Версия для слабовидящих
Услуги
Тарифы
Справка

Пресса о нас / 30.12.10

Газета «Звязда» Пра паштовага Дзеда Мароза і карысць штодзённых газет (№255 за 30 декабря 2010 года)

Сённяшняе наша інтэрв'ю з дырэктарам Брэсцкага філіяла рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства "Белпошта" Валянцінай ПУХ пра пераднавагоднія клопаты паштавікоў, а таксама пра клопаты, планы, задумкі на год будучы, 2011 год.

- Валянціна Мікалаеўна, за пяць хвілін да нашага інтэрв'ю зазірнула на галоўную пошту горада, што размешчана ў адным будынку з вашым офісам. Там ва ўсю ідзе запіс на паслугі паштовага Дзеда Мароза. Аж чарга невялікая да століка, за якім дзяўчына прымае заказы, выстраілася. Паштовы Дзед мае поспех?

— Так, гэта паслуга стала надзвычай папулярнай у нашага насельніцтва. Цяпер навагодніх святаў без Дзеда Мароза мы ўжо проста не ўяўляем. Заказаў вельмі шмат. Пачынаючы з 24 снежня, пярэдадня каталіцкага Раства, і да 7 студзеня наш Мароз развозіць падарункі і віншаванні. Для віншаванняў розных катэгорый заяўнікаў распрацаваны спецыяльныя сцэнары: даводзіцца ўручаць падарункі дашкольнікам, дзецям крыху большым і нават дарослым кампаніям. Варта адзначыць, што знайшоўся чалавек у нашым калектыве з сапраўднымі акцёрскімі здольнасцямі. Таму з роляй сваёй ён спраўляецца бліскуча. Аднойчы, калі яго сын быў маленькі, хлопчык нават не пазнаў бацьку ў гэтай ролі і са шкадаваннем сказаў яму потым: "Тата, ты з-за сваёй работы прапусціў самае незвычайнае: мяне прыходзіў віншаваць Дзед Мароз".

- Цікава, як да гэтага віду паслугі прыйшлі на пошце?

— Пачалося ўсё гадоў дзесяць таму. Ідэю, хутчэй за ўсё, падказала пісьмо. Лісты Дзеду Марозу напярэдадні Новага года дзеці пачалі пісаць даўно. Вядома, яны спадзяваліся на нейкі адказ у выглядзе падарунка ці віншавання. Пошта ўжо даўно практыкуе паштоўкі-віншаванні. Паступова прыйшлі да таго, што можна дастаўляць не толькі паштоўку, але і падарунак. І лепш за ўсё, калі гэта зробіць казачны Дзед, такі чаканы дзятвой. Так склалася, што наш інжынер-электронік Васіль Козел на пераднавагодні тыдзень пераўвасабляецца ў галоўнага святочнага персанажа. А сёлета ён будзе працаваць з новай Снягуркай, у ролі якой выступае жонка Васіля Юр'евіча. Спадзяёмся, што іх сямейны дуэт будзе мець яшчэ большы поспех у маленькіх брастаўчан.

- Гаворка ідзе пра лісты і віншаванні, якія атрымліваюць дзеці, а тыя лісты, што яны пішуць?..

— Мы дастаўляем адрасату — Дзеду Марозу ў яго пушчанскую рэзідэнцыю. А яшчэ кожны год разам з аддзеламі адукацыі праводзім акцыю "Напішы ліст Дзеду Марозу" сярод школьнікаў шасці-дзесяці гадоў. У ходзе мерапрыемства дзеці найперш вучацца правільна афармляць пісьмо, пісаць адрас. Цяпер нашы школьнікі ведаюць, што на канверце трэба пісаць: аддзяленне паштовай сувязі "Камянюкі" Камянецкага раёна, каб пісьмо хутчэй знайшло адрасата. Абавязкова звяртаецца ўвага на тое, што адказ можна атрымаць тады, калі разборліва і правільна ўкажаш зваротны адрас.

- У перадсвяточныя дні нагрузка на прадпрыемствы паштовай сувязі ўзрастае з павелічэннем патоку пісьмовай карэспандэнцыі, пасылак.

— І не толькі. Напрыканцы снежня для нас актуальнай тэмай з'яўляецца падпіска на перыядычныя выданні. Зараз часцей за ўсё падпісчыкі праяўляюць актыўнасць менавіта ў апошні тыдзень кампаніі. Часткова такі падыход абумоўлены матэрыяльным фактарам, людзі разлічваюць свой бюджэт, святочныя траты, і ў гэтых расходах вылучаюць сродкі на любімыя выданні. Таму даводзіцца рэгуляваць рэжым работы сваіх прадпрыемстваў, каб задаволіць патрэбы ўсіх кліентаў.

- А дзе больш актыўна ідзе падпіска: у горадзе ці вёсцы?

