(Заканчэнне. Пачатак у нумары за 24 мая.)
Часам тэлефануюць людзі з нейкімі праблемамі. Бываюць і складаныя кліенты, і трэба падбіраць свае падыходы, каб пагутарыць з чалавекам, які "на ўзводзе".
— Складана на "даведачцы" працаваць, — падтрымлівае гаворку Тамара Шпілеўская, якая да таго, як за інфармацыю адказваць, спазнала ўсе тонкасці з жыцця пошты, бо працавала і паштальёнам, і кіраўніком пошты, — тут патрэбна і тактоўнасць, і стрыманасць, неабходна быць у нейкай ступені і псіхолагам. Бывае і проста адзінокія людзі тэлефануюць, якім хочацца пагаварыць, а мы разумеем, што час абмежаваны і на іншыя лініі паступаюць новыя званкі.
Часам людзі абураюцца з-за таго, што ў свой час яны не атрымалі пэўнае выданне. А ў гэтым і няма віны пошты, такія затрымкі могуць быць звязаныя, напрыклад, з працай рэдакцый, калі адтуль пэўны часопіс яшчэ не паступіў. Калі вы хвалюецеся, каб ніхто не выцягнуў выпісаныя выданні з паштовай скрыні, таксама можаце падстрахавацца — скарыстацца паслугай з рук у рукі. За невялікую дадатковую плату паштальён будзе непасрэдна ў вашу кватэру дастаўляць любое перыядычнае выданне.
На сталах у супрацоўнікаў даведкі шмат папер. Неабходную інфармацыю яны вышукваюць і праз камп'ютар. Але шмат якую інфармацыю яны трымаюць і ў галаве: напрыклад, на аўтамаце выдаюць індэксы асобных паштовых аддзяленняў ці тарыфы па паштовых адпраўленнях.
Бывае, што супрацоўнікам даведкі такое пытанне зададуць, што адказаць на яго — усё роўна, што рэбус адгадаць. Неяк пэтэлефанавала жанчына і папрасіла сказаць тэлефон пошты, якая знаходзіцца на рацэ Свіслач, назвы вуліцы жанчына не ведала.
Здавалася, за той час, што мы "аддзяжурылі" разам з даведачнай службай, былі задзейнічаны ўсе яе супрацоўнікі. То адзін тэлефон зазвініць, то другі. Але як нам патлумачылі — гэта яшчэ зацішша (час прыпаў на абедзенны перапынак), а так, асабліва зранку, супрацоўніцы адказваюць адразу на чатыры звароты і яшчэ апарат мігае — на чарзе новыя людзі з новымі пытаннямі. Асабліва актыўны народ зранку да гадзіны дня. Ну і вядома, самыя цяжкія дні выдаюцца перад святамі, асабліва навагоднімі і 8 сакавіка. Затое і святочных віншаванняў наўрад ці нехта атрымлівае больш за супрацоўнікаў даведачнай службы. І не толькі таму, што ў кліентаў настрой у такі час добры. Але і таму, што працуюць у даведцы сапраўды душэўныя, адкрытыя, шчырыя жанчыны. І дружны калектыў даведачнай службы заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу.
Працуе даведка па буднях з 9 да 20 гадзін без перапынку на абед. У суботу з 9 да 17. Нядзеля — выхадны.
Газета «Звязда» (№120 за 29 чэрвеня 2011 года)
Адрес в Интернет: http://www.www.belpost.by/press-centre/news-release/393.html
© РУП «Белпочта», 2008 — 2020