Да Верхнядзвінска з Віцебска больш за тры гадзіны на маршрутцы. Ды яшчэ ж трэба неяк дабрацца да вёскі Каханавічы, дзе жыве і працуе Таццяна Пятроўна. Дапамог прадстаўніку "Звязды"намеснік старшыні Верхнядзвінскага райвыканкама Уладзімір Яфімавіч Якаўлеў, які збіраўся ехаць па службовых справах у тым жа кірунку.
Дарэчы, вельмі запомніўся ў раёне леташні візіт маіх мінскіх калег, якія прывезлі жанчыне — шчаслівай падпісчыцы — халадзільнік. Добрым словам успомнілі Яўгена Пясецкага, нашага фотакарэспандэнта, які, па словах работніц пошты, з яшчэ адным прадстаўніком "Звязды" (прозвішча якога яны не запомнілі) падчас паводкі мужна цягнуў на сабе халадзільнік.
Да Каханавічаў даехалі хутка. Алена Міхайлаўна Кавалеўская прадставіла мне руплівага паштальёна.
Таццяна Пятроўна Глацёнак аказалася вельмі сціплым чалавекам. Расказала, што на пошце працуе пяць гадоў. Жыве ў вёсцы Каханавічы. Да таго, як стала паштальёнам, працавала гадоў дванаццаць у сельскагаспадарчай арганізацыі цялятніцай. Паколькі паштальён спяшалася па службовых справах, задаў ёй усяго некалькі пытанняў.
— А вам асабіста што ў "Звяздзе" падабаецца?
— Усё мне цікава. Навіны, інфармацыю пра цэны друкуюць і шмат іншага — газета насычаная самай рознай карыснай інфармацыяй.
- У вольны час чым любіце займацца? Можа трымаеце асабістую гаспадарку?
— Вядома ж. Карова ёсць, малако здаём, парсюкі, куры. А як жа? Старэйшаму, калі муж памёр, было 13-14 гадоў. А маленькай — гадкоў пяць. І тады не адна карова ў нас была, а тры. Дзеці ўжо выраслі. Аляксей працуе ў Верхнядзвінскім райпа, ён слесар па халадзільным абсталяванні. Максім вучыцца на чацвёртым курсе ў Полацкім гандлёва-тэхналагічным каледжы. Каця працуе кандытарам першы год. Мікалай вучыцца ў 11-м класе, а Марына — у 10-м.
- Унукаў няма яшчэ?
— Не, пакуль няма
Руплівы паштальён абслугоўвае дзве вёскі, дзе жывуць 375 жыхароў. Ад імя ўсяго калектыву рэдакцыі жадаю ёй моцнага здароўя, поспехаў у рабоце. Добрыя дзеці, павага людзей — гэта так здорава! Ёсць упэўненасць, што прас — гэта толькі першы падарунак ад нас.
Адрес в Интернет: http://www.www.belpost.by/press-centre/news-release/359.html
© РУП «Белпочта», 2008 — 2020