— У вёсцы яна ідзе больш роўна. Як правіла, вясковыя жыхары з'яўляюцца пастаяннымі прыхільнікамі той ці іншай газеты, часопіса. Яны і афармляюць падпіску, не чакаючы самага канца падпісной кампаніі. У горадзе тэмп жыцця іншы, таму многія справы робяцца, так бы мовіць, на хаду. Дарэчы, некаторыя жыхары аддаленых вёсак, тых, дзе засталіся занятыя лічаныя хаты, знарок выпісваюць рэспубліканскую газету, каб паштальён прыходзіў да іх кожны дзень. Для іх паштовы работнік — самы надзейны ланцужок сувязі са знешнім светам. Ёсць сярод іх і чытачы "Звязды".

- Вось яшчэ, аказваецца, у чым карысць штодзённых газет!

— А як жа! Наш кліент з глыбінкі — асаблівы клопат. На парадку дня брэсцкіх паштавікоў, як і ўсяго прадпрыемства рэспублікі, стаіць усебаковае паляпшэнне паштовага абслугоўвання сельскага жыхара. Газета, пісьмо, пасылка павінны ў кароткі тэрмін прыйсці ў любую, самую аддаленую вёску. Для гэтага плануецца закупіць дадатковы парк аўтамабільнага транспарту, які, па-першае, паскорыць тэрміны дастаўкі, па-другое, скароціць штодзённыя кіламетры, якія паштальёны вымушаны пераадольваць пешшу, і па-трэцяе, паспрыяе бяспецы нашых работнікаў. Адпадзе патрэба паштальёнам хадзіць па некалькі кіламетраў праз лес і па бездарожжы. Ужо зараз мы пераглядаем маршруты, на складаныя і працяглыя стараемся ўладкоўваць мужчын.

Зараз такія матарызаваныя паштальёны працуюць у двух раёнах вобласці: Пружанскім і Ляхавіцкім. На маршруце Пружаны-Смаляны адна паштовая машына абслугоўвае восем населеных пунктаў. У Ляхавіцкім раёне паштальён на машыне штодня аб'язджае сем вёсак. Адразу бачна, што справу маем з зусім іншым узроўнем абслугоўвання. Гэта зручна для працаўніка і, вядома, для кліента. Бо ніякі паштальён не возьме столькі тавараў, калі ён выпраўляецца пехатой, колькі можна захапіць у машыну. А людзі, асабліва з глыбінкі, прывыклі, што пошта даставіць не толькі пісьмы-газеты, але і тавары народнага ўжытку. Ды і наогул, пешы паштальён — гэта ўчарашні дзень нашай галіны. У наступным годзе мы плануем закупіць па адной машыне на раён для сельскіх штодзённых маршрутаў, а ў далейшым яшчэ па два-тры аўтамабілі, каб паступова матарызаваць усю службу дастаўкі.

- Што новае чакаецца ў абслугоўванні гарадскіх кліентаў?

— Будзе ўсяляк удасканальвацца служба экспрэс-дастаўкі паштовых адпраўленняў. Ужо з 1 лістапада ва ўсіх гарадскіх аддзяленнях сувязі ажыццяўляецца прыём адпраўленняў з дастаўкай на наступны дзень. Па жаданні кліента яго пісьмо могуць прынесці да 10 гадзін раніцы, у заяўлены адпраўшчыкам час і на працягу ўсяго наступнага дня. Гэта паслуга вельмі выгадная і набывае ўсё большую папулярнасць. Атрымальніку не трэба ісці на пошту, чаканае адпраўленне яму прынясуць дадому, у офіс, на прадпрыемства, у арганізацыю. Мы ведаем, што ў райцэнтрах тэрміны дастаўкі карэспандэнцыі вызначаны да 14 гадзін. Калі ж чалавеку трэба атрымаць нейкі дакумент раней, то цяпер гэтую паслугу можна заказаць і атрымаць своечасова. А паміж Мінскам, Брэстам, Баранавічамі, Кобрынам, Бярозай, Івацэвічамі паштовыя стасункі можна ажыццяўляць у рэжыме "сёння на сёння". Гэта значыць, адрасат можа атрымаць карэспандэнцыю ў дзень адпраўлення.

Наогул падыходы да работы з кліентам, асабліва з юрыдычнымі асобамі, апошнім часам мяняюцца ў адпаведнасці з патрабаваннямі часу. Зараз, вобразна кажучы, не кліент ідзе на пошту, а пошта ідзе да кліента. Спецыяльна распрацаваныя праграмы дазваляюць прадпрыемствам і арганізацыям фарміраваць базы звестак, неабходных для адпраўкі любой карэспандэнцыі. Ім застаецца па электроннай пошце перадаць інфармацыю на прадпрыемства паштовай сувязі. Наш кур'ер яе забярэ, прывязе на спецыяльна выдзеленыя рабочыя месцы, дзе яе адсартуюць і накіруюць па прызначэнні.

