Пресса о нас / 22.02.11

Газета «Звязда» Шматгранная пошта (№34 за 22 февраля 2011 года)

Алена Котава трапіла на пошту незвычайным чынам. Маладая інжынер-тэхнолаг у 1993 годзе шукала працоўнае месца. Інстытут адправіў сваіх выпускнікоў у вольнае плаванне, на двары смутны час, грошай і працы нестае. Знаёмая Алены прапанавала ўладкавацца на пошту вучнем аператара. "Што ж, з нечага ж трэба пачынаць!" — вырашыла яна.

— З таго часу я прайшла ўсе прыступкі — ад аператара да начальніка цэха, і ўжо два гады ўзначальваю Магілёўскі філіял РУП "Белпошта",- усміхаецца дырэктар Алена Леанідаўна Котава.

- І цяпер, калі падначаленыя вам кажуць, што нешта немагчыма зрабіць, вы можаце не верыць ім на слова…

— Так, я прайшла ад самага нізу і ўсю працу ведаю. Так што спрачацца са мной складана.

У пошты — жаночы твар

— У Магілёўскай вобласці на пошце працуе каля 4-х тысяч чалавек, і 90% з іх — жанчыны. У пошты — сапраўды жаночы твар.

- Гэта добра?

— Безумоўна. Жанчыны эмацыйныя, але з імі прасцей, чым з мужчынамі.

- Яны не такія ўпартыя?

— Разумееце, матывацыя працы — гэта не толькі грошы, але і псіхалагічны камфорт. Калі лішні раз пахваліць, спытацца пра здароўе і дзяцей, жанчыны такое стаўленне вельмі цэняць.

- Вы маладая і прыгожая жанчына, у вас сям'я і дзіця. І адначасова пасада кіраўніка, адказнасць за працоўны калектыў. Як гэта сумяшчаецца?

— Гэта ўсё магчыма. Мне здаецца, што трэба ўмець усё добра размяжоўваць. Я лічу, што ў жыцці не павінна быць паўтаноў. У сям'і трэба быць добрай жонкай і маці. А калі прыйшоў на працу, дык усё сямейнае трэба пакінуць за межамі гэтага кабінета і працаваць. Калі на працы думаць пра сям'ю, а дома — пра працу, з цябе не атрымаецца ні добрай маці, ні добрага кіраўніка.

- Вам даводзіцца быць жорсткай?

— Бывае.

- Шкадуеце пра гэта потым?

— Па вялікім рахунку, не. Таму што калі ўжо прымаецца жорсткае рашэнне, то яно прадуманае і ў гэты момант проста неабходнае.

Наш кліент —
наш працадаўца

- Сёння ў Магілёўскай вобласці працуе 493 аддзяленні паштовай сувязі.

— Так, гэта самая разгалінаваная структура сярод усіх іншых. У нейкім месцы можа не быць устаноў культуры і нават крамы, але паштовыя паслугі будуць.

- Сёння вашы паштальёны не толькі прыносяць газеты і пенсіі, яны яшчэ і маюць актыўныя зносіны з людзьмі.

— Так, яны становяцца, па сутнасці, сацыяльнымі работнікамі і псіхолагамі, асабліва для старых і адзінокіх людзей. І гэта вельмі добра. Ведаеце, каб атрымаць грошы ад кліента, трэба выклікаць да сябе яго прыхільнасць. Мы ставім перад нашымі паштальёнамі менавіта такую задачу: заслужыць давер і павагу нашых кліентаў. Таму што наш кліент — гэта наш працадаўца. Не будзе яго — не будзе і нас з вамі.

- Складана сёння зарабляць грошы?

— Складана. Мы засталіся манапалістамі толькі ў адной паслузе — у рэалізацыі знакаў паштовай аплаты. Ва ўсім астатнім мы маем жорсткую канкурэнцыю з боку іншых арганізацый, якія таксама змагаюцца за месца пад сонцам. Таму ў цяперашніх умовах мы павінны выжываць і шукаць свае шляхі да працвітання.

- А як іх знайсці?

— Складана толькі ў самым пачатку, пакуль ты не ведаеш, што хочаш убачыць на фінішы. Але калі ты ведаеш сваю мэту і вельмі хочаш яе дамагчыся, то ўсё становіцца зразумела і нават цікава.

