Стомлена цягнуся дадому, настрой дурны, і здаецца, нішто і ніхто яго не выратуе. Па звычцы адкрываю паштовую скрыню і бачу сярод газет і рэкламных улётак паштоўку! На ёй жоўты смайлік і надпіс "Усміхайцеся часцей". Міжвольна я так і раблю, і маёй радасці няма мяжы. Дзякуй за гэта пасткросінгу — праекту, які дорыць людзям столькі станоўчых эмоцый.
Сама ідэя абмену паштоўкамі з'явілася вельмі даўно, аднак пасткросінгу ўсяго 5 гадоў. Чаму? Таму што раней нікому не прыходзіла ў галаву зрабіць з гэтага нешта глабальнае, што будзе звязваць тысячы людзей з розных куткоў планеты. А вось партугалец Паўла Магальяеш так і зрабіў, таму што сам быў у захапленні ад усіх гэтых паштовак, лістоў, напісаных радкоў на невядомай мове, рознакаляровых марак і быў упэўнены, што ён такі не адзін. І ён меў рацыю. За пару гадоў да яго далучылася каля 25 тысяч чалавек, сёння пасткросераў ўжо больш за 200 000. Сярод іх настаўнікі і бізнэсмены, паштальёны і школьнікі, і нават жывёлы! Іх усіх аб'ядноўвае адно — любоў да "папяровых радасцяў". Сам стваральнік праекта, Паўла, не такі ўжо і актыўны ўдзельнік. Ён адправіў толькі 60 паштовак. Тлумачыць ён гэта тым, што занадта шмат часу ідзе на падтрыманне сайта і падарожжа. Цяпер ён жыве ў Славеніі, да гэтага — год у Кітаі. "Я падарожнічаю, каб пазнаваць нешта новае, вучыцца, расці", — піша ён у сваім блогу. Хто ведае, колькі краін ён яшчэ наведае, перш чым вернецца ў родную Партугалію? У любым выпадку, ён даў пачатак новаму руху, імя якому — пасткросінг.
У нашай краіне пасткросераў ужо больш за тры тысячы, і па колькасці адпраўленых паштовак мы займаем 17-е месца з 208 краін, якія ўдзельнічаюць у праекце. Тыдзень таму беларускія аматары паштовак сабраліся ў цэнтры Мінска, каб абмяняцца ўражаннямі, эмоцыямі і, вядома ж, карткамі. Пакуль яны дружна падпісвалі свае паштоўкі, некаторыя жыхары сталіцы спыняліся і пыталіся, чым гэта яны займаюцца. Атрымаўшы адказ, з зацікаўленай усмешкай людзі ішлі далей. Хто ведае, можа, пройдзе дзень-два, і яны таксама далучацца да "войска" пасткросераў?
"Гэта стварае свет вакол тваёй паштовай скрыні і твайго дома. Я шмат чаго даведалася дзякуючы пасткросінгу, я стала больш марыць і ўжо ўбачыла месцы, наведваннем якіх могуць пахваліцца толькі абраныя", — такое меркаванне аб новым сусветным захапленні выказвае Маргарэт Холмс з Паўднёвай Афрыкі. Кожны бачыць у праекце нешта сваё: хтосьці так спраўляецца з дэпрэсіяй, хтосьці накіроўваецца ў завочнае падарожжа, камусьці падабаюцца стасункі з людзьмі Можна працягваць і працягваць. У некаторых пасткросераў справа і да вяселля дайшла! Кэці з Фінляндыі і Джэфры з Аўстраліі пазнаёміліся на сайце праекта. Як сцвярджаюць яны самі, дзе яшчэ мы б маглі пазнаёміцца? Ды нідзе! Гэтая пара так любіць паштоўкі, што кожны раз, праходзячы міма крамы з імі, мусіць заплюшчваць вочы, каб не паддацца спакусе туды зайсці.
Стаўшы пасткросерам аднойчы, вам наўрад ці калі-небудзь хопіць адвагі кінуць гэты занятак. Гэта і нядзіўна: хто захоча, каб яго паштовая скрыня перастала дастаўляць радасць і зноў стала збіраць толькі рэкламнае смецце і квітанцыі?
Строга кажучы, хобі даступна ўсім, незалежна ад узросту, полу і сацыяльнага статусу. Або амаль усім — патрабуецца веданне англійскай мовы, каб разумець адно аднаго без перакладчыкаў. Пасля рэгістрацыі на сайце www.роstсrоssіng.соm вам будзе прапанаваны адрас зусім выпадковага карыстальніка з любога пункта свету, і вы павінны будзеце накіраваць яму паштоўку. Пазней ваш адрас таксама хтосьці атрымае. Таму вы таксама не даведаецеся, адкуль прыйдзе паштоўка, пакуль яе не атрымаеце. Гэта ж будзе прыемны сюрпрыз, ці не так?
Адрес в Интернет: http://www.www.belpost.by/press-centre/news-release/341.html
© РУП «Белпочта», 2008 — 2020