Замест візітоўкі
Рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства "Белпошта" — адзіны вытворча-тэхналагічны комплекс, у склад якога ўваходзяць 6 абласных філіялаў і філіял "Вузел спецыяльнай сувязі", дзве вытворчасці — "Мінская пошта" і аўтатранспартная, 117 вузлоў паштовай сувязі і больш 3700 аддзяленні паштовай сувязі (з іх амаль тры тысячы ў сельскай мясцовасці)
- Мікалай Георгіевіч, абсалютная большасць чытачоў, падпісчыкаў "Звязды" з'яўляюцца кліентамі пошты, пастаянна бываюць там, а значыць, маюць магчымасць пераканацца, што аддзяленні паштовай сувязі ў нашай краіне прыстойна выглядаюць не толькі знешне Там заўсёды цёпла і чыста, там кветкі, туды хочацца заходзіць
— Што датычыцца ўтульнасці, кветак, то гэта, вядома ж, заслуга гаспадынь — на поштах працуюць у асноўным жанчыны. А вось, што да камфорту Каля дзвюх тысяч вузлоў і аддзяленняў паштовай сувязі (больш 50%) за апошнія пяць гадоў перажылі, скажам так, рэканструкцыю, капітальны або бягучы рамонт. Большасць, вядома ж, у рамках выканання дзяржаўных праграм па будаўніцтве аграгарадкоў і развіцці малых і сярэдніх гарадоў, меншасць — уласнымі сіламі прадпрыемства. Вось і на 2012 год запланавана асваенне больш, чым 12 млрд рублёў на правядзенні работ па рэканструкцыі і мадэрнізацыі з уласных крыніц, больш чым 4,9 млрд рублёў — на рэалізацыю энергазберагальных мерапрыемстваў за кошт сродкаў інвестыцыйнага фонду міністэрства, каля 11 млрд рублёў са сродкаў прадпрыемства будзе асвоена на правядзенні капітальных і бягучых рамонтаў.
- На якіх канкрэтна аб'ектах распачнуцца работы?
— Сярод асноўных — мадэрнізацыя будынкаў транспартнага ўчастка ў Брэсце, вузлоў паштовай сувязі ў Глыбокім, дзе сёлета праводзіцца Дзень беларускага пісьменства, у Горках, дзе пройдуць рэспубліканскія "Дажынкі", у Добрушы, Асіповічах. Працягнецца рэканструкцыя транспартнага цэха ў Магілёве
Досыць вялікі аб'ём работ чакаецца і ў сталіцы — для вытворчасці "Мінская пошта". Тут пачнецца рэканструкцыя цэха па апрацоўцы і абмене пошты. Работы плануем правесці на працягу 2012-2013 гадоў, у два этапы. Першы — гэта выкананне ўсіх будаўнічых работ, другі — устаноўка і запуск новага абсталявання. Усе работы будуць праводзіцца, што называецца, без высялення, што, на жаль, ускладніць працу і нашым будаўнікам, і працаўнікам названага цэха. Аднак рэканструкцыя даўно наспела, адкладваць яе нельга, бо на апрацоўцы пошты працуе з улікам шматзменнасці больш за 150 чалавек, у пераважнай большасці жанчын, і палепшыць умовы іх працы, вядома ж, трэба. Пры планаванні і правядзенні ўсіх будаўнічых работ мы ў першую чаргу думаем пра людзей: і тых, хто прыходзіць да нас, каб атрымаць пэўныя паслугі, і тых, хто працуе.
- Абсалютнай большасці іх, тых, хто працуе (прынамсі, з пункту погляду кліентаў), як падаецца, грэх скардзіцца на ўмовы, бо яны досыць камфортныя
— Гэта, калі можна так сказаць, вынікі выканання дзяржаўнай праграмы па энергазберажэнні. Складнікаў яе шмат: тут і рэканструкцыя аконных блокаў з усталяваннем шклопакетаў, і тэрмарэнавацыя (уцяпленне сцен будынкаў), і замена дахавых пакрыццяў, цеплатрас, неэканамічных катлоў на больш эфектыўныя
Выкананне гэтых работ дазваляе дабіцца пэўных поспехаў — зэканоміць рэсурсы. Прычым, скажам так, не разава, бо правёўшы адпаведныя мерапрыемствы, уклаўшы грошы, эканамічны эфект мы будзем атрымліваць на працягу ці не ўсёй эксплуатацыі збудаванняў. Але ж гэта — другі бок медаля. На першым — зноў жа людзі, бо і для працаўнікоў прадпрыемства, і для нашых кліентаў у выніку ствараюцца больш камфортныя ўмовы — для працы, для атрымання паслуг.
Сёлета, дарэчы, распачнецца капітальны рамонт трох аддзяленняў сувязі ў Мінску — 131, 14, 128, аднаго ў курортным пасёлку Нарач Правядзенне работ, ну вядома ж, створыць пэўныя нязручнасці (на нейкім этапе), але ж потым, што не раз назіралі пры здачы аб'ектаў, яны стакроць кампенсуюцца — і ў сельскай мясцовасці, дзе пошта яшчэ і месца стасункаў, і ў гарадах. У першым квартале, прынамсі, у Мінску да паслуг навасёлаў адкрываюцца два аддзяленні паштовай сувязі — 52-е ў мікрараёне Міхалова і 45-е ў мікрараёне Дружба. На гэты год плануем яшчэ два наваселлі ў мікрараёнах Сухарава і Чырвоны Бор. Абсталяваць іх стараемся адпаведным чынам — гэта значыць, па апошнім слове тэхнікі.
