Ігар Кіеня,
г. Баранавічы
- Згодна з Законам Рэспублікі Беларусь "Аб падаходным падатку з фізічных асобаў", аб'ектам падаткаабкладання з'яўляюцца даходы, атрыманыя ад крыніц за межамі нашай краіны. Даходы ў выглядзе таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў, атрыманыя пры дапамозе паштовых аддзяленняў сувязі, для мэтаў падаткаабкладання адносяцца да даходаў атрыманых у натуральнай форме.
Памер абкладаемага падаткам даходу, атрыманага грамадзянінам з-за мяжы ў натуральнай форме праз аддзяленне сувязі, вызначаецца згодна з коштам на дакументах, якія пацвярджаюць атрыманне паштовай пасылкі. Калі кошт пасылкі не ўказаны, тады фізічная асоба самастойна заяўляе аб памеры атрыманага даходу, згодна з якім падатковыя органы налічваюць для выплаты падатковы падатак. Пры гэтым адначасова з дэкларацыяй кліент павінен прадставіць тлумачэнні адносна змесціва пасылкі.
Падатковая дэкларацыя аб атрыманым на працягу падатковага перыяду сукупным гадавым даходзе падаецца ў падатковы орган не пазней за 1 сакавіка. Разлік падатку ажыццяўляецца падатковым інспектарам на працягу 15 дзён з дня падачы падатковай дэкларацыі. Падатак трэба выплаціць не пазней 15 дзён з дня атрымання адпаведнай паперы падатковага органа.