Версия для слабовидящих
Услуги
Тарифы
Справка

Пресса о нас / 29.08.11

Газета «Звязда» Пошта застанецца поштай (№163 за 27 августа 2011 года)

Намеснік дырэктара Магілёўскага філіяла РУП "Белпошта" Галіна Марчанка — праграміст паводле адукацыі, але працуе на пошце. Гэта маладая жанчына не бачыць нічога дзіўнага ў спалучэнні старых паштовых традыцый з новымі электроннымі тэхналогіямі.

Электронныя газеты

— Давайце пачнём з падпіскі, бо гэта сёння тое, што вельмі хвалюе любога газетчыка. Паштавікі папярэджваюць пра яе памяншэнне. На фоне апошніх эканамічных праблем гэтая тэндэнцыя ўзмацнілася?

— Ужо некалькі падпісных кампаній мы з трывогай чакаем зніжэння падпіскі. Але адвалу і цяпер не адбылося. У нас агульны наклад каля 600 тысяч асобнікаў, паводле вынікаў за першае паўгоддзе. Раней ён быў на 18 тысяч больш.

Вялікі дзякуй нашым паштальёнам, якія прыкладаюць шмат намаганняў, каб угаварыць людзей. Найбольш чытаюць газеты ў сельскай мясцовасці, дзе людзі ведаюць сваіх паштальёнаў у твар і па імені. На гэтых асабістых сувязях усё трымаецца. Хоць, вядома, застаюцца з намі і ідэйныя падпісчыкі, якія ў абавязковым парадку шмат гадоў выпісваюць шэраг газет.

Але ў буйных гарадах праблема нарастае з цягам часу. Тэлебачанне працуе з навінамі аператыўна. Многія пайшлі ў інтэрнэт, які цяпер вельмі даступны і ў мабільным варыянце. Мы адчулі на сабе развіццё 3G сувязі, калі ў нас стала напалову менш ахвотнікаў карыстацца паслугамі інтэрнэту ў нашых аддзяленнях.

- Якая перспектыва ў падпіскі, на ваш погляд?

— Я лічу, што падпіска на штодзённыя інфармацыйна-аналітычныя выданні ў будучыні значна паменшыцца. Папяровыя варыянты газет стануць брэндавым прадуктам для абмежаванай колькасці людзей, якія, напрыклад, любяць патрымаць у руках газету за кубкам кавы раніцай. У астатнім, газеты пяройдуць у іншую форму — у электронны варыянт.

Нейкія забаўляльныя выданні, часопісы па інтарэсах застануцца як, напрыклад, дарожнае чытво. Але тыя ж самыя гламурныя дамскія часопісы сёння даволі дарагія, ды і пра экалагічны складнік праблемы не варта забывацца.

- А што вы самі чытаеце з перыёдыкі?

— Акрамя спецыяльных выданняў па кветкаводстве, я абавязкова выпісваю рэспубліканскую і мясцовую газеты. Каб быць у курсе спраў краіны і рэгіёна. Я разумею, што ўсе газеты сёння маюць свае старонкі ў інтэрнэце, але наўрад ці я іх буду спецыяльна шукаць — часу нестае. А так газеты гарантавана прыйдуць па пошце.

Паштовая
настальгія

- Класічны вобраз ленінградскага паштальёна з савецкіх часоў — "з тоўстай кайстрай на рамяні". Як сёння выглядае тыповы магілёўскі паштальён?

— У параўнанні з тым ленінградскім, няма толькі формы. А кайстра засталася, вельмі прыстойнага аб'ёму, у асноўным за кошт газет. Пісьмы цяпер не вельмі актуальныя: пішуць толькі людзі, якія прызвычаіліся ў эпісталярным жанры выказваць свае думкі. У асноўным ідзе перапіска паміж прадпрыемствамі і насельніцтвам.

- А як у вас з эпісталярным жанрам?

— Абсалютна ніяк, калі шчыра. Апошні ліст 10 гадоў таму пісала рукой сяброўцы, якая вучылася ў сталіцы. Цяпер асноўны сродак зносін з сябрамі — тэлефон. А старыя лісты і паштоўкі захоўваю як памяць.

- А пасылкі ў фанерных скрынях засталіся?

— Калі самі такую прынесяце, то запакуем. Мы ж прапануем сучасную ўпакоўку з гофракардону розных памераў. А пасылкі, дарэчы, у нас адпраўляюць вельмі актыўна. І летась, і сёлета колькасць павялічваецца ў 1,5 раза.

- З чым звязана адраджэнне старой паштовай паслугі?

— За савецкім часам пасылкі былі для людзей спосабам зносінаў паміж сабой. Наша сям'я, напрыклад, атрымлівала ад цёткі з Падмаскоўя дэфіцытныя харчы ў пасылках, мы ёй адпраўлялі нешта іншае. Цяпер у пасылках дасылаюць тавары, набытыя ў інтэрнэт-крамах. Гэты напрамак дынамічна развіваецца.

- А ці жывыя тэлеграмы з "зпт" і "тчк"?