- Валянціна Мікалаеўна, прапаную вам вярнуцца да таго, з чаго мы пачыналі гутарку, да пераднавагодніх клопатаў. Але на гэты раз не ўсяго вялікага абласнога паштовага ведамства, а канкрэтнай гаспадыні і мамы, Валянціны Пух. Як у вашай сям'і рыхтуюцца да Новага года, як яго прынята адзначаць?

— Ведаеце, мы больш урачыста адзначаем Каляды. Новы год таксама сустракаем усе разам з традыцыйным нашым пірагом. У маёй сям'і вельмі любяць пірагі. Зараз я гэтым не адна займаюся. Падраслі памочніцы: адна дачка — студэнтка, другая — старшакласніца, яны таксама нядрэнныя кулінаркі. Але найлепшае свята для нас Каляды. Гэта ідзе ад маёй сям'і і ад сям'і мужа, дзе свята Раства Хрыстовага заўсёды шанавалася і адзначалася. Цяпер мы таксама стараемся сустрэць яго разам з бацькамі — аднымі ці другімі. А калі даводзіцца святкаваць дома, загадзя прывозім шматок сена, каб разаслаць пад абрус. Перадкалядную куццю абавязкова рыхтуем з дванаццаці страў, сярод якіх найпершая — улюбёныя мужам тушаныя грыбы. Яны сушацца летам, найлепшыя пакідаюцца да Каляд. Ну а на сам святочны дзень стол гатуем з дочкамі ў залежнасці ад настрою і фантазіі. Галоўнае на свяце, я лічу, не багацце і разнастайнасць страў, а агульны настрой — шчырасць і любоў, што пануюць за сталом.

Газета «Звязда» (№255 за 30 декабря 2010 года)


Все новости | Май 2020 | Апрель 2020 | Март 2020 | Февраль 2020 | Январь 2020 | Декабрь 2019 | Ноябрь 2019 | Октябрь 2019 | Сентябрь 2019 | Август 2019 | Июль 2019 | Июнь 2019 | Май 2019 | Апрель 2019 | Март 2019 | Февраль 2019 | Январь 2019 | Декабрь 2018 | Ноябрь 2018 | Октябрь 2018 | Сентябрь 2018 | Август 2018 | Июль 2018 | Июнь 2018 | Май 2018 | Апрель 2018 | Март 2018 | Февраль 2018 | Январь 2018 | Декабрь 2017 | Ноябрь 2017 | Октябрь 2017 | Сентябрь 2017 | Август 2017 | Июль 2017 | Июнь 2017 | Май 2017 | Апрель 2017 | Март 2017 | Февраль 2017 | Январь 2017 | Декабрь 2016 | Ноябрь 2016 | Октябрь 2016 | Сентябрь 2016 | Август 2016 | Июль 2016 | Июнь 2016 | Май 2016 | Апрель 2016 | Март 2016 | Февраль 2016 | Январь 2016 | Декабрь 2015 | Ноябрь 2015 | Октябрь 2015 | Сентябрь 2015 | Август 2015 | Июль 2015 | Июнь 2015 | Май 2015 | Апрель 2015 | Март 2015 | Февраль 2015 | Январь 2015 | Декабрь 2014 | Ноябрь 2014 | Октябрь 2014 | Сентябрь 2014 | Август 2014 | Июль 2014 | Июнь 2014 | Май 2014 | Апрель 2014 | Март 2014 | Февраль 2014 | Январь 2014 | Декабрь 2013 | Ноябрь 2013 | Октябрь 2013 | Сентябрь 2013 | Август 2013 | Июль 2013 | Июнь 2013 | Май 2013 | Март 2013 | Февраль 2013 | Январь 2013 | Декабрь 2012 | Ноябрь 2012 | Октябрь 2012 | Сентябрь 2012 | Август 2012 | Июль 2012 | Июнь 2012 | Май 2012 | Апрель 2012 | Март 2012 | Февраль 2012 | Январь 2012 | Декабрь 2011 | Ноябрь 2011 | Октябрь 2011 | Сентябрь 2011 | Август 2011 | Июль 2011 | Июнь 2011 | Май 2011 | Апрель 2011 | Март 2011 | Февраль 2011 | Январь 2011 | Декабрь 2010 | Ноябрь 2010 | Октябрь 2010 | Сентябрь 2010 | Август 2010 | Июль 2010 | Июнь 2010 | Май 2010 | Апрель 2010 | Март 2010 | Февраль 2010 | Январь 2010 | Декабрь 2009 | Ноябрь 2009 | Октябрь 2009 | Сентябрь 2009 | Август 2009 | Июль 2009 | Июнь 2009 | Май 2009 | Апрель 2009 | Март 2009 | Февраль 2009 | Январь 2009 | Декабрь 2008 | Ноябрь 2008 | Октябрь 2008 | Сентябрь 2008 | Август 2008 | Июль 2008 | Июнь 2008 | Апрель 2008 | Март 2008 | Октябрь 2007
Версия для печати