З мэтай папулярызацыі гісторыі і традыцый паштовай справы ў Прынямонні, у тым ліку сярод маладых спецыялістаў, на базе Гродзенскага філіяла РУП "Белпошта" адкрыта экспазіцыя "Гродзенская пошта: ад старажытных часоў да сучаснасці". Гідамі па ёй для карэспандэнта "Звязды" сталі члены аўтарскага калектыву па арганізацый гэтай экспазіцыі — начальнік аддзела эксплуатацыі і бяспекі Ала БАРАШКА і начальнік аддзела маркетынгу Юрый КАРПАЧ.
Матэрыялы для экспазіцыі, якая размяшчаецца ў холе аднаго з паверхаў Гродзенскага філіяла РУП "Белпошта", трапілі не толькі з архіваў, але і ад саміх паштавікоў з розных раёнаў вобласці. Добра, што яны не абыякавыя да гісторыі сваёй прафесійнай справы і не далі адысці ў нябыт, захавалі шмат рэчаў.
У першым раздзеле экспазіцыі, які знаёміць з гісторыяй паштовай сувязі на гродзенскіх землях у перыяд Вялікага Княства Літоўскага, увагу прыцягвае схема старажытных паштовых трактаў. Дзяржаўныя справы патрабавалі ад князёў пастаянных стасункаў з дзеячамі іншых краін, і ў ВКЛ, як і ў іншых сумежных дзяржавах, захоўваўся даўні звычай: усе вяльможныя асобы ў мірных падарожжах, а тым больш у ваенных паходах, суправаджаліся світай узброеных слуг. Гэтая світа называлася "поштай" ("росztа"). Да таго ж пры кожным каралеўскім замку і двары была прыслуга, у абавязкі якой уваходзілі паездкі з лістамі ў суседнія маёнткі, а таксама дастаўка ў каралеўскую казну сабраных падаткаў. Напрыклад, інвентарны спіс Лідскага стараства за 1680 год называе восем мяшчан, якія жывуць каля замка і павінны " письма всегда по колейке за несколько миль в Лидском повете относить ".
Праект устройства зацверджанай 14 снежня 1667 года так званай Віленскай пошты быў, аказваецца, распрацаваны поштмайстарам Рэйнгольдам Бісінгам. А праз стагоддзе, у 1796 — 1800 гадах на Гродзеншчыне, якая ўвайшла ў склад Расійскай імперыі, пачалі будаваць паштовыя дамы — станцыі. Губернскай поштай кіраваў паштовы дырэктар, паштовымі станцыямі — камісар і пісары. У той час у Гродзенскай губерні ўжо былі арганізаваны два паштовыя тракты (Брэст — Ліда праз Слонім і Гродна — Вільна) і было, па стане на 1 чэрвеня 1809 года, 40 паштовых станцый, дзе "служылі" 896 коней. А праз 9 гадоў — ужо 1019.
Аб значнасці, аўтарытэце паштовай справы сведчыць хоць бы той факт, што ўжо ў 1830 годзе паштавікам выдавалася службовае абмундзіраванне: ад казны яны атрымлівалі шынялі, капелюшы і ражкі са шнурком. Праўда, насіць гэта можна было толькі пры паездках дыліжансамі, што належалі казне.
Праблемы ж узнікалі, як правіла, там, дзе паштовыя тракты перарываліся пераправамі. Вялікая загружанасць перапраў коннымі экіпажамі часта прыводзіла да таго, што дастаўка пошты паміж паштовымі станцыямі спазнялася.
Экспазіцыя, зразумела, не магла абмінуць і гісторыю паштовага штэмпеля. Прыблізна да 1830 года ў штэмпелях клеймавання лістоў Гродзенскай пошты было вельмі мала інфармацыі — паведамлялася толькі месца падачы карэспандэнцыі. Аднак затым штэмпель "узбагаціўся" каляндарнымі звесткамі, напрыклад: "Гродна. 18 мая 1835". А ў 1845 годзе для гарадской пошты (праз тры гады — паўсюдна) былі ўведзены "штэмпельныя куверты" — першыя знакі паштовай аплаты. Куверт з чорным штэмпелем — для лістоў вагой у адзін лот, з сінім — вагой у тры лоты. Перасылка каштавала 10, 20 і 30 капеек, у залежнасці ад вагі ліста. Кошт самога куверта — 1 капейка.
Што ж тычыцца паштовых марак, то першая, вартасцю 10 капеек, была выпушчана ў Расіі 10 снежня 1857 года. Неўзабаве з'явіліся маркі коштам 20, 30 капеек — адпаведна вазе ліста. Сюжэты малюнкаў паштовых марак царскай Расіі (выява двухгаловага арла альбо партрэта цара) на працягу 60 гадоў іх існавання (да 1917-га) амаль не мяняліся.
Дарэчы, нашы продкі выкарыстоўвалі ў паштовай справе і прыватны інтарэс. Перавозка пошты ад паштовай канторы да вакзала і ад канторы да навакольных вёсак, дзе знаходзіліся паштовыя аддзяленні, аддавалася ў рукі прыватных асоб, хто меў коней. Напрыклад, у 1912 годзе начальнік Свіслацкай паштовай канторы Германовіч апублікаваў аб'яву аб правядзенні таргоў на падрад перавозкі пошты канторы да станцыі Свіслач Прывіслінскай чыгункі з адпаведнымі ўмовамі і коштам работ — 500 рублёў у год.
Цяпер, вядома, іншы час і новыя паштовыя тэхналогіі. Хоць, напрыклад, савецкі апарат, які выдаваў паштоўку альбо канверт, што спадабаліся пакупніку, мог бы сучасна выглядаць і сёння. Ідэя ж, пагадзіцеся, някепская, а мадыфікаваць яе на цяперашні лад, мусіць, пры жаданні не надта і складана.