Даступнасцю па крызісе

- Якія шляхі далейшага развіцця вы бачыце для сваёй арганізацыі?

— Зразумела, што нешта адпадзе, бо мы жывём у ХХІ стагоддзі, у век інфармацыйных тэхналогій. Але ўсё не сыдзе. Я вам скажу, што ў нас быў правал недзе ў 2004-2008 гадах. Насамрэч рэзка знізіліся аб'ёмы — і пасылак, і пісьмовай карэспандэнцыі. Гэта быў нялёгкі перыяд.

- Пошта перажыла свайго роду крызіс?

— Перажыла, таму што ад 2009 года ўсё пачало аднаўляцца. Толькі летась мы на пасылках прыраслі ў 1,5 раза! Нашы кліенты, у першую чаргу карпаратыўныя, зразумелі, што паслугамі пошты можна карыстацца вельмі добра і, што важна, танна. Напрыклад, каб прадставіць сябе на рынку паслуг, арганізацыя можа замовіць у нас раскладку буклетаў па паштовых скрынях. А людзі зразумелі, што чым цягаць пасылкі па маршрутках і цягніках, лепш даручыць гэта пошце: будзе хутка, надзейна і даступна.

- Вашы тарыфы насамрэч даступныя.

— Мы вывучалі думку кліентаў пра дзейнасць пошты, і ўсе яны найперш аддаюць прыярытэт даступнасці.

- А можа, танна — гэта не заўсёды добра?

— Усё ў гэтым свеце адносна. Мы аказваем сацыяльна значныя паслугі, і яны павінны быць даступныя. У гэтым і наша сіла: можна паставіць завоблачны кошт, але хто тады да нас прыйдзе?

- Сёння людзі тоўпяцца ў галоўнай зале паштамта ў Магілёве.

— І я вельмі задаволена. Мы вельмі любім сваіх кліентаў, і гэта, паверце, не проста нейкія пафасныя словы, а шчырыя пачуцці да людзей, якія да нас звяртаюцца. Я вучу сваіх людзей: кліентаў трэба любіць. Аператараў, якія сядзяць у акенцах, вучу: першае, што трэба сказаць кліенту — "Вітаю вас! Дзякуй, што зайшлі да нас!"

- І як, яны гавораць?

— Спачатку было зусім цяжка. Пераламаць адразу гэты наш постсавецкі менталітэт немагчыма, да гэтага нам такіх думак ніхто не ўнушаў. Сядзіш у акенцы, аказваеш паслугу — ну і добра. А ў нас сёння кліент мае выбар. Памятаем пра канкурэнцыю: дзе чалавеку ўсміхнуліся лішні раз, падзякавалі яму шчыра — туды ён і пойдзе. Таму няхай мы будзем развіваць неймаверныя новыя тэхналогіі, але пакуль мы будзем проста ветлівыя з кліентам — ён будзе наш.

Інфакіёскі замест
аператараў

- Скажыце шчыра, вы самі пішаце лісты і адпраўляеце паштоўкі?

— Так, і гэта шчыра. Вось на Валянцінаў дзень адправіла сябрам 8 паштовак, пажадала ім кахання. І мне радасна было гэта рабіць, бо я ведаю, што нават такі малы кавалачак увагі будзе маім адрасатам вельмі прыемны.

- І лісты пішаце рукой?

— Вядома. Увогуле я заўсёды любіла эпісталярны жанр. Мне падабаецца пісаць лісты, каб яны былі цікавыя, з цытатамі з мудрых людзей, выказваннямі філосафаў і нават паэтычнымі радкамі.

- А электроннай поштай карыстаецеся?

— Так, але там якраз месца для сухіх тэкстаў, фактаў і лічбаў. Ніякай лірыкі. Хоць часам дасылаюць віншаванні, і нават аздобленыя музыкай, але гэта, на мой густ, усё роўна не тое.

- Але ўсё ж эпісталярны жанр, калі не знікае, але ўсё ж з новым пакаленнем рухае некуды ў віртуальную прастору, ці не так?

— Згодна. Але мне асабіста блізкі стары стыль — можа, ад таго, што я сама працую на пошце.

