У Гродзенскім філіяле РУП "Белпошта" актыўна развіваюць новыя тэхналогіі, але і не забываюць пра сваю гісторыю
Нядаўна, да 15-годдзя РУП "Белпошта", у холе адміністрацыйнага паверха Гродзенскага філіяла з'явіліся рэчы, якія сёння ўжо немагчыма ўбачыць у нашых аддзяленнях паштовай сувязі. Сярод іх — вагі, арыфмометры, манета-лічыльныя машыны, сургучніцы, калекцыя каляндарных штэмпеляў Тут жа — некаторыя ўзоры адзення паштавікоў мінулых пакаленняў, а таксама шмат дакументаў, у тым ліку цікавых архіўных звестак па гісторыі пошты на тэрыторыі Прынёманскага краю: царскіх часоў, перыядаў польскай, нямецкай акупацыі, станаўлення савецкай улады і пазней.
Паводле слоў дырэктара Гродзенскага філіяла РУП "Белпошта" Віктара БУТРЫМА, стварэннем гэтай экспазіцыі займалася ініцыятыўная група з былых і цяперашніх членаў гэтага калектыву, а таксама дапамагалі раённыя вузлы паштовай сувязі, якія перадалі ў Гродна паштовыя, можна сказаць, ужо рарытэтныя рэчы, якія там захаваліся. Прычым экспазіцыю вырашылі размясціць не ў асобным пакоі, куды патрабуецца спецыяльны доступ, а ў холе адміністрацыйнага паверха, каб усе, хто прыходзіць сюды па службовых справах, у тым ліку і паштавікі-пачаткоўцы, маглі на хвілінку спыніцца і азнаёміцца з экспанатамі. Гэта — пачатак, а ў перспектыве, спадзяецца Віктар Бутрым, на базе гэтай экспазіцыі можа быць створаны музей гісторыі паштовай справы Гродзеншчыны.
Не выключана, дарэчы, што і цяперашнія рэчы і тэхналагічныя прыёмы калісьці таксама стануць прадметам увагі для нашых нашчадкаў. І, мабыць, сорамна за наш час паштавікам не будзе, паколькі сучасныя еўрапейскія стандарты ўкараняюцца ў Прынямонні вельмі актыўна. Узяць, напрыклад, цэнтр абслугоўвання карпаратыўных кліентаў, які нядаўна арганізавалі па вуліцы Будзённага ў Гродне. Тут у адным месцы сканцэнтраваны цэлы комплекс паслуг і ўсё зроблена для таго, каб не было неабходнасці звяртацца асобна за кожнай паслугай у розныя аддзяленні сувязі горада. Звяртаючыся, напрыклад, за бланкамі строгай справаздачнасці, кліент бачыць, што ў гэтым жа месцы прадастаўляюцца і іншыя паслугі. Прычым за гэтымі паслугамі неабавязкова ісці самому, бо яны могуць быць набліжаныя да офіса канкрэтнага спажыўца, згодна з сістэмай паскоранай пошты па прыёме і дастаўцы карэспандэнцыі.
Дарэчы, рабочае месца для абслугоўвання карпаратыўных кліентаў, арганізацый і ведамстваў у вобласці арганізавалі ў кожным раённым вузле паштовай сувязі. А яшчэ адна навінка, якая цяпер пачынае развівацца ў Беларусі ў інтарэсах гэтай катэгорыі кліентаў — "Гібрыдная пошта". Гэтая паслуга павінна зацікавіць тых, хто ажыццяўляе масавыя рассылкі пісьмовай карэспандэнцыі. Кліенты пазбаўляюцца ад неабходнасці самастойна альбо праз пасрэднікаў друкаваць, апрацоўваць прызначаныя для рассылкі матэрыялы і дастаўляць іх у аддзяленні паштовай сувязі. Клопаты па раздрукоўцы, канвертаванні і рассылцы інфармацыі, атрыманай ад спажыўца паслугі ў электронным выглядзе, возьмуць на сябе паштавікі. Пры гэтым, зразумела, кліентам гарантуецца канфідэнцыяльнасць перададзеных для далейшай рассылкі звестак.
У Лідзе, сталіцы сёлетніх рэспубліканскіх "Дажынак", былі прыведзеныя да сучаснага эстэтычнага і тэхналагічнага выгляду ўсе дзесяць гарадскіх аддзяленняў паштовай сувязі. Павялічылася колькасць рабочых месцаў, дзе будзе праца ў тым ліку і для аператараў паштовай сувязі, якіх для Гродзенскага філіяла РУП "Белпошта" рыхтуюць у абласным цэнтры ў каледжы прыборабудавання (адбыліся ўжо тры выпускі маладых спецыялістаў).
А для наведнікаў лідскага цэнтральнага аддзялення паштовай сувязі цяпер дзейнічае сучасная тэхналогія кіравання патокамі кліентаў па прынцыпе так званай электроннай чаргі. Наведнікам, якія зарэгістраваліся ў гэтай сістэме і атрымалі талончык з пэўным нумарам, неабавязкова стаяць каля акенца і "дыхаць у спіну" іншым. Можна, напрыклад, азнаёміцца з іншымі паслугамі, што прапаноўваюцца ў гэтым аддзяленні паштовай сувязі. Альбо, што асабліва зручна для людзей пажылога ўзросту, прысесці на спецыяльна абсталяваных месцах і дачакацца, калі аўтаінфарматар запросіць вас да таго ці іншага акенца.
Дарэчы, Ліда адметная і тым, што з'яўляецца транзітным сартавальным вузлом, дзе праходзіць апрацоўку ўся пошта вобласці. Сёлета там прайшла рэканструкцыя, прычым не толькі што датычыцца будынка, даху і фасада, але і па мадэрнізацыі тэхналагічнай часткі. Пры гэтым упершыню ў краіне задзейнічалі новыя транспарцёры беларускай вытворчасці. Мяркуецца, што да канца года будзе ўдасканалены ўвесь цыкл сартавання пошты, зноў жа на аснове айчыннага абсталявання.
Увогуле, лічыць Віктар Бутрым, мяжы дасканаласці няма і зроблена для паскарэння і паляпшэння якасці абслугоўвання кліентаў далёка не ўсё. Так, усе без выключэння аддзяленні паштовай сувязі вобласці сёння ўжо абсталяваныя камп'ютарнымі касавымі сістэмамі, што дазваляе наблізіць паслугі ў сельскай мясцовасці практычна да ўзроўню гарадскіх нормаў. Прыём плацяжоў на карысць аператараў сотавай сувязі, пагашэнне банкаўскіх крэдытаў — увесь спектр гэтых паслуг цяпер, роўна як у горадзе, аказваецца і на вёсцы. Разам з тым, зазначае Віктар Бутрым, наперадзе шмат задач па тэхналагічнай мадэрнізацыі і перабудове лагістычных схем, каб паскорыць дастаўку пісьмовай карэспандэнцыі, паштовых адпраўленняў, а таксама друкаваных сродкаў масавай інфармацыі кліентам.
Адрес в Интернет: http://www.www.belpost.by/press-centre/news-release/301.html
© РУП «Белпочта», 2008 — 2020