Версия для слабовидящих
Услуги
Тарифы
Справка

Пресса о нас / 24.05.11

Газета «Звязда» Ірына Саксонава, намеснік генеральнага дырэктара РУП «Белпошта» «...Многія з нашых вытворцаў падобны пакуль на кепскую гаспадыню, якая, можа, і ўмее гатаваць, ды не ўмее падаваць» (№94 за 24 мая 2011 года)

…Гэты шлюб для Германіі цікавы хіба месцам і датай рэгістрацыі — Мінск 25 снежня, (Каляды за свята ў нас тады не лічыліся — вядома ж, на афіцыйным узроўні). Для Беларусі, — ці не ўсім? Тым што немцы, бацькі маладога, прымалі нявестку (першы раз прыехала!) на лецішчы, дзе не расло аніводнага агурка з памідорам — толькі трава і кветкі; тым, што, прымаючы, яны не склікалі гасцей і не накрылі святочнага стала (значыць, не рады — яна ўсю ноч праплакала. А ў іх — проста завядзёнкі не было есці па вечарах); тым, што назаўтра на кухні (яна ж прывезла з сабой айчыннай сухой каўбасы!) не знайшла ніводнага нармальнага нажа (у новай сям'і, як і ў большасці тутэйшых, ежу не гатавалі — куплялі гатовую (нарэзаную), якую трэба было хіба разагрэць); тым, што ў паўнюткія крамы з розным прамысловым таварам люд мясцовы хадзіць не хацеў: усё — ад шкарпэтак да складанай бытавой тэхнікі — выбіраў па каталогах, замаўляў і аплачваў пасля таго, як тавар даставяць па пошце…

"Гэта — не па-нашаму, не па-беларуску, у нас такога, мусіць, ніколі не будзе!" — пісала дамоў маладая жанчына.

Памылілася. Праўда, прайшло не паўгода, як пяецца ў вядомай песні, а значна больш, але ж і ў нас з'явіліся і гастраномы з ужо гатовымі стравамі, і гіпермаркеты з гіблотай розных тавараў, і дачы з газонамі… Нават каталогі з прадукцыяй айчынных вытворцаў…

— Гэтую, адносна новую для сябе, паслугу, — гаворыць намеснік генеральнага дырэктара РУП "Белпошта" Ірына Ігнацьеўна Саксонава,- мы ўкаранілі ў лютым мінулага года. Што паслужыла штуршком? Відаць, тое, што так званы дыстанцыйны гандаль, інтэрнэт-гандаль вядомы ва ўсім свеце і даўно, што ён там вельмі актыўна развіваецца. А значыць, выгадны — прычым усім: пакупніку — зручна нешта выбіраць, седзячы на канапе і гартаючы каталогі, зручна замаўляць, атрымліваць пакупку з дастаўкай… Не кажучы ўжо пра цэны і пра тое, як потым зручна мераць! Бо гэта ж не на рынку за нейкай занавескай, не ў цеснай кабінцы, а перад сваім люстэркам, перад блізкімі, якія могуць і ацаніць той выбар, і нешта параіць…

Выгадна гэта і прадпрыемствам-вытворцам. Падкрэслю — ва ўсім свеце, паўсюль. Дык чаму б не ў нас?

Карацей, да дзясяткаў іншых традыцыйных і нетрадыцыйных нашых паслуг мы вырашылі дабавіць гэтую: акрэслілі кола прадпрыемстваў, якія могуць ёй зацікавіцца, накіравалі камерцыйную прапанову: так і так, маўляў, РУП "Белпошта" — гэта амаль чатыры тысячы аддзяленняў сувязі, адзінаццаць з паловай тысяч паштальёнаў, якія з дапамогай каталогаў змогуць данесці інфармацыю пра вашу прадукцыю на самы далёкі хутар, прыняць і накіраваць вам заказы, а потым даставіць пасылкі з таварамі і на вашы рахункі пералічыць грошы.

