Добрая навіна: сусветны паштовы саюз правёў даследаванні, у якіх бралі ўдзел 93 краіны свету. Па іх выніках рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства "Белпошта" заняло 2-е месца ў свеце (пасля Швейцарыі) па развіцці электронных паслуг.
— А яшчэ — Італію, Германію, Францыю, Канаду. Яны — у першай дзясятцы, але ж пасля нас. Гэта сапраўды вялікі поспех! І плён той напружанай шматгадовай працы, якую мы праводзілі. У тым ліку — у цесным супрацоўніцтве з Сусветным паштовым саюзам, прымаючы ўдзел ва ўсіх значных мерапрыемствах.
- У чым заключаецца гэтае супрацоўніцтва? І наколькі яно важнае для "Белпошты"?
— Каб было зразумела, прывяду нескладаны прыклад. Ва ўсім свеце цяпер вельмі папулярны так званы дыстанцыйны продаж
- Гэта калі праз інтэрнэт замаўляецца любая дробязь (і не дробязь) з любой краіны?
— Так І людзі ўжо прыдумалі, як яе знайсці ў інтэрнэце, як праз інтэрнэт аплаціць, а вось як праз інтэрнэт перадаць — напрыклад, прыгожы льняны абрус у далёкі Пекін — пакуль не. Таму пасылаюць традыцыйна — па пошце.
Справа гэтая для вельмі многіх нашых кліентаў больш чым простая — занёс у бліжэйшае аддзяленне паштовай сувязі (там запакавалі, узважылі), напісаў адрас, аплаціў дастаўку — і ўсё. Далей ужо клопат пошты: далей з атрыманай пасылкай будуць працаваць дзясяткі, а можа, і сотні людзей з розных краін дзеля таго, каб вызначыць, па якім з самых кароткіх шляхоў з Мінска да Пекіна гэту пасылку накіраваць.
Для гэтага трэба скласці план напрамку: прынамсі, да якога транзітнага аэрапорта давязе пасылку наша родная "Белавія" (шчыры дзякуй, дарэчы, гэтай кампаніі за плённае супрацоўніцтва!), якой наступнай авіякампаніі і ў якім аэрапорце (бывае, што іх некалькі на шляху паштовага адпраўлення) перадасць І што рабіць з ёй, нарэшце, калі яна ўжо "прызямлілася" ў тым самым Пекіне? Бо ў кожнай краіне свае звычкі і традыцыі, сваё заканадаўства: недзе пошту ў аэрапорце забіраюць служачыя мытні, недзе — нашы калегі паштавікі Недзе, каб атрымаць пасылку, адрасату самому давядзецца па яе прыехаць. Але ж пры гэтым нейкім чынам даведацца аб тым, што яму прыйшоў падарунак з далёкай Беларусі.
Каб можна было адказаць на ўсе гэтыя і безліч іншых пытанняў, і была створана такая міжнародная арганізацыя, як Сусветны паштовы саюз (дарэчы, у склад яго ўваходзяць 193 краіны свету). Ён выконвае функцыю свайго роду каардынатара, бо для таго, каб складаны паштовы механізм ва ўсім свеце дзейнічаў як адно цэлае, патрэбны адзіныя правілы і тэхналогіі, прычым адзіныя для ўсёй міжнароднай пошты. Калі ж у нейкай краіне свету ёсць свой адмысловы дадатак да гэтых правіл, трэба, каб іншыя ведалі, дзе гэта можна прачытаць і потым падказаць кліентам пошты.
Час цяпер вельмі дынамічны: мяняецца свет, мяняюцца законы, і паштовыя службы павінны не адставаць ад гэтых змен. Таму адзін раз на чатыры гады самыя кваліфікаваныя паштавікі, сапраўдныя эксперты сваёй справы збіраюцца на Сусветны паштовы кангрэс. Кожная краіна рыхтуе свае прапановы па змяненні або дапаўненні існуючых агульных правілаў (актаў Сусветнага паштовага саюза), а таксама разглядае прапановы іншых краін, каб па іх (гэтых прапановах) выпрацаваць сваю пазіцыю (бо яны, напрыклад, могуць аказацца некаму на карысць, а некаму і не вельмі)
Дарэчы сказаць, чарговы 25-ы кангрэс распачнецца сёлета ў верасні ў горадзе Доха (Катар).