— Жывыя! Іх колькасць не павялічваецца, але і істотна не памяншаецца.

Добрая
энергетыка

- Вернемся да паштальёнаў. Усё трымаецца на іх плячах, але гэтая праца ніколі не была высокааплатнай, ці не так?

— Так, цяпер аклад паштальёна крыху вышэй за 400 тысяч рублёў. Звыш — гэта прэміі і аказанне дадатковых паслуг — напрыклад, такіх, як продаж тавараў, афармленне страховак і нават крэдытаў.

- У сельскіх раёнах паштальёны не толькі газеты прыносяць, але і выконваюць ролю псіхолагаў, сацыяльных работнікаў.

— Падаецца, што ў нашай краіне гэта было заўсёды. Паштальён быў і застаецца, асабліва ў сельскай мясцовасці, вельмі паважаным чалавекам. Ён прыносіць людзям апошнія навіны, да яго можна звярнуцца па параду, расказаць аб праблемах, паскардзіцца і пахваліцца. Гэта ў горадзе часцей дастаўка да паштовай скрыні, а на сяле — непасрэдныя зносіны, жывы кантакт. Вяскоўцы ведаюць, што паштальёну можна даверыцца.

Гэта добра, але ўся гэтая псіхалогія не аплачваецца. І многія паштальёны шчыруюць не за грошы, а таму што іх так выхавалі. Яны ўспрымаюць цалкам нармальна, калі кліенты просяць іх, акрамя газет, прынесці, напрыклад, лекі альбо нешта зрабіць. Гэта робіцца проста з дабрыні.

- Чаму ж людзі ідуць працаваць па пошту: не самыя вялікія грошы, шмат клопатаў?

— А чаму я тут застаюся? Прырастаеш, калі камфортна ў калектыве. У нас працуюць сапраўды добрыя людзі. Хоць маладыя часта і не прыжываюцца: аператар сувязі — псіхалагічна цяжкая праца. Людзі розныя. А дзяўчына, якая, па вялікім рахунку, учора сядзела на школьнай лаве, пужаецца гучных прэтэнзій. Яна ж павінна быць ветлівай з усімі.

Тэлепорт і пошта

- Як жа вы сталі паштавіком?

— Выпадкова. Я са Шклова, бацька — ваенны, маці змяніла шмат работ. Калі была студэнткай Беларуска-Расійскага ўніверсітэта ў Магілёве, шукала дадатковую работу і працавала ў раённым вузле паштовай сувязі праграмістам. У 27 гадоў, вельмі нечакана, я стала намеснікам дырэктара Магілёўскага філіяла РУП "Белпошта". Тут, у адрозненне ад працы праграміста, трэба працаваць не з машынай, а з людзьмі, што значна цяжэй. Я працую на гэтай пасадзе амаль 4 гады.

- Вам не падаецца, што пошту і камп'ютарнае праграмаванне можна ўспрыняць як антыподы? Бо новыя тэхналогіі — гэта якраз канкурэнты традыцыйным сродкам сувязі і інфармавання.

— Я не лічу іх антыподамі. Многія паштовыя тэхналогіі даўно аўтаматызаваныя. Цяпер пошта імкнецца да таго, каб ісці ў нагу з часам і сумяшчаць у сабе магчымасці электронных і традыцыйных зносін. Напрыклад, цяпер сур'ёзна развіваецца гібрыдная пошта: мы атрымліваем масіў інфармацыі ў электронным выглядзе, а потым друкуем і дастаўляем да кожнага кліента. Паводле заканадаўства, нельга дасылаць афіцыйныя абвесткі і рахункі толькі ў электронным выглядзе, бо не ва ўсіх ёсць інтэрнэт.

Будучыня — гэта электронная падпіска, электронныя грашовыя пераводы. Мы плануем развіваць электронны гандаль.

- Здаецца, што пакуль мала ў каго ёсць электронныя кашалькі.

— Гэта сёння таксама не праблема, паверце. Уладальнікі пластыкавых картак могуць карыстацца імі і ў інтэрнэце.

- Як будзе выглядаць галоўная зала Магілёўскага паштамта праз некалькі дзясяткаў гадоў?

— Мне падаецца, яна і не вельмі памянялася за апошнія некалькі дзясяткаў гадоў: толькі што інтэр'ер сучасны і камп'ютары на кожным працоўны месцы. Пошта застаецца поштай — так будзе і далей. Нічога не памяняецца, калі бліжэйшым часам навукоўцы не знойдуць спосаб імгненнага перамяшчэння прадметаў у прасторы. А гэта, пагадзіцеся, усё ж малаверагодна. Тэлепартацыю можна пабачыць пакуль толькі ў кіно.

Паштовае
паскарэнне

- Якая з паштовых паслуг самая сучасная, на ваш погляд?

— Паскораная пошта. Сёння адправіць — заўтра атрымаць, альбо нават сёння на сёння. Залежыць ад таго, адкуль апраўляюць і куды. З Магілёва ў Мінск на заўтра — каля 12 тысяч рублёў. У параўнанні з нашымі канкурэнтамі, гэта няшмат.

