Праца паштальёна, напэўна, адна з самых складаных і неадназначных, доля непапраўных аптымістаў і альтруістаў! А як інакш ахарактарызаваць чалавека, які ўстае з самага ранку, разносіць прэсу ў любое надвор'е і ведае на памяць усе ключы з кілаграмовай звязкі? І, між іншым, часцей за ўсё ў гэтую прафесію ідуць жанчыны.
Працоўны дзень паштальёна пачынаецца прыкладна ў 7 гадзін раніцы. Да гэтага часу трэба паспець яшчэ дабрацца да работы, атрымаць пошту і раскласці яе па стосіках — каб ведаць, што куды несці. Адным словам, сталічныя паштальёны адны з першых сустракаюць раніцу на мінскіх вуліцах. Валянціна Рагуліна, паштальён АПС №93 вытворчасці "Мінская пошта", жыве ў такім графіку вось ужо 26 гадоў. Прывыкла рана ўставаць, хутка гатаваць сняданак і праводзіць большасць працоўнага дня на свежым паветры.
— Калі ў мяне выхадны дзень, я на балкон па некалькі разоў выходжу, бо няма чым дыхаць. Пастаю так хвілін пяць, і ўсё прыходзіць у норму, — хутка, ледзь паспяваю следам, перамяшчаецца Валянціна Іванаўна па знаёмым маршруце. За 26 гадоў ён не мяняўся ніводнага разу, таму яна ведае тут кожную сцежачку.
За дзве гадзіны — з 7 да 9 раніцы — мы павінны паспець апусціць газеты і часопісы ў паштовыя скрыні больш чым 700 кватэр і не забыць пра прыватны сектар. Для мяне гэтая задача здаецца непасільнай. Аднак Валянціна Іванаўна толькі ўсміхаецца і дадае ходу, маўляў, не турбуйцеся, прэсу заўсёды дастаўляла ў час, да ранішняй кавы, як цяпер модна казаць.
— Я вельмі люблю сваю працу. У мяне нават ніколі думкі не ўзнікала, каб заняцца чым-небудзь іншым. Шмат адзінокіх пажылых людзей, якім і словам перакінуцца няма з кім, а тут я — з газетамі ці лістамі ад блізкіх. Галоўнае, што яны мне давяраюць. Я ім і пенсіі прыношу, і плацяжы розныя прымаю, — пералічвае жанчына свае абавязкі.
Валянціна Іванаўна лічыць, што паштальён павінен быць прыстойным і адказным чалавекам. Таму што да людзей трэба ісці з адкрытым сэрцам, а калі па-іншаму, то проста працу трэба змяніць. А ў сваёй прафесіі ніякіх мінусаў яна не бачыць. Каб абараніцца ад непагоды ёй хапае курткі і плашча, а ад спёкі — галаўнога ўбору.
— З сумкай я хадзіць прывыкла. Не такая яна і цяжкая. 7 кілаграмаў — гэта максімальная вага. А што хадзіць трэба многа, на свежым паветры, нават і карысна, — аптымістычна настроена Валянціна Іванаўна.
Газета "Звязда" от 16.03.2011 №48Адрес в Интернет: http://www.www.belpost.by/press-centre/news-release/349.html
© РУП «Белпочта», 2008 — 2020