Павільён № 20 "Магілёўсаюздрука" месціцца на бойкім месцы: у самым цэнтры Магілёва, каля мэрыі і медыцынскага цэнтра. Таму змена прадаўшчыц — Валянціна Сільчанка, Анжэла Цакунова і Міла Шавырына — адказваюць на пытанні, не адыходзячы ад шматлікіх пакупнікоў. Адным тэрмінова патрэбна цікавая дзіцячая кніжка, другім — газеты, трэцім — цацкі.
Валянціна Сільчанка абслугоўвае цэлую кампанію хлопчыкаў. Малыя паведамілі, што бацькі далі ім грошы на знак добрага заканчэння вучэбнага года, і цяпер яны маюць права самастойна выбраць сабе цацкі для гульні ў "вайнушку". У выніку набылі "оптам" пісталет, двухстволку і аўтамат.
- У нас вялікі выбар самых розных тавараў, — тлумачыць прадавец. — Але ўсё ж найбольшая ўвага надаецца продажу друкаваных перыядычных выданняў.
Новы павільён замест звычайнага круглага кіёска адкрыўся тут 1 мая: і прадаўцы, і пакупнікі ўжо паспелі ацаніць перавагі сучаснага збудавання. Жанчыны хваляцца добрымі ўмовамі працы, людзі з задавальненнем выбіраюць і набываюць тавар.
- Кожны чалавек можа выбраць зручны варыянт: альбо звярнуцца ў акенца і хутка атрымаць патрэбнае, альбо зайсці ў краму і самому выбіраць, што падабаецца, — гавораць жанчыны. — Адразу стала лепей прадавацца перыёдыка, бо цяпер пакупнік можа паглядзець на выданне, нават патрымаць яго ў руках, пачытаць загалоўкі і ўрэшце вырашыць, дзе найбольш актуальная для яго інфармацыя.
Беларускую газету "Звязда", тлумачаць прадаўшчыцы, выкладаюць на першы план і імкнуцца зацікавіць пакупнікоў актуальнымі і цікавымі артыкуламі. Гэта і дазволіла вылучыцца сярод іншых у конкурсе рэспубліканскага "Саюздрука" і газеты "Звязда".
- Выйгрыш у конкурсе — гэта не толькі мая асабістая заслуга, але і ўсёй нашай змены, — гаворыць Валянціна Сільчанка. — Таму будзем карыстацца падараваным чайнікам тут, на працы, усе разам.
Сама Валянціна Якаўлеўна — вопытны работнік гандлю. Раней працавала ў харчовай краме, але пасля яе закрыцця знаёмыя параілі ёй спытацца пра працоўнае месца ў сістэме "Саюздрука". Такое месца знайшлося, і жанчына лічыць, што ёй сапраўды пашанцавала. Прынамсі, газетамі гандляваць лепей, чым харчамі: друкаваная прадукцыя даўжэй захоўваецца!" — жартуе Сільчанка.
Цяпер няпростыя часіны, але ў павільёне № 20 "Магілёўсаюздрука" ўпэўнена гавораць, што людзі знаходзяць грошы на газеты.
- Ім патрэбна друкаванае слова! — лічыць Валянціна Якаўлеўна. — Таму нашы людзі набываюць перыядычныя выданні і чытаюць іх.
І цяпер не столькі ім патрэбны забаўляльныя расповеды пра сенсацыі і "зорак", колькі дакладная і ўзважаная інфармацыя пра цэны, курсы і эканамічнае становішча ў краіне ўвогуле. Менавіта пра гэта найперш хочуць даведацца пакупнікі перыёдыкі.
- Нам хацелася б пажадаць сваім калегам, журналістам і ўвогуле ўсім людзям, каб яны ашчадна ставіліся да свайго здароўя і меней хваляваліся, таму што жыццё кароткае, і хацелася б, каб яно было больш доўгім і лягчэйшым, — з такімі словамі звяртаецца праз "Звязду" Валянціна Сільчанка і яе сяброўкі па калектыве. — Заходзьце да нас у павільён, мы будзем вам вельмі рады!
Адрес в Интернет: http://www.www.belpost.by/press-centre/news-release/392.html
© РУП «Белпочта», 2008 — 2020