Жыхарка раённага цэнтра Хоцімск на беларуска-расійскім памежжы трэцім разам за апошнія некалькі гадоў атрымала прыз ад розыгрышу для падпісчыкаў "Звязды".
Любоў Аляксандраўна Коржыч- пенсіянерка, ёй 64 гады. Яна з'яўляецца падпісчыцай "Звязды" больш за два дзясяткі гадоў, але стала дасылаць карткі для ўдзелу ў латарэі падпісчыкаў не так даўно: унук угаварыў. Так з дапамогай маладога пакалення жанчына атрымала пыласос і кухонны камбайн.
Цяпер унук паступіў у навучальную ўстанову ў суседні горад і пакуль атрымлівае прафесію заатэхніка, Любоў Аляксандраўна сама даслала ў "Звязду" картку падпісчыка. Аказалася, што і яе рука — даволі шчаслівая: у апошнім розыгрышы жыхарка Хоцімска выйграла электрычны чайнік.
— Гэта, калі шчыра, упершыню мне так шанцуе, — смяецца пенсіянерка. — Да латарэі "Звязды" нічога выйграць мне не ўдавалася!
Падпіска на новы 2012 год ідзе, а Коржыч ужо падпісалася на газету. І, дарэчы, гэта зрабілі і некаторыя яе хоцімскія знаёмыя.
— Ведаеце, у маім асяродку колькасць падпісчыкаў вашай газеты сапраўды павялічваецца: і чытаць цікава, і ёсць надзея на добры выйгрыш, — усміхаецца Любоў Аляксандраўна. — Няхай у новым годзе ў "Звязды" будзе яшчэ больш верных падпісчыкаў, і ўсім людзям увогуле я жадаю найперш здароўя.
Ад Хоцімска да Мінска — чатыры сотні кіламетраў, таму гэты райцэнтр — сапраўдная глыбінка. Улічваючы гэта, з дастаўкай прыза падпісчыцы рэдакцыі дапамаглі ў Магілёўскім філіяле "Белпошты". Чайнік для кліенткі прынялаў Магілёве намеснік дырэктара філіяла Галіна Марчанка, а ў Хоцімску ўручыла начальнік раённага вузла паштовай сувязі Надзея Прахарэнка<І>(на фота).
— Жадаю ўсім кліентам "Белпошты", у тым ліку падпісчыкам беларускай газеты "Звязда" і ўсіх іншых друкаваных выданняў, шчаслівых свят: прыходзьце да нас і чытайце газеты ў новым 2012 годзе, — сказала Галіна Марчанка.
— Хочацца пажадаць людзям самага найлепшага, — дадала Надзея Прахарэнка. — У галаву, калі шчыра, цяпер прыходзяць самыя банальныя пажаданні. А можа, яны якраз і самыя важныя, праўда? Здароўя вам і шчасця ў жыцці!
Газета «Звязда» (№248 за 28 снежня 2011 года)Адрес в Интернет: http://www.www.belpost.by/press-centre/news-release/465.html
© РУП «Белпочта», 2008 — 2020