Газета «Звязда» З веснавым настроем (№42 за 4 марта 2011 года)
Першыя дні вясны для некаторых нашых падпісчыкаў, паштальёнаў і кіяскёраў сталі сонечнымі не толькі з прычыны добрага надвор'я, але і з-за прыезду газеты "Звязда" ў многія куткі Беларусі са шматлікімі падарункамі. Зрэшты, іх было каля дзясятка, і маршрут паездкі за некалькі дзён умясціў у сябе сустрэчы ў 14 раёнах краіны.
Асноўны "ўдар" быў скіраваны на Гомельшчыну і абласны цэнтр, дзе меркавалася пакінуць ільвіную долю цяперашняга прызавога фонду. Ваяж быў пачаты з Мар'інай Горкі. Візіты ветлівасці ў райвыканкам і галоўную пошту пакінулі ўпэўненасць, што да старэйшага беларускамоўнага выдання тут ставяцца з вялікай павагай, таму з падпіскай у раёне будзе ўсё добра. Яшчэ большы аптымізм напаткаў нас у Асіповічах, а гэта ўжо Магілёўшчына, дзе нашай даўняй падпісчыцы Марыі Сімановіч з вёскі Усцеж мы прывезлі каляровы тэлевізар "Віцязь", які яна выйграла ў штоквартальнай звяздоўскай латарэі. З улікам таго, што Марыя Міхайлаўна ўжо даўно размяняла дзявяты дзясятак, то за каштоўным прызам прыехаў малады чалавек па імені Ігар — муж унучкі Святланы.
Ён жа паведаміў, што бабуля нават у такім паважаным узросце вельмі любіць "Звязду". Зрэшты, за свой працяглы падпісны стаж яна ўжо паспела выйграць у нашай газеце наручны гадзіннік і электраміксер. Ці то жартам, ці то ўсур'ёз начальнік мясцовага РВПС Валерыя Матузава сказала, што "Звязда" апошнім часам зачасціла ў Асіповічы з добрымі прызамі, таму ў самы бліжэйшы час асабіста аформіць на яе падпіску.
Газета "Звязда" от 04.03.2011 №42