— Ваша газета ніколі не здраджвае нашай роднай мове — за гэта я вас асабліва паважаю, — гаворыць начальнік Буда-Кашалёўскага раённага вузла паштовай сувязі Вольга Шмалей. — У нашым раёне, які знаходзіцца зусім недалёка ад Гомеля, цяпер 34 аддзяленні паштовай сувязі. Па адным на кожную тысячу насельніцтва атрымліваецца. Усе працуюць сумленна, але ж зараз найбольш складана старшаму інструктару па падпісцы Святлане Сянько. Яна імкнецца зрабіць усё, каб нашы людзі не пазбавіліся магчымасці чытаць самую свежую прэсу своечасова.
З тымі ж мэтамі быў арганізаваны і дзень падпісчыка, які праходзіў пад невялічкім дожджыкам ля будынка раённага вузла сувязі. Людзі, тым не менш, не разыходзіліся, хоць і хаваліся пад дрэвы. І актыўна прымалі ўдзел, у тым ліку ў конкурсах ад "Звязды".
Каля 190 чалавек сёння прадстаўляюць паштавікоў Буда-Кашалёўшчыны. Між іншым, традыцыйныя паштальёны, якія разносяць пенсіі, пісьмы, газеты і часопісы, сёння займаюцца і самымі рознымі іншымі паслугамі насельніцтву. Сярод апошніх, імі засвоеных — экспрэс-страхаванне.
— Я сама — быццам перасоўнае аддзяленне сувязі, — шчыра ўсміхаецца начальнік Вольга Шмалей. — 10 гадоў, як працую ў гэтай сферы. Усе нашы паштовыя тэхналогіі засвоіла. Але ж пачынала ў Рэчыцы, потым у Гомелі працавала, і вось хутка год, як у Буда-Кашалёве. У нас працуюць вельмі ўважлівыя людзі, якія ўмеюць наладзіць кантакт з людзьмі. Ім няпроста працаваць сёння, але яны вельмі добрасумленна ставяцца да сваёй справы. Гэта і Галіна Віктараўна Лапіцкая з аддзялення сувязі Уза, і Святлана Аркадзеўна Старыкова з аддзялення сувязі Нядойка, і Зоя Васільеўна Радзькова з аддзялення сувязі Кашалёва, і многія іншыя нашы супрацоўнікі. Ім усім уласцівыя абавязковасць, уменне сістэматызаваць дзейнасць і, вядома ж, сумленнасць.
Адрес в Интернет: http://www.www.belpost.by/press-centre/news-release/398.html
© РУП «Белпочта», 2008 — 2020