За свае сродкі "Белпошта" выдала і разаслала па ўсіх аддзяленнях сувязі першы каталог — з каляровымі здымкамі, апісаннем тавараў, іх памерамі, цэнамі…

У ім, тым першым каталогу, была прадукцыя нашага сталічнага "Гарызонта", Магілёўскай "Стужкі", Гродзенскага "Сукна", Слонімскага "Тэкстыльшчыка"… Не магу пахваліцца, што справа адразу ж пайшла — і шпаркімі тэмпамі, але ж яна скранулася! Прынамсі, у апошнім выпуску каталога прапаноўваюць свае вырабы ўжо сем прадпрыемстваў, за мінулы год мы даставілі кліентам звыш пяці тысяч пасылак.

- Да прадаўцоў далучыліся, наколькі ведаю, нашы добра вядомыя (нават за межамі) Аршанскі льнокамбінат, Брэсцкі панчошны, радыётэхнічны завод, Жлобінская "Белфа"… У каталогу і вырабы ААТ "Зубрава". Сорамна прызнавацца, Ірына Ігнацьеўна, але аб прадукцыі гэтага акцыянернага таварыства раней чуваць не было.

— Гэта — новае і ці не адзінае ў нашай краіне прадпрыемства, якое выпускае спартыўны інвентар, прадметы для адпачынку — і досыць высокай якасці. Нам прыемна, што яны адгукнуліся на нашу прапанову аб супрацоўніцтве, з дапамогай каталогаў зрабілі сабе рэкламу, а гэта значыць, паказалі ўсёй Беларусі, што канкрэтна яны выпускаюць. А пакупнікі ж у нас розныя: нехта сёння ўбачыў, заўтра заказаў, нехта — схільны адкладваць пакупку на нейкі тэрмін… Таму заяўкі на іх прадукцыю, попыт, ведаю, ёсць і, думаю, будзе.

- Перавага гандлю па каталогах не толькі ў тым, што з іх дапамогай прадпрыемствы могуць зрабіць рэкламу сваім вырабам, на старонках можна прадставіць увесь асартымент. Прынамсі, мае госці з суседняй Украіны пазалетась купілі ў Мінску шыкоўны абрус. Акурат такі ж шукалі ў продажы летась, але не знайшлі… А ў каталогах, бачу, ён ёсць. Там жа, на каляровых здымках, і ці не ўсё найлепшае ад знакамітай "Стужкі". Нават у сталічных крамах (не кажучы ўжо пра сельскія) асартымент прадукцыі, як падаецца, не такі шырокі.

— Магчыма… Мне наогул падабаецца работа гэтага прадпрыемства, бо па цяперашнім часе мала, згадзіцеся, выпускаць (нават вельмі якасную прадукцыю), трэба ўмець яе паказаць, знайсці пакупнікоў. "Стужка", нягледзячы на тое, што ў яе шмат, напэўна ж, буйных заказаў (у тым ліку з-за мяжы), не адкінула яшчэ і "каталожныя", можна сказаць, адзінкавыя ці прыватныя. У Мінску гэта прадпрыемства адкрыла сваё прадстаўніцтва, ёсць чалавек, які аператыўна (дарагая лыжка к абеду) выконвае ўсе заяўкі пакупнікоў (мы, дарэчы, для гэтага распрацавалі электронную базу — стварылі магчымасць усе суправаджальныя дакументы фарміраваць у электронным выглядзе, што, безумоўна, ж паскорыць выкананне заказаў…

А далей — кошт на прадукцыю "Стужкі — гардзіны, занавескі, настольнікі — не высокі, якасць добрая. І гэта, як кажуць, бачна здалёк. У выніку — адзін чалавек купіў, на вокны павесіў, — 20 заўважыла, яшчэ 5 замовіла.

- Ірына Ігнацьеўна, відавочна і яшчэ адно: гандаль па каталогах можа прынесці айчынным прадпрыемствам няхай невялікі, але ж прыбытак… Не вымагаючы пры гэтым нейкіх дадатковых выдаткаў. Тады чаму, на вашу думку так мала ахвотных падхапіць ініцыятыву "Белпошты", далучыцца да смелых: у першым каталогу было 4 прадпрыемствы, у наступных (яны выпускаюцца кожны квартал) толькі 6-7. Што ж іншыя?

