Сёння, 9 кастрычніка, Сусветны дзень пошты. Да таго ж якраз у гэтыя дні рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства "Белпошта" адзначае сваё 15-годдзе. Узрост не такі ўжо і сур'ёзны. Усё ж астатняе
РУП "Белпошта" — вытворча-тэхналагічны комплекс з 6 абласных філіялаў, філіяла "Вузел спецсувязі", вытворчасці "Мінская пошта" і аўтатранспартнага прадпрыемства, 117 раённых вузлоў паштовай сувязі, 3744 аддзяленняў, амаль 3000 з якіх знаходзяцца ў вёсках. Для забеспячэння іх бесперабойнай работы функцыянуюць міжабласныя, міжраённыя і ўнутрыгарадскія маршруты, па якіх курсіруе каля 1300 аўтамабіляў. Агульная колькасць працаўнікоў — каля 30 тысяч чалавек.
Для таго, каб расказаць і паказаць сваю работу, РУП "Белпошта" арганізавала спецыяльны прэс-тур.
Як і трэба было чакаць, знаёмства з прадпрыемствам пачалося з "Гібрыднай пошты" — паслугі, прэзентаванай зусім нядаўна, літаральна месяц таму. Як адзначыў вядучы інжынер тэхаддзела Вячаслаў Тамілін, яна найперш для карпаратыўных кліентаў, якія цяпер могуць пазбавіцца ад неўласцівай ім работы па раздрукоўцы, канвертаванню і рассылцы інфармацыі.
Працэс, што называецца, уражваў: інфармацыя з электроннага носьбіта пасля пэўнай апрацоўкі аўтаматычна паступала на кантролер прынтара; ён, што называецца, на вачах "выдаваў" патрэбную колькасць экзэмпляраў, кожны з якіх, зноў жа аўтаматычна і імгненна, трапляў у асобны і ўжо заклеены канверт.
А далей — справа для пошты звыклая: даставіць адрасатам у любы куточак краіны, на што пойдзе максімум два дні. І ўсё — па даступных коштах, з гарантыяй тайны перапіскі.
— Гібрыдная пошта, — патлумачыў намеснік дырэктара РУП "Белпошта" Мікалай Новікаў, — гэта наша новая, нераскручаная пакуль паслуга, у якой вялікая будучыня. Для яе развіцця да канца года мы павінны ўстанавіць дадатковае абсталяванне. Пакуль жа адным з першых буйных заказчыкаў стаў аператар мабільнай сувязі Велком. Раней рассылкай інфармацыі для сваіх кліентаў ён займаўся сам. Цяпер — атрымаў магчымасць знізіць расходы на апрацоўку зыходзячай карэспандэнцыі, забяспечыць хуткасць і гарантыю дастаўкі, што, безумоўна ж, выгадна — і для заказчыкаў, і для нас.
Каму падалася "выгаднай" новая паслуга "Гібрыдная пошта", дык гэта фотакарэспандэнтам: камп'ютары, тэхніка Ні табе калектыву людзей, ні дынамікі рухаў
Цэх пісьмовай карэспандэнцыі — месца, дзе ўсё гэта засталося. Ён адзін з буйнейшых на вытворчасці "Мінская пошта". Менавіта тут прымаюцца, апрацоўваюцца і сартуюцца нашы простыя і заказныя лісты, якія звозяцца сюды з паштовых скрынак, усталяваных на вуліцах сталіцы, і 110 аддзяленняў паштовай сувязі.
— Наш цэх — гэта 216 чалавек, 10 брыгад. Працуем кругласутачна. У суткі апрацоўваем каля 2 тысяч кілаграмаў карэспандэнцыі: 160 тысяч простых адпраўленняў, каля 50 тысяч заказных, — не без гонару распавядала намеснік начальніка цэха Юлія Грэк. — Усяго за мінулы год праз нашы рукі прайшло іх каля 105 мільёнаў У пазамінулы — 98 мільёнаў. Цяпер прыкладна 85 адсоткаў ад агульнай колькасці паштовых адпраўленняў складае дзелавая карэспандэнцыя. Раней — пераважала асабістая. За заказнымі адпраўленнямі наладжана аўтаматызаваная сістэма яе адсочвання.
Наогул жа словы "аўтаматызацыя" (ёю ахопленыя ўсе аддзяленні паштовай сувязі), "лакальныя сеткі", "інтэрнэт", "камп'ютарна-касавыя сістэмы", "плацежна-касавыя тэрміналы" і да іх падобныя гучалі ці не на кожным кроку.
