Як карэспандэнты "Звязды"
працавалi навагоднiмi
паштальёнамi
Новы год на тое i новы, каб пачынаць яго з нечаканага i неардынарнага. Са старым жа прынята развiтвацца добрымi справамi i падарункамi. Газета "Звязда" вырашыла не заставацца ў баку ад традыцыi i таксама зрабiць падарунак для сваiх падпiсчыкаў. Рэдакцыйны Дзед Мароз i Снягурка завiталi ў пасёлак Мiханавiчы.
Пасёлак Мiханавiчы мы выбралi невыпадкова. Па словах загадчыцы Мiнскага аб’яднанага цэха паштовай сувязi Алены Аляксандраўны Ішчук, менавiта тут месцiцца адно з лепшых паштовых аддзяленняў раёна.
У Мiханавiчы мы адправiлiся з самага ранку. Разам з Аленай Аляксандраўнай на паштовай машыне з двума мяхамi газет i календароў. I ўжо праз паўгадзiны нас пазнаёмiлi з Марыяй Васiльеўнай Таранавай, мiханавiцкай паштальёнкай. "За трыццаць тры гады, якiя я адпрацавала тут, мяне ўжо ўсе сабакi ведаюць", — смяецца Марыя Васiльеўна. Жвавая, гаваркая жанчына апранае паштовую сумку i вядзе нас па сваiм звыклым маршруце
Дзе мы едзем,
дзе мы йдзём
Чыгунка Мiнск-Асiповiчы раздзяляе пасёлак на дзве часткi, утвараючы нешта накшталт "мiкрараёнаў": да пераезду i пасля. Жыве тут каля 3000 чалавек, ёсць школа, два дзiцячыя садкi, цэнтр моладзi, свой клуб, некалькi крамаў, маецца бiблiятэка. Жыхары пасёлка працуюць, у асноўным, у сталiцы; у самiх Мiханавiчах працу можна знайсцi на МУМГ ААТ "Белтрансгаз" альбо ў РУСП "Саўгас Лошыца".
"Людзi тут добрыя, ды i з падпiскай нядрэнна", — уводзiць у курс спраў Марыя Васiльеўна, пакуль мы дабiраемся да першых чытачоў. Увогуле, на мiханавiцкiм участку 21 падпiсчык нашай газеты. Марыя Васiльеўна разносiць "Звязду" семярым i з усiмi ў яе добрыя адносiны.
— Фёдараўна, прывiтанне! Глядзiце, як прыгожа вам сёння газету прынеслi, — усмiхаецца паштальёнка Валянцiне Якiменцы, якая разам з мужам выйшла да веснiчак.
Першыя нашы чытачы — пажылая пара Вячаслаў Сяргеевiч i Валянцiна Фёдараўна. Убачыўшы Дзеда Мароза са Снягуркай, былi здзiўленыя. А зразумеўшы, у чым справа, заўсмiхалiся.
— "Звязду" мы выпiсваем вось ужо 60-ы год. Вельмi цiкава: чытаем ад коркi да коркi — падабаецца
На наступнай вулiцы мы зварочваем да Генадзя Пятровiча i Зоi Пятроўны Маслоўскiх.
"Я iх часам так i называю — Пятровiчы", — прызнаецца Марыя Васiльеўна.
"Пятровiчамi" аказалiся нашы даўнiя падпiсчыкi. "Звязду", па словах Генадзя Пятровiча, яны выпiсваюць з часоў развалу СССР.
"Газета цiкавая, чытаем з задавальненнем. Нават ваш каляндар ёсць — за 2008 год. Заканчваецца, праўда, ужо. Вось новы чакаем".
Сказана — зроблена. Праз некалькi хвiлiн з чароўнага меха Дзеда Мароза з’явiўся новы каляндар.
Наступны прыпынак — Заводская, 4. Сустракаць нас выйшаў Уладзiмiр Казiмiравiч Цорах, наш пастаянны чытач, газету яму выпiсвае дачка. У хаце Уладзiмiра Казiмiравiча цiха i ўтульна, цiкае гадзiннiк.
Да таго як пайсцi на пенсiю, Уладзiмiр Казiмiравiч доўгi час сам працаваў паштальёнам, таму гэту працу ведае вельмi добра.
— "Звязду" я пачаў чытаць пасля 50-х, калi пайшоў на пошту працаваць, тады чытаў усё. Наша паштовае аддзяленне было невялiкае, але быў i план — 300 асобнiкаў любых газет. I што ж, выконвалi". Мужчына ўзгадаў нават дакладную дату пачатку сваёй працы — 17 студзеня 1958 года
Сёння ва Уладзiмiра Казiмiравiча 6 унукаў (пяць хлопчыкаў i адна дзяўчынка), адзiн праўнук.
Школьная, 38. Разам з паштальёнкай мы заходзiм да Марыны Iванаўны Курылавай i Марыi Iванаўны Шваб — родных сясцёр. На дваiх бабулям амаль 160 гадоў!
— Газета прыходзiць: чытаем-не чытаем, аднак выпiсваем. Як перасялiлiся з Чарнобыля, так i выпiсваем
На сцяне iх хаты — абразы. "У царкву нас возiць наш сын, жыве ён таксама тут, у Мiханавiчах". Адна з бабуль жартуе, што сын у iх адзiн на дваiх
"Шмат чаго перажылi, здароўя толькi няма "
У наступным доме нас сустрэла Лiза, трэцякурснiца БДУ. "Звязду" ў хату выпiсае мацi-настаўнiца.
Яшчэ адным нашым падпiсчыкам аказаўся Фёдар Ягоравiч Аўраамаў. Мужчына ўпэўнены: усе газеты часам маняць, i "Звязда" таксама. Аднак падарунку ад "Звязды" быў рады. Ды i выснова, як аказалася, не перашкаджае яму выпiсваць нашу газету даволi даўно.
Напрыканцы завiталi мы i ў мясцовую бiблiятэку. Туды таксама прыходзiць "Звязда". I як расказалi гаваркiя супрацоўнiцы, з найбольшай цiкавасцю яны ў газеце чытаюць "Гарачую лiнiю", а таксама заўсёды ўважлiва праглядаюць урадавыя дакументы. Разам мы абмеркавалi апошнiя навiны, паспрабавалi вызначыць, калi скончыцца сусветны фiнансавы крызiс, i зрабiлi прагноз на тое, хто будзе прадстаўнiком Беларусi на песенным конкурсе "Еўрабачанне-2009" у Маскве
Адмысловыя сувенiры (фiрмовыя календары, ручкi, блакноты, цукеркi) атрымаў кожны падпiсчык, якога нам у той дзень удалося наведаць. Шкада, завiталi не да ўсiх.
Нашы чытачы розныя. Пажылыя i маладыя, працавiтыя, звычайныя простыя людзi. Яны чакаюць аб’ектыўнай, праўдзiвай i цiкавай iнфармацыi, адказаў на надзённыя i вострыя пытаннi. Яны рады, калi на iх праблемы рэагуюць i не пакiдаюць без увагi. I яны жадаюць, каб у новым годзе газета спраўдзiла iх спадзяваннi.
Газета «Звязда» (№1 за 6 января 2009 года)