У сваё прафесійнае свята паштавікі робяць падарункі кліентам. На галоўным паштамце ў Магілёве 8 кастрычніка адкрыўся пункт абслугоўвання карпаратыўных кліентаў.
Напярэдадні Сусветнага дня пошты наведнікаў 30-га аддзялення сувязі ў абласным цэнтры на прыступках будынка вітаў паштальён Печкін і яго сябры. Казачныя персанажы раздавалі людзям рэкламкі аб паштовых паслугах і віншавалі з надыход-
ным святам.
У гонар свята пошты пункт абслугоўвання карпаратыўных кліентаў на вуліцы Першамайскай, 28 адкрыўся ва ўрачыстай абстаноўцы.
— Гэта ўжо другі такі пункт у Магілёве, — пракаментаваладырэктар Магілёўскага філіяла РУП "Белпошта" Алена Котава. — Мы робім гэта для камфорту прадпрыемстваў і устаноў, якія з'яўляюцца нашымі кліентамі. Каб ім не трэба было губляць час у чэргах, каб зручна было карыстацца ўсімі нашымі паслугамі — усё сканцэнтравана ў адным месцы.
Пункт абслугоўвання карпаратыўных кліентаў прапаноўвае ўвесь спектр паштовых паслуг юрыдычным асобам і індывідуальным прадпрымальнікам за безнаяўны разлік. У тым ліку прыём і апрацоўку усіх відаў паштовых адпраўленняў, рэалізацыю марак, канвертаў і бланкаў строгай справаздачнасці, а таксама і новую цікавую паслугу "Электронная марка". Дэвіз паштовай службы застаецца нязменным — хуткасць, надзейнасць і даступнасць.
У Магілёўскім філіяле РУП "Белпошта" паведамілі, што ў бліжэйшай перспектыве падобныя пункты абслугоўвання карпаратыўных кліентаў адкрыюцца ў іншых гарадах вобласці — Горках, Крычаве, Асіповічах, але найперш — у Бабруйску. Гэта выгадныя праекты, таму што дзясяткі карпаратыўных кліентаў паспяхова супрацоўнічаюць з поштай і, са свайго боку, паштавікі імкнуцца дагадзіць ім.
— Віншую ўсіх з Сусветным днём пошты, — сказала Алена Котава. — Зычу працвітання нашай галіне, стабільнасці нашым кліентам і дабрабыту ўсім супрацоўнікам пошты!
Газета «Звязда» (№198 за 9 октября 2010 года)