— Адна з важнейшых задач пошты — ісці насустрач сваім кліентам: і, так бы мовіць, прыватным асобам, і дзелавому сектару эканомікі, — распавядала начальнік вытворчасці "Мінская пошта" Алена Трубач. — Каб паспяхова выканаць яе, сёння ў любым аддзяленні паштовай сувязі можна не толькі падпісацца на газеты, адправіць лісты, электронныя грашовыя пераводы альбо пасылкі, купіць паштоўкі ды атрымаць пенсіі Можна заплаціць за камунальныя паслугі і тэлефоны, кабельнае і спадарожнікавае тэлебачанне, за ахову кватэры, аформіць пакет дакументаў на атрыманне крэдыту, аплаціць страхоўкі, купіць газеты і часопісы, тавары спажывецкага попыту У 20 аддзяленнях сувязі вылучаны спецыяльныя месцы для абслугоўвання карпаратыўных кліентаў. У выніку аб'ёмы па адпраўленнях пісьмовай карэспандэнцыі і грашовых пераводаў за апошнія 10 гадоў павялічыліся ў паўтара раза, па пасылках і адпраўленнях унутранай паскоранай пошты "Экспрэс" — больш чым у чатыры, міжнароднай паскоранай пошты ЕMS у 1,3 раза.
Гэтую паслугу РУП "Белпошта" ўкараніла яшчэ ў 1993 годзе, і спачатку яна працавала толькі ў 20 буйнейшых гарадах краіны. Потым падрыхтавалі спецыялістаў, распрацавалі лагістыку, з'явіліся адрасныя ярлыкі і канверты (для таго, каб паслуга была пазнавальнай), і
— Зараз ідзе апрацоўка каля 65 тысяч адпраўленняў, выходных, скажам так, з нашай краіны і каля 40 тысяч уваходных, — расказвае начальнік службы ЕMS "Белпошты" Наталля Парфёнава. — Паслуга прапаноўваецца на камерцыйнай аснове, тарыфы перавышаюць звычайныя, але тут гарантаваны высокі сэрвіс. Наш кліент можа адсочваць увесь шлях свайго адпраўлення — з моманту здачы ў любым паштовым аддзяленні да ўручэння атрымальніку — і можа быць упэўнены ў самай аператыўнай яго дастаўцы.
Што падобным чынам адпраўляецца? Усё, што пажадае кліент (апроч, зразумела ж забароненых гаручых матэрыялаў, наркотыкаў і пад.) Апошнім часам, як расказвала Наталля Аляксандраўна, усё часцей падарункі, нават жывыя кветкі. А чаму б і не — тэрміны сціслыя, а значыць, кліент, мае ўсе шанцы падараваць букет ва ўсёй яго прыгажосці.
Сярод параўнальна новых паслуг "Белпошты" і заказ тавараў беларускіх вытворцаў па каталогах (каб нешта замовіць, жыхару хоць сталіцы, хоць самага далёкага хутара дастаткова запоўніць адпаведную заяўку і пры атрыманні аплаціць кошт і перасылку).
Іншымі словамі, тое, як насам-рэч далёка зайшла беларуская пошта з часоў першага згадвання (а яно датуецца 885-м годам), добра бачна ў музеі, які створаны намаганнямі сапраўдных патрыётаў, ветэранаў прадпрыемства. Цяпер у ім каля пяці тысяч экспанатаў, сярод якіх нямала ўнікальных — дарэвалюцыйныя паштоўкі і маркі, арыгінальны ліст 1870 года, тарыфы на паштовыя паслугі і аналіз скаргаў, планы паштовых станцый, набор паштовых скрынак
У гэты музей, па словах загадчыцы Лідзіі Туміловіч, любяць прыходзіць школьнікі, навучэнцы каледжа сувязі: зусім магчыма — будучыя кадры.
Сярод якіх (а раптам?) будзе і вучаніца Залужскай сярэдняй школы, што на Стаўбцоўшчыне, — Святлана Зіневіч. Пакуль яна, як прызналася, не думала ўсур'ёз, кім будзе. Аднак да пошты дачыненне ўжо мае — заняла другое месца ў 39-м міжнародным (!) моладзевым эпісталярным конкурсе — атрымала ад бюро Сусветнага паштовага Міжнароднага саюза (Берн, Швейцарыя) адпаведны дыплом, медаль, швейцарскі гадзіннік і каштоўны падарунак ад "Белпошты", якая працуе пад дэвізам: "Хуткасць, надзейнасць, даступнасць".
І для яе гэта не проста словы.
Падрабязнасці розыгрышу і спісы пераможцаў — у наступным нумары газеты.
Газета «Звязда» (№198 за 9 октября 2010 года)Адрес в Интернет: http://www.www.belpost.by/press-centre/news-release/289.html
© РУП «Белпочта», 2008 — 2020