- Ірына Ігнатаўна, а ці не занадта складаная працэдура Толькі дзеля таго, каб памяняць асобныя тэхналогіі?
— Справа не толькі ў іх. На пасяджэнні кангрэса будзе выпрацавана стратэгія развіцця сусветнай пошты на бліжэйшыя гады, будуць, так бы мовіць, вызначаны прыярытэты дзеяння, будзе абрана кіраўніцтва Саюза, а таксама пройдуць выбары ў Раду паштовай эксплуатацыі і Адміністрацыйную раду.
Таму краіны свету пачынаюць падрыхтоўку да кангрэса задоўга да яго пачатку, і кожная хоча быць абранай у названыя органы. Гэта — прэстыж і гонар для краіны, гэта магчымасць уплываць на рашэнні, якія прымаюцца адносна напрамкаў дзейнасці, стандартаў і праектаў. Ну і, вядома ж, адносна самых важных пытанняў, гэта значыць, тых, што датычацца аплаты і фінансавання. Як правіла, наконт сродкаў на кангрэсе найбольш дэбатаў, і тут вельмі важна заняць правільную пазіцыю, аддаць голас краіны на яе карысць, на карысць нашага рэгіёна краін СНД.
- Прабачце, не зусім зразумела, якія сродкі маюцца на ўвазе?
— Калі мы з вамі гаварылі, для прыкладу, пра пасылку ў Пекін, то распавялі толькі пра адзін бок справы: як гэтую пасылку даставіць — за блізкі свет. Але ж пры гэтым мы нічога не казалі пра грошы.
- Дык мо і не трэба было, бо кліент, пакідаючы пасылку на пошце, аплаціў яе дастаўку.
— Вось-вось, аплаціў, а мы пасля гэтага павінны добра падумаць, як размеркаваць атрыманыя грошы, каб усім дасталося па затратах, па працы, па справядлівасці. Значыць, на аплаце працы нашых супрацоўнікаў пакуль спыняцца не будзем — пойдзем далей. З тых кліенцкіх грошай мы заплацім кампаніі "Белавія" за тое, што яе работнікі перавезлі нашу пасылку да транзітнага аэрапорта (чытай — пагрузілі, разгрузілі, захавалі), потым — нейкай замежнай авіякампаніі (альбо замежнымавіякампаніям Яны прышлюць нам рахункі) за тое, што забрала пасылку ў гэтым транзітным аэрапорце і давезла да Пекіна. Потым — пошце Кітая за тое, што яна гэтую пасылку прывезла з аэрапорта, даставіла і ўручыла атрымальніку, да таго ж — стварыла інфармацыю, каб тут, у Беларусі, адпраўшчык праз інтэрнэт-сайт мог сам убачыць, калі канкрэтна пасылка ўручана ў Пекіне.
- Ірына Ігнатаўна, аж няёмка пытацца, што з тых грошай застаецца беларускай пошце?
— Апошнім часам — нічога, бо дзейныя тарыфы на перасылку міжнародных пасылак не рэнтабельныя і пакрываюць нашы выдаткі (у залежнасці ад адлегласці да краіны прызначэння) на 55-70%.
Гэтаксама і з міжнароднымі пісьмамі — там пакрыццё выдаткаў складае толькі 68 працэнтаў.
- А як у краінах, з якімі мы знаходзімся ў адзіным Мытным саюзе і Адзінай эканамічнай прасторы?
— Мы, вядома ж, валодаем такой інфармацыяй, і параўнанне тут не на нашу карысць. Напрыклад, калі ўсе тарыфы па існуючым курсе перавесці ў беларускія рублі, то атрымаем, што перасылка простай пасылкі вагой у 8 кілаграмаў па Казахстане абыдзецца ў 94 570 рублёў, па Расіі — 70 510 рублёў, па Беларусі — 20 000 рублёў. Калі казаць пра пасылку вагой у 1 кілаграм, то кошт перасылкі будзе адпаведна ў Казахстане — 60 800 рублёў, у Расіі — 35 360 беларускіх рублёў, у нашай краіне — 2 500
- Што называецца: адчуйце розніцу!
— Да таго ж я прывяла тарыф толькі на адну паслугу, але ж значна і, на вялікі жаль, не на нашу карысць адрозніваюцца і іншыя.
- Складанае становішча. І ў чым з яго бачыцца выйсце?