- Якой вы бачыце залу паштамта ў Магілёве праз дзясятак гадоў?

— Хоць я не думаю, што пошту чакаюць рэвалюцыйныя змены, але акенцаў у зале з аператарамі будзе меней. Тут няма чаго хаваць: іх выціснуць інфакіёскі.

- Але інфакіёскі не могуць выціснуць паштальёнаў?

— Часткова іх заменіць аўтамабільны транспарт. Дастаўка да месца, да паштовай скрыні будзе рабіцца на аўтамабілях, і гэта перш за ўсё закране маланаселеныя месцы.

- І гэта зменіць уяўленне пра паштальёна, які ў мароз, як сёння, ідзе ў пуховай хустцы і валёнках у вёску, каб данесці да людзей свежы нумар "Звязды"!

— А вы ўявіце сабе, што людзі там чакаюць гэту паштальёнку, як Бога. Што недзе на хутары засталося некалькі старых людзей, і туды ніхто не даязджае. І толькі паштальён ідзе і нясе газеты і лісты.

Газетная цырымонія

- А вы самі чытаеце газеты альбо ўжо пайшлі па інфармацыю ў інтэрнэт?

— Я так люблю газеты і часопісы, што вы сабе і не ўяўляеце! Я выпісваю іх дадому 13 штук і яшчэ болей на працу. І зусім не таму, што я па абавязку службы павінна любіць перыёдыку і выконваць план. Проста я люблю гэта.

Вядома, на працы для мяне сакратар адбірае найбольш цікавыя публікацыі. А дома ўвечары, калі ўсіх накармлю і пакладу спаць, я саджуся на канапу і спакойна чытаю. Штодзень увечары — адна і тая ж газетная цырымонія.

- А камп'ютар?

— Гэта для працы. І ўсё ж такі ў чытанні і працы з дакументамі я аддаю перавагу паперы. Я хачу патрымаць тэкст у руках, падкрэсліць, зрабіць паметкі на палях. Таксама і з перыёдыкай.

- Магілёўскі філіял "Белпошты" стабільна трымае падпіску "Звязды" на ранейшым узроўні, і за гэта вам вялікі дзякуй.

— Будзем імкнуцца і далей. Наклады склаліся за апошнія гады, і нам не трэба ўключаць нейкія ручныя рэжымы кіравання. Толькі на 1 студзеня па ўсіх кантралюемых выданнях мы прыраслі амаль на 1000 асобнікаў.

Увогуле, у нашай вобласці насычанасць перыядычнымі выданнямі — другая ў краіне пасля Міншчыны. Добры паказчык, і ён азначае, што ў нашым рэгіёне народ чытае газеты. Людзі любяць газеты, у тым ліку і "Звязду".

- А што будзе далей з падпіскай, як вы прагназуеце?

— Калі казаць шчыра, то я думаю, што ўсё ж такі працэнтаў 20 падпіскі з цягам часу адыдзе. Але гэта не значыць, што яе не будзе ўвогуле. І нават у век новых інфармацыйных тэхналогій людзям хочацца чытаць. У сельскай мясцовасці бабуля абавязкова выпісвае газету, каб да яе штодня зайшла паштальёнка. Гэта ўжо не эканамічны, а сацыяльны аспект. Пошта — гэта ўвогуле шматгранная рэч, тут усё пераплятаецца: традыцыі і сучаснасць.

Ураджайныя гады

- Летась у Магілёўскай вобласці актыўна адкрываліся аддзяленні для абслугоўвання карпаратыўных кліентаў. Што будзе новага сёлета?

— Сістэма працы з карпаратыўнымі кліентамі працуе паспяхова, будзем і далей аддаваць ім прыярытэт. Мы збіраемся пашыраць сваю сетку, бо актыўна развіваецца Бабруйск, у Магілёве будуюцца новыя мікрараёны. Там трэба адчыняць новыя пункты паштовых паслуг.

Мы сёлета таксама пачынаем маштабнае будаўніцтва: на базе транспартнага цэха будзе створаны адзіны лагістычны цэнтр Магілёўскага філіяла РУП "Белпошта". Будзем сёлета развіваць усе віды нашых паслуг.

- Ці ёсць у вас адчуванне, што будзе добры год?

