Версия для слабовидящих
Услуги
Тарифы
Справка

Пресса о нас / 26.03.11

Газета «Звязда» Пошта ў спадчыну (№56 за 26 марта 2011 года)

1 красавіка Магілёўскі філіял РУП "Белпошта" адзначыць 15-годдзе з дня рэарганізацыі, калі на базе Магілёўскага абласнога вытворча-тэхнічнага ўпраўлення сувязі і інфарматыкі былі створаны два асобныя прадпрыемствы — электрычнай і паштовай сувязі.

У паштовай сувязі Магілёўскай вобласці захоўваюцца працоўныя дынастыі, агульны стаж якіх складае ад 180 гадоў. Адна з іх — ядомая крычаўская дынастыя Грабскіх.
 
Першымі цацкамі Васіля Грабскага сталі пустыя паштовыя скрынкі, бо маці працавала ў вясковым паштовым аддзяленні. Яго дачка Таццяна, здаралася, засынала на мяхах пад прылаўкам пошты. А цяпер яго ўнучка Кіра, якой няма яшчэ і трох гадоў, упэўненым ударам прадстаўніцы вядомай паштовай дынастыі штампуе ў маці на працы канверты.
Усяго тры запісы ў працоўнай кніжцы

Нездарма Грабскія гавораць, што пошта для іх — гэта ўсё: і хлеб, і заробак, і мэта ўсіх памкненняў.Агульны працоўны стаж паштовай дынастыі гэтай сям'і налічвае 130 гадоў.

Яна вядзе сваю гісторыю ад 1876 года, калі на Крычаўшчыне нарадзіўся Васіль Грабскі, які працаваў на пошце яшчэ да рэвалюцыі і пасля яе.

Увогуле Грабскія — вядомы мясцовы сялянскі род, але Васіль сельскую гаспадарку змяніў на паштовую службу. Ён служыў кур'ерам і дастаўляў тэлеграмы. З'язджаў на заробкі ў Данецкую вобласць, але любімай справе не здраджваў.

— Сям'я была 8 душ, якіх трэба было карміць, — тлумачыць сёння дзедаву біяграфію яго поўны цёзка, 51-гадовы Васіль Аляксеевіч Грабскі.

Паштовую дынастыю працягнуў малодшы сын Грабскага — Аляксей. Яго школьную адукацыю перарвала вайна, і пасля вызвалення Крычава малады чалавек пайшоў на фронт, атрымаў раненне, быў узнагароджаны.

— У 1945 годзе бацька пайшоў працаваць фельд'егерам пункту спецыяльнай сувязі Крычаўскай паштовай станцыі, і адпрацаваў там 45 гадоў, — расказвае яго сын Васіль. — У мяне захоўваецца яго працоўная кніжка як сямейная рэліквія, і там усяго тры запісы, па сутнасці: прыняты на працу, прызначаны начальнікам пункту спецсувязі, звольнены ў сувязі з пенсіяй.

Прытрымлівацца паштовай сямейнай традыцыі Аляксею настойліва падказаў бацька, бо пасля вайны аплатнай працы на вёсцы не было. Хутка адбылося ў Сакольнічах і паштовае вяселле: жонкай Аляксея стала загадчыца мясцовага паштовага аддзялення.

Працаваць сумленна і дабраякасна

У архівах пошты захавалася асабістая справа № 317 Ніны Сяргееўны Грабскай,цікавы для нашчадкаў дакумент савецкага часу. Строгі твар на маленькім чорна-белым фотаздымку, напружанасць у поглядзе, сукенка ў дробныя кветачкі. І самыя падрабязныя звесткі: бацькі працавалі да рэвалюцыі ў сельскай гаспадарцы, пры саветах сталі саматужнікамі і заняліся ганчарствам.

Сама Ніна была сціплым чалавекам: беспартыйная, не бывала ў замежжы, не брала ўдзел у рэвалюцыйным і партызанскім рухах, не служыла ў войсках і ўстановах белых урадаў, ды цвёрдым "не" адказвала на пытанне "аб хістаннях у правядзенні лініі партыі і ўдзеле ў апазіцыях".

Калі ў 1952 годзе Ніна прасілася на працу ў кантору сувязі, яна ў сваёй заяве, напісанай вострым дробным почыркам, абавязалася "працаваць сумленна і якасна". Да гэтага дакумента дадаецца падпіска "ў адпаведнасці з артыкулам 131-м Сталінскай Канстытуцыі зберагаць дзяржаўную ўласнасць і давераныя органам сувязі каштоўнасці", а таксама "ўсімі сіламі выяўляць рэвалюцыйную пільнасць і строга захоўваць давераную па службе дзяржаўную тайну".

Да высокіх слоў, дарэчы, ёсць таксама і больш прыземлены дакумент: два паручыцельствы, ад мужа і ад жанчыны-калегі, якія бяруць абавязацельствы за два тыдні кампенсаваць урон, што можа быць нанесены Нінай Грабскай.

