Тэлевізійшчыкі неяк на вуліцу выйшлі — пыталі ў мінакоў, якая прафесія самая творчая? У адказ чаго ні пачулі! Лётчык, выхавальнік, дзіцячы ўрач, вадзіцель, акцёр, цырульнік Што, згадзіцеся, чыстая праўда, бо людзі не творчыя, на жаль, бываюць, а вось прафесіі — не. Мяркуйце самі: адзін паштальён з месяца ў месяц (а то і з года ў год) прыносіць "Звязду" (умоўна) тром чытачам на сваім участку, а другі нешта прыдумае — зробіць, каб іх стала чатыры, потым — шэсць Ці адразу 16. Для таго, каб хоць неяк адзначыць такіх вось неспакойных, неабыякавых да справы людзей, рэдакцыя "Звязды" і заснавала конкурс "Прыз — рупліваму паштальёну".
Днямі аўтарытэтнай камісіяй на чале з намеснікам генеральнага дырэктара РУП "Белпошта" Ірынай Ігнацьеўнай Саксонавай падведзены чарговыя вынікі. Першае месца — з уручэннем, спадзяёмся, не лішніх у гаспадарцы пыласосаў "Віцязь" — занялі паштальёны Валянціна Леанідаўна Паляшук (аддзяленне паштовай сувязі (АПС) Крытышын Іванаўскага раённага вузла паштовай сувязі (РВПС) — рост падпіскі 13 экзэмпляраў, Людміла Паўлаўна Старчанка АПС Маркавічы Гомельскага РВПС і Валянціна Антонаўна Змітрукевіч (АПС Ліпічна Шчучынскага РВПС) — дзе на іх участках колькасць падпісчыкаў "Звязды" ўзрасла адразу на 10 адзінак, а таксама Марына Іванаўна Буйко (АПС № 3 г. Паставы) і Алена Мікалаеўна Шупіла (АПС №117 г. Мінска) — рост падпіскі 9 экзэмпляраў.
На ганаровае другое месца ў конкурсе з уручэннем новых тостараў выйшлі Алена Іванаўна Шышко (АПС Заверш'е Драгічынскага РВПС), Інга Аляксандраўна Кабылінская (АПС № 15 г. Полацка), Юлія Сяргееўна Красніцкая (АПС № 15 г. Гродна) і Людміла Рыгораўна Зінькевіч (АПС № 131 г. Мінска).
На трэцім месцы зноў жа мінчанка Алена Барысаўна Паўлава (АПС № 4) і Алена Міхайлаўна Верас (АПС Вулька-2 Лунінецкага РВПС). Іх руплівая праца на карысць "Звязды" (і, спадзяёмся, новых падпісчыкаў) будзе адзначана электрачайнікамі.
Забраць свае ўзнагароды пераможцы (калі ім выпадае) могуць у рэдакцыі (тэл. для даведак 287-17-79). Калі ж магчымасці такой няма, — можна пачакаць: у "Звязды" ёсць добрая традыцыя сустракацца са сваімі сябрамі: падпісчыкамі, чытачамі, паштальёнамі — з тымі, хто па магчымасці спрыяе ёй — перадаваць выйграныя прызы з рук у рукі, прычым, прылюдна. Каб і іншыя ведалі: той, хто выпісвае "Звязду", заўсёды выйграе.
Як і той, хто працуе на рост тыражу, а значыць, на захаванне роднай мовы ў родным народзе.