— Працаваць сабе на страту — гэта найвялікшае глупства, асабліва калі ўлічваць, што зарплата на пошце зусім не высокая. Мы пастаянна працуем над скарачэннем выдаткаў, але ж гэта не так проста, бо каля 70% з іх — гэта выдаткі на аплату працы і сацыяльныя адлічэнні. Аднак, нягледзячы на нашы намаганні, даражэе паліва, а пошту трэба везці кожны дзень (штодзённы прабег паштовых аўтамабіляў складае 115 тыс. кіламетраў). Трэба абнаўляць транспарт, трэба пераходзіць ад ручной апрацоўкі пошты да аўтаматызаванай, як гэта робіцца ва ўсім свеце. Таму, вядома ж, мы будзем (трэба!) прыводзіць тарыфы да ўзроўню рэнтабельнасці, мы будзем — вымушаны — працаваць на прыбыткі, бо без гэтага проста нельга развівацца, павышаць зарплату супрацоўнікам.
- Задач шмат, і да разраду лёгкавырашальных іх не аднясеш.
— Так, пошта ніколі не жыла лёгка, ёй нічога не давалася задарма. Свае даходы мы зараблялі і зарабляем па капейцы
А самы галоўны рэсурс для дзейнасці і развіцця прадпрыемства — гэта нашы людзі: прафесіяналы з вялікай літары, неабыякавыя, па-сапраўднаму адданыя сваёй прафесіі. Трыццаць тысяч — гэта ж, згадзіцеся, войска!..
Прыемна, дарэчы, што ў яго цяпер усё больш уліваецца моладзі, якая заражаецца нашым карпаратыўным духам, пераймае лепшыя традыцыі, прыносіць новыя ідэі. Таму беларуская пошта мае ўсе шансы на тое, каб быць сярод вядучых прадпрыемстваў не толькі сваёй краіны, а і на міжнародным узроўні.
- Дай Бог чутае бачыць!.. Але ж на календары — люты, пачатак года. Ад імя зацікаўленых, гэта значыць кліентаў пошты, лагічным будзе спытаць пра новыя паслугі, новыя аддзяленні паштовай сувязі.
— Колькасць нашых традыцыйных і нетрадыцыйных паслуг пераваліла за шэсць дзясяткаў. Таму будзем развіваць, удасканальваць тыя, што ёсць.
А што датычыцца наваселляў, то ў хуткім часе для нашых кліентаў адкрыюцца два новыя аддзяленні сувязі ў сталіцы — у мікрараёнах Міхалова і Дружба. А ўсяго цягам года такіх наваселляў будзе 12, што, вядома ж, палепшыць якасць аказання паслуг, умовы працы людзей.
- Зноў жа пытанне, якое хацелі б адрасаваць вам кліенты. У кожным аддзяленні сувязі (і гарадскім, і сельскім), над кожным акенцам пазначаны нумары тэлефонаў, па якіх можна выказаць свае заўвагі, прэтэнзіі і г.д. Ёсць у гэтым спісе і ваша прозвішча, імя, імя па бацьку, кантактны тэлефон. Ці шмат паступае званкоў? Ці на карысць вось гэтае новаўвядзенне — у тым ліку і вам асабіста? Чыя была ініцыятыва?
— Наша Мы адкрытыя для сваіх кліентаў: працуе тэлефонная даведачная служба (154), гарачая лінія. На нашым інтэрнэт-сайце ёсць старонкі "Пытанне генеральнаму дырэктару", "Пытанне спецыялісту"
Гэта, магчыма, падасца дзіўным, але ж, калі з'явіўся шырокі доступ, колькасць пісьмаў і званкоў зменшылася, прычым намнога.
- Чаму?
— Таму, па-першае, што каля 80% зваротаў былі не з нейкімі прэтэнзіямі ці са скаргамі, а насілі, так бы мовіць, даведачны характар. Кшталту: тады і тады я адправіў пасылку (некуды, як правіла за мяжу), хачу ведаць, калі яе ўручылі. Зараз адказ на гэтае пытанне (пры наяўнасці ў кліента пэўнай інфармацыі) можа даць любы аператар, у любым акенцы.