У вытворчай характарыстыцы начальніцы паштовага аддзялення ў Сакольнічах знаходзяцца і паралелі з сучаснасцю: план росту даходаў і ў 1950-х гадах, і цяпер таксама з'яўляецца вельмі актуальным. Так, у 1955 годзе даходы сельскай пошты павялічыліся на 5%, а ў першым месяцы наступнага 1956 года — ужо больш чым на 10%.

"Пальцам пханую" каўбасу па пошце

Пакуль жанчына змагалася за даходы даверанага ёй аддзялення, тут гадаваліся дзеці, а потым і ўнукі. Матчына праца падавалася Васілю самай цікавай, і ён не стамляўся ездзіць на пошту на веласіпедзе. Таму невыпадкова, калі пасля службы ў арміі малады чалавек, паводле слушнай парады сям'і, заняў вакантную пасаду фельд'егера, а потым і змяніў бацьку на пасадзе кіраўніка пункту спецсувязі.

— Ну, гэта ж усё сакрэтна, — не жадае і цяпер дзяліцца працоўнымі гісторыямі Грабскі. — Насіў сакрэтную пошту ў КДБ, райвыканкам, ваенкамат. Вазілі каштоўнасці па ювелірных крамах. Мы заўсёды былі ўзброеныя, але на мяне ніводнага разу злачынцы не спакушаліся. А так праца адказная — трэба памятаць, што і куды за дзень даставіў. І ставіцца да такой працы трэба з душой.

Жонка Васіля Аляксеевіча — таксама патомная сувязістка. Алена Васільеўна працавала тэлефаністкай, таму дачка Грабскіх, Таццяна, перыядычна засынала то на тэлефоннай станцыі, то ў бабулі на пошце, то ў бацькі на спецсувязі. Таму ўгаворам дзеда пайсці працаваць на пошту зусім не супраціўлялася і адразу вырашыла паступаць у каледж сувязі.

— Я за дачку спакойны, — гаворыць Васіль Аляксеевіч. — Гэта добрая праца, і будучае ў пошты нармальнае.Пошта была і пры цары-гасудары, будзе і пры камп'ютарах.Я і сам лісты часам пішу, і пасылкі дачцэ ў Расію адпраўляю. Крычаўскую каўбасу "пальцам пханую" па электроннай пошце не адправіш, толькі звычайнай! Так што ў нашай справы ёсць будучае!

З пошты не пайду, бо яна падабаецца

Будучае — гэта, несумненна, дачка Васіля Аляксеевіча Таццяна і ўнучка Кіра, якія атрымалі ў спадчыну паштовыя гены Грабскіх.

— Я марыла аб працы на пошце з дзяцінства!

Таццяна, маладая жанчына з прыемнай усмешкай і вялікімі яснымі вачыма, магла б, напэўна, і ў Нью-Ёрку супермадэллю стаць, аднак абрала для сябе самую зразумелую сямейную справу.

Яна прыйшла на пошту ў 19 гадоў: рабіла сартаванне пошты, была паштальёнам, потым стала аператарам сувязі і начальнікам участка.

Цяпер, пасля нараджэння дачкі, Таццяна працуе на ўчастку абмену ў Крычаўскім аддзяленні паштовай сувязі. У модных чорных шортах і ў світары з "іскрынкай" яна спрытна спраўляецца з мяхамі пошты на канвееры, а потым рыхтуе да адпраўкі экспрэс-карэспандэнцыю.

— У мяне ненармаваны працоўны дзень, — тлумачыць жанчына і не выпускае з рук аловак і паперы. — Сёння раблю ад паловы на пятую раніцы. Працы шмат: у нас транзітны ўчастак, абслугоўваем пяць сельскіх раёнаў, трэба ўсё паспець. Можа, у мяне і не самы зручны графік для маладой маці, але гэта мая праца, і я яе люблю. Мне пошта вельмі падабаецца: і пошта ўвогуле, і мая праца на ёй.

Грабская не хавае, што працоўная дынастыя, якую пачынаў яе прапрадзед, шмат значыць для яе асабіста. "Гэта гучыць і выклікае ў мяне пачуццё гордасці!" Тым больш што ўсе паштавікі Грабскія пачыналі звычайна ад самага нізу, падымаліся і атрымлівалі адказныя пасады, і ніхто не кідаў сваёй любімай працы да пенсіі.

— З пошты нікуды не пайду! — абяцае цяпер і Таццяна.

Цярплівасць, ветлівасць, дысцыплінаванасць

Цяпер ужо да Таццяны на працу прыходзіць, вельмі верагодна, яшчэ адна будучая працаўніца пошты. Кіра атрымала імя ў адпаведнасці з сучаснай серыяльнай модай, але, відаць, не будзе грэбаваць даўнімі сямейнымі традыцыямі. Ва ўсякім разе, усмешлівая малая, у кампаніі з любімым цацачным шэрым катом, вельмі спрытна ставіць паштовыя штэмпелі на розныя пакуль яшчэ не вельмі патрэбныя паперы.

— Ёй падабаецца штампаваць! — шчыра радуецца маці. — Дапамагае мне ўжо нешта падаць, прынесці. Часопісы спрабавала раскладваць. Так што расце прадаўжальніца нашай дынастыі!

