Вы хочаце калекцыянаваць прэзенты з розных гарадоў свету? Вам прыемна было б атрымаць прывітанне з Сінгапура, Нідэрландаў, Аўстраліі, Тайваня, Амерыкі, альбо перадаць вестачку каму-небудзь у Кітаі, Амерыцы, Бразіліі?
Зусім не абавязкова мець там сяброў. Варта толькі далучыцца да аматараў пасткросінгу, і вы зможаце атрымліваць паштоўкі з розных куткоў свету. Прычым вашы выдаткі на такія кругасветныя падарожжы і знаёмствы будуць роўныя толькі кошту паштовак, якія вы будзеце адпраўляць.
Пасткросінг (абмен паштоўкамі) узнік 6 гадоў таму. І сёння да гэтага хобі далучылася больш за 200 тысяч чалавек з 205 краін свету. Каля 700 паштовак у гадзіну выпраўляецца ў падарожжа. Некалькі мільёнаў паштовак ужо знайшлі сваіх адрасатаў.
Праз інтэрнэт аматары пасткросінгу дзеляцца сваімі поспехамі, выкладаюць фотаздымкі сваіх калекцый. Дарэчы, вы таксама можаце ўцягнуцца ў такое хобі. Гэта неблагі шанс абзавесціся сябрамі, даведацца нават пра такія гарады, пра якія вы ніколі і не чулі, расказаць пра сябе і сваю краіну.
Трэба толькі зарэгістравацца на сайце httр://www.www.роstсrоssіng.соm/. Тут жа вы атрымаеце адрасы, па якіх чакаюць паштовак гэткія ж аматары сапраўднай пошты. Адрасат, які атрымлівае паштоўку, рэгіструе яе, і цяпер застаецца чакаць прыемнага сюрпрызу. Вашы каардынаты перадаюцца наступнаму аматару пасткросінгу. Прычым, з якой краіны да вас прыйдзе паштоўка — заўсёды сюрпрыз. Адрасы на сайце перадаюцца пасткросерам выпадковым чынам. Пошту можна чакаць нават з Батсваны, Сальвадора, Гандураса ці Палінэзіі. Ды і напісаць вам можа чалавек якога заўгодна ўзросту, прафесіі, веравызнання. Да сусветнага паштовага руху далучаюцца як дзеці, так і людзі ў паважаным узросце. Па статыстыцы сёння большасць аматараў гэтага хобі — жанчыны.
Дарэчы, калі вы ўжо калекцыянуеце нейкія паштоўкі, можаце пазначыць, якім вы аддаяце перавагу. Напрыклад, некаторыя пасткросары збіраюць паштоўкі з выявамі гарадоў, адкуль тыя прыходзяць, іншым больш падабаюцца жывёлы. Ёсць шанс атрымаць і святочныя паштоўкі, напрыклад, да Новага года ці Хэлоўіна. І трэба заўважыць, што беларускія пасткросары сёння з'яўляюцца аднымі з самых актыўных. Многія ўжо маюць у сваіх калекцыях больш за сотню паштовак з розных краін свету.
Між іншым, разам з паштоўкамі вы можаце атрымліваць і канверты, маркі. І як адзначаюць пасткросары, ёсць пэўная асалода нават проста ў тым, каб разглядаць маркі і надпісы на розных мовах свету. Больш за тое, гэта хобі спрыяе таму, каб людзі адрываліся ад канап і тэлевізараў: шмат часу можа пайсці на пошук паштовак. Асабліва калі трэба парадаваць, напрыклад, "калегу" з Кітая, які калекцыянуе паштоўкі менавіта з таксамі. Прычым беларускія аматары пасткросінгу заўважаюць, што, каб займець такое хобі, зусім не абавязкова быць паліглотам, пісаць можна на любых мовах. Затое валоданне, напрыклад, англійскай мовай дадае пэўныя перавагі — так вы зможаце распавесці пра сябе, прачытаць пасланне, а то і ўступіць у перапіску з новымі замежнымі знаёмымі.
Калі раней айчынныя пасткросары сутыкаліся з праблемай выбару паштовак, якія не сорамна адправіць за мяжу, то сёння многія заўважаюць, што выбар паштовак для пасткросінгу стаў значна большым. Сёння паштоўкі з відамі гарадоў і прыгожых мясцін Беларусі можна набыць у кнігарнях, але і ў аддзяленнях сувязі РУП "Белпошта".