На сталічным Галоўпаштамце прайшоў рэспубліканскі дзень падпісчыка, на які "Звязда", вядома ж, прыйшла з прызамі. На гэты раз шчаслівы квіток выпаў нашай пастаяннай падпісчыцы Людміле Стасілевіч.
"Звязду" Людміла Іосіфаўна выпісвае ўжо гадоў з дзевятнаццаць.
— Раней усе на прадпрыемстве на газеты падпісваліся, — гаворыць падпісчыца (усё жыццё Людміла Стасілевіч працавала на гадзіннікавым заводзе, нават калі на пенсію пайшла, засталася працаваць пры спартыўным комплексе завода). — Я ж адзін год на "Звязду" падпішуся, потым на год — на "Мінскую праўду", і так чаргавала, а пасля ўсё ж вырашыла спыніцца на "Звяздзе", яна мне больш спадабалася. І з таго часу — разам з газетай. Там нешта кіпіць, а тут газета ляжыць. Газета ўбаку толькі, калі справа такая, што ад яе нельга адцягваць увагу.
Чытае ж "Звязду" Людміла Іосіфаўна, як той казаў, ад коркі да коркі:
— Мне ўсё цікава: як людзі жывуць, як працуюць, як адпачываюць. Хочацца даведацца, і як прадпрымальнікі працуюць, і як парламентарыі. Сканворд абавязкова разгадаць трэба. А гумар, што чытачы гісторыі дасылаюць, дык і асабліва не абміну. На мой погляд, тут дастаткова рознай інфармацыі, у газеце пастаянна нешта змяняецца, з'яўляюцца новыя рубрыкі. Тут і парад шмат добрых па гаспадарцы. Вось нядаўна скарысталася адной з апошніх газет — як накіп адмыць. Дык не падманулі ж! У мяне агарода няма, таму падобныя парады не патрэбны, затое сястры тэлефаную ва Узду, нешта падказваю. Як унукі меншыя былі, у школе вучыліся, часам з газеты для сябе інфармацыю выкарыстоўвалі
Я заўсёды падпісваюся на паўгода, а то не паспееш апамятацца, а трэба зноў падпісвацца. Іду пенсію атрымліваць — і квіточак кіну: няхай канкурэнцыя будзе сярод падпісчыкаў, а то нецікава выйграваць, калі няма з кім спаборнічаць. Вось толькі падпісалася — і пачынаю збіраць грошы на наступную падпіску. Прыйдзе час — а грошы на газету ўжо будуць. І на лекі штомесяц грошы адкладаю. Напрыклад, раней прэпарат я па 7 тысяч набывала, потым па 23, а цяпер гляджу, новы кошт на гэтыя ж лекі — 35! І набываць трэба, бо больш танных аналагаў няма. Такім чынам, адклала грошы на газету, на лекі, з дачкой на плату за кватэру склаліся, а астатняе — праелі.
— Дык можа ў вас парада якая ёсць, як пратрымацца ў такой эканамічнай сітуацыі? — цікавімся ў чытачкі.
— О, не. Тут у кожнага сваё. Тут цяжка парады даваць, людзі самі рашаць павінны.
— Але ж вы, нягледзячы ні на што, аптымізму не губляеце?
— А навошта? Тады атрымаецца, і жыць не трэба!