. Там напісана, колькі мы павінны заплаціць за камунальныя паслугі. Але ж рабіць гэта ніхто не спяшаецца ні да 15-га, ні да 20-га. А вось з 23-га па 25-га ўжо наплыў, ужо чэргі Ведаю выпадкі, калі людзі пяць разоў на тыдзень прыходзяць у свае аддзяленні сувязі, каб з абаненцкай скрынкі забраць выданні, якія выпісваюць. Аднак падпіску на наступны квартал яны афармляюць менавіта ў апошні дзень і таму, здараецца, адстаяўшы ў чарзе.
- Вы лічыце, што добра было б памяняць менталітэт?
— Магчыма, але ж ці гэта пад сілу, асабліва — у бліжэйшы час. А вось удасканальваць арганізацыю працы і трэба, і можна. Пошта ў апошнія гады вельмі дынамічна развіваецца. Ва ўсіх аддзяленнях сувязі (а большасць з іх — амаль 3000 — сельскія) стаяць камп'ютары, усе працэсы аўтаматызаваны, усталявана каля 900 плацежна-даведачных тэрміналаў. І з іх дапамогай штодзень больш за 640 тысяч нашых кліентаў без удзелу аператара праводзяць любыя плацяжы па прынцыпе адзінага асабовага рахунка ў рэжыме on-lіne. Да таго ж аплачваць камунальныя паслугі, афармляць падпіску, замаўляць электронныя маркі і тавары па каталогах айчынных вытворцаў можна праз наш інтэрнэт-сайт; купляць маркі, паштоўкі і канверты ў інтэрнэт-краме Гэта ж змяншае чэргі?!
Яшчэ адзін крок: раней і юрыдычныя, і фізічныя асобы ў аддзяленнях сувязі абслугоўваліся, што называецца, у адным акне. Але ж відавочна, што на прыём і апрацоўку адпраўленняў з нейкай арганізацыі нават высокакваліфікаванаму аператару патрэбна хвілін 20 (а то і болей), а на абслугоўванне чалавека, які прыйшоў атрымаць пенсію альбо заплаціць за кватэру, дастаткова і 2-х Няцяжка ўявіць, як ён сябе адчувае, чакаючы чаргі Таму ва ўсіх больш-менш буйных аддзяленнях сувязі, дзе ёсць такая магчымасць, для абслугоўвання юрыдычных асоб вылучаны асобныя акенцы.
Аднак гэта — ужо наступныя крокі. Самымі першымі былі дагаворы на абслугоўванне, якія наша прадпрыемства заключыла з аператарамі мабільнай сувязі — з Velcom і МТС. У іх і тады, і цяпер — вельмі вялікія аб'ёмы рассылкі. Таму для абслугоўвання такіх вось карпаратыўных кліентаў мы вылучылі спецыяльны ўчастак. Цяпер жа — па ўсёй краіне, не толькі ў Мінску — створаны адмысловыя цэнтры "Бізнэс-пошты". Юрыдычным асобам, індывідуальным прадпрымальнікам яны аказваюць досыць шырокі пералік паслуг: прымаюць (як на сваіх пляцоўках, так і з выездам да кліента) паштовыя адпраўленні (каб потым апрацаваць і даслаць па прызначэнні), грашовыя пераводы, прадаюць маркі, канверты, паштоўкі, бланкі строгай справаздачнасці, прымаюць падпіску і многае іншае.
- На гэтыя паслугі, трэба разумець, ёсць попыт?
— Так. У людзей цяпер з'явілася цудоўная магчымасць замаўляць тавар у інтэрнэце. Ну, напрыклад, вельмі папулярная, асабліва з прадвесня, "Садовая калекцыя". Дастаўку насення па адрасах заказчыкаў здзяйсняе пошта, бо менавіта ў нас ёсць магчымасць, як той казаў, у поўнай цэласці і захаванасці, па прымальных коштах давезці, данесці замоўлены тавар да самага далёкага хутара.
Працуем мы і з "Кніжным клубам". Гэта значыць, што ў інтэрнэце, у каталогах можна знайсці інфармацыю пра ўсе новыя выданні. Калі нейкія з іх захацелася набыць, праз пошту можна аформіць заказ. А далей усё проста: ёсць заяўка — ёсць паштовае адпраўленне. Да будучага чытача наклад-ным плацяжом прыходзяць кніжкі.
Шырока рэкламавалася і "Крама на канапе". Усё замоўленае таксама дастаўляе пошта. Гэта — з ліку нашых буйных кліентаў, але ж шмат і проста індывідуальных прадпрымальнікаў: яны таксама бачаць выгаду, шмат чаго рассылаюць. І зусім не здзіўляе, што з дапамогай пошты, бо яна працуе пад дэвізам "Хутка, надзейна, даступна", а гэта гаворыць само за сябе. Да таго ж, паўтаруся, у краіне 3688 аддзяленняў сувязі.
- Іх колькасць, трэба разумець, пастаянна мяняецца. У новых мікрараёнах пошты адкрываюцца, у сельскай мясцовасці, на вялікі жаль, часам закрываюцца. Але тут што цікава: раней ужо першая чутка пра тое падымала хвалю абурэння. Гэта значыць, ва ўсе інстанцыі ляцелі скаргі. У апошні час (прынамсі, у рэдакцыю "Звязды") яны чамусьці не паступалі.