Апроч таго, нумары тэлефонаў (як непасрэднага, так і больш высокага начальства), створаная для кліента магчымасць дыялогу, напэўна, дысцыплінуюць кадры, прымушаюць з большай адказнасцю ставіцца да справы. Я нават больш скажу: у мяне як кіраўніка прадпрыемства вызначаны дні прыёму па асабістых пытаннях. Дык вось на апошнім з іх не было ніводнага чалавека. Гэта ўпершыню, што, вядома ж, прымусіла занепакоіцца, а потым прыйсці да высновы, што нічога дрэннага ў гэтым няма: людзі — на ўсіх узроўнях — усё разумеюць, працуюць, пытанні, якія ўзнікаюць, вырашаюць на месцах
- Ірына Ігнатаўна, вельмі многія прадпрыемствы, банкі, фірмы выпускаюць цяпер сваю рэкламную прадукцыю, свае календары. У паштовых заўсёды свой, фірмовы стыль. Да таго ж сёлетні — прысвечаны 20-годдзю беларускай маркі і Максіму Багдановічу — цалкам беларускамоўны, з цудоўнымі вершаванымі радкамі
— Сёлета ў нашых планах яшчэ адзін досыць цікавы праект і звязаны ён з абвешчаным Годам кнігі. Дэталі пакуль дапрацоўваюцца, але ж пра саму ідэю ўжо можна сказаць. Сёлета мы вырашылі правесці конкурс на веданне беларускай класікі: распрацавалі адмысловую картку "Дзесяць цытат". Яны не што іншае, як радкі з самых вядомых мастацкіх твораў нашых паэтаў, нашых пісьменнікаў. Удзельнікам конкурсу застанецца назваць імёны і творы. Усім, хто зробіць гэта правільна і своечасова прышле адказы, будзем уручаць прызы.
- Хто распрацоўваў гэты праект, хто выбіраў цытаты, бо гэта ж вымагае ведання мовы, літаратуры?
— Мы самі. Уключылі творы Багдановіча, Купалы, Коласа, іншых класікаў, якіх, жывучы ў Беларусі, проста нельга не ведаць. Хацелася б, каб людзі звярнуліся да іх, пачыталі, успомнілі, бо хіба ж можна забыцца на Максімава:
У ціхую сінюю ноч "
- Ірына Ігнатаўна, мы сустракаліся пад вечар, але ж усё роўна — шчыры дзякуй вам за гутарку, за вашу на здзіў добрую беларускую мову Мяркуем, што наўрад ці ўдасца ўбачыцца напярэдадні блізкіх святаў — Дня абаронцаў Айчыны і 8-га Сакавіка. Таму — вашы пажаданні калектыву, у якім, дарэчы, усё больш мужчын сярод паштальёнаў і жанчын — сярод дырэктараў філіялаў.
— Найперш — мае віншаванні. Усім А пажаданні Бачыць плён сваёй працы, бо гэта вельмі вялікая радасць і задавальненне — займацца любімай справай, мець дасягненні
А яшчэ — і зноў жа ўсім — шчыра зычу здароўя, дабрабыту, стабільнасці, ладу і парадку ў сем'ях, упэўненасці ў тым, што ўсё, што мы запланавалі, сабраліся зрабіць у бліжэйшыя гады, у нас атрымаецца! І найлепшым чынам. Я асабіста веру ў сваіх людзей і загадзя ім дзякую.
У спісе лепшых — "Белпошта"
Дыпломам першай ступені на 51-м Нацыянальным конкурсе "Мастацтва кнігі" ўзнагароджана РУП "Белпошта". Узнагарода была прысуджана ў намінацыі "Арт-кніга" за поспехі, дасягнутыя ў мастацка-тэхнічным афармленні і паліграфічным выкананні выданняў "Паштовыя маркі Рэспублікі Беларусь 2008" і "Паштовыя маркі Рэспублікі Беларусь 2009" (мастак — Іван Лукін).
Дыплом той жа вартасці і ў той жа намінацыі быў уручаны выдавецкаму дому "Беларуская навука" за кнігу "Бібліятэка Радзівілаў Нясвіжскай ардынацыі: каталог выданняў з фонду Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Я. Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, ХV-ХVІ ст.".
Дыплом другой ступені ў гэтай жа намінацыі атрымала выдавецтва "Беларусь" за серыю ў трох кнігах "Гісторыя сусветнага мастацтва" Б. Лазукі. Перамогу ў намінацыі "Арт-кніга" прысудзілі выдавецтву "Артыя Груп" за фотаальбом "Мінск. Горад і людзі. Фотаздымкі Вадзіма Качана". Усяго на суд журы было прадстаўлена 190 кніг — лепшыя кніжныя праекты 2010 і 2011 гадоў.