- Як вы зацікаўліваеце сваіх кліентаў ва ўмовах высокай канкурэнцыі?

— Мы імкнёмся не марнаваць іх час. У нас з'явіліся даведачна-плацежныя тэрміналы, таксама арганізоўваем працу без чэргаў. Арганізацыі і прадпрыемствы абслугоўваюцца асобна, ездзім у офісы, прымаем падпіску па факсе. Каб людзі не чакалі, максімальна паскараем працэс. І яшчэ ў нас не губляецца карэспандэнцыя, якая рэгіструецца. Мы ніколі не губляем пакеты і пасылкі, каштоўныя і заказныя пісьмы.

Продаж марак, здзяйсняе толькі пошта.

- А хто сёння захапляецца імі? Заўзятыя філатэлісты ды дзеці?

— Напрыклад, я стала нядаўна збіраць маркі. Набываю тое, што падабаецца.

У пачатку года мы ладзілі філатэлістычную выставу. На адкрыццё прыйшлі магілёўскія філатэлісты: іх таварыства працуе, ім ёсць куды развівацца. А потым на выставу прыходзіла сапраўды шмат дзяцей з бацькамі, якія цікавіліся і выбіралі нешта прыгожае для сваіх першых калекцый.

Мы ў асноўным гандлюем маркамі са знакамі паштовай аплаты, а вось з цікавых — рэалізуем няшмат. Але на міжнародных мерапрыемствах маркі часта набываюць замежнікі ў якасці сувеніраў.

- І апошняе. Быць паштавіком — гэта… Працягніце.

— З аднаго боку, прызначэнне. З іншага — вялікая адказнасць. Таму жадаю калегам задавальнення ад працы, адпаведнага матэрыяльнага ўзнагароджання і дабрабыту кожнай сям'і.

Газета «Звязда» (№163 за 27 жніўня  2011 года)


Все новости | Май 2020 | Апрель 2020 | Март 2020 | Февраль 2020 | Январь 2020 | Декабрь 2019 | Ноябрь 2019 | Октябрь 2019 | Сентябрь 2019 | Август 2019 | Июль 2019 | Июнь 2019 | Май 2019 | Апрель 2019 | Март 2019 | Февраль 2019 | Январь 2019 | Декабрь 2018 | Ноябрь 2018 | Октябрь 2018 | Сентябрь 2018 | Август 2018 | Июль 2018 | Июнь 2018 | Май 2018 | Апрель 2018 | Март 2018 | Февраль 2018 | Январь 2018 | Декабрь 2017 | Ноябрь 2017 | Октябрь 2017 | Сентябрь 2017 | Август 2017 | Июль 2017 | Июнь 2017 | Май 2017 | Апрель 2017 | Март 2017 | Февраль 2017 | Январь 2017 | Декабрь 2016 | Ноябрь 2016 | Октябрь 2016 | Сентябрь 2016 | Август 2016 | Июль 2016 | Июнь 2016 | Май 2016 | Апрель 2016 | Март 2016 | Февраль 2016 | Январь 2016 | Декабрь 2015 | Ноябрь 2015 | Октябрь 2015 | Сентябрь 2015 | Август 2015 | Июль 2015 | Июнь 2015 | Май 2015 | Апрель 2015 | Март 2015 | Февраль 2015 | Январь 2015 | Декабрь 2014 | Ноябрь 2014 | Октябрь 2014 | Сентябрь 2014 | Август 2014 | Июль 2014 | Июнь 2014 | Май 2014 | Апрель 2014 | Март 2014 | Февраль 2014 | Январь 2014 | Декабрь 2013 | Ноябрь 2013 | Октябрь 2013 | Сентябрь 2013 | Август 2013 | Июль 2013 | Июнь 2013 | Май 2013 | Март 2013 | Февраль 2013 | Январь 2013 | Декабрь 2012 | Ноябрь 2012 | Октябрь 2012 | Сентябрь 2012 | Август 2012 | Июль 2012 | Июнь 2012 | Май 2012 | Апрель 2012 | Март 2012 | Февраль 2012 | Январь 2012 | Декабрь 2011 | Ноябрь 2011 | Октябрь 2011 | Сентябрь 2011 | Август 2011 | Июль 2011 | Июнь 2011 | Май 2011 | Апрель 2011 | Март 2011 | Февраль 2011 | Январь 2011 | Декабрь 2010 | Ноябрь 2010 | Октябрь 2010 | Сентябрь 2010 | Август 2010 | Июль 2010 | Июнь 2010 | Май 2010 | Апрель 2010 | Март 2010 | Февраль 2010 | Январь 2010 | Декабрь 2009 | Ноябрь 2009 | Октябрь 2009 | Сентябрь 2009 | Август 2009 | Июль 2009 | Июнь 2009 | Май 2009 | Апрель 2009 | Март 2009 | Февраль 2009 | Январь 2009 | Декабрь 2008 | Ноябрь 2008 | Октябрь 2008 | Сентябрь 2008 | Август 2008 | Июль 2008 | Июнь 2008 | Апрель 2008 | Март 2008 | Октябрь 2007
Версия для печати