Падарунак ад газеты атрымаў шматгадовы падпісчык "Звязды" — жыхар вёскі Чырвоны Асавец Быхаўскага раёна Леанід Ерафеевіч Малашкоў.
Уручэнне прыза адбылося ў Быхаве, ў інфармацыйна-ідэалагічным цэнтры цэнтральнай раённай бібліятэкі. Леанід Ерафеевіч атрымаў параварку і быў вельмі задаволены.
— Я ўжо 25 гадоў выпісваю "Звязду", — расказаў вясковец. — І заўсёды дасылаў карткі падпісчыка на розыгрыш прызоў, але да гэтага моманту ніколі не шанцавала. Падумаў, што дашлю апошні раз, а больш не варта спрабаваць. І калі прачытаў у газеце сваё імя, то нават не паверыў, што я нарэшце выйграў! Прызам вельмі задаволены: стравы, прыгатаваныя на пары, — гэта смачна і карысна для страўніка. Нам усім патрэбна здаровае харчаванне.
Леанід Ерафеевіч расказаў, што аднойчы выбраў "Звязду" за тое, што газета яму проста спадабалася. Ён пералічыў усе перавагі: выходзіць пяць разоў на тыдзень, даступная, усё зразумела, ёсць навіны з усіх абласцей Беларусі. Пенсіянеру і яго сям'і падабаюцца тлумачэнні важных законаў, рубрыка "Народ на провадзе" — смешна і цікава, а таксама інфармацыя пра розныя здарэнні.
Вядома, Малашкоў цэніць"Звязду" за цікавае чытанне. Але ён і яго аднавяскоўцы, аказваецца, лічаць нашу газету яшчэ і памочніцай.
— Так, аднойчы ў жыцці "Звязда" нам вельмі дапамагла, можна сказаць — прынесла прыбытак, — усміхаецца мужчына. — Справа ў тым, што я ў час вайны трапіў у бежанцы і потым у калонію. Менавіта ў вашай газеце я калісьці вычытаў, што такія людзі, як я, прыраўноўваюцца да фашысцкіх вязняў. Патрабуецца запоўніць анкету і даслаць тлумачэнні ў фонд, што я зрабіў сам, ды яшчэ падказаў пяці жыхарам нашай вёскі. У выніку я атрымаў грашовую кампенсацыю ў нямецкіх марках. Так што гэта не проста для чытання, але і сапраўдная дапамога ў жыцці!
Леаніду Ерафеевічу ўжо 80 гадоў. Ён нарадзіўся на Быхаўшчыне і працаваў на розных пасадах. Цяпер у яго як чалавека адукаванага і, галоўнае, вопытнага, які перажыў розныя часіны, пытаюцца парадаў — як перажыць крызіс?
— Спадзяёмся, не ўсё так дрэнна, як мы часам скардзімся, — гаворыць пенсіянер. — Мы жывём, і пакуль жывём — спадзяёмся. Я не думаю, што цяпер варта жорстка эканоміць і адкладаць кожны рубель: гэтаму нас навучылі згубленыя банкаўскія ўклады. Думаецца, трэба проста жыць на заробленыя грошы, размяркоўваць іх разумна.
Леанід Ерафеевіч жыве ў вёсцы разам з жонкай, якую некалькі гадоў таму спасцігла бяда — інсульт. Мужчына даглядае хворую пры падтрымцы дваіх дзяцей, якія жывуць у горадзе, але часта прыязджаюць да бацькоў. Уся сціплая гаспадарка Малашковых — гэта сабака, кошка ды пчолы.
Чырвоны Асавец месціцца ад цэнтра сельсавета ў дзесяці кіламетрах, і самы вялікі клопат на зіму яго жыхароў — расчыстка дарог ад снегу, каб можна было набыць харчы. А раней, калі Леанід Ерафеевіч яшчэ працаваў учотчыкам, у вёсцы налічыў 250 працаўнікоў на сенакосе. Увогуле ў Чырвоным Асаўцы працавала чалавек 300, а колькасць жыхароў дасягала паўтысячы. Цяпер — толькі 60, і гэта яшчэ нядрэнна, бо некаторыя суседнія вёскі ўвогуле знікаюць з карты Быхаўскага раёна.
Вяскоўцаў у штодзённых правах і складаных жыццёвых сітуацыях падтрымлівае Грудзінаўскі сельсавет. Яго старшыня Міхаіл Дзмітрыевіч Краўцоў прывёз Леаніда Ерафеевіча на мерапрыемства ў Быхаў і гатовы быў хутка даставіць яго з атрыманым ад "Звязды" прызам дадому, бо вясковец хваляваўся за жонку — "аж душа ад трывогі не дыхае".
Каб падтрымаць добрага чалавека і нашага падпісчыка, Малашкова адзначыла і пошта.
— Я хачу сказаць "дзякуй" усім, але найперш людзям, якія ў "Звяздзе" праводзілі розыгрыш і выцягнулі маю картку падпісчыка, — сказаў напрыканцы Леанід Малашкоў. — Дзякуй усёй рэдакцыі за чуллівае і ўважлівае стаўленне да мяне і за справядлівае пісанне ў вашай газеце. Вядома, падпіска цяпер не танная, але дорага ці не — не важна, калі газета сапраўды падабаецца. Я буду выпісваць "Звязду" і чытаць яе да канца жыцця. Абяцаю!
Жывіце доўга, Леанід Ерафеевіч!