- І пры гэтым працу аператараў паштовай сувязі, паштальёнаў (прадстаўнікоў асноўных прафесій прадпрыемства) лёгкай не назавеш.
— Так. У паштальёнаў, асабліва сельскіх, свае складанасці, у аператараў — свае.
У першых — гэта адлегласці, якія трэба штодзень пераадольваць, прычым у любое надвор'е, у другіх — дзясяткі паслуг, кожную з якіх трэба ведаць і прадастаўляць, прычым бездакорна правільна, ветліва, хутка. Таму наш аператар, бяруся сцвярджаць, гэта ў пэўнай ступені унікум. Да таго ж ён працуе па прынцыпе "аднаго акна", у якім, калі можна гэтак сказаць, прымаюцца ўсе віды плацяжоў, аказваецца ўвесь комплекс паслуг, якія патрэбны кліентам. Наша прадпрыемства, ну вядома ж, зацікаўлена ў тым, каб абслугоўваць іх на самым высокім узроўні. Для многіх, дарэчы, стала прывычным, прычым не толькі ў сталіцы, але і ў абласных, раённых цэнтрах, атрымліваць шэраг паслуг самастойна без дапамогі аператара, для чаго арганізавана і пастаянна пашыраецца сетка плацежна-даведачных тэрміналаў, больш якаснаму абслугоўванню спрыяюць электронныя чэргі. Іншымі словамі, пошта заўсёды ішла і ідзе ў нагу з часам, з кліентам. Так што вельмі запатрабаваныя і нашы плацежна-даведачныя тэрміналы, і інтэрнэт-крама Пошта стараецца апраўдаць свой дэвіз "хуткасць, надзейнасць, даступнасць", але яна не манапаліст — кліент сёння мае магчымасць выбару і выбірае
- Многія ведаюць гэта па сабе, бо аддзяленні сувязі часцяком знаходзяцца паблізу, а то і ў адным будынку з так званай ашчаднай касай. А таму заўсёды ёсць магчымасць убачыць і тое, дзе меншая чарга, і тое, наколькі прафесійна працуюць аператары, каб ужо потым, зыходзячы з убачанага, выбраць месца, дзе будзеш аплачваць за камунальныя паслугі, тэлефон, страхоўку
— Нам хочацца, вядома ж, каб гэты выбар быў на карысць пошты, таму для сваіх людзей мы імкнёмся стварыць камфортныя ўмовы не толькі на працы, дзе, як вы заўважылі і ўтульна, і цёпла, і ёсць абсталяваныя (халадзільнікам, мікрахвалевай печчу, чайнікам і г.д.) пакоі для адпачынку, для прыёму ежы, але і па месцы жыхарства. РУП "Белпошта", на вялікі жаль, не мае магчымасці істотна дапамагаць сваім працаўнікам у вырашэнні жыллёвай праблемы, што безумоўна ж, прываблівала б кадры, замацоўвала іх на прадпрыемстве. Аднак на балансе прадпрыемства ёсць інтэрнаты ў Віцебскім, Гомельскім і Гродзенскім філіялах, два — у Мінску. Усе яны ў добрым стане. А адзін са сталічных, па вуліцы Кульман, у рамках конкурсу, які праводзіўся сярод рабочых інтэрнатаў Савецкага раёна, прызнаны адным з лепшых — заняў ганаровае трэцяе месца. Гэта гаворыць пра тое, што, і выхаваўчая работа, і арганізацыя побыту знаходзіцца там на належным узроўні.
На гэты год запланавана замена ліфтаў у нашых сталічных інтэрнатах. А наогул мы імкнёмся ў належным парадку падтрымліваць усе памяшканні, асабліва так званага агульнага карыстання.
- У гэткім жа належным стане, трэба разумець, і базы адпачынку, якія належаць прадпрыемству?
— Так. У нас іх некалькі. Не так даўно пасля капітальнага рамонту адкрылася наша "Дружба". Цяпер там утульныя пакоі з усімі выгодамі. Да таго ж гэта ў лесе, у вельмі маляўнічым куточку непадалёк ад Мінска, і ўсяго за 30% кошту пуцёўкі (70% прадпрыемства бярэ на сябе) Таму амаль круглы год база адпачынку запоўнена (хіба зімой бываюць вакансіі). Практыкуюцца на "Белпошце" і спартыўныя мерапрыемствы, выезды выхаднога дня, карпаратывы — у тым ліку і для старонніх арганізацый. Іншымі словамі, "Дружба" запатрабаваная.
Ёсць базы адпачынку і ў гродзенскім філіяле, у брэсцкім. Яны невялічкія, але і там створаны ўсе ўмовы для адпачынку людзей. Без гэтага па цяперашнім часе, як я лічу, нельга разлічваць на высокую аддачу і эфектыўную працу.
Адрес в Интернет: http://www.www.belpost.by/press-centre/news-release/469.html
© РУП «Белпочта», 2008 — 2020