— Камерцыйныя прапановы мы рассылаем пастаянна і па спісе, у якім больш чым 200 адрасоў. Чаму на іх не адгукаюцца, у чым прычына? Па маім, можа, і памылковым меркаванні — прычына ў звычайнай недальнабачнасці, звычцы працаваць, "як тады", бо яно ж, згадзіцеся, лягчэй тым самым кіраўнікам прадпрыемстваў (умоўна) адгрузіць сваю прадукцыю, з дапамогай нейкага транспарту завезці ў крамы і лічыць, што ўсё — іх справа зроблена. А далей — няхай ужо ўсё вырашае. Некалі ж збудзе, прадасць: уперад грошай чакалі, — пачакаем і цяпер. Можна, вядома ж, чакаць. І паралельна — прадаваць пакрысе, не палячы бензін і фурамі нікуды не вывозячы… Але гэта пакуль не наш менталітэт.

Думаю, што з цягам часу ён зменіцца, павінен змяніцца! Хоць тут ёсць і сур’ёзныя прычыны. Многіх, мяркуючы па тэлефонных званках, стрымлівае залежнасць ад пастаўшчыкоў сыравіны, змяненні асартыменту, курсу долара, непастаянства цэн, палохае дадатковы галаўны боль, якога, безумоўна, і без таго хапае. Але нельга з-за яго не бачыць сваёй выгады: прынамсі, рэалізуючы прадукцыю па каталогах, прадпрыемствы эканомяць на транспартных выдатках, на гандлёвых нацэнках, выйграюць час, бо ніводная ж крама не будзе пералічваць вытворцам грошы за адну-дзве, напрыклад, прададзеныя коўдры, а вось аддзяленні сувязі (паўтаруся — іх у краіне амаль чатыры тысячы), — будуць!

- Ірына Ігнацьеўна, ёсць, відаць, сэнс гаварыць і пра цэны. За кілаграм той жа цыбулі-сеянкі на пошце на згон зімы людзі плацілі па 8-10 тысяч, на сталічным Камароўскім рынку ў красавіку-маі — ад 30 да 50. Ёсць, як кажуць, розніца!.. У каталогах тавараў айчынных вытворцаў зроблена прыпіска пра магчымыя змены, але ж цэны на ўсе тавары істотна ніжэйшыя, чым у крамах. Колькі можна зэканоміць на іх пакупцы?

— Усё залежыць ад вагі. На, скажам так, цяжкаватых абрусах з лёну — менш, на больш лёгкіх вырабах — са штучнага футра, шэрсці, на коўдрах, пледах, гардзінах — больш (калі ў лічбах, то на нечым дробным, можа, тысячу-дзве, на нечым — і дваццаць-трыццаць), бо кошт тавараў у каталогах складаецца з адпускной цаны прадпрыемства і зусім нязначных паштовых расходаў на перасылку (паўтаруся — ніякіх гандлёвых "накрутак").

Да таго ж трэба мець на ўвазе, што чалавек, набываючы нейкі тавар па каталогу, не марнуе свой час: яму не трэба ісці ў краму альбо ехаць па нешта ў райцэнтр, да таго ж замоўленае пошта даставіць непасрэдна па адрасе. Як і любую пасылку.

- Дарэчы, перад святамі, не вам казаць, іх колькасць узрастае, бо людзям хочацца павіншаваць адно аднаго, даслаць нейкія падарункі. Цяпер для таго, каб гэта зрабіць, трэба пайсці ў краму, купіць, прынесці на пошту… Можа, ёсць намеры неяк спрасціць гэтую "працэдуру"?

— Ёсць. У ліпені "Белпошта" плануе адкрыць сваю інтэрнэт-пляцоўку. Гэта значыць, што ў нашага кліента з'явіцца магчымасць зайсці на наш сайт, выбраць пэўны тавар, аплаціць з дапамогай банкаўскай карткі. А ўжо даставіць — справа для нас даўно прывычная. Можна нават у замоўлены дзень і час, да таго ж — разам з кветкамі.

- Тады ў двух словах пра электронную чаргу на галоўным паштамце — новую паслугу пошты.

— Яе ўкаранілі зноў жа дзеля кліента. Раней ён заходзіў у круглую залу, глядзеў, у якім з 15 акенцаў меншая чарга, станавіўся ў хвост. Здаралася, каб хутчэй было, займаў яшчэ адну, мітусіўся, нерваваўся. Цяпер на ўваходзе можна націснуць кнопку патрэбнай паслугі, атрымаць талончык з нумарам электроннай чаргі. Праз колькі хвілін па гучнай сувязі кліента запросяць да пэўнага акенца. Зручна.