— Я, здаецца, магу патлумачыць прычыну. Існуюць зацверджаныя нарматывы. У прыватнасці, на сельскае аддзяленне сувязі павінна прыпадаць 2000 чалавек. Але ж цяпер (і гэта не сакрэт) насельніцтва вёсак істотна змяншаецца. Таму ўтрымліваць стацыянарнае аддзяленне сувязі, у якое амаль ніхто ні па што не звяртаецца, эканамічна немэтазгодна. Вось і даводзіцца рабіць на так званыя непапулярныя захады
Але ж у кожным такім выпадку папярэдне мы даводзім людзям, што не трэба баяцца закрыцця пошты, бо ўвесь спектр паслуг, якія ім аказваліся, па-ранейшаму застанецца. Адзінае, што зменіцца, — форма. Напрыклад, замест стацыянарнага аддзялення сувязі, якое трэба ахоўваць, абаграваць, рамантаваць і г.д., з'явіцца так званае перасоўнае. Гэта ўсё тая ж пошта, толькі размешчана яна ў аўтамабілі, абсталяваным спецыяльнай касавай сістэмай, што вельмі зручна, бо даязджае яна да самых далёкіх вёсак і хутароў, давозіць, скажам так, увесь спектр як профільных, так і няпрофільных паслуг. А што датычыць нейкіх тавараў, дык яшчэ і больш, бо гэта ж не паштальён з сумкай
У краіне ўжо 114 вось такіх аддзяленняў. Яны добра сябе зарэкамендавалі. Да таго ж дзейнічае і мотадастаўка. Гэта значыць, што пошта, пенсіі, усе замоўленыя тавары ў населеныя пункты дастаўляюцца пры дапамозе аўтатранспарту. Для прадпрыемства пры коштах на бензін, якія пастаянна павышаюцца, задавальненне гэта не таннае, але ж і насамрэч задавальненне, бо паштальёну, каб абысці свой участак, трэба адолець дзе 5, а недзе і 15 ці нават больш кіламетраў. Гэта вельмі нялёгка. А тым больш у дрэннае надвор'е, з цяжкай сумкай
- Алена Анатольеўна, відаць, пераважна для вяскоўцаў быў арганізаваны гандаль па каталогах айчынных вытворцаў? Наколькі прыжыўся?
— Мяркуйце самі. Не так даўно мы выдалі чарговы, ужо шосты па ліку каталог. У ім значна пашырыўся асартымент тавараў, кола прадпрыемстваў. Цэны яны стараюцца не мяняць, а калі такое здараецца, аператыўна паведамляюць нам, мы даводзім гэтую інфармацыю да аддзяленняў сувязі. Сёння ў кожным з іх ёсць папяровыя каталогі, пазнаёміцца з таварамі, нешта выбраць з таго, чаго, магчыма, ніколі не прывозілі і не прывязуць у вясковую краму, можна на нашым сайце www.belpost.by. У бліжэйшых жа планах прадпрыемства — зрабіць інтэрнэт-пляцоўку, каб любы карыстальнік мог зайсці туды і не толькі выбраць патрэбнае, але яшчэ і замовіць тое, што спадабалася. А значыць, нікуды не выязджаючы, нават не выходзячы з дому, нешта набыць. Гэта выгадна, гэта зручна, гэта варта паспрабаваць! Той, хто паспрабаваў, цяпер карыстаецца.
Зноў жа на сайце — www.belpost.by — можна знайсці ўсю інфармацыю пра нашы іншыя, як профільныя, так і няпрофільныя паслугі. Усяго іх больш за 60. У тым ліку банкаўскія, дылерскія, рассылка прамой паштовай рэкламы, ксеракапіраванне, ламініраванне і пераплёт, перавозка грузаў і негабарытных паштовых адпраўленняў
- Але ж, як той казаў, не хлебам адзіным У год кнігі менавіта "Белпошта" вырашыла пацікавіцца, як мы ведаем беларускую літаратуру. Чытачы "Звязды", зразумела ж, ухвалілі гэтую ініцыятыву, пазнаёміліся з пытаннямі Ці шмат паступае адказаў?
— Лічыць іх, думаю, пакуль рана (наш чалавек любіць усё адкладваць на апошні дзень) А конкурс, як паведамлялася, праходзіць з 1 красавіка па 30 лістапада. Адзін раз на два месяцы будуць падводзіцца вынікі. Вось пра іх ужо — прамежкавыя альбо канчатковыя — і можна будзе весці размову.
- Яна, без сумневу, будзе цікавай для чытачоў старэйшай беларускай газеты. Пакуль жа (і з прычыны той самай цікавасці) у вас, як чалавека параўнальна новага на гэтай высокай пасадзе, хочацца папрасіць расказаць пра сябе.
— Нічога асаблівага ў маёй біяграфіі, відаць, няма Нарадзілася ў Мінску, працоўную дзейнасць пачынала ў сталічным 90-м аддзяленні паштовай сувязі з "пасады" аператара. Потым падрасла да начальніка Працавала ў Мінскім філіяле (так што не па расказах ведаю работу вясковых паштавікоў), у вытворчасці "Мінская пошта". Адукацыя? Спачатку — каледж сувязі, потым — Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце і тэхналагічны ўніверсітэт.
- Гэта не можа не ўражваць! І не абнадзейваць Поспехаў!
Адрес в Интернет: http://www.www.belpost.by/press-centre/news-release/505.html
© РУП «Белпочта», 2008 — 2020