Нягледзячы на тое, што да разгару падпісной кампаніі на 4-ы квартал гэтага года яшчэ далёка, рэдакцыя газеты вырашала не адкладваць на апошнія дні выезды "ў народ" для ўручэння прызоў сваім падпісчыкам, якія захавалі дружбу з газетай як мінімум на бліжэйшыя паўгода. Тым больш, каштоўныя падарункі на гэты раз даволі арыгінальныя, з прывязкай на летні грыбны-ягадны сезон: сокавыціскалкі, электрасушылкі
Першы маршрут з такімі прызамі быў пракладзены на Віцебшчыну. На жаль, наша даўняя падпісчыца з Бешанковіч Ганна Пятроўна Скромная з-за сталага ўзросту — ў свае 87 гадоў здароўе ўжо не тое, каб пячыся на сонцы — не змагла прыбыць на раённую пошту, каб атрымаць сокавыціскалку "Журавінка". Праўда, дзякуючы ініцыятыве намесніка начальніка РВПС Святланы Васілевіч прыз дойдзе да адрасата своечасова: па даручэнні бабулі, да якой газета "Звязда" прыходзіць у дом каля 40 гадоў, такую неабходную ў гаспадарцы рэч для атрымання вітаміннай прадукцыі атрымала яе ўнучка Ганна, якая прыехала на пошту на аўтамабілі разам з дачкой Палінай. Віншуем!!!
Глыбоцкі раён традыцыйна лічыцца звяздоўскім. Што ні розыгрыш, то прыз абавязкова. Вось і на гэты раз усё атрымалася, як заўсёды: электрапрас. І зноў сустрэча на раённай пошце. Праўда, жыхар Глыбокага Аляксей Пятровіч Кучынскі, якому выпаў прыз, з-за хваробы не меў магчымасці прыйсці самастойна, таму на сустрэчу адправіў сваю жонку Галіну Андрэеўну, якая з задавальненнем яго атрымала.
Фініш нашай паездкі быў запланаваны на Міншчыне ў Мядзельскім раёне. Яшчэ з мінулага розыгрышу "Лепшаму кіяскёру — звяздоўскі прыз" у рэдакцыі газеты электрачайнік чакаў сваіх гаспадынь. Па выніках сумеснага конкурсу газеты "Звязда" і "Саюздрука" імі аказаліся прадаўцы газеты кіёска № 39
г. Мядзела Уладзіслава Шкадун і Людміла Юдыцкая. Дарэчы, менавіта апошняя і была на баявым пасту падчас нашага візіту і атрымала каштоўны прыз. Так трымаць!
Газета «Звязда» (№138 за 23 лiпеня 2011 года)