— Адчуванне ў мяне добрае. Я — вялікая аптымістка, і дакладна ведаю, што ўсё ў нас будзе добра.

Паводле вынікаў працы за 2010 год, наш філіял прызнаны лепшым у краіне — мы занялі
1 месца па "Белпошце". Мы трапілі на Дошку пашаны Ленінскага раёна Магілёва і ўзнагароджаны Магілёўскім гарвыканкамам за дасягнутыя высокія паказчыкі ў развіцці сувязі. І ўсё гэта — заслуга каманды. Таму словы ўдзячнасці і самыя лепшыя пажаданні я адрасую людзям, якія са мной працуюць. Зычу ўсім росквіту і здароўя, і я спадзяюся, што разам у нас усё атрымаецца.

Газета "Звязда" от 22.02.2011 №34

Все новости | Май 2020 | Апрель 2020 | Март 2020 | Февраль 2020 | Январь 2020 | Декабрь 2019 | Ноябрь 2019 | Октябрь 2019 | Сентябрь 2019 | Август 2019 | Июль 2019 | Июнь 2019 | Май 2019 | Апрель 2019 | Март 2019 | Февраль 2019 | Январь 2019 | Декабрь 2018 | Ноябрь 2018 | Октябрь 2018 | Сентябрь 2018 | Август 2018 | Июль 2018 | Июнь 2018 | Май 2018 | Апрель 2018 | Март 2018 | Февраль 2018 | Январь 2018 | Декабрь 2017 | Ноябрь 2017 | Октябрь 2017 | Сентябрь 2017 | Август 2017 | Июль 2017 | Июнь 2017 | Май 2017 | Апрель 2017 | Март 2017 | Февраль 2017 | Январь 2017 | Декабрь 2016 | Ноябрь 2016 | Октябрь 2016 | Сентябрь 2016 | Август 2016 | Июль 2016 | Июнь 2016 | Май 2016 | Апрель 2016 | Март 2016 | Февраль 2016 | Январь 2016 | Декабрь 2015 | Ноябрь 2015 | Октябрь 2015 | Сентябрь 2015 | Август 2015 | Июль 2015 | Июнь 2015 | Май 2015 | Апрель 2015 | Март 2015 | Февраль 2015 | Январь 2015 | Декабрь 2014 | Ноябрь 2014 | Октябрь 2014 | Сентябрь 2014 | Август 2014 | Июль 2014 | Июнь 2014 | Май 2014 | Апрель 2014 | Март 2014 | Февраль 2014 | Январь 2014 | Декабрь 2013 | Ноябрь 2013 | Октябрь 2013 | Сентябрь 2013 | Август 2013 | Июль 2013 | Июнь 2013 | Май 2013 | Март 2013 | Февраль 2013 | Январь 2013 | Декабрь 2012 | Ноябрь 2012 | Октябрь 2012 | Сентябрь 2012 | Август 2012 | Июль 2012 | Июнь 2012 | Май 2012 | Апрель 2012 | Март 2012 | Февраль 2012 | Январь 2012 | Декабрь 2011 | Ноябрь 2011 | Октябрь 2011 | Сентябрь 2011 | Август 2011 | Июль 2011 | Июнь 2011 | Май 2011 | Апрель 2011 | Март 2011 | Февраль 2011 | Январь 2011 | Декабрь 2010 | Ноябрь 2010 | Октябрь 2010 | Сентябрь 2010 | Август 2010 | Июль 2010 | Июнь 2010 | Май 2010 | Апрель 2010 | Март 2010 | Февраль 2010 | Январь 2010 | Декабрь 2009 | Ноябрь 2009 | Октябрь 2009 | Сентябрь 2009 | Август 2009 | Июль 2009 | Июнь 2009 | Май 2009 | Апрель 2009 | Март 2009 | Февраль 2009 | Январь 2009 | Декабрь 2008 | Ноябрь 2008 | Октябрь 2008 | Сентябрь 2008 | Август 2008 | Июль 2008 | Июнь 2008 | Апрель 2008 | Март 2008 | Октябрь 2007

Адрес в Интернет: http://www.www.belpost.by/press-centre/news-release/342.html

©  РУП «Белпочта», 2008 — 2020