- Але ж, упэўнена, многім хацелася б, каб гэтыя запрашэнні ў сталіцы Беларусі, у адным з першых будынкаў на праспекце Незалежнасці, гучалі на першай дзяржаўнай мове — па-беларуску.

— Дзякуй за падказку. Мы над гэтым падумаем. І добра было б, каб нашы кліенты падумалі над тым, ці не варта нешта купіць па каталогах. А нашы айчынныя вытворцы — ці не варта прадаць (ці хаця б паспрабаваць — для пачатку). Бо пакуль вельмі многія з іх падобныя на кепскую гаспадыню, якая, можа, і ўмее гатаваць, ды не ўмее падаваць. Але, што крыўдна, — не хоча нават вучыцца!


Все новости | Май 2020 | Апрель 2020 | Март 2020 | Февраль 2020 | Январь 2020 | Декабрь 2019 | Ноябрь 2019 | Октябрь 2019 | Сентябрь 2019 | Август 2019 | Июль 2019 | Июнь 2019 | Май 2019 | Апрель 2019 | Март 2019 | Февраль 2019 | Январь 2019 | Декабрь 2018 | Ноябрь 2018 | Октябрь 2018 | Сентябрь 2018 | Август 2018 | Июль 2018 | Июнь 2018 | Май 2018 | Апрель 2018 | Март 2018 | Февраль 2018 | Январь 2018 | Декабрь 2017 | Ноябрь 2017 | Октябрь 2017 | Сентябрь 2017 | Август 2017 | Июль 2017 | Июнь 2017 | Май 2017 | Апрель 2017 | Март 2017 | Февраль 2017 | Январь 2017 | Декабрь 2016 | Ноябрь 2016 | Октябрь 2016 | Сентябрь 2016 | Август 2016 | Июль 2016 | Июнь 2016 | Май 2016 | Апрель 2016 | Март 2016 | Февраль 2016 | Январь 2016 | Декабрь 2015 | Ноябрь 2015 | Октябрь 2015 | Сентябрь 2015 | Август 2015 | Июль 2015 | Июнь 2015 | Май 2015 | Апрель 2015 | Март 2015 | Февраль 2015 | Январь 2015 | Декабрь 2014 | Ноябрь 2014 | Октябрь 2014 | Сентябрь 2014 | Август 2014 | Июль 2014 | Июнь 2014 | Май 2014 | Апрель 2014 | Март 2014 | Февраль 2014 | Январь 2014 | Декабрь 2013 | Ноябрь 2013 | Октябрь 2013 | Сентябрь 2013 | Август 2013 | Июль 2013 | Июнь 2013 | Май 2013 | Март 2013 | Февраль 2013 | Январь 2013 | Декабрь 2012 | Ноябрь 2012 | Октябрь 2012 | Сентябрь 2012 | Август 2012 | Июль 2012 | Июнь 2012 | Май 2012 | Апрель 2012 | Март 2012 | Февраль 2012 | Январь 2012 | Декабрь 2011 | Ноябрь 2011 | Октябрь 2011 | Сентябрь 2011 | Август 2011 | Июль 2011 | Июнь 2011 | Май 2011 | Апрель 2011 | Март 2011 | Февраль 2011 | Январь 2011 | Декабрь 2010 | Ноябрь 2010 | Октябрь 2010 | Сентябрь 2010 | Август 2010 | Июль 2010 | Июнь 2010 | Май 2010 | Апрель 2010 | Март 2010 | Февраль 2010 | Январь 2010 | Декабрь 2009 | Ноябрь 2009 | Октябрь 2009 | Сентябрь 2009 | Август 2009 | Июль 2009 | Июнь 2009 | Май 2009 | Апрель 2009 | Март 2009 | Февраль 2009 | Январь 2009 | Декабрь 2008 | Ноябрь 2008 | Октябрь 2008 | Сентябрь 2008 | Август 2008 | Июль 2008 | Июнь 2008 | Апрель 2008 | Март 2008 | Октябрь 2007
Версия для печати