Пакуль навокал спрачаюцца пра існаванне ў тэхнагенным будучым такіх відаў сувязі, як традыцыйная пошта, сама Таццяна піша сябрам лісты ад рукі, адпраўляе прыгожыя паштоўкі ў стыльных канвертах. "Таму што старое, яно нібыта цёплае, роднае і прыемнае, і заўсёды вяртаецца!"

— Наша пошта развіваецца і з кожным днём прапаноўвае людзям усё больш розных вельмі карысных паслуг, — ад эмоцый пераходзіць да бізнэс-планаў свайго прадпрыемства Грабская. — Калі я толькі прыйшла працаваць, іх было нашмат менш, а цяпер вялікі спектр — ад абслугоўвання банкаў да значнага асартыменту тавараў на продаж.

Самае галоўнае, лічыць Таццяна, — гэта быць ветлівымі і ніколі не крыўдзіць кліентаў, як бы ні было складана. "Каб кожнаму чалавеку было прыемна прыйсці на пошту — тады і ў нас будзе заробак!"

Васіль Аляксеевіч Грабскі і яго дачка лічаць, што і ў даўнія часіны, калі пачыналася іх дынастыя, і цяпер таксама, добраму паштоваму супрацоўніку патрэбны цярплівасць, руплівасць і ветлівасць, а таксама не пашкодзіць і добрая фізічная форма. А дысцыплінаванасць — дык гэта абавязковая рыса!

- Трэба быць адказнымі людзьмі, спадзявацца адно на аднаго і паважаць адно аднаго, каб усе разумелі: калі добра працаваць і не падводзіць людзей, то заўтра абавязкова будзе, хоць трошачку, але ўсё ж лепш!

Газета "Звязда" от 26.03.2011 №56


Все новости | Май 2020 | Апрель 2020 | Март 2020 | Февраль 2020 | Январь 2020 | Декабрь 2019 | Ноябрь 2019 | Октябрь 2019 | Сентябрь 2019 | Август 2019 | Июль 2019 | Июнь 2019 | Май 2019 | Апрель 2019 | Март 2019 | Февраль 2019 | Январь 2019 | Декабрь 2018 | Ноябрь 2018 | Октябрь 2018 | Сентябрь 2018 | Август 2018 | Июль 2018 | Июнь 2018 | Май 2018 | Апрель 2018 | Март 2018 | Февраль 2018 | Январь 2018 | Декабрь 2017 | Ноябрь 2017 | Октябрь 2017 | Сентябрь 2017 | Август 2017 | Июль 2017 | Июнь 2017 | Май 2017 | Апрель 2017 | Март 2017 | Февраль 2017 | Январь 2017 | Декабрь 2016 | Ноябрь 2016 | Октябрь 2016 | Сентябрь 2016 | Август 2016 | Июль 2016 | Июнь 2016 | Май 2016 | Апрель 2016 | Март 2016 | Февраль 2016 | Январь 2016 | Декабрь 2015 | Ноябрь 2015 | Октябрь 2015 | Сентябрь 2015 | Август 2015 | Июль 2015 | Июнь 2015 | Май 2015 | Апрель 2015 | Март 2015 | Февраль 2015 | Январь 2015 | Декабрь 2014 | Ноябрь 2014 | Октябрь 2014 | Сентябрь 2014 | Август 2014 | Июль 2014 | Июнь 2014 | Май 2014 | Апрель 2014 | Март 2014 | Февраль 2014 | Январь 2014 | Декабрь 2013 | Ноябрь 2013 | Октябрь 2013 | Сентябрь 2013 | Август 2013 | Июль 2013 | Июнь 2013 | Май 2013 | Март 2013 | Февраль 2013 | Январь 2013 | Декабрь 2012 | Ноябрь 2012 | Октябрь 2012 | Сентябрь 2012 | Август 2012 | Июль 2012 | Июнь 2012 | Май 2012 | Апрель 2012 | Март 2012 | Февраль 2012 | Январь 2012 | Декабрь 2011 | Ноябрь 2011 | Октябрь 2011 | Сентябрь 2011 | Август 2011 | Июль 2011 | Июнь 2011 | Май 2011 | Апрель 2011 | Март 2011 | Февраль 2011 | Январь 2011 | Декабрь 2010 | Ноябрь 2010 | Октябрь 2010 | Сентябрь 2010 | Август 2010 | Июль 2010 | Июнь 2010 | Май 2010 | Апрель 2010 | Март 2010 | Февраль 2010 | Январь 2010 | Декабрь 2009 | Ноябрь 2009 | Октябрь 2009 | Сентябрь 2009 | Август 2009 | Июль 2009 | Июнь 2009 | Май 2009 | Апрель 2009 | Март 2009 | Февраль 2009 | Январь 2009 | Декабрь 2008 | Ноябрь 2008 | Октябрь 2008 | Сентябрь 2008 | Август 2008 | Июль 2008 | Июнь 2008 | Апрель 2008 | Март 2008 | Октябрь 2007
Версия для печати